Адрозніваюць выкормліванне натуральнае, штучнае і змешанае. Натуральнае,
або грудное выкормліванне малаком маці — найлепшы і самы бяспечны спосаб выкормлівання. Арганізм дзіцяці забяспечваецца неабходнымі пажыўнымі рэчывамі, змяншаецца рызыка захворванняў, умацоўваецца і здароўе жанчыны-маці. Натуральнае выкормліванне не выключае з харчавання дзіцяці 1-га месяца жыцця харч. дабавак (адвары садавіны, гародніны), а пазней і прыкорму (сокі, працёртыя яблыкі, пюрэ, жаўток, тварог, мясныя булёны, кашы і інш.). Склад і тэрміны ўвядзення прыкорму ўзгадняюцца з педыятрам. Доўжыцца грудное выкормліванне 1—1,5 года (па апошніх звестках, 2 гады і больш). Штучнае выкормліванне выкарыстоўваецца пры адсутнасці малака ў маці або калі лактацыя забяспечвае не болей як 20% патрэбы дзіцяці ў малацэ, пры хваробах маці, прыроджаных дэфектах ротавага апарату ў дзіцяці і інш. Грунтуецца пераважна на спажыванні штучных заменнікаў малака — салодкіх і кіслых малочных сумесей, патрабуе рэгулярнага мед. кантролю і назірання за фіз. развіццём дзіцяці. Пры змешаным выкормліванні аб’ём заменнікаў жаночага малака ў агульным рацыёне дзіцяці складае не больш за 20% сутачнай колькасці ежы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́РЫША («вялікая багіня»),
у эламскай міфалогіі багіня-маці. Напачатку шанавалася толькі на ПдУЭлама, у мясцовасці Ліян (Бушыр). З канца 3-га тыс. да н.э. яе культ пашырыўся на ўвесь Элам, а ў пач. 2-га тыс. да н.э. яна заняла вядучае месца ў эламскім пантэоне як «маці багоў». З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. на чале пантэона стаў Хумпан, a К. атрымала тытул яго «вялікай жонкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦЬКО́ЎСТВА (у праве),
засведчаны ў органах ЗАЦСа факт паходжання дзіцяці ад пэўнага мужчыны. Пры нараджэнні дзіцяці ў маці, якая знаходзіцца ў шлюбе, дзейнічае прэзумпцыя, што бацькам з’яўляецца яе муж. У гэтым выпадку звесткі пра бацьку ў запіс аб нараджэнні дзіцяці ўносяцца на падставе пасведчання аб шлюбе. Калі шлюб не быў зарэгістраваны, запіс пра бацьку робіцца па сумеснай заяве бацькі і маці. У выпадку адмовы бацькі прызнаць сваім дзіця, якое нарадзілася па-за шлюбам, спрэчкі аб устанаўленні бацькоўства вырашае суд. Пры нараджэнні дзіцяці незамужняй жанчынай звесткі пра фактычнага бацьку ў запіс акта аб нараджэнні не ўносяцца, калі бацька адмовіцца прызнаць дзіця сваім і няма рашэння суда аб устанаўленні бацькоўства. У такіх выпадках запіс пра бацьку дзіцяці робіцца на прозвішча маці, а імя і імя па бацьку запісваецца па яе ўказанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНКА́РТ, банкарт (ням. Bankart),
назва пазашлюбнага дзіцяці на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 19 ст. Прававое становішча банкарта рэгулявалася Статутамі ВКЛ. Банкарты не мелі права быць спадкаемцамі бацькі, атрымліваць у спадчыну шляхецкія правы, аднак маглі быць спадкаемцамі маці, што адпавядала норме рымскага права. Пры ўмове, калі бацька банкарта возьме законны шлюб з яго маці, правы банкарта падлягалі легітымацыі (узаконенню). Гэта норма была анулявана ў час праўлення Стафана Баторыя [1575—86], аднак на практыцы ажыццяўлялася праз набілітацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГНЕ́ДА РАГВАЛО́ДАЎНА (?, г. Полацк —1000),
полацкая князёўна, дачка полацкага кн.Рагвалода, жонка вял.кн.Уладзіміра Святаславіча, мацікн.Ізяслава Уладзіміравіча. Паводле летапісаў, адхіліла сватанне Уладзіміра Святаславіча, які тады княжыў у Ноўгарадзе. Каля 980 Уладзімір захапіў Полацк, забіў бацьку, маці і двух братоў Р.Р., а яе гвалтоўна зрабіў сваёй жонкай і даў слав. імя Гарыслава. З пачуцця помсты Р.Р. зрабіла няўдалы замах на жыццё мужа. Уладзімір хацеў пакараць Р.Р., але за маці заступіўся сын Ізяслаў. Тады Уладзімір саслаў Р.Р. і сына ў г. Ізяслаўль (Заслаўе). Паводле падання, пасля хрышчэння Уладзіміра і ліквідацыі яго гарэма Р.Р. адмовілася другі раз выйсці замуж і пастрыглася ў манашкі пад імем Анастасіі. Каля Заслаўя назвы ўрочышчаў звязаны з імем Р.Р.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Рагнеда Рагвалодаўна. Рагнеда і Уладзімір. Мастак С.І.Грыбкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ТЦАР (Якуб) (23.7.1690, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 11.8.1733),
бел. жывапісец. Зрабіў размалёўку інтэр’ера касцёла езуітаў у Слуцку (1715—17, не захаваўся), капліцы ў Полацку (1717—21); стварыў абразы «Распяцце», «Маці Божая», шэраг партрэтаў. У 1721—22 у Мінскім кафедральным касцёле св. Станіслава выканаў паліхромную размалёўку ў сакрысціях і алтар Маці Божай. У 1731—32 у Віцебску размаляваў карнізы і капітэлі ў езуіцкім касцёле (не захаваліся), напісаў абразы св. Андрэя Баболі і св. Тадэвуша. З 1732 працаваў у Нясвіжы, Пінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАГІ́Я (ад грэч. panagia прасвятая),
1) нагрудны медальён-абразок з выявай Маці Божай або Ісуса Хрыста. Лічыцца знакам архірэйскага і свяціцельскага сану. Бываюць круглай, авальнай, ромбападобнай, квадратнай формы, выкананыя з металу (літыя і чаканеныя, з эмаллю, сканню, чэрню), слановай косці, дрэва, мяккіх парод каменю.
2) Іканаграфічны тып Маці Божай, выяўленай у выглядзе аранты (у поўны рост з паднятымі да ўзроўню твару рукамі і звернутымі да гледача далонямі) з выявай Хрыста-дзіцяці ў медальёне на грудзях.