ПАЛАСА́ ПРАПУСКА́ННЯ,

дыяпазон частот для забеспячэння перадачы сігналу з дапушчальнымі скажэннямі яго формы. У межах П.п. амплітудна-частотная характарыстыка (АЧХ) акустычнай, радыётэхн. ці аптычнай прылады дастаткова раўнамерная, а яе фазава-частотная характарыстыка (ФЧХ) лінейная. Асн. параметры: шырыня П.п., нераўнамернасць АЧХ і нелінейнасць ФЧХ. Патрабаванні да П.п. пэўнага апарата (канала сувязі) вызначаюцца яго прызначэннем. Напр., для тэлеф. сувязі дастаткова П.п. (па нізкай частаце) 300—3400 Гц, для высакаякаснага ўзнаўлення муз. твораў 30—15 000 Гц, для радыёканалаў наземнага тэлевізійнага вяшчання — шырыня П.п. 6,7 ці 8 МГц у залежнасці ад стандарта.

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЖА́ РАСЛІ́Н,

хвароба, якая выклікаецца іржаўнымі грыбамі. Характарызуецца ўтварэннем на надземных органах раслін пустул рознай формы і велічыні, з якіх пры растрэскванні высыпаюцца іржава-бурыя, аранжава-жоўтыя або цёмна-карычневыя споры грыба. Пашкоджвае збожжавыя, тэхн., дэкар., лясныя культуры, дзікарослыя травы. У хворых раслін парушаюцца абмен рэчываў, водны баланс, зніжаюцца фотасінтэз, зіма- і засухаўстойлівасць, устойлівасць да палягання, затрымліваецца рост, зніжаецца прадукцыйнасць. Інфекцыя захоўваецца ў раслінных рэштках і насенні, разносіцца спорамі грыба. На Беларусі найб. шкодзіць І.р.: сцябловая (лінейная) злакаў, бурая (лісцевая) жыта і пшаніцы, карончатая аўса, гароху і лубіну, канюшыны, лёну, яблыні, ігліцы, бакальчатая парэчак і агрэсту.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАТЭРНІЁН (франц. quaternion ад лац. quaterni па чатыры),

адна з сістэм гіперкамплексных лікаў. Увёў У.Р.Гамільтан (1843) у сувязі з задачай абагульнення камплексных лікаў.

К. вызначаецца як лінейная камбінацыя віду a + bi + cj + dk, дзе a, b, c, d — сапраўдныя лікі, i, j, k — уяўныя адзінкі: i2 = j2 = k2 = −1. Складанне і множанне К. выконваецца па адпаведных правілах для мнагачленаў з улікам jk = −kj = i, ki = −ki = j, ij = −ji = k. Алг. дзеянні над К. маюць усе ўласцівасці (за выключэннем камутатыўнасці множання) адпаведных дзеянняў над сапраўднымі лікамі. Гэтым К. вылучаюцца сярод гіперкамплексных лікаў.

т. 8, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БРЫС (ад ням. Abriß чарцёж, план),

контур прадмета, нанесены на паперу э дапамогай ліній. 1) У геадэзіі — схематычны план участка мясцовасці з указаннем прамераў і тлумачальнымі надпісамі. Робіцца ад рукі ў полі пры некат. метадах наземнай тапагр. здымкі. Выкарыстоўваецца пры складанні дакладных тапагр. планаў, апазнаванні на аэраздымках пунктаў геадэзічнай сеткі, у турысцкіх паходах.

2) У архітэктуры 17 — 1-й пал. 18 ст. — схематычная лінейная выява плана будынка без паказу яго канструкцый, таўшчыні сцен і г.д. У 2-й пал. 18 ст. заменены арх. праектам, з выкарыстаннем планаў, фасадаў, разрэзаў і інш., якія давалі нагляднае ўяўленне пра архітэктуру будынка.

3) У выяўленчым мастацтве — контурная выява прадмета, гл. Контур.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДКА,

1) у металаапрацоўцы працэс апрацоўкі ціскам, у выніку якога змяншаецца вышыня і павялічваюцца папярочныя памеры загатовак ці дэталяў. Праводзіцца на прэсах і молатах.

2) У металургіі — скачкападобнае зрушэнне ўніз (абвальванне) шыхтавых матэрыялаў, пераважна ў металург. печах, пры няроўным цячэнні плавільнага працэсу.

3) У будаўніцтве — вертыкальнае зрушэнне масы грунту (асновы збудавання), выкліканае павялічанай нагрузкай. Залежыць ад канструкцыйных асаблівасцяў збудавання і ўмоў яго эксплуатацыі, адбываецца нераўнамерна і павінна быць меншая за гранічна дапушчальную.

4) Асадка судна — адлегласць ад ватэрлініі да ніжняга пункта корпуса судна ў сярэдняй яго частцы; лінейная велічыня, якая характарызуе апусканне судна ніжэй за ўзровень вады пры рознай яго загрузцы.

