«ИЗВЕ́СТИЯ МО́ЗЫРСКОГО СОВЕ́ТА РАБО́ЧИХ И СОЛДА́ТСКИХ ДЕПУТА́ТОВ»,
газета. Выдавалася з 4(17).5.1917 да лют. 1918 у Мазыры на рус. мове 3—4 разы на тыдзень. З 15(28).6.1917 да сярэдзіны вер. 1917 наз. «Известия Мозырского Совета рабочих и солдатских депутатов и Мозырского Совета крестьянских депутатов». Прытрымлівалася агульнадэмакр. пазіцый. Змяшчала афіц. дакументы і звароты Часовага ўрада, загады арміі і флоту, справаздачы пасяджэнняў Савета, СНК. Асвятляла грамадска-паліт. жыццё краіны, у т. л. ліпеньскія падзеі 1917, карнілаўскі мяцеж, Кастр. рэвалюцыю, ход перадвыбарчай кампаніі ва Устаноўчы сход. Выйшла 150 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАЙ ((Bligh) Уільям) (9.9.1754, г. Плімут, Вялікабрытанія — 7.12.1817),
брытанскі мараплавец, удзельнік другога кругасветнага падарожжа пад камандаваннем Джэймса Кука (1772—74). Контр-адмірал (1811), віцэ-адмірал (1814). У 1787 быў пасланы як камандзір шлюпа «Баўнці» на Таіці па саджанцы хлебнага дрэва. На зваротным шляху ў крас. 1789 экіпаж падняў мяцеж супраць жорсткага абыходжання і высадзіў Блая разам з 18 прыхільнікамі ў лодку без картаў. У чэрв. пасля цяжкага плавання Блай дасягнуў в-ва Тымор, праплыўшы 3618 міль. У 1805 прызначаны губернатарам Новага Паўд. Уэльса ў Аўстраліі, дзе яго жорсткае праўленне ў 1808 прывяло да мяцяжу і турэмнага зняволення. Вызвалены праз 2 гады, выйшаў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае княства, якое вылучылася з Полацкага княства пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101). Цэнтр — г. Віцебск. У 1130—40-я г. належала, верагодна, полацкаму кн.Васільку Святаславічу, потым полацкім князям Васількавічам, з 1165 — Давыду Расціславічу, у 1170-я г. — Усяславу Васількавічу. У пач. 1180-х г. належала Брачыславу Васількавічу і выйшла з-пад уплыву Смаленска. З 1186 Віцебскае княства зноў пад уплывам Смаленска, што выклікала незадаволенасць полацкіх і чарнігаўскіх князёў, якія ў 1195 выступілі супраць смаленскіх князёў, у выніку Віцебск трапіў пад уладу Полацка. У пач. 13 ст. Віцебскае княства зблізілася з Уладзіміра-Суздальскім княствам. У 1220—30-я г. яно падпарадкоўвалася полацкаму кн.Брачыславу. У 1229, верагодна, знаходзілася пад паліт. уплывам Смаленска, князь якога Мсціслаў падпісаў пагадненне з Рыгай ад імя полацкага і віцебскага князёў. У 1262 віцебскі кн.Канстанцін з наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў. У 1263—65 княства залежала ад полацкіх князёў Гердзеня, потым Ізяслава, які быў васалам новагародскага кн.Войшалка. У 1280 Віцебскае княства ўпамінаецца як тэрыторыя, залежная ад смаленскага кн. Фёдара Расціславіча. У канцы 13 — пач. 14 ст. тут княжыў Міхаіл Канстанцінавіч, каля 1318 — Яраслаў. Пасля смерці Яраслава (1320) віцебскім князем стаў яго зяць Альгерд, пасля смерці апошняга з 1377 Віцебскае княства належала яго ўдаве Ульяне. Пасля смерці Ульяны (каля 1393) вял.кн.ВКЛВітаўт скасаваў Віцебскае княства і накіраваў у Віцебск намесніка. Малодшы сын Альгерда Свідрыгайла хацеў аднавіць княжанне і ўзняў мяцеж, які падтрымалі Орша і Друцк. Мяцеж быў задушаны, а Віцебскае княства ператворана ў намесніцтва. У пач. 16 ст. на тэр. Віцебскага княства ўтворана Віцебскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Вілорый Аляксеевіч) (н. 18.1.1934, г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак тэлебачання. