ПІЯ́Ф (Piaf) Эдзіт [сапр. Гасьён (Gassion) Эдзіт Джавана; 19.12.1915, Парыж — 11.10.1963], французская эстрадная спявачка-шансанье. З 1930 выступала ў кабарэ і эстрадных т-рах, з 1956 у т-ры «Алімпія» ў Парыжы. Валодала багатым адценнямі голасам. Яе выканальніцкую манеру вылучалі экспрэсія ў спалучэнні з прастатой. Стварыла лірычную песню-споведзь, працягвала традыцыю стылю «песнь франц. вуліцы», у які прыўнесла трагічныя матывы, была аўтарам многіх з іх. Знялася ў фільмах «Безыменная зорка», «Парыж працягвае спяваць», «Фрэнчканкан» і інш. Аўтар мемуараў.

Тв.:

Рус. пер. — На балу удачи. М., 1965;

Книга о себе // Театр. 1965. №1—5.

Лит.: Берто С. Эдит Пиаф: Пер с фр. М., 1991; Дюкло П., Мартен Ж Эдит Пиаф: Пер. с фр. Смоленск, 1997.

Э.Піяф.

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕНКУ́Р (Azincourt),

сяло на Пд ад г. Кале (Францыя), каля якога ў час Стогадовай вайны 1337—1453 англ. войскі Генрыха V 25.10.1415 атрымалі перамогу над франц. арміяй, што дазволіла англічанам захапіць Пн Францыі, у т. л. Парыж.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДРЫЕ́С ((Vendryes) Жазеф) (13.1.1875, Парыж — 30.1.1960),

французскі мовазнавец. Праф. Сарбоны (1907). Чл. Акадэміі надпісаў і л-ры (у Парыжы), 7 еўрап. акадэмій. Распрацоўваў праблемы агульнага і індаеўрап. мовазнаўства; прыхільнік т.зв. сацыялагічнай школы ў мовазнаўстве («Мова», 1921). Даследаваў класічныя і кельцкія мовы.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТРА́Н ((Bertrand) Жазеф Луі Франсуа) (11.3.1822, Парыж — 3.4.1900),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (з 1856), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1896, чл.-кар. з 1859). З 1862 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі груп. Аўтар падручнікаў па матэматыцы.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1789—94,

орган парыжскага гар. самакіравання ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. У ліп. 1789 выбаршчыкі Парыжа ад 3-га саслоўя арганізавалі ў ратушы Пастаянны к-т (орган муніцыпальнай улады), які прыняў закон аб выбарах грамадзянамі П.к. (Парыж быў падзелены на 48 секцый). У час Устаноўчага сходу (ліп. 1789 — вер. 1791) у П.к. пераважалі прадстаўнікі канстытуцыйна-манархічнай буржуазіі фельяны, у час Заканадаўчага сходу (да звяржэння манархіі) — рэспубліканцы (жырандысты). У канцы ліп. 1792 у секцыях Парыжа пачаўся рух за звяржэнне караля. 10.8.1792 створана новая паўстанцкая П.к. (большасць складалі якабінцы), якая адыграла вядучую ролю ў звяржэнні манархіі, арганізацыі абароны Парыжа і Францыі ад замежнай інтэрвенцыі. Пасля Тэрмідарыянскага перавароту П.к. ліквідавана, большасць яе членаў пакарана смерцю, Парыж падзелены на 12 не звязаных паміж сабою раённых муніцыпальных саветаў.

т. 12, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУО́ ((Rouault) Жорж) (27.5.1871, Парыж — 13.2.1958),

