ГАЛЕ́Н-КА́ЛЕЛА
(Gallén-Kallela) Акселі Валдэмар (26.5.1865, г. Поры, Фінляндыя — 7.3.1931),
фінскі жывапісец, графік. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1881—84) у Хельсінкі і акадэміі Жуліяна (1884—89) у Парыжы. Захапляўся сімволікай і стылізацыяй у духу «мадэрн». Асн. творы: размалёўка фін. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900), цыкл размалёвак у пахавальнай капэле Юселіуса (1901—03) у Поры; карціны «Старая і котка» (1885), «Першы ўрок» (1889), «Пастух з Панаярві» (1892), «Іматра ўзімку» (1893); партрэты маці (1896), М.Горкага (1906); афорты, іл. на тэму гераічнага нар. эпасу «Калевала» (трыпціх «Легенда пра Айна», 1891, «Маці Лемінкяйнена», 1897) і інш.
т. 4, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)