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1956). У 1957—92 мастак-пастаноўшчык Бел.рэсп. студыі тэлебачання (у 1961—82 гал. мастак). Работы вылучаюцца і рэаліст., і ўмоўна-алегарычнай вобразнасцю, эмацыянальнай выразнасцю. Аформіў тэлеспектаклі «Мяцеж» паводле Дз.Фурманава (1957), «Млын на Сініх Вірах» У.Караткевіча (1959), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1965), «Адвечная песня», «Курган» і «Бандароўна» паводле Я.Купалы (усе 1980), «Слабодскі парламент» па матывах апавядання М.Гіля (1984), «Алімпіяда» паводле рамана І.Пташнікава (1988) і інш.; тэлефільмы «І смех і бяда» (1973), «Новая зямля» паводле Я.Коласа (1982), «Купалінка» (1983) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ТАЎ (Аляксандр Ільіч) (17.8.1879, станіца Арэнбургская Арэнбургскай вобл., Расія — 7.3.1921),
адзін з кіраўнікоў белага руху (гл.Белая гвардыя) у грамадз. вайну 1918—20 у Расіі. Ген.-лейтэнант (1919). Скончыў Акадэмію Генштаба (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выбраны старшынёй савета Саюза казацкіх войск, у чэрв. 1917 узначальваў Усерас. казацкі з’езд, падтрымліваў сувязь з ген. Л.Г.Карнілавым; з вер. 1917 атаман Арэнбургскага казацтва. У ліст. 1917 узняў антысав. мяцеж у Арэнбургу (ліквідаваны Чырв. Арміяй у 1918). У чэрв. 1918 у ходзе антысав. мяцяжу Чэхаславацкага корпуса арганізаваў белы рух на Урале. У ліст. 1918 — канцы 1919 камандаваў асобнай Арэнбургскай арміяй у складзе войск А.В.Калчака. У 1920 эмігрыраваў у Кітай, дзе забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЎТАН, Лаўтан,
Лотан (Laughton) Чарлз (1.7.1899, г. Скарбара, Вялікабрытанія — 15.12.1962), англійскі і амерыканскі акцёр. Скончыў Каралеўскую акадэмію драм. мастацтва ў Лондане (1926). Працаваў у т-рах Лондана, Стратфарда-он-Эйван, Нью-Йорка (ролі ў п’есах У.Шэкспіра, М.Гогаля, А.Чэхава і інш.). З 1928 у кіно. Ствараў на экране вобразы, адметныя непаўторнасцю індывід. рыс, глыбінёй і сакавітасцю характарыстык. Зняўся ў фільмах: «Прыватнае жыццё Генрыха VIII» (1933, прэмія «Оскар»), «Адвержаныя», «Мяцеж на «Баўнці» (абодва 1935), «Рэмбрант» (1936), «Гарбун сабора Маці Божай» (1939), «Казкі Манхэтэна» (1942), «Трыумфальная арка» (1948), «Сведка абвінавачвання» (1957) і інш. Ставіў фільмы («Ноч паляўнічага», 1955, і інш.), спектаклі («Жыццё Галілея», 1947).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЦЬЯШ ХУ́НЬЯДЗІ (Mátyás Hunyadi),
Мацьяш I Корвін (Matthias I Corvinus; 23.2.1443, Калажвар, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 6.4.1490), кароль Венгрыі [1458—90] і Чэхіі [1469—79]. Сын правіцеля Венгрыі Я.Хуньядзі. Выбраны каралём Венгрыі 24.1.1458 пасля смерці караля Ласла V [1453—57], Цэнтралізаваў дзярж. кіраванне, у 1459 ліквідаваў апазіц. магнацкую лігу, стварыў рэгулярнае наёмнае войска («чорную армію»), з дапамогай яго ў 1467 і 1471 задушыў мяцеж і змову магнатаў. У 1476 здзейсніў паход супраць туркаў. Да снеж. 1474 авалодаў чэш. і сілезскімі землямі, у 1477—87 — землямі Аўстрыі, у 1485 — Венай. Каб спыніць набегі туркаў, у 1483 і 1488 заключыў мірныя дагаворы з урадам Асманскай імперыі (Портай). Заснаваў б-ку ў Будзе (цяпер частка Будапешта) і ун-т у Браціславе (Славакія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1707.
Адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21 супраць рас. войскаў. Пасля ўзяцця Старога Быхава казакамі і войскамі ВКЛ у кастр. 1702 (гл.Быхава аблога 1702) ген. артылерыі К.Сяніцкі (Сініцкі-Бонч) фактычна стаў адзіным правіцелем Быхаўшчыны. Пасля прыбыцця ў Быхаў войскаў яго брата — падстолія ВКЛ, палкоўнікаў Ліндорфа і Берлінкурта Сяніцкі ўзняў мяцеж супраць Аўгуста II. Пра сваё выступленне Сяніцкія паведамілі прыхільнікам Сапегаў і шведскаму каралю Карлу XII і прасілі яго прыйсці на Бел. Падняпроўе. У адказ Пётр I накіраваў некалькі дзесяткаў рас. палкоў. Некалькі дзён кругласутачна вялася бамбардзіроўка Быхава. Вял. разбурэнні, пажары і адсутнасць дапамогі ад Сапегаў і Карла XII вымусілі Сяніцкіх пайсці на перагаворы аб капітуляцыі. Пасля здачы горада і замка Сяніцкіх вывезлі ў ссылку, артылерыя Быхава адпраўлена ў Кіеў. Рас. гарнізон стаяў у Быхаве больш за 7 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЛАЎ (Лаўр Георгіевіч) (30.8.1870, г. Каркаралінск Карагандзінскай вобл., Казахстан — 13.4.1918),
расійскі ваен. дзеяч, адзін з лідэраў белай гвардыі. Ген. ад інфантэрыі (1917). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1892) і Акадэмію Генштаба (1898). Удзельнік pyc.-яп. вайны 1904—05. У 1907—11 ваен. аташэ ў Кітаі. У 1-ю сусв. вайну камандаваў 48-й пях. дывізіяй (да 1915), стралк. корпусам (1916), войскамі Петраградскай ваен. акругі (сак. — крас. 1917), 8-й арміяй і Паўд.-Зах. фронтам. З 19.7(1.8) да 27.8(9.9).1917 вярх. галоўнакамандуючы. Намагаўся ўстанавіць ваен. дыктатуру (гл.Карнілава мяцеж 1917). 2(15).9.1917 арыштаваны Часовым урадам, зняволены ў г. Быхаў (цяпер Магілёўская вобл.). 19.11(2.12).1917 пры садзеянні ген. М.М.Духоніна ўцёк у г. Новачаркаск, дзе разам з ген. М.В.Аляксеевым узначаліў белагв. добраахвотніцкую армію. Загінуў у час няўдалага штурму г. Екацярынадар (цяпер Краснадар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РБЕРШТЭЙН, Герберштайн (Herberstein) Зігмунд фон (23.8.1486, вобл. Крайна, Славенія — 28.3.1556), дыпламат «Свяшчэннай Рымскай імперыі», падарожнік. Скончыў Венскі ун-т (1502). З 1506 на вайсковай, з 1514 на дыпламат. службе. Узначальваў пасольствы імператара Максіміляна I і эрцгерцага Фердынанда ў 1517 і 1526 у Маскву, накіроўваўся з даручэннямі ў Венгрыю, Польшчу, ВКЛ. Неаднаразова праязджаў праз Беларусь. У 1549 у Вене выдадзена яго праца «Запіскі аб маскоўскіх справах», дзе Герберштэйн выкарыстаў зах.-еўрап. і ўсх.-слав. пісьмовыя крыніцы, уласныя матэрыялы і назіранні. Кніга — каштоўная крыніца па гісторыі Расіі. У ёй прыведзены гіст.-этнагр., паліт. і культ. звесткі пра Беларусь і Літву: заняткі і побыт насельніцтва, рэліг. вераванні, гандл. сувязі, рэкі, крэпасці, пра ўзаемадачыненні ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, мяцеж князёў Глінскіх, пра К.Астрожскага і інш. На падставе гэтай кнігі складзены шматлікія еўрап. карты Расіі і ВКЛ.