ВА́ЛТЭР ((Valters) Яніс Тэадоравіч) (3.2.1869, г. Елгава, Латвія — 20.12.1932),

латышскі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1889—97) у А.​Кіўшэнкі і У.Макоўскага. Працаваў у Елгаве (да 1906), Дрэздэне (1906—17), з 1917 у Берліне. Зазнаў уплыў экспрэсіянізму. Пісаў жанравыя гар. сцэнкі, рэаліст. пейзажы, партрэты («Рынак у Елгаве», 1897, «Сірата», 1907).

Я.Валтэр. Рынак у Елгаве. 1897.

т. 3, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБРО́ЎСКІ (Антоній Самуэль) (10.6.1774, г.п. Тураў Гомельскай вобл. — 22.6.1838),

бел. жывапісец і тэатр. мастак. Вучыўся ў Ф.Смуглевіча. Творчую дзейнасць пачаў дэкаратарам у прыдворным т-ры М.​К.​Агінскага ў Слоніме ў 1880, потым працаваў у Варшаве. Аўтар фрэсак у палацах Мастоўскага і Сабалеўскага (Варшава); пісаў таксама жывапісныя карціны (партрэты, пейзажы і інш.).

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕЛЕ́С (Apellēs; каля 380—300 да н.э.),

старажытнагрэчаскі жывапісец. Працаваў у Эфесе, Косе, Александрыі, быў прыдворным мастаком македонскіх цароў. Пісаў на драўляных дошках тэмперай. Выкарыстоўваў белую, чорную, жоўтую і чырвоную фарбы, віртуозна валодаў святлаценем. Выканаў партрэты Філіпа II і яго сына Аляксандра Македонскага, аўтапартрэт. Найб. вядомая карціна Апелеса «Афрадыта Анадыямена». Работы Апелеса не захаваліся.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА ЭКРА́НАХ»,

штомесячны ілюстраваны спецыялізаваны кіначасопіс. Выдаецца са жн. 1957 у Мінску на бел. і рус. мовах (напачатку наз. «На экранах Беларусі», з 1996 сучасная назва). Друкуе інфармацыйна-аналіт. матэрыялы, якія адлюстроўваюць сучасны кінапрацэс, знаёміць з гісторыяй нац. кінематографа, расказвае аб прэм’ерах бел. кіна-, відэа- і тэлефільмаў, змяшчае творчыя партрэты дзеячаў кіно і тэлебачання.

Л.​І.​Перагудава.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙНСБАРА ((Gainsborough) Томас) (хрышчаны 14.5.1727, г. Садберы, графства Суфалк, Вялікабрытанія — 2.8.1788),

англійскі жывапісец-партрэтыст і рысавальшчык. Раннія пейзажы і партрэты адзначаны непасрэднасцю ўспрыняцця натуры, крыху наіўным паэт. зачараваннем («Партрэт Р.​Эндруса з жонкай», каля 1749). Сталы стыль склаўся пад уплывам А. ван Дэйка і А.Вато, характарызуецца адухоўленай трапяткой узнёсласцю ў перадачы найтанчэйшых душэўных пачуццяў. Найб. пранікнёныя і вытанчаныя яго жаночыя і юнацкія вобразы («Блакітны хлопчык», каля 1770, «Партрэт місіс Грэм», 1777, «Дама ў блакітным», канец 1770-х г.), парныя і сямейныя партрэты на фоне ідылічнага ландшафту, дзе мастак тонка перадае духоўную і інтымную блізкасць людзей («Дочкі мастака», каля 1759; «Ранішняя прагулка», 1785). Вельмі лірычныя вобразы сял. дзяцей («Сялянскія дзеці», 1787). Яго жывапіснай тэхніцы ўласцівы віртуозная лёгкасць, тонкая святлоценявая гульня, перавага халодных блакітных тонаў з мяккімі перламутравымі пералівамі фарбаў. У яго малюнках дамінуюць пейзажы і сцэны сял. жыцця, напоўненыя паэзіяй.

Літ.:

Некрасова Е.А. Томас Гейнсборо. М., 1990.

А.​В.​Кашкурэвіч.

Т.Гейнсбара. Партрэт місіс Грэм. 1777.

т. 5, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙТМАН (Леў Мееравіч) (23.3.1896, г. Петрыкаў Гомельскай вобл. — 20.9.1974),

бел. графік, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Вучыўся ў Віцебскай школе-майстэрні Ю.​Пэна. Выкладаў у Віцебскім (1931—41) і Мінскім (1947—58) маст. вучылішчах. Працаваў пераважна ў тэхніцы акварэлі. Ствараў пейзажы, партрэты, нацюрморты, у тэматычных работах адлюстроўваў індустр. тэму. Аўтар лірычных, тонкіх паводле колеру пейзажаў «Дажджлівы дзень. Дзвіна» (1934), «Вясна» (1939), «Зіма» (1942), «Чырвоныя дахі», «Вёска Серада» (абодва 1943), «Старадаўняя альтанка», «Цішыня» (абодва 1945), краявідаў Мінска («Мінская ўскраіна», 1945; «Ля таполі Янкі Купалы», 1957, і інш.). Сярод інш. твораў: серыі акварэлей «Жанчыны на вытворчасці» (1930-я г.), «Абарончыя збудаванні пад Масквой» (1942), «Новыя абрысы гарадоў Беларусі» (1950-я г.), акварэль «Маладзёжная брыгада за работай», партрэты Л.​С.​Дуброўскай (абодва 1950), М.​П.​Кірпічковай (1951), М.​Г.​Берасцевіч (1962), будаўніцы (1970), настаўніцы («Першага верасня», 1971) і інш.

