КО́ЛАР ((Kollár) Ян) (29.7.1793, в. Мошаўцы, Славакія — 24.1.1852),

славацкі і чэшскі паэт, публіцыст, археолаг. Скончыў Іенскі ун-т (1819). Быў пастарам. З 1849 праф. слав. археалогіі Венскага ун-та. Адстойваў ідэю адраджэння і збліжэння слав. народаў. Пісаў на чэш. мове. Першы зб. «Вершы» (1821) складаюць оды, санеты, элегіі, афарызмы. Патрыят. пафас абароны славян ад прыгнятальнікаў у манум. ліра-эпічнай паэме «Дачка Славы» (1824). Складальнік зб. славацкіх нар. песень (т. 1—2, 1834—35), аўтар трактата «Аб літаратурнай узаемнасці славян» (1836), нататак пра падарожжа ў Італію (1843, 1845).

Тв.:

Рус. пер. — Сто сонетов. М., 1973.

Літ.:

Зайцева А.К. Ян Коллар // История словацкой литературы. М., 1970.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖУРА́НІЧ ((Mažuianić) Іван) (11.8.1814, Нові-Вінадольскі, Харватыя — 4.8.1890),

харвацкі паэт. У 1833—37 вывучаў філасофію і права ў Заграбе і Сомбатхеі (Венгрыя). Друкаваўся з 1835. У 1830—40-я г. прымыкаў да ілірызму, ідэямі якога прасякнуты яго патрыят. вершы «Продкам славян», «Ілірыя ў вяках», праца «Харваты мадзьярам» (1848). Яго ліра-эпічная паэма «Смерць Смаіл-агі Чэнгііча» (1846) прысвечана барацьбе паўд. славян супраць асманскіх заваёўнікаў, услаўленню слав. адзінства і вольнасці. Падрыхтаваў і выдаў «Нямецка-ілірыйскі слоўнік» (1842, з Ё.​Ужаравічам), «Слоўнік «Асмана» Гундуліча» (1844, з М.​Мажуранічам).

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Поэты Югославии XIX—ХХ вв. М. 1963.

І.​А.​Чарота.

т. 9, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРШ (лац. versus),

1) тое, што і вершаваная мова.

2) Невялікі лірычны або ліра-эпічны твор, напісаны вершаванай мовай. У вершы звычайна выяўляюцца адносіны аўтара да розных падзей і з’яў жыцця. Паэзія выпрацавала цэлую сістэму вершаваных жанраў (балада, ода, эпіграма, элегія і інш.). Багаты і разнастайны верш і па форме. У ім выкарыстоўваюцца розныя віды рытмікі, гукавой арганізацыі (гл. Фоніка, Рыфма), архітэктонікі (гл. Строфіка), паэтычнага сінтаксісу, тропаў, ён мае своеасаблівую інтанацыю, кампазіцыйныя сродкі (гл. Кампазіцыя). У бел. літаратуры вершаваныя творы з’явіліся на пач. 16 ст. ў Ф.​Скарыны. Спачатку вершам называлі 2-радкоўі, змацаваныя рыфмамі, пасля — любы твор, напісаны вершаванай мовай. Існуе і верш у прозе.

Літ.:

Гл. пры арт. Вершаскладанне.

В.​П.​Рагойша.

т. 4, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙТЛІ́ЕЎ (Кара) (1.1.1915, с. Караган Бахардэнскага р-на, Туркменістан — 2.5.1971),

туркменскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Скончыў Бакінскі пед. ін-т (1941). У 1943—44 дырэктар Туркм. т-ра оперы і балета. У 1963—71 міністр культуры Туркменістана. Друкаваўся з 1938. Аўтар зб-каў вершаў і паэм на тэмы сучаснасці: «Ліра паэта» (1941), «Сістр» (1944), «Крыніца» (1950), «Кветкі Індыі» (1960), «Крылатыя часы» (1962) і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку. Напісаў п’есу «Джахан» (паст. 1946), камедыю «Сын пастуха» і драму «Дачка садоўніка» (з Г.​Мухтаравым) і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклаў Ю.​Свірка.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1968;

