парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што выставілі свае кандыдатуры ў прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з атрыманай імі колькасцю галасоў. Пры П.с.п. ствараюцца вял. выбарчыя акругі, у якіх кожная партыя выстаўляе свой спіс кандыдатаў, а выбаршчык падае голас за спіс адпаведнай партыі. Для вызначэння вынікаў галасавання ўстанаўліваецца мінімум галасоў, неабходных для атрымання аднаго дэпутацкага мандата. Размеркаванне мандатаў унутры спісу партыі ажыццяўляецца, як правіла, у адпаведнасці з тым парадкам, у якім кандыдаты размешчаны ў спісе. П.с.п. выкарыстоўваюць пры выбарах усяго парламента (Данія, Партугалія, Люксембург, Латвія) або толькі ніжняй палаты (Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Польшча, Бразілія), ці паловы саставу ніжняй палаты (ФРГ, Расія на выбарах 12.12.1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЕЛА́Н, Магальяінш (партуг. Magalhães, ісп. Magallanes) Фернан (каля 1480, г. Саброза, Партугалія — 27.4.1521), партугальскі мараплавец, экспедыцыя якога ажыццявіла першае кругасветнае плаванне. У 1519—21 узначаліў іспанскую экспедыцыю (5 суднаў, 265 чал.) у пошуках зах. шляху да Малукскіх а-воў. Абследаваны паўд. берагі Паўд. Амерыкі, адкрыты праліў паміж Вогненнаю Зямлёю і мацерыком (гл.Магеланаў праліў), 3 астравы з групы Марыянскіх (у т. л.в-аў Гуам), перасечаны Ціхі ак. (1520, назву далі спадарожнікі М.). Экспедыцыя М. назірала зорныя сістэмы (гл.Магеланавы Воблакі) і сузор’е Паўд. Крыж; даказала шарападобнасць Зямлі, наяўнасць Сусветнага ак., атрымала ўяўленне пра памеры Зямлі. М. забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам в-ва Мактан (Філіпінскія а-вы). У Іспанію вярнуўся адзін карабель пад кіраўніцтвам Х.С.Элькана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ (ЕЭС),
«Агульны рынак», група з 12 зах.-еўрап. краін (Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія, Францыя), якія ў 1957 аб’ядналіся ў эканам. саюз і ажыццявілі інтэграцыю сваіх эканомік. У ЕЭС створаны адзіны ўнутр. рынак, зняты абмежаванні на свабоднае перамяшчэнне тавараў, капіталаў, рабочай сілы паміж краінамі, створана адзіная валютная сістэма, устаноўлена агульная с.-г. і трансп. палітыка. У 1967 органы Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі і Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі зліліся з органамі ЕЭС і трыадзіная інтэграцыйная арг-цыя пачала афіцыйна называцца Еўрапейскімі супольнасцямі, а неафіцыйна з 1992 — Еўрапейскай супольнасцю, якая мае агульныя выканаўчыя, прававыя і заканад. органы. Супольнасць мае таксама цесныя сувязі з краінамі, якія сталі на шлях развіцця. Кіруючыя органы ЕЭС — Камісія і Савет Міністраў — знаходзяцца ў г. Брусель (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМБА́Л (Pombal) Себасцьян Жазэ дэ Карвалу э Мелу
(de Carvalho e Mello; 13.5.1699, r. Соры, Партугалія — 8.5.1782),
партугальскі дзярж. дзеяч, найб. значны прадстаўнік асветнага абсалютызму ў Партугаліі. Граф Аейрас (1755), маркіз П. (1770). Напачатку на дыпламат. службе. З 1750 міністр замежных спраў, з 1756 прэм’ер-міністр пры каралю Жазэ I [1750—77]. Упарадкаваў фінансы, школьную, суд. і ваен. справы, абмежаваў дзейнасць інквізіцыі, увёў рэліг. талерантнасць, садзейнічаў аднаўленню Лісабона пасля землетрасення 1755. Дамогся выгнання з Партугаліі і яе калоній езуітаў (1759). Каб вызваліць краіну з-пад залежнасці ад брыт. гандлю, спрыяў гандлю Партугаліі з яе калоніяй Бразіліяй. У 1773 скасаваў рабства ў Партугаліі і даў індзейцам Бразіліі намінальна роўныя правы з партугальцамі. Рэформы П. суправаджаліся абмежаваннем правоў дваран і царквы на карысць цэнтралізацыі дзярж. улады. У 1777 пры каралеве Марыі I [1777—1816] праціўнікі П. дамагліся яго адстаўкі і скасавання яго рэформ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА ((Gama) Васка да) (1469, г. Сініш, Партугалія — 24.12.1524),
партугальскі мараплавец, які ўпершыню праклаў марскі шлях з Еўропы ў Індыю. Адмірал (1502). Граф Відыгейра (1519). На чале экспедыцыі з 4 караблёў (выйшла з Лісабона ў ліп. 1497) абагнуў з Пд Афрыку і з дапамогай араб. лоцмана Ахмеда ібн Маджыда ў маі 1498 дасягнуў інд. порта Калікут. Са 168 маракоў у Партугалію жывымі вярнуліся 55 (вер. 1499). У час экспедыцыі 1502—03 на чале армады (20 караблёў з дэсантам пяхоты і артылерыі) разбурыў Калікут, стварыў крэпасць у порце Кочын, заснаваў шэраг апорных баз-факторый на Малабарскім беразе, усх. узбярэжжы Афрыкі і інш. У 1524 прызначаны віцэ-каралём Індыі і здзейсніў туды апошняе плаванне. Памёр у крэпасці Кочын. Экспедыцыі Гамы садзейнічалі каланізацыі Індыі партугальцамі і ўстанаўленню іх кантролю за міжнар. гандлем у Індыйскім акіяне.
