ЛІК у матэматыцы,

адна з асн. матэм. абстракцый, звязаная з выражэннем колькаснай характарыстыкі прадметаў. У самым простым выглядзе паняцце Л. ўзнікла ў першабытным грамадстве і вызначалася неабходнасцю правядзення падлікаў і вымярэнняў у практычнай дзейнасці чалавека. Потым Л. становіцца асн. паняццем матэматыкі і далейшае развіццё гэтага паняцця звязана з вывучэннем яго агульных заканамернасцей (гл. Лікаў тэорыя).

Паняцце натуральных Л. (1, 2, 3, ...) узнікла ў глыбокай старажытнасці з патрэбы параўноўваць і колькасна характарызаваць (лічыць) розныя мноствы прадметаў. З узнікненнем пісьменства Л. пазначалі рыскамі на матэрыяле, які служыў для запісу, напр. папірусе, гліняных таблічках. Пазней уведзены інш. знакі для абазначэння вял. лікаў. З цягам часу паняцце натуральнага Л. набыло больш абстрактную форму, якая ў вуснай мове перадаецца словамі, на пісьме — спец. знакамі. Важным крокам з’яўляецца асэнсаванне бясконцасці натуральнага раду Л., што адлюстравана ў помніках антычнай матэматыкі, працах Эўкліда і Архімеда. Паняцце аб адмоўных Л. узнікла ў 6—11 ст. у Індыі. Аналіз аперацый складання, адымання, множання і дзялення Л. спрыяў узнікненню навукі пра Л. — арыфметыкі. Узнікненне дробавых (рацыянальных) Л. звязана з патрэбамі праводзіць вымярэнні. Напр., даўжыня вымяралася адкладаннем адрэзка, прынятага за адзінку; аднак адзінка вымярэння не заўсёды ўкладвалася цэлую колькасць разоў, што вяло да дзялення цэлага на часткі. Патрэба ў дакладным выражэнні адносін велічынь (напр., адносіны дыяганалі квадрата да яго стараны) прывяла да ўводу ірацыянальных Л. Пры рашэнні лінейных і квадратных ураўненняў паводле фармальных правіл іншы раз атрымліваліся адмоўныя і ўяўныя Л., якім быў нададзены строгі сэнс — узнікла алгебра. Неабходнасць вывучаць фіз. працэсы, неперарыўныя ў прасторы і часе (напр., рух цела), стымулявала ўвядзенне сапраўдных Л. і паняцця лікавай прамой, што з’явілася асновай стварэння матэм. аналізу. Далейшае развіццё паняцця Л. прывяло да камплексных лікаў, гіперкамплексных лікаў, р-адычных лікаў.

Літ.:

Нечаев В.И. Числовые системы. М., 1975;

Бейкер А. Введение в теорию чисел: Пер. с англ. Мн., 1995.

В.​І.​Бернік.

т. 9, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРЫЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. interiorisation ад лац. interior унутраны),

пераход звонку ўнутр. У псіхалогіі фарміраванне ўнутр. структур псіхікі ў выніку засваення знешняй сац. дзейнасці. Паняцце ўведзена франц. псіхолагамі П.​Жанэ, Ж.​Піяжэ, А.​Валонам. У псіхааналізе выкарыстоўваецца пры тлумачэнні працэсу фарміравання структур несвядомага.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНГРУЭ́НТНАСЦЬ [ад лац. congruens (congruentis) адпаведны, узгоднены],

паняцце элементарнай геаметрыі, якое азначае роўнасць адрэзкаў, вуглоў, фігур, цел. 2 фігуры наз. кангруэнтнымі, калі адна з іх пераводзіцца ў другую з дапамогай руху (гл. Рух у геаметрыі), напр., трохвугольнікі, якія сумяшчаюцца накладаннем.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЬВА́ЦЫЯ (ад рэ... + вальвацыя),

павышэнне курсу валюты адной краіны ў адносінах да курсу валюты інш. краіны або шэрагу дзяржаў. Ажыццяўляецца ва ўмовах стабілізацыі ўнутр. грашовага абарачэння, дадатковага сальда плацежнага балансу дзяржавы пасля пераадолення інфляцыі. Супрацьлеглае паняцце дэвальвацыі. Гл. таксама Валютны курс.

т. 13, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЕНАЧА́ЛЬНІК,

вайсковы або флоцкі начальнік, які займае высокую камандную ці штабную пасаду ва ўзбр. сілах дзяржавы. У Рэспубліцы Беларусь да военачальнікаў адносяцца камандуючыя і начальнікі штабоў родаў войск, армій і інш. аператыўных аб’яднанняў. Паняцце «военачальнік» абагульняльнае, у т. л. для палкаводцаў і флатаводцаў.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫ́ЯД ВАГА́ННЯЎ,

найменшы прамежак часу, праз які вагальная сістэма вяртаецца да зыходнага стану. Велічыня, адваротная частаце ваганняў. Паняцце «П.в.» выкарыстоўваюць як для перыядычных працэсаў (напр., гарманічныя ваганні), так і для працэсаў, дзе перыядычнасць парушаецца (гл. Затуханне ваганняў). Адзінка П.в. у СІ — секунда.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ РАСІ́Я,

афіцыйная назва з 2-й пал. 17 ст. еўрап. часткі Рус. дзяржавы, населенай пераважна рускімі. У царскім тытуле ўжывалася з 16 ст. Як геагр. паняцце ўзнікла ў сувязі з далучэннем да Расіі Левабярэжнай Украіны (Малой Расіі). З 19 ст. часцей выкарыстоўваўся тэрмін Велікаросія.

т. 4, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІЗІ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць норм, на падставе якіх вырашаюцца калізіі паміж законамі розных дзяржаў. Уваходзіць у склад міжнароднага прыватнага права. У шэрагу краін (Вялікабрытанія, ЗША і інш.) паняцце «міжнароднае прыватнае права» атаясамліваецца з паняццем «К.п.». Міжнароднае К.п. неабходна адрозніваць ад «унутранага», якое дзейнічае ў федэратыўных дзяржавах.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ННАЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

этнічныя супольнасці, якія сфарміраваліся на пэўнай тэрыторыі (гл. Абарыгены) ці насяляюць гэтую тэрыторыю на працягу многіх пакаленняў і звязаны з ёй трывалымі эканам., сац., культ. і інш. адносінамі. Фарміруецца на працягу многіх соцень гадоў. Блізкае паняцце — аўтахтоннае (спрадвечнае) насельніцтва. Беларусы — К.н. Беларусі.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЕ́НЬ,

паняцце геаметрычнай оптыкі (светлавы) і геаметрычнай акустыкі (гукавы), што абазначае лінію, уздоўж якой распаўсюджваецца энергія выпрамянення, вылучаная ў пэўным напрамку кропкавай крыніцай святла ці гуку. Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння вузкага пучка часціц (напр., электронны П.). П. у матэматыцы — тое, што замкнутая паўпрамая.

т. 12, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)