АЛЬМАРАВІ́ДЫ,

дынастыя берберскіх эміраў, якая правіла ў Марока і арабскай Іспаніі ў 1050—1147.

Прыйшлі да ўлады ў выніку дзейнасці артадаксальнага рэліг. руху за першапачатковы іслам манахаў-воінаў на чале з Абдалахам ібн Ясінам (п. 1058). Найб. значны прадстаўнік Альмаравідаў Юсуф ібн Ташфін [1061—1107] у 1062 заснаваў г. Маракеш, да 1084 падначаліў берберскія княствы Марока і Зах. Алжыра. Паміж 1086 і 1090 ён заваяваў і аб’яднаў араб. Іспанію. Альмаравіды скінуты ў 1147 Альмахадамі.

т. 1, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТРЭ́ (Cauterets),

бальнеалагічны курорт у Францыі, на ПдЗ ад г. Лурд, у Цэнтр. Пірэнеях, каля граніцы з Іспаніяй. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. Папулярнасць пачаў набываць пасля наведвання яго ў 1540-я г. дваром каралевы і пісьменніцы Маргарыты Наварскай. У наш час найб. значны бальнеалагічны курорт Францыі. Асн. лек. фактары — горны клімат і крыніцы тэрмальных (52 °C) мінер. вод (найбуйнейшых у свеце па дэбіту серных вод). Самы вялікі цэнтр зімовага спорту і турызму ў Пірэнеях.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТА́БЛІ (франц. notables ад лац. notabilis значны),

члены сходаў, якія склікаліся франц. каралём у 14—18 ст. для абмеркавання дзярж. пытанняў, пераважна фін. і адміністрацыйных. У адрозненне ад дэпутатаў Генеральных штатаў не выбіраліся саслоўямі, а прызначаліся каралём з прадстаўнікоў вышэйшага дваранства, духавенства, гар. вярхоў. Сходы Н. склікаліся нерэгулярна, мелі дарадчы характар, падмянялі сабою сходы Ген. штатаў. У 1787 Н. адхілілі падатковыя праекты ўрада, якія парушалі правы прывілеяваных саслоўяў. Апошні іх сход скліканы ў 1788.

т. 11, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУР’Е́ Ісідар Міхайлавіч (3.12.1903, Мінск — 26.1.1958),

гісторык-егіптолаг. Д-р гіст. н. (1946). Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). Удзельнік грамадз. вайны. З 1921 інструктар ЦК КСМ Беларусі. З 1927 працаваў у Эрмітажы. Даследаваў гісторыю Стараж. Егіпта эпохі Новага царства. Апублікаваў працы па сац. праблемах, ідэалогіі, тэхніцы Стараж. Егіпта, пераклады эпіграфічных першакрыніц. Значны яго ўклад у вывучэнне стараж.-егіп. права.

Тв.:

Очерки древнеегипетского права XVI—X вв. до н.э. Л., 1960.

Я.​А.​Красулін.

т. 18, кн. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНО́Н (Agnon; сапр. Чачкес) Шмуэль Іосеф

(17.7.1888, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 17.2.1970),

ізраільскі пісьменнік. Самы значны твор — авантурны раман «Дачка на выданні» (1931). Аўтар псіхал. раманаў «Простая гісторыя» (1935), «Госць на адну ноч» (1938—39), «Зусім нядаўна» (1945), аповесцяў «Госць зайшоў пераначаваць» (1939), «У глыбінях мораў» (1952), зб-каў апавяданняў «Снапы» (1963), «Апавяданні для ўсёдаравання» (1967) і інш. У творах спалучэнне фалькл. сюжэтаў і вобразаў з фантазіяй, іроніі са спачуваннем, рэлігійныя матывы. Нобелеўская прэмія 1966.

Ш.І.Агнон.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Канстанцін Васілевіч (27.5.1890, в. Слакбаш Уфімскага р-на, Башкортастан — 26.3.1915),

чувашскі паэт, пачынальнік нац. л-ры. Найб. значны твор — ліра-эпічная паэма «Нарспі» (1908) пра трагічны лёс чув. жанчыны. Выступаў у жанры вершаванай казкі, балады («Удава»), сказа, трагедыі («Раб д’ябла»), Вядомы як педагог, фалькларыст, мастак, скульптар, перакладчык. Браў удзел у складанні першых буквароў і дапаможнікаў для нац. школы. Перакладаў на чув. мову творы М.​Лермантава, А.​Кальцова, М.​Някрасава.

Літ.:

Зотов И.А. Живое наследие К.​Иванова Чебоксары. 1983.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСУ́МАЎ Імран Ашум аглы (25.9.1918, Баку — 20.4.1981),

азербайджанскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Азербайджана (1979). Першы значны твор — кінасцэнарый «Падземны гул» (1937) прысвечаны геолагам-нафтавікам. Аўтар п’ес «Мара» (1938), «Мора любіць адважных» (1954), «Шырэй круг» (1954), аповесці «На дальніх берагах» (1954), рамана «Гады праходзяць» (1973, з Г.​Сеідбейлі). Сцэнарыст маст.-дакументальных кінафільмаў «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» і «Пакарыцелі мора» (Ленінская прэмія 1961). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Ткачоў.

Тв.:

Рус. пер. — Высокое назначение: Публицистика разных лет. М., 1979.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НДАЛ (Kendall) Генры Уэй (9.12.1926, г. Бостан, ЗША — 15.2.1999),

амерыканскі фізік і грамадскі дзеяч. Чл. Нац. АН ЗША (1992). З 1961 у Масачусецкім тэхнал. ун-це. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц і высокіх энергій. Даследаваў глыбоканяпругкае рассеянне электронаў на пратонах, дэйтронах і цяжкіх ядрах. Эксперыментальна пацвердзіў існаванне кваркаў (1968). Зрабіў значны уклад у развіццё сістэм кантролю за распаўсюджваннем узбраенняў і тэхнагенным уздзеяннем на прыроду і здароўе чалавека. Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Дж.Фрыдманам, Р.Тэйларам).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 8, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́НДА, Мвата-Ямва,

дзяржаўнае ўтварэнне на тэр. сучасных Анголы, Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга ў канцы 16—2-й пал. 19 ст. Этн. ядро Л. — народнасць лунда (балунда). Складалася з шэрагу паўсамаст. абласцей, найб. важнай з якіх была Казембе. Значны ўплыў у дзяржаве меў савет знаці. З канца 17 ст. ўдзельнічала ў еўрап. гандлі рабамі. У канцы 18—19 ст. Л. заняпала і распалася на некалькі княстваў, якія ўвайшлі ў склад калан. уладанняў Бельгіі, Вялікабрытаніі і Партугаліі.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМА́Р (Hadamard) Жак (8.12.1865, Версаль — 17.10.1963),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (з 1912), замежны чл. АН СССР (з 1929, чл.-кар. з 1992). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1890). Праф. Калеж дэ Франс (1897—1935), Парыжскага ун-та і політэхн. школы (1900—35) і інш. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўненнях, тэорыі функцый, тэорыі лікаў, праблемах устойлівасці ў механіцы. Даследаванні Адамара зрабілі значны ўплыў на стварэнне функцыянальнага аналізу.

Літ.:

Леви П. Жак Адамар // Успехи мат. наук. 1964. Т. 19, вып. 3 (117).

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)