род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Названы ў гонар англ. батаніка Дж.Гудаера. Каля 40 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, трапічнай Азіі. На Беларусі зрэдку пераважна ў паўн. раёнах трапляецца гудаера паўзучая (O. repens). Расце ў сырых цяністых хвойных і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з невысокім сцяблом і шнурападобным паўзучым карэнішчам. Лісце нешматлікае, сядзячае, збліжанае ў ніжняй частцы сцябла накшталт прыкаранёвай разеткі. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, звонку зеленаватыя, з прыемным пахам, сабраны ў густое коласападобнае суквецце. Плод — шматнасенная каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГА́РНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,
філасофская плынь сярэдзіны 19 ст., якая спрашчала і агрубляла асн. прынцыпы матэрыялізму. Яе прадстаўнікі К.Фогт, Л.Бюхнер, Я.Молешот адмаўлялі сац. прыроду свядомасці, лічылі, што яе змест абумоўлены гал. чынам хім. саставам прадуктаў харчавання, атаясамлівалі мысленне з матэрыяльнымі фізіял. працэсамі, што адбываюцца ў чалавечым мозгу (мозг выдзяляе думку накшталт таго, як печань жоўць). Вульгарны матэрыялізм — у многім рэакцыя на ідэаліст. (асабліва ням.) дыялектыку, якую яго прадстаўнікі характарызавалі як філас. шарлатанства і з свайго боку спадзяваліся вырашыць усе філас. праблемы праз канкрэтныя прыродазнаўчыя даследаванні. У тлумачэнні сац. з’яў вульгарны матэрыялізм прымыкае да сацыял-дарвінізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́Н, камчацкі бабёр,
марская выдра (Enhydra lutris),
млекакормячае сям. куніцавых. Адзін від роду, 2 падвіды. Пашыраны ў паўн.ч. Ціхага ак. (узбярэжжы Паўн. Амерыкі і Азіі). Жыве ў прыбярэжнай зоне, каля скал.
Даўж. да 1,5 м, маса да 40 кг. Футра густое, шаўкавістае, цёмна-бурае ці амаль чорнае. Ногі кароткія, заднія накшталт ластаў. Самка раз у 2 гады нараджае 1—2 дзіцяняці Па сушы перамяшчаецца з цяжкасцю, выдатна плавае і нырае, пад вадой можа быць да 45 мін. Корміцца марскімі вожыкамі, малюскамі, крабамі, рыбай. У Расіі промысел забаронены, ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАДО́К (Scleranthus),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі трапляюцца галадок аднагадовы (Scleranthus annuus), шматгадовы (Scleranthus perennis) і шматплодны (Scleranthus policarpos). Растуць у сухіх хваёвых барах, на ўзлесках, сухіх лугах, пустках, папарах, каля дарог і як пустазелле на палях.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі, прамастойнымі, прыўзнятымі ці распасцёртымі разгалінаванымі сцёбламі выш. (даўж.) да 20 см. Лісце супраціўнае, вузкалінейнае, амаль шылападобнае, накшталт шчацінак, без прылісткаў. Кветкі дробныя, непрыкметныя, без пялёсткаў, у густых паўпарасоніках. Чашачка з 5 вострых або тупых, па краі белаватых зубчыкаў. Плод — аднанасенная каробачка. Лек. і кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЯЗДО́ЎНІК (Neottia),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы і Азіі. На Беларусі зрэдку трапляецца гняздоўнік звычайны, або сапраўдны (N. nidus-avis). Расце ў цяністых хвойных і мяшаных лясах. Сапратроф. Цвіце ў маі—чэрвені.
Шматгадовыя жаўтавата-бурыя травяністыя расліны з тоўстым голым узыходным сцяблом выш. да 50 см. Карэнішча кароткае, з мясістымі каранямі, якія ўтвараюць шчыльнае спляценне накшталт птушынага гнязда (адсюль назва). Лісце сядзячае, лускападобнае, без хларафілу. Кветкі жаўтавата-бурыя, з адтапыранай двухраздзельнай верхняй губой, з мядовым пахам, сабраныя ў шматкветную доўгую гронку. Плод — шматнасенная каробачка. Лек. (проціглісны сродак) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМЫ́ЙКА (ад назвы г. Каламыя, Украіна),
1) жанр укр.нар. паэзіі, кароткая песенька накшталтпрыпеўкі. Пашырана пераважна ў зах. абласцях Украіны. Узнікла ў 15 ст., першыя муз. запісы з 17 ст. Страфа К., як правіла, — трохкаленнае 14-складовае двухрадкоўе (гл.Каламыйкавы верш). Найб. поўны зб. «Каламыйкі» (т. 1—3, 1905—07) выдаў У.М.Гнацюк. Трапляецца ў бел.нар. творчасці: «Чые пчолы лятуць ў поле, // А мае ў садочку. // А хто любіць далёкую, // А я сусядочку». На ўзор укр. М.Багдановіч стварыў бел. К.