Схема асадкі ў металаапрацоўцы.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЛАКАГЕ́Н (ад грэч. aulax баразна + ...ген),

адмоўная лінейная структура зямной кары, якая пачынаецца ад краю і цягнецца ў глыб платформы. Адзін канец адкрываецца ў акіян, геасінклінальны пояс ці прагін на месцы б. акіяна, другі выкліньваецца ў межах платформы. Паходжанне аўлакагену звязваюць з раскрыццём акіяна і рыфтагенезам. Усе аўлакагены адносяцца да стараж. рыфтаў. Асадкавая тоўшча ў іх прыкладна ў 3 разы больш магутная, чым на прылеглай частцы платформы. Найб. стараж. аўлакаген (каля 3 млрд. гадоў) — структура Пангола ў Паўд.-Усх. Афрыцы. У Беларусі вядомы аўлакагены: рыфейска-раннявендскі Валына-Аршанскі і палеазойскі Прыпяцка-Данецкі. Да аўлакагенаў прымеркаваны нафтаносныя, галагенныя і вугляносныя адклады.

т. 2, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’ЕЗАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад грэч. piezō цісну + магнетызм),

п’езамагнітны эфект, узнікненне ў рэчыве намагнічанасці пад уздзеяннем знешняга ціску. Адкрыты ў 1959 В.-А.​С.​Баравік-Раманавым. Магчымы толькі ў антыферамагнетыках і прынцыпова немагчымы ў парамагнетыках і дыямагнетыках. Узнікае з прычыны скосу антыферамагн. падрашотак ці адноснай змены значэння іх намагнічанасці. Выяўлены ў фтарыдзе кобальту CoF2, фтарыдзе марганцу MnF2, аксідзе жалеза α-Fe2O3. Намагнічанасць Ji у іх прапарцыянальная прыкладзенаму мех. напружанню σkl : Ji = Λikl∙σkl. П’езамагнітны эфект невялікі — макс. значэнне каэфіцыента Λikl (у CoF2) ~2∙10​−12 Тлм²/H. Адваротным адносна П. эфектам з’яўляецца лінейная магнітастрыкцыя — лінейнае змяненне памераў крышталя, прапарцыянальнае прыкладзенаму магн. полю.

т. 12, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛЬБЕРТАВА ПРАСТО́РА,

абагульненне эўклідавай прасторы на бясконцамерны выпадак. Уведзена ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў працах Д.Гільберта як вынік абагульнення фактаў і метадаў раскладання функцый у артаганальныя шэрагі, а таксама даследаванняў інтэгральных ураўненняў. Выкарыстоўваецца ў розных раздзелах матэматыкі, тэорыі імавернасцей, тэарэт. фізікі.

Першасна гільбертава прастора — прастора бясконцых паслядоўнасцей, напр., x = (x1, x2, ..., xn, ...) са збежным шэрагам квадратаў x12 + x22 + ... + xn2 + ... . Суму двух элементаў (вектараў) паслядоўнасцей, іх скалярны здабытак і інш. вылічваюць пакаардынатна па звычайных правілах (гл. Вектарная прастора, Вектарнае злічэнне). У больш шырокім сэнсе гільбертава прастора — лінейная прастора, для якой вызначаны скалярны здабытак. У залежнасці ад вызначэння множання элементаў на сапраўдны ці камплексны лік адрозніваюць сапраўдныя і камплексныя гільбертавы прасторы.

т. 5, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗАВА́НАСЦЬ.

вектар палярызацыі, вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе палярызацыю дыэлектрыкаў. Вызначаецца формулай: P = dp / dV , дзе dpгеам. сума эл. дыпольных момантаў усіх часціц дыэлектрыка ў малым элеменце яго аб’ёму dV. Для большасці дыэлектрыкаў у слабых эл. палях П. прапарцыянальныя напружанасці эл. поля E: P = ε0 χ E , дзе ε0электрычная пастаянная, χ — дыэлектрычная ўспрыімлівасць. У магутных эл. палях лінейная залежнасць паміж P і E парушаецца. У ізатропных дыэлектрыках напрамкі вектараў P і E супадаюць, у анізатропных (крышталі, тэкстуры) — у агульным выпадку не супадаюць. П. аднароднага плоскага дыэлектрыка ў аднародным полі роўная паверхневай шчыльнасці звязаных зарадаў. Адзінка П. ў СІкулон на квадратны метр (Кл/м²).

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЧКА (Digitaria),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 350 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных (пераважна ў Афрыцы) і часткова ў цеплаўмераных абласцях. На Беларусі 4 віды Р.: егіпецкая (D. aegyptiaca), звычайная, або лінейная (D. ischaemum), крывава-чырвоная (D. sanguinalis) і раснічастая (D. ciliaris). Трапляюцца на пясках, па берагах вадаёмаў, як пустазелле на палях.

Шмат-, радзей аднагадовыя травы выш. 10—80 см. Сцёблы моцна галінастыя каля асновы, прамастойныя або ляжачыя, часта чырванаватыя. Лісце лінейна-ланцэтнае. Агульнае суквецце — прамы колас з 2—20 пальчата сабраных коласападобных галінак на верхавінцы сцябла. Плод — зярняўка. Кармавыя, пераважна пашавыя расліны, некат. культывуюць у Паўд.-Усх. Азіі як збожжавыя злакі. Выкарыстоўваюць для барацьбы з эрозіяй, для замацавання пяскоў, насыпаў, стварэння газонаў. Салома ідзе на выраб паперы, цыновак, кошыкаў і інш.

В.​М.​Прохараў.

Расічка крывава-чырвоная.

т. 13, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)