КАЛЯРО́ВАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,

найбольш энергаёмістая галіна цяжкай прам-сці, якая ажыццяўляе здабычу і абагачэнне руд, вытв-сць і апрацоўку каляровых, высакародных і рэдкіх металаў, у т. л. сплаваў, перапрацоўку другаснай сыравіны, а таксама здабычу алмазаў. Спадарожная прадукцыя галіны — хім. злучэнні, мінер. ўгнаенні, буд. матэрыялы і інш. У залежнасці ад віду прадукцыі, якую вырабляюць, у складзе галіны вылучаюцца медная, свінцова-цынкавая, нікель-кобальтавая, алюмініевая, тытана-магніевая, вальфрама-малібдэнавая, высакародных металаў, цвёрдых сплаваў, рэдкіх металаў прам-сць. Роля К.м. ў сучаснай эканоміцы хутка расце ў сувязі з развіццём новых галін прам-сці: атамнай, ракетнай, касмічнай, электроннай, прыладабудавання і інш. Найб. развіта К.м. ў ЗША, Расіі, Казахстане, Японіі, Кітаі, Канадзе, Германіі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Бразіліі і інш.

На Беларусі з канца 19 ст. існавалі невял. медзеплавільныя прадпрыемствы саматужнага тыпу, якія выкарыстоўвалі металалом. Цяпер у Мінску існуе завод другаснай перапрацоўкі каляровых металаў, ёсць невял. ліцейная вытв-сць у Гомелі і Мазыры.

Літ.:

Хрущев А.Т. География промышленности СССР. 3 изд. М., 1986.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ХЦІЧЫ,

вёска ў Сямёнавіцкім с/с Уздзенскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 5 км на ПнЗ ад Узды, 79 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Негарэлае. 538 ж., 221 двор (1998).

У 2-й пал. 16 ст. сяло і двор (цяпер пас. Першамайск) у Менскім пав. ВКЛ. Да 17 ст. ўласнасць Кавячынскіх, якія на тэр. двара ў сярэдзіне 16 ст. пабудавалі кальвінскі збор (з 17 ст. касцёл і капліца-пахавальня). З 1590 мястэчка. У 17—19 ст. уласнасць Завішаў. З 1793 у складзе Рас. імперыі ў Ігуменскім пав Мінскай губ. У 1795 у К. 51 двор, у пач. 19 ст. 417 ж., 55 двароў, бровар, млын, кузня, медная ф-ка (1827). У 1-й пал. 19 ст. замест драўлянага пабудаваны мураваны сядзібны дом. У 2-й пал. 19 ст. ў К. жыў археолаг і этнограф Я.К.Завіша. У 1897 у вёсцы 817 ж., 118 двароў, царква, магазін. У 1972 у К. 742 ж., 239 двароў.

Пачатковая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

В.​Шаблюк.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙЦАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры 19 ст. ў в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1817 з цэглы на сродкі ўладальніка сядзібы Ф.​Раецкага, прызначаўся для родавай пахавальні. Пасля 1863 касцёл ператвораны ў правасл. Спаса-Праабражэнскую царкву. Прамавугольны ў плане будынак. На гал. фасадзе ўзвышаецца магутная 4-гранная вежа з зубчастым крэмальерным парапетам і аркатурным фрызам. Над вежай гіпсавая скульптура Маці Божай, на франтальнай грані быў гадзіннік-куранты. Гал. ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб’яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчаны акно-ружа і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Сцены выкладзены з бутавага каменю і абпаленай цэглы. Бакавыя фасады расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, выкладзенымі з бутавых валуноў. Вылучаюцца пабеленыя элементы арх. дэкору: стральчатыя нішы, аркатурныя паясы, парталы ўваходаў. Пад храмам крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям’і. Каля касцёла стаяла стараж. медная гармата. Непадалёк ад яго мураваная 2-павярховая плябанія з брамай у выглядзе стральчатай аркі (адлюстравана на акварэлі Н.​Орды 1864—67).

А.​М.​Кулагін.

Райцаўскі касцёл.

т. 13, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКІ́, цвердакрылыя (Coleoptera),

атрад насякомых. 2 падатр., драпежныя (Adephaga) і разнаедныя (Polyphaga). Каля 140 сям., больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Цэнтр. Арктыкі, найб. высокіх горных вяршынь. Насяляюць сушу, прэсныя воды; асабліва многа ў тропіках. На Беларусі 100 сям., больш за 3 тыс. відаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі 4 сям.: жужалі, стафіліны, слонікі, шчаўкуны.

Даўж. 0,2—200 мм. Афарбоўка розных колераў, часта з метал. бляскам. Цела мае галаву, грудзі і брушка. Покрыва цвёрдае, зрэдку мяккае (мяккацелкі). Галава часцей круглаватая, радзей выцягнута ў галаватрубку. Грудзі і брушка звычайна размежаваныя. Першая пара крылаў — цвёрдыя (адсюль другая назва) надкрылы (элітры), ахоўваюць другую (лятальную) пару крылаў і мяккі верхні бок брушка. Вусікі часцей 11-членікавыя. Ног 3 пары. Ротавы апарат грызучы. Раздзельнаполыя, пераважна яйцакладныя, радзей жывародныя. Пераўтварэнне поўнае (яйцо, лічынка, кукалка, імага). 1—3 пакаленні за год. Па характары кармлення — фітафагі, сапрафагі і заафагі. Глебаўтваральнікі, санітары, рэгулятары колькасці інш. насякомых, апыляльнікі раслін. Некат. — шкоднікі с.-г. і лясных культур, прадуктаў. Шэраг відаў выкарыстоўваецца ў біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.