2) Укр.нар. масавы танец гуцулаў.
3) Нар. інструментальная п’еса.
Літ.:
Шумада Н. Песенні мініатюри українського народу // Коломийки. Київ, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́СІВА, красала,
металічная прылада для высякання агню з крэменю. Бытавала з эпохі жал. веку. Найб. старажытнае К. на тэр. Беларусі датуецца 2—5 ст. Паводле формы вылучаюць абаранкападобнае, 2-лязовае авальнае, 2-лязовае прамавугольнае, санкападобнае, у выглядзе прамавугольнай пласцінкі з адагнутымі ўгару канцамі і інш. Высечаная з крэменю іскра падпальвала цэру (маса з вываранага і высушанага дрэвавага грыба накшталт ваты). Крэмень, К. і цэру насілі звычайна ў магалайцы — скураным мяшэчку каля пояса з левага боку. Са з’яўленнем у 19 ст. запалак бытаванне К. заняпала спачатку ў горадзе, а потым і ў вёсцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСІЛАФО́Н [ад ксіла... + ...фон(ы)],
самагучальны ўдарны муз. інструмент. Складаецца з храматычна настроеных драўляных брусочкаў рознай даўжыні, размешчаных вертыкальна ў 4 рады на жгутах з саломы (рагожы, гумы). Іграюць на К. драўлянымі палачкамі з патаўшчэннямі на канцах. Шырока вядомы ў многіх народаў свету. У еўрап. сольную канцэртную практыку ўведзены ў 1830-я г. М.Гузікавым, у сімф. аркестр — у канцы 19 ст. Сучасны аркестравы К. мае да 49 брусочкаў, размешчаных звычайна ў 2 рады (накшталтфп. клавіятуры) і прымацаваных да спец. рамы. Асн. разнавіднасці — марымба (з рэзанатарамі — меднымі гільзамі, прымацаванымі пад брусочкамі) і тубафон (з трубкамі замест брусочкаў). Дыяпазон да 4 актаў (ад с1).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́ЛІЯ (Monilia),
род недасканалых грыбоў сям. маніліевых. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды: М. пладовая (M. fructigena) — узбуджальнік пладовай гнілі семечкавых і костачкавых пладовых парод, М. шэрая (M. cinerea) — выклікае вясной маніліяльны апёк (маніліёз) у выглядзе засыхання кветак, лісця і парасткаў, а ў летне-асенні перыяд — паяўленне шэрай гнілі на пладах.
Міцэлій грыба пранізвае пашкоджаныя органы. Аднаклетачныя канідыі фарміруюцца на канідыяносцах, размешчаных групамі накшталт шаравата-бурага налёту або даволі шчыльных падушачак, раскіданых ці ў канцэнтрычных кругах. Зімуе ў пашкоджаных органах і муміфікаваных сухіх пладах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РКА ТРЫУМФА́ЛЬНАЯ, трыумфальная брама,
пастаяннае або часовае манументальнае афармленне праезду (звычайна арачнае) або збудаванне ў гонар ваеннай перамогі, гістарычнай падзеі ці асобы. Брамы з адным ці трыма арачнымі пралётамі звычайна маюць насычаны арх.-пластычны дэкор: аздоблены скульптурай, памятнымі надпісамі. Узніклі ў Стараж. Рыме, дзе прызначаліся для цырымоніі ўезду пераможцы: аркі Ціта (81), Септымія Севера (203), Канстанціна (315). Накшталт іх пабудаваны аркі ў Парыжы на пл. Карузель (1806, арх. Ш.Персье і П.Фантэн) і пл. Шарля дэ Голя (1837, арх. Ж.Ф.Шальгрэн). У Расіі аркі трыумфальныя будавалі ў гонар ваен. перамог (Трыумфальныя вароты ў Маскве, 1834, В.Бавэ; Неўскія трыумфальныя вароты ў С.-Пецярбургу, 1833, арх. В.Стасаў).