РЭА́ЛЬНАЯ ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,

эканамічны паказчык, што вызначае аб’ём прадметаў спажывання і паслуг, які работнік можа набыць на свае грошы, атрыманыя ў форме аплаты працы; састаўная частка рэальных даходаў насельніцтва. Яе велічыня залежыць ад памеру аплаты ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю працы і ад цэн на тавары і паслугі, падаткаў і інш. Вылічваецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і вызначае суадносіны паміж намінальнай (грашовай) заработнай платай і індэксам цэн на тавары і паслугі ў дадзены перыяд за вылікам спагнаных падаткаў і ўзносаў. Памяншэнне Р.з.п. звязана з інфляцыяй, калі яна не кампенсуецца павелічэннем, індэксацыяй заработнай платы.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УБЫВА́ЮЧАЙ ДАХО́ДНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

адзін з тэзісаў неакласічнай тэорыі вытв-сці, паводле якога паслядоўнае павелічэнне на адзінку выдаткаў аднаго з фактараў вытв-сці (працы, капіталу, зямлі) пры нязменнай велічыні іншых і нязменных тэхн. умовах дае паніжальную аддачу ў выглядзе прыросту прадукцыі. Паступовае памяншэнне прадукцыйнасці пэўнага фактару вытв-сці прыводзіць да ўраўноўвання яго цаны і выручкі ад прадукцыі, якая атрымліваецца за кошт выкарыстання дадатковых адзінак гэтага фактару. У.д.т. сфармулявана ў пач. 20 ст. А.​Маршалам, Ф.​Эджуартам і інш. (прадстаўнікі Кембрыджскай школы). Яна не дзейнічае ва ўмовах, калі маштабы вытв-сці пашыраюцца і адначасова павялічваецца выкарыстанне ўсіх фактараў, а таксама ва ўмовах тэхн. прагрэсу. Гл. таксама Прадукцыйнасці тэорыі.

т. 16, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛО́ТНЫЯ ДАЖДЖЫ́, кіслыя дажджы,

атмасферныя ападкі, забруджаныя вокісламі азоту і серы, што трапляюць у паветра з выкідамі прамысл. прадпрыемстваў. Выпадаюць у выглядзе раствораў кіслот, якія ўтвараюцца пры ўзаемадзеянні азотнага і сернага ангідрыдаў з атм. вадой. Адмоўна ўплываюць на стан навакольнага асяроддзя: павялічваюць кіслотнасць глебы, аказваюць біяцыднае ўздзеянне на жывыя арганізмы, пагражаюць здароўю чалавека, шкодзяць прамысл. і арх. пабудовам. Могуць выпадаць на значнай адлегласці ад крыніц забруджвання. Колькасць К.д. і іх адмоўны ўплыў на навакольнае асяроддзе штогод павялічваюцца. Памяншэнне ці спыненне выкідаў у паветра прамысл. прадпрыемствамі шкодных рэчываў, у т. л. вокіслаў азоту і серы, правядзенне інш. мерапрыемстваў па ахове атмасферы дапамагаюць зменшыць кіслотнасць атм. ападкаў, спрыяюць спыненню К.д.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАМБАЦЫ́ТЫ (ад тромб + грэч. kytos клетка), крывяныя пласцінкі,

форменныя элементы крыві пазваночных жывёл і чалавека. У многіх жывёл Т. — дробныя акруглыя клеткі са шчыльным ядром; у млекакормячых жывёл і чалавека — бяз’ядзерныя, дыскападобныя пласцінкі дыям. 2—5 мкм. У 1 мм​3 крыві чалавека змяшчаецца 180—320 тыс. Т. Адрозніваюць 5 асн. відаў Т.: маладыя (1—5%), спелыя (88%), старыя (4%), дэгенератыўныя (да 2%), гіганцкія формы раздражнення (2%). Утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу (66—80 тыс. у 1 мм​3 крыві за дзень). Функцыі Т.: спыненне крывацёку пры пашкоджанні сценкі сасудаў, забеспячэнне згусальнасці крыві, удзел у гаенні ран і інш. Памяншэнне колькасці Т. суправаджаецца дыятэзам гемарагічным, павелічэнне вядзе да трамбозу крывяносных сасудаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛЬТРАВА́ННЕ,

працэс механічнага раздзялення вадкіх ці газападобных дысперсных сістэм з дапамогай порыстых перагародак (фільтраў), здольных прапускаць дысперснае асяроддзе і затрымліваць часцінкі, памеры якіх перавышаюць дыяметр пораў перагародкі.

Адбываецца пад дзеяннем рознасці ціску па абодвух баках фільтра. Для паскарэння Ф. ствараюць дадатковы ціск над фільтрам ці вакуум пад фільтрам. Больш інтэнсіўнаму Ф. спрыяе павышэнне т-ры суспензіі, памяншэнне слоя асадку, рацыянальны выбар фільтра, спосабаў яго рэгенерацыі і інш. Выкарыстоўваецца ў лабараторных (хім. аналіз, клінічная, біяхім., мікрабіял. дыягностыкі) і прамысл. (у хім., харч., хім.-фармацэўтычнай, нафтахім., гарнаруднай і інш. прам-сцях) умовах, пры газаачыстцы і інш.

Літ.:

Жужиков В.А. Фильтрование. 4 изд. М., 1980;

Лунев В.Д., Емельянов Ю.А. Фильтрование в химической промышленности. Л., 1982.

