ІНТЭРАРЭЦЭ́ПТАРЫ (ад лац. interior унутраны + рэцэптары),
інтэрацэптары, рэцэптары ўнутраныя, чуллівыя нервовыя канцы, якія знаходзяцца ў розных тканках і органах і ўспрымаюць інфармацыю з унутранага асяроддзя арганізма. Тэрмін прапанаваў англ. фізіёлаг Ч.С.Шэрынгтан (1906). Прадстаўлены свабоднымі нерв. канцамі і ў выглядзе складаных інкапсуляваных канцоў (цельца Фатэра—Пачыні). У залежнасці ад здольнасці рэагаваць на раздражняльнікі падзяляюцца на І., якія адказваюць на дэфармацыю тканкі (барарэцэптары і механарэцэптары), успрымаюць хім. раздражненні (хемарэцэптары), узбуджаюцца ад змены т-ры асяроддзя (тэрмарэцэптары), знаходзяцца ў шкілетных мышцах, звязках, сустаўных сумках (прапрыярэцэптары) і інш. І. аналізуюць унутр. асяроддзе арганізма, каб прыстасаваць яго да патрэб моманту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛАВО́ДСК,
горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у перадгор’ях В. Каўказа на выш. 720—1060 м, бальнеакліматычны курорт у групе Каўказскіх Мінеральных Вод. Гал. прыродныя лек. фактары — мінер. крыніцы (нарзаны), клімат, глеевыя гразі. Асн. профіль — кардыялагічны; лечаць таксама хваробы органаў дыхання, нервовыя, абмену рэчываў, у т. л. ў дзяцей і падлеткаў. Узнік з ваеннага ўмацавання і станіцы (засн. ў 1803), горад з 1830. 124,9 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л.з-д па разліве мінер. вады «Нарзан»), лёгкай, мэблевай прам-сці. Санаторыі, пансіянаты, турбаза. Маст. музей М.А.Ярашэнкі, Лермантаўскія мясціны, помнікі прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НГЛІІ (ад грэч. ganglion вузел),
нервовыя вузлы, анатамічна адасобленыя скопішчы цел і адросткаў нейронаў, абкружаныя клеткамі гліі і злучальнатканкавай капсулай з крывяноснымі сасудамі. Лакалізуюцца па ходзе перыферычных нерваў і ў сценках унутр. органаў. Асн. функцыя — перапрацоўка і інтэграцыя нерв. імпульсаў. У беспазваночных жывёл гангліі праз узаемныя злучэнні ўтвараюць адзіную нерв. сістэму. Добра развітыя галаўныя гангліі з’яўляюцца каардынацыйнымі цэнтрамі і выконваюць функцыю ц. н. с. У пазваночных жывёл і чалавека адрозніваюць гангліі вегетатыўныя (сімпатычныя і парасімпатычныя) і саматасенсорныя (міжпазваночныя або спіннамазгавыя і чарапныя). Вегетатыўныя маюць шматпалярныя, пераважна эферэнтныя рухальныя, а таксама адчувальныя і асацыятыўныя нейроны, аб’яднаныя праз сінапсы, сематасенсорныя — целы псеўдааднапалярных адчувальных (аферэнтных, рэцэпторных) нейронаў. Гл. таксама Вегетатыўная нервовая сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РВЫ (лац. nervus ад грэч. neuron нерв, жыла),
цяжы нервовай тканкі, што звязваюць мозг і нервовыя вузлы з інш. тканкамі і органамі цела. Утвораны пучкамі нерв. валокнаў — адросткамі нейронаў (аксоны разам з іх абалонкамі), якія праводзяць нерв. імпульс. Звычайна Н. маюць 103—104 валокнаў. Па кожнаму валакну імпульс распаўсюджваецца ізалявана. Адрозніваюць Н. чуллівыя (аферэнтныя, цэнтраімклівыя), рухальныя (эферэнтныя, цэнтрабежныя) і змешаныя. У пазваночных жывёл і чалавека ад галаўнога мозга адыходзяць чэрапнамазгавыя нервы, ад спіннога — спіннамазгавыя нервы. Некалькі суседніх Н. утвараюць нерв. спляценні (сеткавыя злучэнні нерв. валокнаў, якія забяспечваюць чуллівую і рухальную інервацыю скуры, шкілетных мышцаў і ўнутр. органаў пазваночных жывёл і чалавека). Паводле характару інервацыі органаў Н. класіфікуюць на вегетатыўныя і саматычныя. Іх сукупнасць утварае перыферычную нерв. сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАКС, клімактэрый (ад грэч. klimax лесвіца),
1) перыяд пераходу ад палавой сталасці да пажылога ўзросту ў чалавека і малп. У большасці жывёл амаль не выяўлены (пасля згасання палавой функцыі яны хутка драхлеюць і гінуць). У жанчын К. настае ва ўзросце 45—55 гадоў, у мужчын — 50—60. Звязаны з узроставымі інвалюцыйнымі працэсамі ў палавых залозах і рэгулюючых сістэмах (коркавыя нервовыя цэнтры і гіпаталамус). У жанчын заканчваецца менапаузай (выпадзенне менструальных цыклаў, авуляцый, здольнасці цяжараць). Пры познім К. мужчыны здольны даваць патомства да глыбокай старасці. Паталагічны К. суправаджаецца эндакрыннымі, вегетатыўнымі і псіхічнымі парушэннямі ў форме клімактэрычнага сіндрому (прылівы гарачыні, пачашчанае сэрцабіцце, патлівасць, галавакружэнні, парушэнні абмену рэчываў, сну і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае.