Человек и мир: Стихи и поэмы. М., 1971.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Павел Мікалаевіч) (25.12.1910, г. Зайсан Усходне-Казахстанскай вобл. — 1937),

рускі паэт. З сям’і сямірэчанскіх казакаў. Працаваў на Д. Усходзе матросам, старацелем на залатых прыісках. Пра гэта ў кнігах нарысаў «У залатой разведцы» (1930) і «Людзі ў тайзе» (1931). У вершах і паэмах («Песня пра пагібель казачага войска», 1928—32; «Саляны бунт», 1933; «Хрысталюбаўскія паркалі», 1935—36) падаецца быт сямірэчанскага казацтва, узнаўляюцца падзеі грамадз. вайны, калектывізацыі. Аўтар паэм «Лета» (1932), «Жнівень» (1932—34), «Адна ноч» (1933), «Кулакі» (1936) і інш. Паэт ліра-эпічнага складу. Востраканфліктная, напоўненая сац. супярэчнасцямі свайго часу, паэзія Васільева адметная сілаю і выразнасцю вобразаў, страснасцю светаўспрымання, сакавітасцю мовы, блізкасцю да народна-песеннай творчасці. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. Л., 1968.

Літ.:

Михайлов А.А. Степная песнь. М., 1971.

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛО́Г (грэч. prologos ад pro перад + логас),

уступ, які папярэднічае асноўнай частцы эпічнага, ліра-эпічнага або драматычнага твора. П. знаёміць чытача з героямі, у ім аўтар паведамляе гісторыю ўзнікнення твора, яго задумы. Найчасцей П. псіхалагічна і эмацыянальна падрыхтоўвае чытача ці гледача да ўспрымання карцін жыцця, падзей, адлюстраваных у творы (напр., П. паэмы «Медны коннік» А.​Пушкіна, «Слова двух сведак» у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» У.​Караткевіча). У П. апавяданне можа весціся ад імя аўтара або персанажа. Тэрмін «П.» можа і не прыгадвацца ў творы, але пэўная яго частка па сваім значэнні з’яўляецца П. (напр., 1-я частка ў паэме Я.​Купалы «Курган», у якой апісваецца старадаўні курган). Бывае не ў кожным маст. творы. У адрозненне ад прадмовы П. — заўсёды мастацкі.

М.​А.​Лазарук, А.​Я.​Ленсу.

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВЯ́ТА»,

бел. дзярж. ансамбль нар. музыкі. Створаны ў 1984 пры Бел. філармоніі. Арганізатар і маст. кіраўнік В.Купрыяненка, з 2001 — А.Кашталапаў. Уключае інстр. ансамбль (10 музыкантаў), вак. (4 спевакі) і танц. (4 выканаўцы) групы. У рэпертуары аўтэнтычныя і апрацаваныя бел. нар. песні і танцы, музыка і абрады з розных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Цячэ вада ў ярок», «Ой, у полі крыніца», «Пасею гурочкі», віцебская і лядзецкая полькі, вак.-харэаграфічныя замалёўкі «Каханачка», «Лысы», вак.-інстр. кампазіцыя «Вяселле Магілёўшчыны і Палесся». Сярод выкарыстоўваемых бел. нар. інструментаў цымбалы, жалейка, акарына, колавая ліра, басэтля, саломка, дуда і інш. Лаўрэат Міжнар. маст. фестывалю садружнасці краін у Паўн. Карэі (г. Пхеньян, 1992). Пра «С.» зняты аднайм. кінафільм (1988). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1988.

Н.​Г.​Мазурына.

Ансамбль народнай музыкі «Свята».

