селеністы вадарод, гідрыд селену, бясколерны газ з непрыемным пахам, H2Se. Шчыльн. вадкага 2120 кг/м³, tпл -65,72 °C, tкіп -41,35 °C. На сухім паветры пры хатняй т-ры ўстойлівы; на вільготным паступова акісляецца да селену, пры награванні гарыць з утварэннем дыаксіду. селену SeO2. Мала растваральны ў вадзе, раствор мае слабакіслую рэакцыю. Моцны аднаўляльнік. Ядавіты, пашкоджвае слізістыя абалонкі (ГДК 0,2 мг/м³). Выкарыстоўваецца для атрымання селену высокай чысціні, селенідаў, селенарганічных злучэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРГАМО́ТНАЯ,
сорт грушы селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Сапяжанка і Дуля остзейская. На Беларусі пашырана ў прысядзібным садаводстве.
Дрэва моцнарослае, крона акруглая, густая. Сорт зімаўстойлівы, высокаўраджайны, мала пашкоджваецца хваробамі. Плоданашэнне пачынае на 6—7-ы год. Плады сярэдняй велічыні (110—120 г), шарападобныя, злёгку сплясканыя. Скурка светла-жоўтая з малінавым румянцам. Мякаць белая, рыхлая, сакаўная, салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне жніўня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІ́ЛАВЫЯ СПІРТЫ́,
аліфатычныя насычаныя спірты, C5H11OH. Вядома 8 ізамерных амілавых спіртоў, у т. л. ізаамілавы спірт (CH3)2CHCH2CH2OH — асн. кампанент сівушнага масла, з якога яго і атрымліваюць. Бясколерная вадкасць з непрыемным пахам, tкіп132 °C, шчыльн. 0,81∙103кг/м³, мала растваральная ў вадзе, ядавітая. Амілавыя спірты — сыравіна для вытв-сці амілацэтатаў, растваральнікі для лакафарбавых матэрыялаў, пенаўтваральнікі ў флатацыі, кампаненты ў вытв-сці пораху, лекаў і інш. Аказваюць наркатычнае дзеянне на чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМАРО́ЖВАННЕ ХАРЧО́ВЫХ ПРАДУ́КТАЎ,
спосаб кансервавання, які заключаецца ў хуткім ахаладжэнні прадукту да т-ры значна ніжэйшай за т-ру замярзання яго сокаў. Робяць пры т-ры каля -20 °C у маразільных камерах халадзільнікаў ці ў спец. хуткамаразільных апаратах.
Пры замарожванні вада ўтварае шмат дробных крышталікаў лёду, якія мала мяняюць структуру тканак прадуктаў, практычна поўнасцю спыняецца жыццядзейнасць мікрафлоры і актыўнасць ферментаў, таму прадукты доўгі час (пры ўмове, што т-ра ўвесь час застаецца аднолькава нізкай) захоўваюць свае харч. якасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАСАПРО́БЫ (ад аліга... + грэч. sapros гнілы + bios жыццё),
арганізмы, якія жывуць у чыстых або слаба забруджаных арган. рэчывамі водах з лішкам растворанага кіслароду. Для алігасапробаў характэрна вял. відавая разнастайнасць пры павольнай змене згуртаванняў. Да іх належаць: зялёныя і дыятомавыя водарасці і кветкавыя расліны (напр., гарлачык белы); некаторыя калаўроткі, лічынкі стракоз і аўсянікаў, дафніі; сцерлядзь, фарэль; трытоны. Сярод алігасапробаў шмат драпежнікаў, але маласапратрофаў, у т. л. бактэрый і арганізмаў, якія кормяцца бактэрыямі. Выкарыстоўваюцца як біял. індыкатары ступені забруджанасці вадаёмаў шкоднымі рэчывамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́РА ЛО́ШЫЦКАЯ,
сорт грушы селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Бэра слуцкая і Курская малдаўка. На Беларусі раянаваны ўсюды, акрамя Віцебскай вобл.