Літ.:
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. Т. 2. С. 39—44, 84—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Алег Уладзіміравіч) (н. 13.7.1961, Мінск),
бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1993). З 1993 саліст Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру поўнага дыяпазону, добрай вак. школай. Сярод партый: Дварэцкі («Візіт дамы» С.Картэса), дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Спарафучыле і Мантэроне, Рамфіс, Захарыя («Рыгалета», «Аіда», «Набука» Дж.Вердзі), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Канчак і Уладзімір Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава). Барыс і Пімен («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Стары катаржнік («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча). Выканаў таксама партыю баса ў Рэквіеме Вердзі, удзельнічаў у запісе на кампакт-дыск кантаты С.Рахманінава «Званы» (Дублін, 1996). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу маладых оперных спевакоў імя Ф.Шаляпіна (1989), міжнар. конкурсаў вакалістаў у Більбао (Іспанія) і Карлавых Варах (Чэхія; абодва 1988), імя Г.Отса (1989), «Новыя галасы» (Германія) і SIEM (Жэнева; абодва 1991), імя Л.Тодзі (Партугалія, 1993) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ АБ’ЯДНА́ННІ,
блокі, зоны, саюзы краін, валюты якіх залежаць ад валюты дзяржаў, што стаяць на чале гэтых аб’яднанняў. Валютныя блокі пачалі ўзнікаць у час сусв.эканам. крызісу 1929—33. Асн. з іх: стэрлінгавы (створаны ў 1931 пасля адмены залатога стандарту ў Вялікабрытаніі, уключаў большасць краін Брытанскай імперыі і інш.), доларавы (узнік у 1933 пасля адмены залатога стандарту ў ЗША, уключаў Канаду і краіны Лац. Амерыкі), «залаты блок» (узнік у 1933, уключаў краіны, якія прытрымліваліся залатога стандарту: Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Швейцарыя, Італія і Партугалія). Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны Германія і Японія стварылі свае валютныя блокі, у якія былі ўключаны акупіраваныя імі краіны. Валютныя блокі былі важным сродкам выкарыстання замежных краін у якасці рынкаў збыту, крыніц сыравіны і сферы прыкладання капіталу. На месцы гэтых блокаў у 2-ю сусв. вайну і пасля яе ўзніклі валютныя зоны, сярод іх найб. буйныя стэрлінгавая, доларавая, зона франка. Створаны таксама валютныя саюзы: Заходне-Афрыканскі валютны саюз, валютны саюз Экватарыяльнай Афрыкі і Камеруна, Еўрапейскі валютны саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЕЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З (ЗЕС),
ваенна-палітычная арганізацыя еўрап. краін. Створаны ў маі 1955 паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 шляхам рэарганізацыі Заходняга Саюза (Нідэрланды, Бельгія, Францыя, Вялікабрытанія, Люксембург), заснаванага ў 1948 у Бруселі і далучэння да яго Італіі і ФРГ. Акрамя пералічаных краін чл. ЗЕС з’яўляюцца Іспанія і Партугалія (з 1990), Грэцыя (з 1995); Ісландыя, Нарвегія і Турцыя — асацыіраваныя чл.; Балгарыя, Венгрыя, Латвія, Літва, Румынія, Польшча, Славакія, Чэхія, Эстонія і Украіна маюць статус асацыіраваных партнёраў; Аўстрыя, Данія, Фінляндыя, Ірландыя, Швецыя — назіральнікі. Мэта ЗЕС — развіццё еўрап. міжурадавага супрацоўніцтва ў галіне бяспекі. Штаб-кватэра з 1993 у Бруселі. Вышэйшы орган — Савет міністраў, які збіраецца адзін раз у 6 месяцаў. 