Літ.:

Фауна и экология жесткокрылых Белоруссии. Мн., 1991;

Хотько Э.И. Почвенная фауна Беларуси. Мн., 1993;

Каталог жесткокрылых (Coleoptera, Insecta) Беларуси. Мн., 1996;

Silverberg H. Enumerato coleopterorum Fennoscanduae. Daniae et Baltiae. Helsinki, 1992;

A Checklist of the Ground-Beetles of Russia and Adjacent Lands (Insecta, Coleoptera, Carabidae). Sofia;

Moscow, 1995.

С.​Л.​Максімава.

Жукі 1 — мерцвяед чырванагруды; 2 — мерцвяед матавы; 3 — магільшчык рыжабулавы; 4 — скураед вяндлінны; 5 — скураед музейны; 6 — святляк звычайны: самец (злева) і самка; 7 — мяккацелка бурая; 8 — мяккацелка парасонавая; 9 — свідравальшчык лісцевы; 10 — пчалажук звычайны; 11 — мурашка-жук; 12 — малашка медная; 13 — капуцын; 14 — прытворшчык шаўкавісты; 15 — тачыльшчык хлебны; 16 — шчаўкун грэбенявусы; 17 — шчаўкун бліскучы; 18 — шчаўкун чырвоны; 19 — вусач арлекін; 20 — бронзаўка афрыканская; 21 — афрыканскі галіяф; 22 — златка яванская двухколерная; 23 — алень: самка (злева) і самец; 24 — вусач рэліктавы.

т. 6, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́Н, Султанат Аман,

дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх. ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс. км. Нас. 1,9 млн. чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г. Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).

Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн. т), прыродны газ (283 млрд. м³), медная (20 млн. т) і хромавая (2 млн. т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.

Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.

Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст. тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх. ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн. т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд. амер. дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн. т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд. м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд. прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс. км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд. амер. дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд. амер. дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя).

Герб і сцяг Амана.
Да арт. Аман. Вароты г. Маскат.

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПУА—НО́ВАЯ ГВІНЕ́Я (Papua New Guinea),

Незалежная дзяржава Папуа—Новая Гвінея (Independent State of Papua New Guinea), дзяржава на ПдЗ Ціхага ак. Займае ўсх. ч. в-ва Новая Гвінея з суседнімі астравамі (агульная пл. каля 400 тыс. км²), архіпелаг Бісмарка, у т. л. а-вы Новая Брытанія (пл. 36,6 тыс. км²) і Новая Ірландыя (пл. 8,6 тыс. км²), паўн. ч. Саламонавых а-воў, у т. л. в-аў Бугенвіль (пл. 10 тыс. км²). На в-ве Новая Гвінея мяжуе з Інданезіяй. Абмываецца морамі Ціхага ак.: Новагвінейскім, Саламонавым, Каралавым. Пл. краіны 461,7 тыс. км². Нас. 4705,1 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г. Порт-Морсбі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (16 вер.).

Дзяржаўны лад. П.—Н.Г. — канстытуцыйная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1975. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе ген.-губернатар, назначаны на 6 гадоў паводле прадстаўлення ўрада. Заканад. орган — аднапалатны Нац. парламент (109 дэпутатаў, выбіраюцца ўсеагульным галасаваннем на 5 гадоў). Урад краіны — Нац. выканаўчы савет на чале з прэм’ер-міністрам, які прызначаецца ген.-губернатарам і падсправаздачны парламенту.

Прырода. Пераважае горны рэльеф. На Новай Гвінеі горы цягнуцца з ПнЗ на ПдУ, дасягаюць 4508 м (г. Вільгельм). На Пд вострава нізіны і раўніны. Большасць інш. астравоў гарыстыя. Есць 18 дзеючых вулканаў, бываюць землетрасенні. З карысных выкапняў найб. значэнне мае медная руда (в-аў Бугенвіль), ёсць запасы золата, нафты і прыроднага газу, цынкавых, хромавых і нікелевых руд. Клімат экватарыяльны (на Пн) і субэкватарыяльны (на Пд). Сярэднія т-ры ўвесь год на ўзбярэжжы і раўнінах каля 26 °C. У гарах вышынная пояснасць. Ападкаў ад 1000 мм на ўзбярэжжы, да 6500 мм у гарах. Год падзяляецца на дажджлівы (снеж.крас., менш акрэслены на Пн) і сухі сезоны. Шмат мнагаводных рэк, найб. Флай і Сепік. Лясы і хмызнякі займаюць 92,9% тэрыторыі. На раўнінах і ніжніх схілах гор пашыраны вільготныя трапічныя лясы з пальмамі, бамбукамі, дрэвападобнымі папарацямі, панданусамі і інш. На выш. 1000—2000 м пераважаюць вільготныя трапічныя лясы з араўкарыямі і паўд. букам, на вяршынях гор — высакагорныя лугі і хмызнякі. У асобных раёнах на Пд участкі саваннаў. Жывёльны свет астраўнога тыпу, прадстаўлены пераважна эндэмікамі. Захаваліся асобныя віды кенгуру, яхідна і праяхідна, дрэвавыя кускусы, шэрстахвосты, бандыкуты. Шмат кажаноў, птушак, паўзуноў, насякомых. Нац. паркі Варырата, Мак-Адам, ёсць рэзерваты.

Насельніцтва. Жыве бальш за 700 народаў і плямён. Больш за 85% складаюць папуасы, якія жывуць пераважна ва ўнутр. частках Новай Гвінеі і на вялікіх астравах; на ўзбярэжжах месцамі жывуць меланезійцы (каля 14%). У гарадах невял. групы англа-аўстралійцаў. Вернікі пратэстанты (44%), католікі (22%), прыхільнікі мясц. рэліг. культаў (34%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. каля 10,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы і ў гарах на выш. 1200—2000 м шчыльн. дасягае 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 16% насельніцтва. Найб. горад Порт-Морсбі (каля 200 тыс. ж.; 2000), каля 30—40 тыс. ж. у гарадах Рабаул, Маданг, Лаэ. У сельскай гаспадарцы занята 64% насельніцтва.

