ПУСТАЦВЕ́Т,

аднаполая тычынкавая (мужчынская) кветка (напр., у агуркоў). Таксама П. наз. двухполыя або песцікавыя (жаночыя) кветкі, у якіх не адбылося апылення і апладнення.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА ЮА́НЬ, Цыньшань (канец 12 ст., прав. Шаньсі, Кітай — 1-я пал. 13 ст.),

кітайскі жывапісец. Дзеяч акадэміі жывапісу ў Ханчжоў. Паслядоўнік Лі Тана. Ствараў манахромныя з тонкай падфарбоўкай пейзажы («Адзінокі рыбак на рацэ ў халодны час») і кампазіцыі жанру «птушкі-кветкі» («Кветкі слівы, камяні і дзікія качкі ў горным патоку»), якія вызначаюцца філасофска-сузіральным ладам, абагульненасцю форм, манерай пісьма рэзкімі шырокімі мазкамі, новай для кіт. жывапісу асіметрычнасцю кампазіцыі.

Літ.:

Николаева Н.С. Художник, поэт, философ: Ма Юань и его время. М., 1968.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯРА́Н (Majorana),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ва Усх. Міжземнамор’і. Стараж. культура М. садовы (M. hortensis) вырошчваецца ў Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Паўд. Азіі, Еўропе, у т. л. на Беларусі.

М. садовы ў культуры аднагадовая расліна выш. 20—50 см. Сцёблы прамыя, галінастыя. Лісце дробнае, шараватае, падоўжана-авальнае са шматлікімі залозкамі. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя або чырванаватыя, у кароткіх коласападобных суквеццях. Плод — арэшак. Лісце і кветкі маюць 0,3—0,4% эфірнага алею, іх ужываюць як прыправу, у кансервавай і лікёра-гарэлачнай прам-сці. Лек., харч., меданосная расліна.

Маяран.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. proles атожылак, патомства + facio раблю),

прарастанне якога-н. органа расліны з другога органа, які скончыў свой рост і развіццё (напр., прарастанне вегетатыўнага парастка з лісцем з кветкі, або новай кветкі з існуючай). Адбываецца ў пэўных умовах з прычыны падоўжання восі кветаложа або плода за кошт росту і дыферэнцыяцыі нявыкарыстанай ч. верхавінкавай мерыстэмы (напр., пры прышчэпліванні чаранка з кветкавымі пупышкамі яблыні ці чарэшні на моцны прышчэп). П. характэрная для ананаса, ружы, суніц; адзначана таксама ў жан. шышак сагоўнікаў, шышак хвойных. У агульнабіял. сэнсе — тое, што праліферацыя.

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯГКО́ВА (Людміла Міхайлаўна) (н. 26.4.1929, С.-Пецярбург),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Жонка У.С.Мурахвера. Скончыла Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.​Мухінай (1959). З 1959 на шклозаводзе «Нёман» (з 1973 гал. мастак). Працуе ў галіне маст. шкла. Творы вылучаюцца багаццем пластычных і колеравых вырашэнняў, стылізацыяй класіцыстычных форм і дэкораў, выяўл. вобразнасцю; выразнымі сілуэтнымі лініямі пасудзін. Аўтар набораў «Квахтуха» (1964), «Народны» (1966), «Бурштын» (1971), «Юбілейны» (1972), «Птушыны двор» (1980), кампазіцый «Казка «Царэўна Жаба» (1971), «Вясна» (1975), «Фанфары», «Ляціце галубы» (абедзве 1977), «Вецер» (1981), «Кветкі на асфальце» (1983), «Вечна жывым», «Партызанская вясна», «Кветкі лугавыя» (усе 1984), «Жыццё перамагае», «Беражыце мір» (абедзве 1985), «Веснавая песня»; «Ёлкі», «Дэкаданс», «Ахвяры» (усе 1989), «Перазвон» (1989—99), «Рэнесанс» (1990), «Антык» (1992—99), «Тайга» (1993), «Туманная раніца», «Асноўныя колеры», «Іней» (усе 1999), сервізаў «Чырвона-белы» (1982), «Беларускі» (1986), «Манастырскі» (1989), ваз, дэкар. графінаў, бутляў і інш. Сярэбраны медаль АМ СССР (1990).

