СЭ́СЮ, Тоё Ода, Іміна (1420, Місу, Японія — 1506),

японскі жывапісец, найбуйнейшы майстар манахромнага жывапісу, «суйбоку-га». Быў будыйскім святаром. Вучыўся ў Дзёсэцу, Сюбун. У 1467 або 1468 быў у Кітаі, дзе размаляваў павільён Лібуюань імператарскага палаца ў Пекіне. Працаваў у традыцыях кіт. жывапісу перыяду Паўд. Сун, у жанры пейзажа («Зімовы пейзаж», «Пейзажы чатырох пор года»), імкнуўся да свабоднай трактоўкі рэальных форм, што садзейнічала стварэнню вобразаў, афарбаваных асабістым светаўспрыманнем мастака. Уласцівыя творам суровасць, адчуванне неспакою і дынамізм С. перадаваў у 2 стылістычных манерах: «сін» (ломаныя лініі малюнка, нервовыя мазкі-кропкі) і «хабоку» (рэзкія пэндзлевыя мазкі, прасторавыя і святлопаветраныя эфекты).

Літ.:

Воронова Б.Г. Тойо Ода. М., 1958.

т. 15, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)