Гісторыя П. — Н.Г. заселена продкамі сучасных папуасаў каля 30 тыс. г. назад. Каля 5 тыс. г. назад у прыбярэжных раёнах пасяліліся продкі меланезійцаў. Першым з еўрапейцаў Новую Гвінею наведаў партуг. капітан Ж.​Мінезіш. У 1545 ісп. капітан І.​О.​Рэтэс даў востраву назву Новая Гвінея. У 1700 брыт. мараплавец У.​Дампір адкрыў паўн. ўзбярэжжа П. — Н.Г. і в-аў Новая Брытанія, які ў 18—19 ст. даследавалі брыт. і франц. мараплаўцы (Дж.Кук, Л.А.Бугенвіль і інш.). У 1870—80-я г. сярод жыхароў паўн.-ўсх. ч. П. — Н.Г. жыў рус. вучоны-этнограф М.М.Міклуха-Маклай. У 1884 паўн.-ўсх. ч. Новай Гвінеі абвешчана герм. пратэктаратам Новая Гвінея, а паўд.-ўсх. ч.брыт. пратэктаратам Папуа (з 1888 калонія); усх. ч. вострава адышла да Нідэрландаў (цяпер — прав. Інданезіі Ірыян-Джая). У 1906 Вялікабрытанія перадала Папуа пад кіраванне Аўстраліі. У 1-ю сусв. вайну Аўстралія акупіравала герм. ч. Новай Гвінеі і атрымала ў 1912 ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ёю (з 1946 падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Аўстраліі). У 2-ю сусв. вайну б.ч. П. — Н.Г. акупіравалі яп. войскі, тут адбыўся шэраг важных бітваў. У ліп. 1949 тэр. Папуа і Новая Гвінея аб’яднаны ў адзіную адм. адзінку «Тэр. Папуа і Новая Гвінея» (з 1971 П. — Н.Г.). У 1951 створаны мясц. Заканад. савет, у 1964 — Тэр. асамблея. У 1973 атрымала ўнутр. самакіраванне.

16.9.1975 абвешчана незалежнасць П. — Н.Г. У краіне ўсталяваўся парламенцкі лад са шматпартыйнай дэмакратыяй, для якога характэрны няўстойлівыя парламенцкія кааліцыі і блокі. Гал. мэта ўсіх урадаў — пераадоленне адсталасці краіны, б.ч. насельніцтва якой вядзе прымітыўны лад жыцця. Дзейнічаюць паліт. партыі: «Пангу парці», Нар.-дэмакр. рух, Нар.-прагрэс. партыя П. — Н.Г. — чл. ААН (з 1975), Садружнасці.

Гаспадарка. Краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Валавы нац. прадукт (ВУП) на 1 чал. — каля 2,4 тыс. дол. за год. Гал. галіна — сельская гаспадарка. У апошнія дзесяцігоддзі развіваецца гарнарудная прам-сць. У сельскай гаспадарцы ствараецца 28% ВУП, у прам-сці (пераважна гарнаруднай) — 35%, у абслуговых галінах — 37%. У сельскай гаспадарцы пераважаюць натуральныя і паўнатуральныя гаспадаркі пл. да 0,5—1 га, развіваецца кааператыўны рух, ёсць плантацыі, якія належаць англа-аўстралійцам. Гаспадаркі мясц. насельніцтва заснаваны на выкарыстанні ручной працы, пашырана лядна-агнявое земляробства. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 500 тыс. га, пад лугамі і пашай каля 100 тыс. га. На плантацыях вырошчваюць какосавую пальму (штогод атрымліваюць каля 150 тыс. т копры), каву, какаву, каўчуканосы, бананы; у гаспадарках мясц. насельніцтва — сорга, тара, ямс, батат, маніёк, цукр. трыснёг, хлебнае дрэва, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба, гал. галіна — свінагадоўля. У 1997 буйн. раг. жывёлы 105 тыс. галоў, свіней 1,5 млн. галоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (тунец), лоўля крабаў і крэветак. Паляўніцтва. Нарыхтоўка дзікарослай сагавай пальмы, каштоўнай драўніны. У прам-сці гал. роля належыць здабычы меднай руды на в-ве Бугенвіль (каля 200 тыс. меднага канцэнтрату штогод). Здабываюць таксама золата (горныя раёны в-ва Новая Гвінея, каля 15 т штогод), серабро, цынк, нафту. Здабычу карысных выкапняў вядуць замежныя кампаніі. У 1996 атрымана 1,7 млрд. кВтгадз электраэнергіі (71% даюць цеплавыя электрастанцыі, 29% — ГЭС). Гал. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці: ф-кі па абагачэнні меднай руды, фанерныя з-ды, лесапілкі, па апрацоўцы какосавых арэхаў, кавы, какавы, чаю, тытуню, алейныя, піваварныя. Ёсць з-ды бетонных вырабаў, прадпрыемствы па выпуску харч. прадуктаў, суднабуд. і суднарамонтныя, металаапр. майстэрні і інш. Шырока развіты саматужныя промыслы: выраб керамікі, драўляных прадметаў хатняга ўжытку, традыц. лодак, сувеніраў і інш. Развіваецца замежны турызм. Транспарт аўтамабільны, унутр. водны, марскі. У краіне 19,6 тыс. км аўтадарог, з іх 0,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 10,9 тыс. км унутр. водных шляхоў, 19 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Порт-Морсбі і Рабаула. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Порт-Морсбі, Рабаул, Лаэ, Маданг. У 1997 экспарт склаў 2,2 млрд. дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць канцэнтрат медзі, золата, нафта (разам 72% кошту экспарту), драўніна, копра, пальмавы алей, кава, какава, чай, крабы, крэветкі; у імпарце — машыны і трансп. сродкі, спажывецкія і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал. гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША. Краіна атрымлівае дапамогу ад Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі і інш. Грашовая адзінка — кіна.

