МАЛАРЫ́ЦКІ РАЁН.

На ПдЗ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 29,1 тыс. чал. (1998), гарадскога 40%. Сярэдняя шчыльнасць 21 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Маларыта. Уключае 78 сельскіх населеных пунктаў, 9 сельсаветаў: Арэхаўскі, Велікарыцкі, Гвозніцкі, Лукаўскі, Макранскі, Маларыцкі, Олтушскі, Хаціслаўскі, Чарнянскі.

Тэрыторыя раёна размешчана ў межах Брэсцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна з асобнымі ўчасткамі дзюнна-ўзгорыстых форм. Агульны нахіл з Пд на Пн. 99% тэрыторыі на выш. 150—170 м, найвыш. пункт 189 м (за 4 км на ПдЗ ад Маларыты). Карысныя выкапні: мел, торф, сапрапель, сілікатныя і буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-ра студз. -4,4 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 543 мм за год.

Вегетац. перыяд 207 сут. Найб. р. Рыта (прыток Мухаўца) з прытокам Маларыта. Азёры Арэхаўскае, Олтушскае, Малое. Лукаўскае вадасховішча. Найб. меліярац. каналы Бона, Гусацкі, Замшанка. Пераважаюць глебы дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,2%), тарфяна-балотныя (29,2%). Пад лесам 45% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя і інш., чвэрць з іх — штучныя насаджэнні. Пад балотамі каля 20% тэрыторыі, большая ч. з іх асушана. Заказнікі: рэсп. значэння біял. Лукава; бат. мясц. значэння Гусакі і Багуслаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Цар-дуб (800 гадоў), Дуб-партыярх (700 гадоў), ельнікі астраўныя ў Пажэжынскім і Маларыцкім лясніцтвах.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 46,3 тыс. га, з іх асушаных 74%. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 38 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы і цукр. буракоў. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Брэст—Ковель і аўтадарогі Кобрын—Уладава і Брэст—Ковель. У раёне 15 сярэдніх, 6 базавых, 8 пач., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 30 дамоў культуры і клубаў, 28 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 4 амбулаторыі, 11 фельч.-ак. пунктаў. Арх. помнікі: цэрквы Раства Багародзіцы (2-я пал. 17 ст.) у в. Дарапеевічы, Раства Багародзіцы (1713) у в. Ляхаўцы, Праабражэнская (1783) у в. Олтуш, Праабражэнская (1799) у в. Хаціслаў. Выдаецца газ. «Голас часу».

Г.С.Смалякоў.

т. 10, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГАНЫ́ СЛА́ВЫ,

земляныя насыпы з мемарыяльнымі ці скульптурнымі збудаваннямі, якія ўвекавечваюць подзвіг народа ў Вял. Айч. вайну, памяць землякоў, што загінулі ў барацьбе з ворагам, інш. знамянальныя падзеі. Наз. таксама курганамі Бессмяротнасці, Вечнай славы, Памяці, Працоўнай славы і інш. На Беларусі 102 К.С. (1995). Найб. значныя з іх на ўшанаванне памяці тых, што загінулі ў Вял. Айч. вайну: Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, К.С. ў г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. (1966), в. Мінічы Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., гарадах Мазыр і Рагачоў Гомельскай вобл., г.п. Клічаў Магілёўскай вобл., г. Чэрвень Мінскай вобл. (усе 1967), г. Крычаў і в. Сычкава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. (1968), ва ўрочышчы Мелавая Гара каля г. Маларыта Брэсцкай вобл. (1969), в. Капацэвічы Салігорскага р-на (1975) і пас. Дзесяціны Слуцкага р-на (1977) Мінскай вобл.; курганы Бессмяротнасці ў в. Опса Браслаўскага р-на (1963) і г. Полацк (1966) Віцебскай вобл., гарадах Орша Віцебскай вобл. і Ліда Гродзенскай вобл. (1966); курганы Памяці ў г.п. Брагін Гомельскай вобл. (1957), г.п. Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., в. Ягелаўшчына Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. (абодва 1967), г. Гомель (1968), г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл. (1971), таксама ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. (1931, у гонар А.Міцкевіча); Курган Працоўнай славы ў г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1968) і інш.

Да арт. Курганы Славы. Курган Бессмяротнасці ў Полацку.
Да арт. Курганы Славы. Курган Памяці ў Гомелі.

т. 9, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЛІН-БРЭ́СЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) 18 ліп. — 2 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка стратэг. Беларускай аперацыі 1944. Удзельнічалі арміі 8-я гвардз., 28, 47, 48, 61, 65, 69, 70, 1-я Войска Польскага, 6-я і 16-я паветр., 2-я танкавая і некалькі карпусоў. Мэта аперацыі: ударамі левага крыла фронту ў абыход Брэсцкага ўмацаванага раёна з Пд і Пн разграміць люблінскую і брэсцкую групоўкі праціўніка і выйсці шырокім фронтам да р. Вісла. Сав. войскам процістаялі асн. сілы ням. 2-й палявой, частка сіл 4-й танк. армій, 9-я палявая армія. У выніку перагрупоўкі войск на напрамку гал. ўдару была дасягнута перавага сав. сіл над праціўнікам: па асабовым складзе ў 3 разы, па артылерыі і танках у 5 разоў, было больш самалётаў. Ужо ў першы дзень аперацыі вызвалена Жабінка, 20 ліп. — Кобрын і Маларыта, 22 ліп. — Камянец, 23 ліп. — Дамачава, 24 ліп. — Люблін, 28 ліп. — Брэст і Высокае. Поспеху Л.-Б.а. садзейнічала наступальная Львоўска-Сандамірская аперацыя 1944 1-га Укр. фронту, якая пачалася 13 ліп., а таксама ўдзел у баях партыз. падраздзяленняў, у т. л. брыгады імя Леніна. 31 ліп. сав. танкі выйшлі да Прагі — прадмесця Варшавы на правым беразе Віслы. З 28 ліп. да 2 жн. 8-я гвардз. і 69-я сав. арміі фарсіравалі на Пд ад Варшавы Віслу і захапілі плацдармы на яе зах. беразе ў раёнах Мангушава і Пулавы. У выніку аперацыі войскі 1-га Бел. фронту завяршылі вызваленне Беларусі ад акупантаў, выйшлі на тэр. Польшчы і стварылі ўмовы для наступлення на варшаўска-берлінскім напрамку. 47 вайск. злучэнням і часцям прысвоены ганаровыя найменні «Брэсцкіх», 12 — «Кобрынскіх», 16 — «Люблінскіх», 9 — «Ковельскіх». У гонар войск 1-га Бел. фронту ў Брэсце пастаўлены помнік.

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)