СТА́САЎ Васіль Пятровіч (4.8.1769, Масква — 5.9.1848),

рускі архітэктар; прадстаўнік позняга класіцызму. Акад. Пецярбургскай АМ (1811). У 1783—94 пам. архітэктара ў Маскоўскай управе дабрачыннасці. У 1802—08 вывучаў архітэктуру ў Францыі і Італіі. З 1808 працаваў у Пецярбургу, з 1816 чл. К-та для пабудоў і гідраўлічных работ, з 1817 кіраваў буд-вам пры імператарскім двары. Выканаў больш за 100 узорных праектаў жылых дамоў, агароджаў і гасп. пабудоў для правінцыі (1810-я г.). Найб. значныя работы ў Пецярбургу: б. Паўлаўскія казармы (1817—20; ч. ансамбля Марсава поля), Праабражэнскі (1827—29) і Троіцкі (1832—35) саборы, Нарвенскія (1827—34, медная калясніца — П.​К.​Клот, С.​Піменаў) і Маскоўскія (1834—38, скульпт. дэкор Б.​Арлоўскага) трыумфальныя вароты; дабудова сабора і зах. карпусоў келляў Смольнага манастыра, афармленне іх інтэр’ераў (1832—35); аднаўленне пасля пажару 1837 фасадаў, парадных залаў і цэркваў Зімняга палаца. У Царскім сяле (цяпер г. Пушкін) стварыў чыг. вароты «Любым маім таварышам па службе» (1817—21), манеж (1819—21), вял. аранжарэю (1820—23), канюшы корпус (1823), у Маскве правіянцкія склады. У творчасці развіваў ідэі і кампазіцыйныя прыёмы апошняга этапу класіцызму — ампіру, часта звяртаўся да строгіх форм дарычнага ордэра, ствараў арх. вобразы ўрачыстага гучання.

Літ.:

Пилявский В.И. Стасов-архитектор. Л., 1963;

Яго ж. Зодчий В.​П.​Стасов (1769—1848). Л., 1970.

В.П.Стасаў.

т. 15, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)