В.​М.​Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Папуа—Новай Гвінеі.
Да арт. Папуа—Новая Гвінея. Сталіца краіны г. Порт-Морсбі.
Да арт. Папуа—Новая Гвінея. Тыповая папуаская вёска.

т. 12, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́К, Іракская Рэспубліка (Аль-Джумхурыя аль-Іракія),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, у Месапатаміі. Мяжуе на Пн з Турцыяй, на ПнЗ з Сірыяй, на З з Іарданіяй, на ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй і нейтральнай зонай, на Пд з Кувейтам, на ПнУ з Іранам, на ПдУ абмываецца Персідскім залівам. Падзяляецца на 18 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 434,9 тыс. км². Нас. 22 219 тыс. чал. (1996). Сталіца — г. Багдад. Афіц. мова — арабская і курдская. Нац. свята — 17 ліп. (Дзень Рэвалюцыі).

Дзяржаўны лад. Паводле часовай канстытуцыі 1968 (са зменамі 1973 і 1974) І. — нар.-дэмакр. рэспубліка, эканам. сістэма якой грунтуецца на сацыяліст. прынцыпах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет рэв. камандавання (9 чал., выбіраюцца сярод членаў іракскага кіраўніцтва Партыі араб. сацыяліст. адраджэння). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца Саветам рэв. камандавання сярод яго членаў), які адначасова з’яўляецца старшынёй Савета і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту (250 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады), у склад якога ўваходзіць Курдскі канстытуцыйны савет (50 чал., выбіраюцца ў Курдскім аўт. раёне). Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам, на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Большая ч. тэр. краіны занята Месапатамскай нізінай, складзенай з рачных наносаў рэк Тыгр і Еўфрат. Паўд. ч. яе забалочаная. Нізіна нахілена з ПнЗ на ПдУ. На Пн і ПнУ — ускраіны Арм. і Іранскага нагор’яў з хрыбтамі выш. да 3—3,5 тыс. м. Найб. вышыні знаходзяцца каля іракска-тур. граніцы (Усх. Таўр) і на ПнУ (Курдыстанскія горы). Зах. ч. займае плато Сірыйскай пустыні з сярэднімі выш. 300—400 м. Карысныя выкапні: нафта (каля 20 млрд т), прыродны газ (каля 3 трыльёнаў м³), каменны вугаль, каменная соль, жал. і медная руды, фасфарыты, бітум, сера, буд. матэрыялы. Асн. радовішчы нафты і прыроднага газу на Пн каля Кіркука і Масула, на Пд каля Басры. Клімат паўн. ч. міжземнаморскі, паўд. — сухі, трапічны. У межах раўнін сярэдняя т-ра студз. ад 7 °C на Пн да 11 °C на Пд, чэрв. ад 32 °C на Пн да 34 °C на Пд. Ападкаў ад 500 мм на Пн (у гарах да 1500 мм) да 50—100 мм за год на Пд. Тэрыторыю І. сярэднім і ніжнім цячэннем перасякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія на Пд зліваюцца і ўтвараюць р. Шат-эль-Араб. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і для суднаходства. У Ніжняй Месапатаміі поймавыя азёры. У пустынных раёнах часовыя вадатокі (вадзі). Расліннасць стэпавая і паўпустынная, на ПдЗ пустынная, у гарах калючыя хмызнякі і рэдкія дрэвы фісташкі, смакоўніцы і інш. Па берагах рэк галерэйныя лясы, насаджэнні фінікавых пальмаў. Лясы займаюць 2% тэрыторыі. Жывёльны свет: газель, дзікі асёл, паласатая гіена, шакал, леапард і інш. Каля 20 запаведнікаў і заказнікаў.