т. 14, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛАВУ́С (Дзмітро) (Дзмітрый Рыгоравіч; н. 24.4.1920, с. Курманы Недрыгайлаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

украінскі паэт, перакладчык. Скончыў Кіеўскі ун-т (1945). Творчасць Білавуса, пераважна вострасатырычнага і гумарыстычнага кірунку, выкрывае негатыўныя з’явы жыцця (зб-кі вершаў «Вясёлыя твары», 1953; «Зігзаг», 1956; «Альфы — не амегі», 1967; «Асцярожна: слова!», 1984; ліра-эпічныя паэмы «Жыццё Адаркі Палягечы», 1956; «Грыц Гачык», 1986). Піша для дзяцей. На ўкр. мову перакладаў творы рус., літ., балг., а таксама бел. пісьменнікаў (Ф.​Багушэвіча, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, М.​Калачынскага, Я.​Коласа, У.​Корбана, К.​Крапівы, Я.​Купалы, М.​Макаля, М.​Танка і інш.). На бел. мову творы Білавуса пераклалі А.​Бялевіч, Вялюгін, Гілевіч, С.​Дзяргай. Літ. прэмія Украіны імя М.​Рыльскага 1976.

Тв.:

Вибране. Киів, 1980;

Бел. пер. — Птушыныя галасы. Мн., 1960.

Літ.:

Томенко М. Дмитро Білоус. Киів, 1988.

В.​А.​Чабаненка.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРСЕ́С ШНАРАЛІ́ (1101, крэпасць Цоўк у Кілікіі, цяпер тэр. Турцыі — 13.8.1173),

армянскі паэт, царк. дзеяч. Атрымаў рознабаковую адукацыю ў манастыры Кармір. З 1126 епіскап, з 1166 каталікос Арменіі (Нерсес IV Дабратворны). Пісаў тэксты духоўных гімнаў і малітваў, дыдактычныя вершы, свецкія песні, а таксама музыку да іх. Сістэматызаваў гадавы цыкл стараж.-арм. духоўных песнапенняў, дапоўніў іх уласнымі вобразамі, матывамі. Апрацаваў тэксты Гімнарыя (Шыраканы) і Літурпярыя (Патаракаматуц). Аўтар тэматычна разнастайных паэм: гіст. «Віпасануцюн» (1121), ліра-эпічнай «Элегія на ўзяцце Эдэсы» (1145—46, апубл. 1643), рэліг. «Слова пра веру» (1151) і «Ісус Сын» (1152), дыдактычнай «Пра неба і свяцілы» (1162), празаічнага зб. «Пасланні» (1166, апубл. 1788), вершаваных загадак, набліжаных да фальклору (каля 300). Яго творы прасякнуты гуманіст. і патрыят. пафасам, адметныя шырынёй тэматыкі, непарыўнай сувяззю з вуснай нар. творчасцю.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Поэзия Армении с древнейших времен до наших дней. Ереван, 1987 [факс. изд.: Ереван, 1916].

А.​Казінян.

т. 11, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛГУ́ШЫН (Мікіта Аляксандравіч) (н. 8.11.1938, С.-Пецярбург),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1976). Нар. арт. СССР (1988). Д-р гуманітарных н. (1991). Скончыў харэаграфічнае вучылішча (1959) і кансерваторыю (1980) у Ленінградзе. У 1968—83 у Ленінградскім Малым т-ры оперы і балета. Майстар адточанага элегантнага танца. Сярод партый: Ферхад («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Князь («Яраслаўна» Б.​Цішчанкі), Джэймс («Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева). Ставіў пераважна аднаактовыя балеты, дзе выконваў гал. партыі: «Канцэрт у белым» на муз. Чайкоўскага (1969), «Клітэмнестра» на муз. К.​Глюка (1972) і інш. З 1983 выкладчык (з 1990 праф.) і кіраўнік балета Муз. т-ра С.-Пецярбургскай кансерваторыі. Сярод пастановак: «Кароль Лір» на муз. С.​Насідзе (1990, разам з Г.​Алексідзе; партыя караля Ліра), «Спячая прыгажуня» (1992) і «Шчаўкунок» (1994) Чайкоўскага і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1964). Яго творчасці прысвечаны фільм «Мікіта Далгушын. Філасофія танца» (1992), тэлефільм «Танцуе Мікіта Далгушын» (1982).

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)