ДЫСГІДРО́З (ад дыс... + грэч. hidrōs пот + ...оз),

утварэнне на скуры ўнутры эпідэрмальных пухіркоў з прычыны закупоркі праток потавых залоз. Бывае ў людзей з высокай патлівасцю, пасля нерв. стрэсаў, хваляванняў, сполаху; лічыцца таксама праяўленнем алергічнай рэакцыі. Прыкметы: на скуры далоней, бакавых паверхняў пальцаў рук, на падэшве глыбокія празрыстыя пухіры, пякота ці сверб. Лячэнне: супрацьзапаленчая тэрапія.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАСТА́СЬ (ад грэч. hipostasis твар, сутнасць),

тэрмін стараж.-грэч. філасофіі, субстанцыя, сутнасць. Уведзены Пасідоніем у 1 ст. да н.э. У хрысціянстве, пачынаючы з патрыстыкі, тэрмін І. вызначае кожную з трох асоб Тройцы (Бога-айца, Бога-сына, Бога-Духа святога) і іх адзінства (лічыцца недасягальным чалавечаму розуму і не паддаецца рацыянальнаму тлумачэнню, з’яўляецца аб’ектам веры).

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫСПЕ́РМ (ад перы... + сперма),

назапашаная пажыўная тканка насення раслін, якая ўжываецца зародкам пры прарастанні. У адрозненне ад эндасперму развіваецца з нуцэлуса і мае клеткі з падвоеным (дыплоідным) наборам храмасом. Характэрны для шэрагу кветкавых раслін (напр., гваздзіковыя, лебядовыя, марэнавыя). Наяўнасць П., як і эндасперму, лічыцца прымітыўнай адзнакай, бо зародак у большай ступені залежыць ад навакольных тканак.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЦЭ́РСКІ СКЛАД,

адміністрацыйна-прававая катэгорыя асоб, якія маюць ваен. або ваен.-спец. падрыхтоўку (адукацыю) і асабіста прысвоеныя афіцэрскія званні; асн. частка ваен. кадраў дзяржавы. Асобы афіцэрскага складу могуць знаходзіцца непасрэдна на ваен. службе, лічыцца ў запасе або быць у адстаўцы. Ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь афіцэрскі склад падзяляецца на малодшы, старшы і вышэйшы (гл. ў арт. Званні воінскія).

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́РС (франц. avers ад лац. adversus павернуты тварам),

правы (галоўны) бок манеты, медаля, банкноты. Аверсам манет, як правіла, лічыцца бок з партрэтам манарха, яго манаграмай або імем ці выявай інш. асобы (пры іх адсутнасці — з гербам або абазначэннем наміналу); на аверсе мемарыяльных манет змешчана сюжэтная выява; медалёў — паведамленне аб нагодзе выпуску; банкнот — герб і подпіс адказных асоб. Параўн. Рэверс.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПЛО́СКАСЦЬ,

сукупнасць пунктаў плоскасці, якія ляжаць з аднаго боку ад прамой, зададзенай на гэтай плоскасці. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасці Ax + By + C > 0 (ці Ax + By + < C), дзе A, B і C — пастаянныя, адначасова не роўныя нулю. Калі сама прамая (мяжа П.), якая задаецца ўраўненнем Ax + By + C = 0, належыць да П., то П. лічыцца замкнутай.

т. 12, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАСТО́РА,

сукупнасць пунктаў прасторы, якія ляжаць з аднаго боку ад зададзенай плоскасці. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасць Ax + By + Cz + D > 0 (ці Ax + By + Cz + D < 0), дзе A, B, C і D — пастаянныя, адначасова не роўныя нулю. Калі сама плоскасць (мяжа П.), якая задаецца ўраўненнем Ax + By + Cz + D = 0, належыць да П., то П. лічыцца замкнутай.

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ЖНЫ ПРАЦЭ́С, квазістатычны працэс,

працэс пераходу тэрмадынамічнай сістэмы з аднаго стану ў другі, пры якім сістэма праходзіць праз неперарыўны шэраг раўнаважных станаў (гл. Раўнавага тэрмадынамічная); адно з асн. паняццяў тэрмадынамікі раўнаважных працэсаў. Тэарэтычна Р.п. адбываецца бясконца павольна. Рэальны працэс набліжана лічыцца Р.п., калі адметныя змены параметраў сістэмы адбываюцца за прамежкі часу, якія значна перавышаюць час рэлаксацыі.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ ДА́ТЫ ЗЫХО́ДНЫЯ,

геадэзічныя каардынаты зыходнага пункта апорнай геадэзічнай сеткі, геад. азімут напрамку на адзін з сумежных пунктаў, вызначаныя астр. шляхам, і вышыня геоіда ў дадзеным пункце над паверхняй прынятага зямнога эліпсоіда. За зыходны пункт прыняты цэнтр круглай залы Пулкаўскай астр. абсерваторыі (Расія), дзе вышыня геоіда над эліпсоідам лічыцца роўнай нулю. На Беларусі зыходным пунктам мяркуецца лічыць геаграфічны цэнтр Беларусі.

т. 5, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГЕ́РА (Kagera),

рака ва Усх. Афрыцы, у Руандзе, Танзаніі і Угандзе (часткова на мяжы паміж імі), лічыцца вытокам р. Ніл. Даўж. ад месца зліцця рэк Ньяваронга і Рувуву 420 км, ад вытоку р. Рукарара каля 800 км. Цячэ пераважна ў шырокай забалочанай даліне, упадае ў воз. Вікторыя. Сярэдні гадавы расход вады 1500 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні на 160 км.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)