Насельніцтва. Жывуць арабы (75%), курды (больш за 20%, пераважна на Пн), туркмены, асірыйцы, іранцы (персы), армяне і інш. Курды і ч. арабаў захоўваюць племянны падзел. У краіне больш за 100 качавых, паўкачавых і аселых плямён. Амаль усе вернікі мусульмане (96%). Сярод іх 60% шыіты, 40% суніты. Сярэдняя шчыльн. 51,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 300 чал. на 1 км²) заселены цэнтр. ч. Месапатаміі, берагі Тыгра і Еўфрата, перадгор’і. У гарадах жыве каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., з прыгарадамі, 1996): Багдад — 4336, Эрбіль — 1743, Масул — 879. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 30%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. На тэр. сучаснага І., якая ў асноўным супадае з Месапатаміяй, існавалі стараж. цывілізацыі; буйнейшыя з іх — Шумер, Асірыя, Вавілонія. З сярэдзіны 6 ст. да н.э. тэр. І. ўваходзіла ў Ахеменідаў дзяржаву, з 4 ст. да н.э. — у дзяржаву Аляксандра Македонскага, потым — у дзяржаву Селеўкідаў, Парфянскае царства У 630-я г. Месапатамія заваявана арабамі і ў 661 увайшла ў склад Амеядаў халіфата. Б.ч. насельніцтва паступова прыняла іслам і араб. мову. Пры Абасідах (750—1258) засн. новая сталіца халіфата Багдад, які стаў паліт. і культ. цэнтрам усяго мусульм. свету. У 1055 Багдад, пазней і ўся Месапатамія заваяваны сельджукамі (гл. Сельджукская дзяржава), у 2-й пал. 13 ст. — манголамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. тэр. І. ўвайшла ў склад імперыі Цімура, пасля распаду якой яна стала арэнай барацьбы паміж асобнымі правадырамі манг.-цюрк. родаў, а потым паміж Сефевідамі (гл. Сефевідаў дзяржава) і туркамі. З 17 ст. і да канца 1-й сусв. вайны тэр. І. ўваходзіла ў Асманскую імперыю. З канца 16 ст. І. таксама — аб’ект экспансіі еўрап. дзяржаў, асабліва Англіі, у апошняй чвэрці 19 ст. і Германіі. У 1917—18 брыт. войскі акупіравалі б.ч. Месапатаміі, Багдад і багаты нафтай Масульскі вілает. У крас. 1920 Вялікабрытанія атрымала мандат Лігі нацый на кіраванне дзяржавай І., створанай ёю з трох вілаетаў б. Асманскай імперыі (Басрскага, Багдадскага, Масульскага). Гэта выклікала нац.-вызв. паўстанне, якое летам 1920 ахапіла ўсю краіну. Пасля задушэння паўстання ў кастр. 1920 створаны «нац. ўрад» І., які залежаў ад Вялікабрытаніі. У жн. 1921 краіна абвешчана канстытуцыйнай манархіяй на чале з эмірам Фейсалам I з дынастыі Хашымітаў. У 1922 Вялікабрытанія заключыла з І. т. зв. саюзны дагавор, што замацоўваў у ёй англ. панаванне; падпісаны ў 1930 англа-іракскі дагавор захоўваў паліт., эканам. і ваен. пазіцыі Вялікабрытаніі (гл. Англа-іракскія дагаворы і пагадненні 1922, 1926, 1930, 1948, 1955). У 1932 І. абвешчаны незалежным і прыняты ў Лігу нацый. У 1930-я г. і ў час 2-й сусв. вайны ў краіне адбыўся шэраг паўстанняў курдаў, якія вялі барацьбу за аўтаномію, і дзярж пераваротаў. У пач. 1930-х г. значны ўплыў у краіне мелі камуністы (створаны прафсаюзы, пашырыўся забастовачны рух), у 1934 засн. Іракская камуніст. партыя (ІКП). У пач. 2-й сусв. вайны І. разарваў дыпламат. адносіны з Германіяй. Аднак складаная ўнутр. сітуацыя і антыбрыт. скіраванасць іракскага грамадства спрыялі ўзмацненню прагерм. настрояў. У крас. 1941 адбыўся антыбрыт. дзярж. пераварот Р.А. аль-Гайлані, пасля ліквідацыі якога (май 1941) І. акупіравалі брыт. войскі; у 1943 І. аб’явіў вайну дзяржавам фаш. блоку. І. — адзін з заснавальнікаў Лігі араб. дзяржаў (1945). Яго войскі ўдзельнічалі ў араба-ізраільскай вайне 1948—49 (у выніку з краіны эмігрыравала каля 130 тыс. яўрэяў). У 1948—58 урад ліквідаваў ІКП (у 1949 пакараны смерцю 4 яе кіраўнікі), правёў адм. і эканам. рэформы, перадаў канцэсіі на здабычу нафты ЗША і Вялікабрытаніі. У 1955 І. заключыў з Турцыяй дагавор, які стаў асновай Багдадскага пакта (гл. Арганізацыя цэнтральнага дагавора).

У выніку ваен. перавароту 14.7.1958 (гл. Іракская рэвалюцыя 1958) скінута манархія, І. абвешчаны рэспублікай, прынята часовая канстытуцыя, якая гарантавала роўныя правы ўсім грамадзянам і аўтаномію курдам. Урад ген. А.​К.​Касема праводзіў палітыку т. зв. пазітыўнага нейтралітэту (у 1959 І. выйшаў з Багдадскага пакта, ліквідаваны замежныя ваен. базы, выведзены брыт. войскі), аднавіў дыпламат. адносіны з СССР. Ва ўнутр. палітыцы Касем карыстаўся дыктатарскімі метадамі, апіраючыся на падтрымку камуністаў. У 1961 успыхнула новае паўстанне курдаў, якія не атрымалі абяцанай аўтаноміі. Прэтэнзіі І. на Тэр. Кувейта выклікалі асуджэнне інш араб. краін. Ваен. пераварот 1963 адбыўся пад лозунгамі антыкамунізму і араб. адзінства; да ўлады прыйшло крайняе правае крыло Партыі арабскага сацыялістычнага адраджэння (БААС). Пачаліся масавыя рэпрэсіі і тэрор, адноўлены ваен. дзеянні супраць курдаў. У выніку дзярж. перавароту 18.11.1963 уладу захапіла ваен. групоўка, якую падтрымлівалі памяркоўныя колы БААС. У 1965 І. разарваў дыпламат. адносіны з ФРГ (пасля прызнання ёю Ізраіля), пасля ізраільска-араб. вайны 1967 — з ЗША і Вялікабрытаніяй (да 1968), налажыў эмбарга на пастаўкі нафты ў гэтыя краіны. 17.7.1968 кіраўнікі партыі БААС ажыццявілі дзярж. пераварот, ген. С.А.Х. аль-Бакр стаў прэзідэнтам і ўзначаліў Савет рэв. камандавання, да якога перайшла ўся ўлада. Аль-Бакр падтрымаў курс на сацыяліст. арыентацыю і цесныя сувязі з СССР. Праведзена агр. рэформа, нацыяналізаваны замежныя нафтавыя кампаніі, у 1974 курды атрымалі абмежаваную аўтаномію. У 1979 пераемнікам аль-Бакра стаў С.Хусейн. У выніку супярэчнасцей у Савеце рэв. камандавання ч. яго членаў абвінавачана ў спробе дзярж. замаху і пакарана смерцю, рэпрэсіраваны камуністы, палепшыліся адносіны з зах. краінамі (І. разам з інш. араб. краінамі асудзіў інтэрвенцыю СССР у Афганістане). У чэрв. 1980 адбыліся першыя ўсеагульныя выбары (права голасу атрымалі і жанчыны), выбраны парламент — Нац. сход. Пагаршэнне адносін з Іранам прывяло ў вер. 1980 да ірана-іракскай вайны 1980—88, якая нанесла вял. эканам. страты абодвум бакам. Фін. дапамога Саудаўскай Аравіі, Кувейта і Аб’яднаных Араб. Эміратаў дала І. магчымасць аднавіць ваен. патэнцыял. Канфлікт з Іранам паспрыяў паляпшэнню іракска-егіп. адносін (Егіпет пастаўляў зброю для арміі І.), а таксама аднаўленню ў 1984 дыпламат. адносін з ЗША, больш цеснаму супрацоўніцтву з Францыяй (пастаўкі зброі для І.). У жн. 1988 заключана перамір’е з Іранам. У 1990 І. прад’явіў Кувейту непрымальныя фін. і тэр. патрабаванні, і ў жн. 1990 яго войскі акупіравалі Кувейт. Савет Бяспекі ААН асудзіў акт агрэсіі, патрабаваў вываду войск І. з Кувейта. У ліст. 1990 Савет Бяспекі ААН ухваліў рашэнне аб выкарыстанні ваен. сілы супраць І. У студз. 1991 войскі антыіракскай кааліцыі пачалі ваен. дзеянні, якія скончыліся капітуляцыяй І. і прызнаннем ім рэзалюцыі Савета Бяспекі ад 3.4.1991 аб умовах перамір’я. У маі 1992 іракскія курды абвясцілі аб стварэнні сваёй аўт. дзяржавы, але ўрад І. не прызнаў яе і пачаў фактычную эканам. блакаду Курдыстана. Нявырашанасць курдскай праблемы і эканам. крызіс, выкліканы міжнар. санкцыямі, ускладнілі ўнутрыпаліт. сітуацыю ў краіне. І. — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты, Араб. лігі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1996.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя араб. сацыяліст. адраджэння (БААС) — правячая, Дэмакр. партыя Курдыстана, Патрыят. саюз Курдыстана, Іракская камуніст. партыя (на нелегальным становішчы); Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.

Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Аснова эканомікі — здабыча нафты. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) за апошнія гады значна паменшаў (у 1995 да 41,1 млрд. дол.) і складае каля 1,8 тыс. долараў на 1 чал. ў год. Доля ў ВУП нафтаздабыўной і нафтаперапр. прам-сці каля 67%, апрацоўчай прам-сці каля 7, сельскай гаспадаркі каля 6%. Пасля 1958 праведзены агр. рэформы, нацыяналізаваны банкі, страхавыя т-вы, буйныя прамысл. і гандл. прадпрыемствы, створаны дзярж. сектар, у т. л. Іракская нафтавая кампанія. Больш за 75% прамысл. прадукцыі ствараецца ў дзярж. сектары. Эканам. сітуацыя ў краіне пасля агрэсіі супраць Кувейта застаецца складанай. Рашэннямі Савета Бяспекі ААН устаноўлены рэжым санкцый, забаронены экспарт усіх відаў сыравіны, у т. л. нафты і гатовых вырабаў, продаж або перадача ўзбраенняў і ваен. тэхнікі. Гал. галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Максімальны ўзровень здабычы дасягнуты ў 1979—175 млн. т, у 1996—29,6 млн. т. Буйныя нафтапромыслы знаходзяцца на Пн у раёне Кіркука (Джамбур, Бай-Хасан і інш.) і Масула (Айн-Зала, Каяра, Бутма і інш.). Працуюць нафтаперапр. з-ды ў Кіркуку і Эль-Хадыце. Цяжкая нафта з радовішчаў каля Масула перапрацоўваецца на нафтаперапр. з-дзе ў Каяры пераважна на змазачныя маслы. На Пд нафту здабываюць у Эз-Зубайры і Эр-Румайле. Разам з нафтай здабываюць серу і прыродны гаручы газ. У Басры прадпрыемствы па звадкаванні газу. Вядзецца здабыча фасфатаў, мармуру, солі, кварцу. Энергетыка засн. на выкарыстанні нафты і газу. Вытв-сць электраэнергіі 25,7 млрд. кВтгадз (1996). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы. Адноснае развіццё атрымала вытв-сць тэкст. і швейная (Багдад, Масул, Сулейманія, Кербела), гарбарна-абутковая (Багдад, Эрбіль, Масул, Кіркук, Басра, Эль-Кут), буд. матэрыялаў (Сулейманія, Масул, Эль-Куфа, Ум-Каср). Шмат прадпрыемстваў харч. прам-сці (млыны, цукр. з-ды, ф-кі кансервавыя і па апрацоўцы фінікаў). Ёсць прадпрыемствы цэм., шкляной, металаапр., аўтазборачнай, хім., эл.-тэхн., фармацэўтычнай, папяровай прам-сці. За апошнія дзесяцігоддзі актыўна развіваецца ваен. прам-сць. Развіта саматужная вытв-сць абутку, дываноў, ювелірных вырабаў, посуду, цыновак і інш. Каля палавіны прамысл. прадукцыі краіны ствараецца ў Багдадзе, Басры, Масуле.

