ДРЭ́ВЫ-ПО́МНІКІ,

дрэвы, якія лічацца каштоўнымі аб’ектамі жывой прыроды ці культурна-гістарычнымі аб’ектамі і ахоўваюцца дзяржавай; помнікі прыроды. Бываюць рэсп. і мясцовага значэння. На Беларусі каля 120 асобных Д.-п. аб’яўлены помнікамі прыроды (рэсп. значэння каля 90). Да іх належаць векавыя дрэвы (у т. л. дубы-волаты, напр., цар-дуб у Маларыцкім, Сувораўскі дуб у Кобрынскім р-нах Брэсцкай вобл., дуб-волат у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл.) і дрэвы рэдкіх інтрадукаваных відаў (напр., карыя авальная ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., ліпа каралінская ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., хвоя кедравая еўрапейская ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.). Помнікамі прыроды рэсп. і мясцовага значэння лічацца таксама 95 груп Д.-п. (30 — рэсп. значэння). Гэта натуральныя ўчасткі лесу (дубровы, хвойнікі, бярэзнікі, ясеннікі) і насаджэнні з удзелам інтрадукаваных відаў (напр., лістоўніцы ў Баранавіцкім, хвоі веймутавай у Пружанскім р-нах Брэсцкай вобл.). Ахова Д.-п. прадугледжвае перадачу іх пад ахоўнае абавязацельства, паспартызацыю, прафілактычнае і бягучае лячэнне (Іл. гл. ў арт. Батанічныя помнікі прыроды).

т. 6, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЕ́ВІЧ (Антон Пятровіч) (27.5.1914, в. Дуброўка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 11.4.1978),

бел. паэт. Вучыўся ў Магілёўскім педтэхнікуме, у 1933—35 — у Магілёўскім палітасветным ін-це. Друкаваўся з 1937. У першым зб. «Чалавек з Дубровы» (М., 1945, на рус. мове) — творы ваен. часу. У творчасці Бялевіча ўслаўленне подзвігу народа ў Вял. Айч. вайну, жыццё калгаснай вёскі. Яго паэзіі ўласцівыя традыцыйна-фалькл. вобразнасць, нар.-песенны лад, выразнасць маст.-выяўл. сродкаў, даступнасць лексікі, адкрытасць выказвання. Аўтар сатыр. і гумарыстычных твораў (зб-кі «Хлеб і нахлебнікі», 1957; «Маштабны Міканор», 1963), вершаў, казак і паэм для дзяцей. Выступаў як празаік і публіцыст (зб-кі нарысаў «Людзі робяць вясну», 1959; «Споведзь сэрца», 1978; нарыс «Хатынь: боль і гнеў», 1971; аповесць «Малюнкі маленства», 1977; кн. літ. партрэтаў пісьменнікаў «Чарадзеі», 1970). Пераклаў на бел. мову паэму А.​Твардоўскага «За даллю — даль» (1962), паасобныя творы А.​Пракоф’ева, М.​Бажана, А.​Малышкі, У.​Няходы і інш. На словы Бялевіча напісалі песні М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Я.​Цікоцкі і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1969;

Сонечны гадзіннік. Мн., 1978;

Мой шчодры бор. Мн., 1985.

І.​У.​Саламевіч.

А.П.Бялевіч.

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЫГІ́РДАВІЧЫ (Мантыгердавічы),

дзяржаўныя дзеячы і буйныя землеўладальнікі ВКЛ у 14—15 ст. Родапачынальнік — баярын Мантыгірд (Мантыгерд), намеснік полацкі ў 1396. Меў некалькі сыноў і пляменнікаў, з іх ад Наруша пайшоў шляхецкі род Нарушэвічаў. З прамых нашчадкаў Мантыгірда найб. вядомыя:

Пётр (Петраш; каля 1390—1459), сын Мантыгірда. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 разам з братамі і родзічамі прыняў герб «Вадвіч». Староста падольскі ў 1418, маршалак надворны ў 1422—31, намеснік новагародскі ў 1431, маршалак земскі з 1434. Член рады вял. кн. Жыгімонта Кейстутавіча і Казіміра IV. Атрымаў мястэчкі Іўе ад вял. кн. Казіміра (1444) і Лоск пасля жаніцьбы з дачкой кн. Фёдара Карыбутавіча Ганнай. Пётр Янавіч (мянушка Белы; каля 1440—19?), унук Пятра, намеснік браслаўскі, маршалак надворны ў 1480—82, староста луцкі, маршалак валынскі ў 1487, ваявода трокскі і маршалак земскі з 1491. Неаднаразовы ўдзельнік пасольстваў вял. кн. Аляксандра ў Маскву. Уладальнік Іўя і Лоска, Дубровы і Нядрэзска ў Заслаўскім княстве, Шацка і Цітвы ў Менскім пав., Лахвы на Палессі, Алыкі на Валыні; у 1492 атрымаў Нясвіж. Яго адзіны сын Ян загінуў у бітве на Вядрошы 1500, пасля чаго ўсе маёнткі адышлі да дачкі Соф’і, жонкі Станіслава Кішкі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЯ ГРАДА́,

краявое ледавіковае ўтварэнне ў межах Мазырскага Палесся на правабярэжжы ніжняга цячэння р. Прыпяць, у Мазырскім р-не Гомельскай вобл. Працягваецца з ПнЗ (раён вусця р. Пціч) на ПдУ да в. Барбароў прыблізна на 50 км. Шыр. 3—14 км. Выш. 160—200 м, найб. 221 м. Канчаткова ўтворана дняпроўскім ледавіком у час мазырскага стадыялу. Складзена з марэны (супескі, суглінкі, гліны, пяскі, жвірова-галечны матэрыял), якая перакрыта водна-ледавіковымі пяскамі з рэдкай галькай і жвірам (магутнасць 10 м), на паўн. і паўн.-ўсх. схілах — лёсападобнымі супескамі (магутнасць 11 м). Трапляюцца гляцыядыслакацыі з палеагенавых і неагенавых парод. М.г. мае выгляд слабавыгнутых у паўд.-зах. напрамку палос дробных град і ўзгоркаў. Перавышэнне над урэзам вады Прыпяці 94 м. Паўн. і ўсх. схілы звернуты да Прыпяці, стромкія, абрывістыя, адносныя выш. над урэзам вады 50—70 м. Паўд. схілы пакатыя, паступова зліваюцца з водна-ледавіковай раўнінай. Града моцна расчлянёная (гушчыня 1000—1800 м/км²). Глыбіня яроў да 40—60 м (каля г. Мазыр, ландшафтны заказнік Мазырскія Яры). На схілах тэрмакарставыя і суфазійныя западзіны. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя. Пад лесам 36% тэр., пераважна на ПдУ. Лясы хваёвыя, дубровы. Пад ворывам 22% тэр. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове глеб ад воднай эрозіі.

Мазырская града каля в. Бабры Мазырскага раёна.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАНІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,