М.​М.​Яніцкая.

Л.Мягкова. Кветкі лугавыя. 1984.

т. 11, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́УКА ў раслін,

від простага суквецця, у якім на паверхні пакарочанай і часам патоўшчанай галоўнай восі сядзяць кветкі на кароткіх кветаножках (напр., суквецці канюшыны, варсянкі і інш.).

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЗУ́ЛЬНІК (Ligalaria),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ў пазатрапічных абласцях Еўропы і Азіі (пераважна ва Усх. і Цэнтр. Азіі). На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукаваны 4 віды: бузульнік Віча (L. veitchiana), зубчасты (L. dentata), Пржавальскага (L. przewalskii) і прыгожы (L. speciosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м з кароткім тоўстым карэнішчам і прамастойным сцяблом. Лісце суцэльнае, зубчастае, чаргаванае, прыкаранёвае — на доўгіх чаранках. Кветкі жоўтыя, аранжавыя, у кошыках (адзіночных або сабраных у гронкі, мяцёлкі і шчыткі); краявыя кветкі язычковыя, песцікавыя, сярэдзінныя — трубчастыя, двухполыя. Плод — сямянка з чубком. Кветкава-дэкар. расліны.

Бузульнік.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАВА (Людміла Пятроўна) (н. 29.7.1944, г. Рубцоўск, Расія),

бел. графік. Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1967). Працуе ў галіне акварэлі і пастэлі. Створаны ёю фантаст.-казачны свет вобразаў навеяны літ. творамі або ўласнымі ўяўленнямі; мнагамернасць вобразнасці набліжае творы да традыцый сімвалізму. Сярод твораў: «Над возерам» (1967), «Марс. Зямляне» (1969), «Стары Віцебск» (1981), «Сінія кветкі» (1990), «Нацюрморт са званочкамі» (1991), «Кветкі і кераміка» (1992), «Кентаўр», «Флора» (абодва 1994), «Іншыя светы» (1995); серыі «Восень» (1975), «Фантастыка» (1977), «Крылатыя» (1993), «Багі — прывіды цемры» (1996) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

Л.Воранава. Флора. 1994.

т. 4, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЦЭ́НКА (Людміла Іванаўна) (н. 10.3.1956, в. Усадзішча Ленінградскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). Працуе на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Сярод твораў: у тэхніках размалёўкі па шоўку — заслоны для Палацаў культуры ў Наваполацку і Чашніках (1980), 2 пано «Беларускія пейзажы» (1985) для музея Ф.​Скарыны ў Лондане, батыку — «Маленькі прынц» (1984), «Францыск Скарына» (1986), габелену — трыпціх «Расліны» (1980), «Лянок мой» (1983), «Кветкі ў праталінах» (1985), серыя «Беларускія краявіды» (1987), «Дрэва і ралля» (1997) і інш. Работы вылучаюцца багаццем святлоценявых кантрастаў, эмацыянальнай выразнасцю.

Л.Грыцэнка. Кветкі ў праталінах. 1985.

т. 5, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КМЕН (Carum),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Еўразіі. На Беларусі К. звычайны (C. carvi) трапляецца на лугах, лясных палянах, каля дарог. Культывуецца як эфіраалейная культура. Пашыраны сорт Хмяльніцкі.

К. звычайны — двухгадовая расліна выш. 30—80 см. Сцябло простае, разгалінаванае. Лісце двойчы- або тройчыперыстарассечанае.

Кветкі ў складаных парасоніках, белыя, ружаватыя. Плод — сямянка. У 1-ы год утварае разетку лісця і тоўсты корань, на 2-і — сцябло, кветкі, плады. У пладах 2,7—7,2% эфірнага алею. Выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай, лікёра-гарэлачнай, парфумернай, фармацэўтычнай прам-сці, медыцыне.

У.​П.​Пярэднеў.

Кмен.

т. 8, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)