французскі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў фавізму. Вучыўся ў Парыжы ў школах дэкар. (1885—89) і прыгожых (1890 — каля 1895) мастацтваў. Зазнаў уплывы Г.​Маро, візант. мазаікі, гатычнага вітража, экспрэсіянізму. Творчасці ўласцівы трагізм светаўспрымання, містычна-сімвалічны лад, зварот да рэліг. тэматыкі і закуліснага жыцця грамадства, востры гратэск форм, рэзкі контурны малюнак, вітражная кантрастнасць колераў, пастозная манера пісьма: «Вулічныя жанчыны» (1903), «Трагічны клоун» (1904), «Танец» (1905), «Перад люстэркам» (1906), серыя «Суддзі» (1908), аўтапартрэт (1925), «Стары кароль», «Хрыстос і рыбакі» (абедзве 1937), «Галава Хрыста» (1938), «Вераніка» (каля 1945), «Змярканне» (1952) і інш. Аўтар дэкарацый і касцюмаў да балета «Блудны сын» С.​Пракоф’ева ў пастаноўцы С.​Дзягілева (1929, Парыж), вітражоў, ілюстрацый да твораў Ш.​Бадлера, А.​Жары і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Ж.Руо. Танец. 1905.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТЫЛЬЁН, Бертыён (Bertillon) Альфонс (22.4.1853, Парыж — 13.2.1914), французскі крыміналіст. Распрацаваў сістэму прыёмаў раскрыцця злачынства — судовую ідэнтыфікацыю, якая да пач. 20 ст. наз. бертыльянаж; потым выцеснена дактыласкапіяй. Удзельнічаў у суд. працэсе па справе Дрэйфуса ў якасці эксперта і даў памылковае заключэнне, па якім той быў асуджаны.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПІТА́ЛЬ ((L’Hospital) Гіём Франсуа Антуан дэ) (1661, Парыж — 1704),

французскі матэматык. Аўтар першага друкаванага падручніка па дыферэнцыяльным злічэнні (1696), у аснову якога пакладзены лекцыі Х.Бернулі. Даследаваў шэраг складаных задач матэм. аналізу, даў адно з рашэнняў задачы аб брахістахроне.

Тв.:

Рус. пер. — Анализ бесконечно малых. М.; Л., 1935.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛЕР ((Giller) Агатан) (9.1.1831, мяст. Апатоўка Калішскага ваяв., Польшча — 17.8.1887),

польскі паліт. дзеяч, журналіст, удзельнік паўстання 1863—64. У 1853 за рэв. прапаганду сасланы ў Сібір. У 1860 вярнуўся па амністыі ў Варшаву і ўключыўся ў паліт. барацьбу. Летам 1862 увайшоў у склад Цэнтр. нац. к-та ў Варшаве. Адзін з лідэраў правага крыла «чырвоных». Прыхільнік польска-рускага рэв. саюзу, у вер. 1862 вёў у Лондане перагаворы з А.​І.​Герцэнам аб супрацоўніцтве. Вясной 1863 чл. Часовага нац. ўрада, рэдагаваў паўстанцкія газеты. Летам 1863 выехаў за мяжу, жыў у Германіі, Францыі, Галіцыі, Швейцарыі. Аўтар «Гісторыі паўстання польскага народа ў 1861—1864 гг.» (т. 1—4. Парыж, 1867—71), багатай фактычным матэрыялам. Выдаў зборнік мемуараў «Польшча ў змаганні» (т. 1. Парыж, 1868; т. 2. Кракаў, 1875), у якім змешчаны ўспаміны многіх удзельнікаў паўстання.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 5, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАКО́Б (Jacob),

сям’я франц. майстроў маст. мэблі.

Жорж (6.7.1739, Шэні, Францыя — 5.7.1814). Ствараў свой стыль мэблі ў стылі класіцызму (разная з пазалотай, пазней з паліраванага чырв. дрэва і пазалочанай бронзы з ант. матывамі). Працаваў таксама па эскізах Ж.Л.Давіда (мэбля для майстэрні жывапісца, 1789—90), Ш.​Персье і П.​Фантэна (мэбля для залы пасяджэнняў Канвента ў парыжскім палацы Цюільры, 1793) і інш.

Франсуа Анарэ (празваны Жакоб Дэмальтэр; 6.2.1770, Парыж — 15.8.1841). Сын Жоржа. Пасля 1803 заснаваў разам з бацькам фірму (існавала да 1812), якая праславілася сваёй мэбляй у стылі ампір для палацаў Напалеона I, Цюільры.

Жорж Альфонс (21.2.1799, Парыж — 7.6.1870). Сын Франсуа Анарэ. З сярэдзіны 19 ст. вырабы яго майстэрні вызначаліся як «стыль жакоб» (мэбля з чырв. дрэва з наклеенымі палоскамі латуні).

Да арт. Жакоб. Ф.​А.​Жакоб. Туалет з палаца Цюільры. 1805—10.

т. 6, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)