аб’екты расліннасці і флоры, якія маюць навук., культ.-пазнавальную, гіст., эстэт. каштоўнасць і ахоўваюцца дзяржавай. На Беларусі каля 180 батанічных помнікаў прыроды рэсп. значэння: старадаўнія паркі — Бальценіцкі і Вердаміцкі (гл. адпаведныя артыкулы), Вялікамажэйкаўскі (Шчучынскі р-н), Гомельскі, Мірскі, Нясвіжскі, Радзівілімонтаўскі (Клецкі р-н) і інш.; каштоўныя ўчасткі лесу — Барысаўскае лесанасаджэнне, Барэцкая (Івацэвіцкі р-н), Вепрынская (Чэрыкаўскі р-н) і Шолкавіцкая (Чарнейкаўская; Рэчыцкі р-н) дубровы і інш.; насаджэнні інтрадукаваных дрэў і кустоў — Вінклераўскі (Нясвіжскі р-н) і Ліноўскі (Пружанскі р-н) хвойнікі, Моўчадскае насаджэнне лістоўніцы еўрапейскай (Баранавіцкі р-н) і інш.; раслінныя згуртаванні на межах арэалаў, у месцах, аддаленых ад асн. вобласці свайго пашырэння, — Бёрдаўскае лесанасаджэнне (Клічаўскі р-н), Добрушскія і Маларыцкія ельнікі і інш., а таксама з рэдкімі, рэліктавымі і тымі, якія знікаюць, відамі раслін — Вятчынскае месца росту рададэндрану жоўтага (Жыткавіцкі р-н), Восаўскае і Церабежскае насаджэнні карэльскай бярозы (Івацэвіцкі р-н) і інш.; дрэвы мясц. парод (асабліва вылучаюцца ўзростам, памерамі, прыгажосцю ці звязаныя з гіст. падзеямі) і унікальныя дрэвы-інтрадуцэнты (больш за 50). Гл. таксама Дрэвы-помнікі.

Літ.:

Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978;

Охрана важнейших ботанических объектов Украины, Белоруссии, Молдавии. Киев, 1980;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.

Батанічныя помнікі прыроды: дуб пірамідальны (1) і змеепадобныя елкі (2) у Брэсце, дуб-волат (3) у Буда-Кашалёўскім раёне.

т. 2, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЦЭНО́З (ад бія... + цэноз),

прыродная або штучна ўтвораная сукупнасць жывёл, раслін, грыбоў і мікраарганізмаў, якія сумесна насяляюць участак сушы або вадаёма, удзельнічаюць у кругавароце рэчываў і аб’яднаныя пэўнымі адносінамі паміж сабой і з абіятычным асяроддзем; састаўная ч. біягеацэнозу. Напр., сукупнасць усіх жывых арганізмаў участка лесу, возера, поля.

Тэрмін «біяцэноз» прапанаваў ням. заолаг і гідрабіёлаг К.​Мёбіус (1877). Ён падкрэсліваў узаемасувязь усіх кампанентаў біяцэнозу, іх залежнасць ад адных і тых жа абіятычных фактараў, уласцівых дадзенаму месцажыхарству, і ролю натуральнага адбору ў фарміраванні складу біяцэнозу. Адрозніваюць першасныя біяцэнозы, якія склаліся без удзелу чалавека (цалінны стэп, некрануты лес), і другасныя, што зменены дзейнасцю чалавека (лясы, якія выраслі на месцы знішчаных). Асаблівую катэгорыю складаюць згуртаванні, якія ствараюцца і рэгулююцца чалавекам (гл. Аграбіяцэноз). Паводле сістэматычных адзнак вылучаюць фітацэноз (сукупнасць раслін), зоацэноз (сукупнасць жывёл) і мікробацэноз (сукупнасць мікраарганізмаў); функцыянальна паводле ступеняў экалагічнай піраміды падзяляюць на групы арганізмаў: прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты, аб’яднаныя трафічнымі сувязямі; структурна адрозніваюць гарызонты, слаі, ярусы, полагі, мератопы. Па сезонах года разглядаюць аспекты біяцэнозаў, утвораных больш дробнымі групоўкамі — кансорцыямі, сінузіямі і марфал. часткамі — парцэламі, можа складацца з нешматлікіх (алігацэноз) і шматлікіх (поліцэноз) відаў. Біяцэноз характарызуецца пэўнай біямасай і біялагічнай прадукцыйнасцю. Найб. складаныя біяцэнозы трапічных лясоў. Біяцэнозы ўмеранага пояса, асабліва лясныя, таксама багатыя паводле складу відаў, напр. біяцэнозы дубровы складзены больш як са 100 відаў раслін, некалькіх тысяч відаў жывёл і сотняў грыбоў і мікраарганізмаў, якія даюць у сукупнасці шчыльнасць насельніцтва ў дзесяткі і сотні тысяч асобін на 1 м². Біяцэнозы вывучае біяцэналогія.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, дубровы,