2) К. у фітацэналогіі — заключная стадыя развіцця біяцэнозу, на якой ён знаходзіцца дастаткова доўгі час у стане дынамічнай раўнавагі з навакольным асяроддзем. Залежыць ад клімату, глеб, антрапагеннага ўздзеяння. Паняцце К. дазваляе прадбачыць кірунак натуральнай змены расліннасці, што важна пры эксплуатацыі лясных, лугавых і стэпавых угоддзяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЯ́ТАРЫ (лац. mediator пасрэднік),
нейратрансмітэры, біялагічна актыўныя рэчывы, якія перадаюць узбуджэнне ці тармажэнне з нервовых клетак на іншыя (нервовыя, мышачныя, залозістыя). Найчасцей М. — нізкамалекулярныя рэчывы, якія ўтвараюцца з амінакіслот, сінтэзуюцца ў нейронах. Да М. належаць ацэтылхалін, гістамін, норадрэналін, сератанін і інш., некат. к-ты (напр., α-глютамінавая). У нейронах існуе селектыўнасць прадукцыі М. У залежнасці ад М. розныя нерв. ўтварэнні вегетатыўнай нерв. сістэмы падзяляюць на адрэнэргічныя (норадрэналін) і халінэргічныя (ацэтылхалін). З нерв. клеткі М. паступаюць да перадсінаптычных канцоў нерва, дзе назапашваюцца ў сакраторных пузырках. Пры праходжанні нерв. імпульсу М. вызваляюцца з пузыркоў, звязваюцца з рэцэптарамі на постсінаптычнай мембране, выклікаюць змену яе палярызацыі і далейшае праходжанне імпульсу. Потым М. разбураюцца ферментамі (напр., ацэтылхалін — халінэстэразай), што аднаўляе папярэдні ўзровень палярызацыі мембраны і гатоўнасць сінапсу да перадачы наступнага нерв. імпульсу.
Літ.:
Харкевич Д.А. Фармакология. 6 изд. М., 1999;
Руководство по медицине: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОПРЫЯРЭЦЭ́ПТАРЫ, прапрыяцэптары (ад лац. proprius уласны, асаблівы + рэцэптары),
спецыялізаваныя чуллівыя нервовыя канцы (механарэцэптары) апорна-рухальнага апарату пазваночных жывёл і чалавека. Самы пашыраны від — свабодныя нерв. канцы, а найб. спецыялізаваныя структуры — мышачныя верацёны (у шкілетных мышцах) і органы Гольджы (у сухажыллях). Узбуджэнне ў П. узнікае пры нацяжэнні мышачных валокнаў, сухажылляў, фасцый, пры скарачэнні або пасіўным расцяжэнні мышцы. Імпульсы, што паступаюць у ц. н. с. ад мышачных валокнаў, аблягчаюць узнікненне актыўнасці ў рухальных нейронах сваёй мышцы і тармозяць скарачэнні мышцы-антаганіста. Імпульсы, што прыходзяць ад органаў Гольджы, маюць процілеглы эфект. У мозг ад П. паступае інфармацыя аб становішчы часткі цела ў прасторы, стане мышцаў, ступені іх напружання. Невял. здольнасць П. да адаптацыі дазваляе ц. н. с. бесперапынна атрымліваць сігналы аб стане шкілетнай мускулатуры і ажыццяўляць бесперапынную складана-каардынаваную рухальную дзейнасць арганізма. Актыўнасць П. ляжыць у аснове мышачнага пачуцця. Часам да П. адносяць рэцэптары вестыбулярнага апарату, сэрца і крывяносных сасудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЧУВА́ННЕ,
псіхічны працэс адлюстравання асобных уласцівасцяў і з’яў аб’ектыўнага свету пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў. Узнікаюць ад таго, што раздражняльнікі дзейнічаюць на ўспрымальныя часткі аналізатараў—рэцэптары; нервовыя імпульсы дасягаюць галаўнога мозга і выклікаюць адчуванне. Спецыфіка адчування чалавека, іх дасканаласць абумоўлены сац.-гіст. прычынамі, працоўнай дзейнасцю. Адчуванні з’яўляюцца крыніцай непасрэднай інфармацыі аб навакольным свеце. Як адлюстраванне аб’ектыўных уласцівасцяў рэчаў адчуванне з’яўляецца сродкам пазнання рэчаіснасці. У чалавека найб. развіты зрокавыя адчуванні. Потым ідуць адчуванні слыху, смаку, нюху, дотыку. Працэсы, што адбываюцца ў арганізме, выклікаюць арганічныя адчуванні (голад, смагу, боль). Існуюць таксама адчуванні вібрацыйныя, руху і становішча органаў цела, раўнавагі і інш.
