ЛІ́БЕРМАН ((Liebermann) Макс) (20.7. 1847, Берлін — 8.2.1935),

нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся ў Берліне ў К.Штэфека (1866—68), у Маст. школе ў Веймары (1868—72) Праф. (1897), прэзідэнт (1920) Берлінскай АМ. Заснавальнік «Берлінскага Сецэсіёна» (1898—99). У ранні перыяд працаваў у рэаліст. кірунку. У творах пераважалі сцэны з жыцця сялян і рабочых: «Ашчыпванне гусей» (1872), «Школа шыцця ў Галандыі» (1876), «Амстэрдамскія вязальшчыцы» (1880), «Майстэрня шаўца» (1881), «Селянін у дзюнах» (1895). Пазней пад уплывам імпрэсіянізму яго творчасць набыла пленэрны характар. Ствараў пераважна пейзажы і партрэты, якія вызначаліся святлонасычанасцю, свабоднай пластыкай мазка: «Алея папугаяў» (1902), «На рацэ Альстэр у Гамбургу» (1910), «Галандскі пейзаж» (1912), партрэты А. фон Бергера (1905), Ф.Заўэрбруха (1932), аўтапартрэт (1909) і інш. Сярод графічных твораў: «Маці з дзіцем» (1891), «Пола» (1912) і інш.

В.Я.Буйвал.

М.Ліберман. Алея папугаяў. 1902.

т. 9, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)