Для развіцця сельскай гаспадаркі прыдатна каля 12 млн. га зямель, пад ворыва выкарыстоўваецца каля 8 млн. га, у т. л. 2,5 млн. га арашаецца. Земляробства развіта пераважна ў Ніжняй Месапатаміі і ў перадгор’ях; у паўд. і цэнтр. раёнах яно выключна арашальнае, у паўн. раёнах — багарнае. Раслінаводства экстэнсіўнага характару. Збожжавыя (гадавы збор каля 2 млн. т) займаюць 90% пасяўной плошчы. Вырошчваюць азімую пшаніцу, сачавіцу, ячмень (на Пн), рыс (на Пд). З тэхн. культур гал. бавоўнік і тытунь. І. займае 1-е месца ў свеце па вырошчванні фінікаў (каля 30 млн. дрэў, гадавы ўраджай каля 200—300 тыс. т). Развіта садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Жывёлагадоўля пераважна качавая. Як пашы выкарыстоўваюцца каля 35 млн. га ў пустынных, паўпустынных і горных раёнах. У 1996 было (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 2,5, авечак і коз — 15. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў, вярблюдаў. Рыбалоўства ў рэках, каналах, азёрах і Персідскім заліве. Асн. від транспарту — аўтамабільны (каля 70% усіх перавозак). Даўж. чыгунак 3 тыс. км, аўтадарог — больш за 45 тыс. км, з іх больш за 20 тыс. з цвёрдым пакрыццём. Тыгр, Еўфрат, Шат-эль-Араб і некат. арашальныя каналы выкарыстоўваюцца для дробнатанажнага суднаходства. Гал. марскія парты Басра, Ум-Каср і Фао (экспарт нафты). Агульны танаж танкернага флоту 2,1 млн. т. Дзейнічаюць нафтаправоды даўж. 4,2 тыс. км, нафтапрадуктаправоды 0,7 тыс. км і газаправоды даўж. 2,6 тыс. км. Знешнеэканам. сувязі краіны з-за санкцый Савета Бяспекі ААН абмежаваныя. У даваен. час (да 1979) нафтавы сектар даваў 95% экспарту. Даходы ад экспарту нафты складалі штогод 21—26 млрд. дол., у 1994 імпарт — 1,9 млрд. дол., экспарт — 0,45 млрд. долараў. Гандаль пераважна з ЗША, Германіяй, Бразіліяй, Іарданіяй (транзітны). У 1996 экспарт нафты склаў толькі 5% ад узроўню 1979. І. экспартуе таксама фінікі, скуры, шэрсць; імпартуе харч. і прамысл. тавары. Знешні доўг больш за 50 млрд. долараў. Грашовая адзінка — іракскі дынар.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1997) каля 1 млн. чал., у т. л. 450 тыс. узбр. рэзервістаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць 350 тыс. чал. асабовага складу, маюць на ўзбраенні каля 2,7 тыс. танкаў, каля 3 тыс. бронеаўтамабіляў, больш як 2 тыс. гармат і мінамётаў, рэактыўную і зенітную артылерыю, ракетныя ўстаноўкі і інш. У ВПС 35 тыс. чал., больш як 300 баявых і трансп. самалётаў, каля 240 вучэбных самалётаў, 400 верталётаў. У ВМС каля 2,5 тыс. чал., 9 баявых караблёў і 7 катэраў.

Літаратура. Першыя літ. помнікі на тэр. І. створаны ў 3-м тыс. да н.э, на вавілонскім дыялекце. Самы вядомы твор вавілона-асірыйскай л-ры (гл. ў арт. Вавілона-асірыйская культура) — эпічная песня пра Гільгамеша. Багатая сярэдневяковая араб. л-ра найб. развіццё атрымала ў Багдадзе — цэнтры араб. культуры (гл. Арабская культура). Больш за 300-гадовае ўладаранне Асманскай імперыі прывяло да заняпаду краіны, яе культуры. Росквіт уласна іракскай л-ры прыпадае на 19 ст., перыяд т. зв. літ. ўздыму (ан-нахда аль-адабія). У 1854 А.Б. аль-Омары стварыў дыван «Рэшткі добрага», панегірычныя вершы, у т. л. папулярныя «Касыды плашча». У вершах А.Г. аль-Ахраса гучаў заклік да міласэрнасці. Асаблівую напружанасць пачуццяў набыла яго паэзія ў вершах, звернутых да паэта-бунтара М.А.Г. аль-Джаміля. Яго хамрыят (вершы пра віно) нагадваў вершы Абу Нуваса (8—9 ст.). Значнае месца ў тагачаснай л-ры належала паэту, празаіку і філосафу А.С. аль-Алюсі, аўтару твораў «Дзіўнае і дзівоснае ўдалечыні ад радзімы і забавы душы ў вандроўцы, знаходжанні на чужыне і пры вяртанні», «Ап’яненне універсальнымі ведамі пры падарожжы ў Стамбул» і інш. Асв. і літ. дзейнасць у той час вялі А.Н. аль-Ансары, аль-Омары, І. ат-Табатабаі, Дж. аш-Шаркі. Адлюстраванне тэмы тэхн. прагрэсу ў канцы 19 — пач. 20 ст. нарадзіла новую форму — баркіят — верш тэлегр. стылю, які нагадваў шараду(М. аль-Казвіні). Паэта А.М. аль-Казымі на Араб. Усходзе называлі «паэтам арабаў». Да класічнай іракскай школы канца 19 ст. належыць творчасць Дж.С. аз-Захаві. М. ар-Русафі ў вял. главе свайго «Дывана» (1910) адлюстраваў шэраг драм. момантаў з сярэдневяковай гісторыі І. «Вершаваныя апавяданні» ар-Русафі і аз-Захаві — першыя творы л-ры І. з дакладна выяўленай сюжэтнай лініяй, што сталі перадумовай стварэння апавяданняў і аповесцей. Сярод сучасных літаратараў І. вылучаюцца: А.​Зу-н-Нун («Справа Маджыда Рахіма», «Доктар Ібрахім»), аль-Джахіз («Кніга пра скупых»), Абу-ль-Фараджаль-Ісфахані, А.М. ар-Рубаі («Каралеўства дзеда»), А.​Муніф («На ўсход ад Міжземнамор’я»), Б. аль-Хатыб («Самія з Александрыі»), С.​Джамал («Ён вярнуўся», «Прэзідэнт», «Тры гваздзікі», «Падманутыя надзеі», «Чорныя ружы»), Г.​Т.​Фарман («Пяць галасоў») і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найбольш стараж. помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да канца 8-га тыс. да н.э. (раскопкі паселішчаў у даліне Сінджара, помнікі археал. культур Урука, Джэмдэт-Насра, Эль-Абейда). У 4—1-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Шумера, Акада, Асірыі, Вавілоніі (гл. Вавілона-асірыйская культура). Захаваліся помнікі эліністычнага мастацтва, Парфянскага царства, дзяржавы Сасанідаў.