Дрэва сярэднярослае, крона пірамідальная, кампактная. Плоданашэнне пачынаецца на 4—5-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, мала пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (90—110 г), шырокагрушападобнай формы, гузаватыя. Скурка тонкая, светла-жоўтая з лёгкім аранжавым румянцам. Мякаць белая, дробназярністая, паўмасляністая, салодкая, здавальняючага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне верасня. Лёжкасць каля двух тыдняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КУЛЬ, каракульскія смушкі,
шкуркі, знятыя з ягнят каракульскай пароды авечак на 1—3-я суткі пасля нараджэння.
Каштоўнае футра, мае пругкую, шаўкавістую, бліскучую воўну з завіткамі рознай формы (валькаватыя, бобападобныя, кольчатыя і інш.) і памераў (4,5—8 мм), якія ўтвараюць малюнак смушка. Найб. каштоўныя шкуркі — з валькаватымі завіткамі, размешчанымі паралельна-канцэнтрычнымі або прамымі радамі даўж. 12—30 мм і больш. Часцей трапляюцца чорныя (больш як 80%) і шэрыя (12—15%) смушкі, каляровых мала. Са шкурак неданошаных каракульскіх ягнят атрымліваюць каракульчу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТЫЛЕ́Н,
ненасычаны вуглевадарод, CH≡CH. Мал. м. 26,04. Бясколерны газ, tпл -80,8 °C, у цвёрды стан пераходзіць мінаючы вадкі, мала растваральны ў вадзе, растваральны ў ацэтоне. Сумесі з паветрам (2,3—80,7% аб’ёмных) выбухова небяспечныя. Атрымліваюць узаемадзеяннем карбіду кальцыю з вадой: Cac2+H2O → C2H2+Ca(OH)2 ці тэрмаакісляльным крэкінгам прыродных газаў. Зыходнае рэчыва для прамысл. вытв-сці полівінілхларыду, полівінілацэтату, полівінілавага спірту, поліакрыланітрыльных валокнаў і сінт. каўчукаў. Сумесі ацэтылену з кіслародам выкарыстоўваюць для зваркі і рэзкі металаў. Аказвае слабанаркатычнае дзеянне (ГДК у паветры 0,3 мг/м³).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРО́К,
від феад. рэнты, якую землеўласнікі атрымлівалі ад прыгонных сялян. Спаганяўся прадуктамі с.-г. вытворчасці і промыслаў (натуральны аброк) або грашыма (грашовы аброк). Найб. ранняй формай быў прадуктовы аброк, які прыйшоў на змену раннесярэдневяковай даніне. У краінах Зах. Еўропы аброк усталяваўся ў 12—13 ст. На Беларусі катэгорыя сялян-аброчнікаў вядома па гіст. крыніцах 14—16 ст., але аброк тут быў мала пашыраны, пераважала паншчына. У Расіі аброк быў адной з асн. формаў эксплуатацыі сялян, хоць часта спалучаўся з паншчынай. Пасля сялянскай рэформы 1861 заменены выкупнымі плацяжамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЎН-ЭФІ́РЫ,
цыклічныя поліэфіры, у якіх атамы кіслароду злучаны этыленавымі масткамі. Найпрасцейшы К.-э. — 12-краўн-4 ці 1,4,7,10-тэтраоксацыклададэкан, мае 4 атамы кіслароду.
Вязкія вадкасці ці крышт. рэчывы. Добра раствараюцца ў арган. растваральніках, мала — у вадзе. Утвараюць устойлівыя комплексы з катыёнамі металаў, пераважна шчолачных і шчолачназямельных. Біялагічна актыўныя рэчывы, якія ўплываюць на іонную і субстратную пранікальнасць біял. мембран, а таксама на ферментныя сістэмы. Выкарыстоўваюць для канцэнтравання і раздзялення металаў, стварэння іон-селектыўных датчыкаў і мембран, як лек. прэпараты, пестыцыды, антыдоты.
Да арт.Краўн-эфіры. Структурная формула 1,4,7,10-тэтраоксацыклададэкану.