т. 16, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫРО́З ПЕ́ЧАНІ,

хранічнае захворванне печані чалавека і жывёл, якое прагрэсіруе. Характарызуецца разрастаннем злучальнай тканкі ў печані, яе ўшчыльненнем, зменай аб’ёму (павелічэнне або памяншэнне), пашкоджаннем усіх яе структурных элементаў. У чалавека развіццё Ц.п. адбываецца пры інфекц. пашкоджаннях печані, спадчынных хваробах абмену рэчываў, уздзеянні таксічных рэчываў (лекі, алкаголь, прамысл. і быт. яды), застоі вянознай крыві і жоўці ў печані і інш. Найб. частая прычына — гепатыт інфекцыйны. Прыкметы: боль у вобласці печані, зніжаны апетыт, моташнасць, ірвота, гарката ў роце, насавы і страўнікавы крывацёк, жаўтавата-шэры колер скуры і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірург. (уключае трансплантацыю печані). У жывёл Ц.п. часта развіваецца ў выніку гліснай інвазіі (напр., дыкрацэліёз, фасцыялёзы). Вядзе да схуднення, анеміі і гібелі ад інтаксікацыі.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. ablatio адніманне),

1) у гляцыялогіі — памяншэнне масы лёду і фірну ледавікоў у выніку раставання, выпарэння ці мех. выдалення (знос снегу ветрам, утварэнне айсбергаў і г.д.). Адрозніваюць падледавіковую (донную), унутраную і паверхневую абляцыю. Асн. фактары: кліматычныя, унутранае цяпло Зямлі, цёплыя крыніцы, цеплыня ад трэння ледавіка аб ложа ці састаўныя яго часткі і інш. На Беларусі абляцыя адбывалася ў антрапагенавым перыядзе на працягу зледзяненняў.

2) У тэхніцы — вынас рэчываў з паверхні цвёрдага цела патокам гарачага газу. З’яўляецца вынікам фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў цвёрдым целе пад дзеяннем аплаўлення, выпарэння, раскладання і хім. эрозіі металаў. На абляцыі заснавана абляцыйнае ахаладжэнне (цеплавая ахова) касм. лятальных апаратаў, частак ракет-носьбітаў, ракетных рухавікоў і інш., якія падвяргаюцца аэрадынамічнаму награванню пры ўваходзе ў атмасферу.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛО́ТНА-ШЧО́ЛАЧНАЯ РАЎНАВА́ГА,

адноснае пастаянства вадароднага паказчыка (pH) унутр. асяроддзя арганізма. У жывёл рэгулюецца фізіка-хім. (буферныя сістэмы крыві і тканак) і фізіял. (дыханне, выдзяленне) механізмамі. Абумоўлівае нармальны ход працэсаў жыццядзейнасці (гл. Гамеастаз). У норме pH крыві чалавека 7,37—7,45, тканкавых вадкасцей 7,1—7,4. Памяншэнне pH крыві ніжэй за 7 (ацыдоз) ці павелічэнне больш за 7,8 (алкалоз) прыводзяць да смерці. У раслін рэгуляцыя К.-ш. р. ажыццяўляецца функцыянаваннем пратоннай помпы, што выпампоўвае з клеткі лішак H​+-іонаў праз плазмалему з затратай энергіі АТФ, а таксама балансам карбаксіліруючых (падкісляючых) і дэкарбаксіліруючых (падшчалочваючых) ферментаў і сістэмай буфераў (арган. кіслоты, бялкі, карбанаты, фасфаты). pH цытаплазмы 6—7,5; pH вакуолі 5—6.

Літ.:

Робинсон Дж. Р. Основы регуляции кислотно-щелочного равновесия: Пер. с англ. М., 1969.

т. 8, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЕ́НІКІ,

палонныя ў ВКЛ, адзін з відаў чэлядзі нявольнай. Выконвалі паншчыну і інш. работы, жылі пры дварах феадалаў, некат. мелі сваё жыллё і ўчасткі зямлі. Паступова палон як крыніца папаўнення чэлядзі нявольнай страціў сваё значэнне. П. часта выкуплялі і як феадальна-залежных сялян саджалі на зямлю, ператвараючы іх у агароднікаў. Заканадаўства ВКЛ 16 ст. было накіравана на памяншэнне колькасці чэлядзі нявольнай, ператварэнне яе ў сялян, якія займаюцца апрацоўкай зямлі. Статут ВКЛ 1588 адмяняў назву «чэлядь неволная» і ўказваў, што ў далейшым гэта катэгорыя насельніцтва будзе называцца «челедью дворною отчызною материстою купленою або полонениками». Збеглых П., як і інш. чэлядзь, належала шукаць і вяртаць з усёй сям’ёй і маёмасцю феадалу. П. нельга было завяшчаць маёмасць, не падараваўшы ім спачатку волю.

Т.​І.​Доўнар.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬС (ад лац. pulsus удар, штуршок),

перыядычнае, падобнае на штуршок расшырэнне сценак артэрый, сінхроннае са скарачэннямі сэрца. Частата П. залежыць ад полу, узросту чалавека (жывёлы), масы цела, эмацыянальнага стану, фіз. нагрузкі, т-ры цела і навакольнага асяроддзя. Напр., у слана (маса 3000 кг) частата П. каля 25 удараў за мінуту, у землярыйкі (маса 3 г) — болей за 600. У дарослага чалавека частата П. ў сярэднім 70—80 удараў за мінуту, пры фіз. нагрузцы — 150—200. Памяншэнне частаты П. ніжэй за норму наз. брадыкардыяй, пачашчэнне — тахікардыяй. Брадыкардыя — абавязковая фізіял. рэакцыя сэрца ў жывёл, што ныраюць (напр., у некат. цюленяў пры ныранні частата П. памяншаецца ад 140 да 10 удараў за мінуту). Акрамя сярэдняй частаты П. адзначаецца шэраг інш. характарыстык: рытмічнасць, напаўненне і інш.

т. 13, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)