Вял. роля належыць І. ў фарміраванні араб. культуры. У 630-я г. тут заснаваны гарады Эль-Куфа, Басра, у пач. 8 ст. — Васіт. Захаваліся руіны помніка раннесярэдневяковага араб. дойлідства — Ухайдыра. У 762 пачаў будавацца Мадынат ас-Салам (сучасны Багдад). Да архітэктуры перыяду халіфата Абасідаў адносяцца пабудовы Самары (грандыёзныя палацавыя і культавыя ансамблі, умацаваныя мурамі і вежамі, у т. л. палац Джаусак, спіралепадобны мінарэт аль-Мальвія). Мастацтва прадстаўлена фрагментамі сценапісу і размалёўкі па дрэве, арнаментальнымі стукавымі рэльефамі і разнымі драўлянымі панэлямі. У Багдадзе і на Пн І. развівалася кніжная мініяцюра. У 10—11 ст. манум. буд-ва заняпала. Архітэктура 12—1-й пал. 13 ст. вылучалася дакладнымі аб’ёмна-прасторавымі кампазіцыямі, скляпеністымі памяшканнямі, высокімі парталамі, купаламі на тромпах; у дэкоры выкарыстоўвалі ўзорысты цагляны мур, разную тэракоту, часам рэльефы. Былі пашыраны васьмерыковыя маўзалеі з высокімі канічнымі ячэістымі купаламі (т.зв. маўзалей Зубайды ў Багдадзе). У 12—13 ст. дасягнула росквіту т. зв. багдадская школа мініяцюры, якой уласцівы лаканічныя ілюстрацыі да навук. трактатаў («Фармакалогія» Дыяскарыда, рукапісаў Кітаб аль-дырыяк і інш.). Мініяцюры паўн. І. вылучаліся ўрачыстай параднасцю («Кніга песняў»), У 2-й пал. 13—15 ст. буд-ва амаль не вялося. Архітэктуры 16—17 ст. уласцівы ўплывы сефевідскага Ірана: вял. купальныя маўзалеі-мячэці (у Багдадзе, Кербеле, Неджэфе) з яркім паліхромным дэкорам. Для нар. жылля характэрна планіроўка з унутр. дваром, лоджыямі і калонным айванам, вокны і балконы з узорыстымі драўлянымі кратамі. У дэкар.-прыкладным мастацтве важнае месца займала кераміка з рэльефным дэкорам, які змяшчаў выявы людзей і жывёл (8—14 ст.), глазураваная з размалёўкай люстрам (9 ст.), паліхромнай падглазурнай размалёўкай. Былі пашыраны маст. вырабы з металу — пасудзіны ў выглядзе птушак або звяроў (8—9 ст.), аздобленыя чаканкай, гравіроўкай, сярэбранай інкрустацыяй (13 ст.), а таксама ткацтва (залататканыя, шаўковыя і льняныя тканіны). Сярэдневяковыя маст. традыцыі захаваліся да 20 ст. Сучасная архітэктура імкнецца падпарадкаваць міжнар. стандарты мясц. кліматычным умовам, выкарыстоўваць элементы традыц. планіроўкі і дэкору. У пач. 20 ст. зарадзіўся алейны жывапіс (А.К. ар-Расам, М.​С.​Закі і інш.), развіваліся скульптура і графіка. Пасля 1958 пашырыліся прапагандысцкія формы манум. мастацтва (манумент «Рэвалюцыя 14 ліпеня» Дж.​Саліма, 1959—60, і інш.), у станковым мастацтве — сац.-быт. партрэт і тэматычная карціна, выкарыстанне мясц. маст. традыцый і вопыту сусв. мастацтва (Ф.​Хасан, Х. ад-Дурубі, М.​Ахмед). На тэр. І. на працягу стагоддзяў развіваецца маст. культура курдаў. Музеі: Іракскі (засн. ў 1923), араб. старажытнасцей (1937), этнаграфічны (1941), сучаснага мастацтва (1963), палаца Абасідаў (1935) — усе ў Багдадзе, Масульскі (1951), Вавілонскі (засн. ў 1949 на руінах Стараж. Вавілона).

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Бутырчык (літаратура).

Герб і сцяг Ірака.
Да арт. Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.
Да арт. Ірак. Панарама Багдада.
Да арт. Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.
Да арт. Ірак. Панарама Багдада.
Да арт. Ірак. Панарама Багдада.
Да арт. Ірак. Танцоўшчыцы. Фрагмент размалёўкі палаца Джаусак у Самары. 9 ст.
Да арт. Ірак. Глінянае вядро з размалёўкай люстрам.
Да арт. Ірак. Залаты збанок. 2-я пал. 10 ст.
Да арт. Ірак. Тытульны ліст рукапісу Кітаб аль-дырыяк. Масул. 1199.
Да арт. Ірак. Мячэць Мутавакіля ў Самары з мінарэтам аль-Мальвія. Сярэдзіна 9 ст.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)