У працэсе пазнання адчування выконваюць функцыі: як субстрат успрымання даюць апошняму магчымасць адлюстраваць структуру вонкавых прадметаў; выступаюць у ролі прыкмет аб’ектыўных уласцівасцяў вонкавых прадметаў пры ўмове, што ўзаемасувязь паміж якасцю адчування і ўласцівасцю прадмета раней вядомая; з’яўляюцца асновай для фарміравання элементарных уяўленняў. Праблематыка адчування распрацоўваецца ў псіхафізіцы сенсорных працэсаў і розных раздзелах фізіялогіі. Разнастайнасць адчування адлюстроўвае якасную разнастайнасць навакольнага свету. Адчуванні дапамагаюць чалавеку прыстасоўвацца да асяроддзя і ўздзейнічаюць на яго.
Літ.:
Ковалгин В.М. Рефлекторная теория ощущений. Мн., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ТКА,
элементарная жывая сістэма, асноўная структурна-функцыянальная адзінка жывых арганізмаў (гл.Клетачная тэорыя). Можа існаваць як асобны арганізм (бактэрыі, прасцейшыя, некат. водарасці і грыбы) або ў складзе тканак шматклетачных жывёл, расл ш, грыбоў. Кожная К. складаецца з 2 асн.ч. — цытаплазмы і ядра (эўкарыёты) ці нуклеаіда (пракарыёты), дзе знаходзіцца генет. апарат. Саматычныя К. ўтвараюцца шляхам мітозу, палавыя — меёзу. Шматлікія функцыі К. (абмен рэчываў, раздражняльнасць, рух, дзяленне, самааднаўленне і інш.) выконваюцца спецыялізаванымі ўнутрыклетачнымі структурамі — арганоідамі (напр., сінтэз бялку — на рыбасомах, клетачнае дыханне — на мембранах мітахондрый). У К. бесперапынна падтрымліваецца пэўная канцэнтрацыя іонаў, якая адрозніваецца ад іх канцэнтрацыі ў навакольным асяроддзі. Абалонка К. (клетачная мембрана) у жывёл рухомая, здольная абвалакваць у асяроддзі кроплі з буйнымі малекуламі (пінацытоз) ці вірусы і невял. К. (фагацытоз). Раслінныя К. пакрыты цвёрдай абалонкай з порамі (плазмадэсмамі). Памеры К. — ад 0,1—0,25 мкм (некат. бактэрыі) да 155 мм (яйцо страуса ў шкарлупіне). Найменшая працягласць жыцця К. чалавека 1—2 дні (К. кішэчнага эпітэлію), інш. жывуць на працягу жыцця арганізма (нейроны, валокны шкілетных мышцаў). У арганізме К. адрозніваюцца па велічыні, форме, колькасці арганоідаў, наборы ферментаў, што абумоўлена каапераваннем К. і выкананнем імі спецыялізаваных функцый (напр., узбудлівыя К. — нервовыя, скарачальныя — мышачныя). Многія К. шматфункцыянальныя, напр. К. печані сінтэзуюць бялкі плазмы крыві і жоўць, назапашваюць глікаген і перапрацоўваюць яго ў глюкозу, акісляюць чужародныя рэчывы. Фактары рэгуляцыі ўнутры К. — метабаліты К., іоны, якія ўздзейнічаюць на гены (што прыводзіць да змянення колькасці ферменту) ці на сам фермент (змяняецца яго актыўнасць), і рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі (прадукт рэакцыі вызначае яе інтэнсіўнасць). Фактары рэгуляцыі па-за К. — прамыя кантакты паміж К. і змяненне актыўнасці К. нерв. або гумаральнымі сігналамі. Надзейная і дакладная рэгуляцыя працэсаў унутры і па-за К. забяспечвае эвалюцыю арган. свету на Зямлі. Навука, якая вывучае К. — цыталогія.