2 разы ў год у Парыжы збіраецца Парламенцкая асамблея ЗЕС. Ген. сакратар узначальвае выканаўчыя органы — Пастаянны савет і сакратарыят. Саюз мае ў сваім непасрэдным падпарадкаванні шматнац.вайск. фарміраванні. Першая сумесная аперацыя сіл ЗЕС — размініраванне Персідскага зал. ў 1987. Пад эгідай ЗЕС у 1994 праводзіліся аперацыі ў б. Югаславіі (па паліт.-эканам. блакадзе Сербіі і інш.) у адпаведнасці з рэзалюцыямі Савета Бяспекі ААН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СКЛАД (СТРУКТУ́РА) НАСЕ́ЛЬНІЦТВА, нацыянальная структура насельніцтва,
размеркаванне насельніцтва краіны, тэрыторыі паводле нацыянальнасці або прыналежнасці яго да пэўнага этнасу (племя, народнасці, нацыі). У свеце налічваецца (паводле розных падлікаў) ад 3 да 5 тыс. этнасаў. Іх колькасць вагаецца ад многіх мільёнаў да некалькіх соцень і нават дзесяткаў чалавек. У канцы 20 ст.найб. шматлікія нацыянальнасці (больш за 100 млн.чал.): кітайцы (хань, 1120 млн.), хіндустанцы (240), амерыканцы ЗША (205), бенгальцы (200), бразільцы (160), рускія (150), японцы (123 млн.). Большасць краін свету шматнацыянальныя. У некаторых краінах пражывае больш за 100 нацыянальнасцей (ЗША, Канада, Нігерыя, Расія, Індыя, Інданезія і інш.). Монанацыянальныя краіны, дзе асн. нацыянальнасць складае больш за 90% насельніцтва, трапляюцца параўнальна рэдка. Да іх адносяцца Японія, Карэя, Бангладэш, некат. краіны Еўропы: Партугалія, Польшча, Ісландыя, Албанія і інш. На Беларусі, паводле перапісу насельніцтва 1999, пражываюць прадстаўнікі каля 130 нацыянальнасцей. 81% яе жыхароў адносяцца да тытульнай (карэннай) нацыянальнасці — беларусаў; 11% — рускія, каля 4% — палякі, 2% — украінцы, 0,3% — яўрэі, 1,7% — нешматлікія інш.нац. групы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭНЕ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Іберыйскі паўвостраў,
на ПдЗ Еўропы. Абмываецца Атлантычным ак. і яго Біскайскім зал., Гібралтарскім пралівам, Міжземным м.Пл. 582 тыс.км². Берагавая лінія слаба парэзана, на ПнЗ развіты рыясавы тып берагоў. Пераважаюць пласкагор’і і горы. Палеазойскі масіў Месета з’яўляецца ядром паўвострава, які акаймаваны з Пн, У і Пд Пірэнеямі, Кантабрыйскімі, Каталонскімі, Іберыйскімі, Андалускімі гарамі, Сьера-Марэнай, Цэнтр. Кардыльерай і інш. Найвышэйшы пункт г. Муласен у хр. Сьера-Невада (3478 м). Па ўскраінах паўвострава невял. нізіны — Партугальская, Андалуская, Арагонская. Клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу, пераважна сухі ва ўнутр.ч. (сярэдняя колькасць ападкаў ва ўнутр. абласцях 300—500 мм), на З — акіянічны (1500—2000 мм ападкаў за год). Для паўн.ч. паўвострава характэрны пераходны клімат ад субтрапічнага да ўмеранага з вял. колькасцю ападкаў (1000—2000 мм). Асн. рэкі: Таха (Тэжу), Гвадыяна, Дуэра (Дору), Гвадалквівір, Эбра. Прыродная расліннасць на большай ч. прадстаўлена вечназялёнымі паўхмызнякамі і драўняна-хмызняковымі зараснікамі тыпу маквіс, гарыга, таміляры, пальміто; у найб. сухіх раёнах расліннасць мае паўпустынны характар. У вільготнай горнай паўн.ч. пераважаюць лістападныя дубова-букавыя лясы, верасоўнікі, лугі. На зах. ускраіне вечназялёныя лясы з дубу (каменны, коркавы, партугальскі). Фауна міжземнаморскага тыпу. На П.п. размешчаны Іспанія, Партугалія, Андора і Гібралтар.