Літ.:

Арава Э.В. Л.​М.​Лейтман. Мн., 1976.

Л.Лейтман. Маладзёжная брыгада за работай. 1950.

т. 9, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТРЭ́Т ПАХАВА́ЛЬНЫ,

жывапісная або скульптурная выява нябожчыка. Функцыя П.п. — дакладная перадача фізічнага аблічча памерлага для ўшанавання яго памяці або (паводле шэрагу рэліг. дактрын) забеспячэння вечнага жыцця яго душы. П.п. магла быць прыжыццёвая выява памерлага, адлюстраванне, выкананае з пасмяротнай маскі, часта з геральдычнымі знакамі і надпісамі. Нярэдка быў часткай скульпт. надмагілля.

Вядомы са старажытнасці ў многіх народаў свету (напр., фаюмскі партрэт у Егіпце). Вылучаюць трунны, эпітафійны партрэты і жалобную харугву (канклюзію). Трунны партрэт часцей малявалі алейнымі фарбамі на метал. блясе 6—8-граннай або акруглай формы. Прызначаўся ён для размяшчэння на тарцовай частцы труны ў час пахавальнай цырымоніі, пазней яго звычайна змяшчалі на сцяне крыпты або храма; уваходзіў ў склад сінт. маст. вырашэння яго інтэр’ера. Эпітафійны партрэт не мацаваўся на труну і таму часцей меў авальную форму, уваходзіў у склад прысценнага скульпт. надмагілля ў храме разам са скульпт. алегарычнымі постацямі і надмагільным надпісам у рамцы. Для адной цырымоніі маглі быць выкарыстаны і трунны і эпітафійны партрэты. Своеасаблівы від П.п. — канклюзія — жалобная харугва з маляваным або шытым партрэтам, упрыгожаная метал. ніткамі, галунамі, карункамі, звычайна з надпісам біягр. або панегірычнага характару і выявай герба.

На Беларусі былі пашыраны ў 15—18 ст., найб. раннія формы трапляюцца ў тканых пахавальных пакрывалах і харугвах. Сярод найб. значных П.п. партрэты А.​Завішы (1676), А.​Пацея (18 ст.), эпітафія Б.​Біспінгу работы І.​Прукнера ў Троіцкім касцёле ў Ружанах (1789), надмагілле М.​Радзівіла ў касцёле ў Дзятлаве (18 ст.) і інш.

Літ.:

Хадыка А.Ю., Хадыка Ю.В. Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992.

Б.​А.​Лазука, А.​Ю.​Хадыка.

Партрэт пахавальны А.​Пацея. 18 ст.

т. 12, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМ’Я́НАЎ (Анатоль Дзямідавіч) (25.11.1925, в. Усцінаўка Смаленскай вобл., Расія — 6.11.1972),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы (1963—72). Працаваў у станковай скульптуры. Сярод твораў: «Маладая калгасніца» (1962), «Маці» (1963), «Кубінец» (1964), «Паўночніца» (1965), партрэты Ф.​Кастра Рус, Я.​Коласа, У.​І.​Леніна і інш. Работам уласцівы абагульненасць пластыкі, манументальнасць вобразнага ладу.

А.Дзям’янаў. Маладая калгасніца. 1962.

т. 6, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁБКЕ ((Kobke) Крыстэн) (26.5.1810, Капенгаген — 7.2.1848),

дацкі жывапісец і графік. З 1822 наведваў АМ у Капенгагене, з 1828 вучыўся ў К.​В.​Экерсберга. Творчасць стылістычна блізкая да бідэрмееру. Пісаў лірычныя, тонкія па каларыце партрэты, пейзажы, жанравыя сцэны: «Прадавец цыгар», «Сястра мастака» (абодва 1831), «Брама» (1834), «Остэрбра пры ранішнім асвятленні» (1836), «Форум у Пампеях» (1840), партрэт нявесткі мастака (1842) і інш.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОХ (Аляксандр Мікалаевіч) (6.5.1909, г. Гродна — 1.7.1972),

бел. жывапісец. Скончыў Варшаўскую АМ (1934). Працаваў у жанрах пейзажа, партрэта, нацюрморта. Сярод твораў лірычныя пейзажы «Позняя восень» (1946), «Ранняя вясна» (1957), «Ветраны дзень» і «Старое Гродна» (1961), «Маладое жыта» (1962), «Ускраіна горада» (1965), «Вясна» (1968); партрэты Д.​А.​Паўловіч (1957), С.​І.​Дулаева (1963), «Партрэт мастака» (1968), «Камінар» (1960), «Нацюрморт з рыбай» (1957) і інш.

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)