дубнякі (Quercus),

група фармацый карэнных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду дуб. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, на Д.​Усходзе, у Паўн. і Паўд. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. У Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе Д.л. створаны пераважна дубам звычайным, або летнім (Q. robur), і скальным, або зімовым (Q. petraea), у Паўд. Еўропе і Міжземнамор’і — каменным (Q. ilex) і коркавым (Q. suber), на Каўказе — грузінскім (Q. iberica), ва Усх. Азіі і на Д.​Усходзе — зубчастым (Q. dentata) і мангольскім (Q. mongolica), у Паўн. Амерыцы — чырвоным (Q. rubra), паўночным (Q. borealis) і балотным (Q. palustris). На Беларусі дрэвастоі Д.л. складаюцца ў асноўным з дубу звычайнага — чыстыя і з дамешкам ясеню, клёну, грабу, ліпы, ільмы, хвоі, елкі, бярозы, асіны, вольхі чорнай, часта з выразным 2-м ярусам. Яны займаюць 4% агульнай плошчы лясоў. Найб. пашыраны ў паўд., зах. і цэнтр. раёнах. Пашырэнне Д.л. і іх фітацэнатычная структура маюць выразныя занальныя асаблівасці. Вылучаюць 3 геабат. падзоны ў напрамку з Пн на Пд: яловых, ялова-грабавых і грабавых дуброў. Пераважаюць кандамінантныя фітацэнозы: у цэнтр. ч. — ялова-дубова-грабавыя, на Пд — дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Найб. пашыраныя тыпы Д.л.: кіслічныя, чарнічныя, арляковыя, сніткавыя, поймавыя, вострыцавыя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 40 гадоў. Д.л. маюць важнае прыродаахоўнае, сан.-гігіенічнае і эстэт. значэнне, даюць высакаякасную драўніну для розных галін прам-сці.

Г.​У.​Вынаеў.

Дубовы лес злакавы.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЎСКІЯ,

бел. жывапісцы, браты. Ураджэнцы маёнтка Уборкі Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.

Апалінар Гілярыевіч (30.1.1883—1900) (30.1.1833—1900), пейзажыст і партрэтыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—54), у 1855—60 удасканальваў майстэрства ў Жэневе, Дзюсельдорфе, Рыме і Парыжы. У 1860—80-я г. жыў у маёнтку Уборкі, зімой выязджаў у Пецярбург, дзе ў 1862—86 выкладаў у школе малявання Т-ва заахвочвання мастацтваў. Яго творы адметныя жыццёвай праўдай, высокім майстэрствам, глыбокай народнасцю, паэтычна апяваюць прыгажосць бел. прыроды, нар. побыт: «Балота», «Пейзаж з ракой і дарогай», «Вечар», «Краявід у маёнтку Кушалёва-Безбародкі Краснаполіца», «Від дубровы каля Бабруйска», «Ліпы», «На радзіме», «Пінскія балоты», «Рака Бярэзіна», «Свіслач», «Час жніва» і інш. Каля 20 карцін мастака знаходзяцца ў Нац. маст. музеі Беларусі («Партрэт маці», «Жаночы партрэт каля мальберта», «Купальшчыцы», «Яўрэй, які моліцца», «Вечар у Мінскай губерні», «Старая моліцца», «Цвіце канюшына», «Кузня», «Жанчына з палітрай», «Магдаліна каецца», «Партрэт Ф.​Л.​Лагорыо», шмат бел. пейзажаў і інш.). Рабіў замалёўкі нар. тыпаў («Селянін» і інш.).

Іпаліт Гілярыевіч (1.7.1828—?), пейзажыст. Спец. адукацыю атрымаў у школе Машчынскага (Мінск). З 1855 наведваў заняткі Пецярбургскай АМ. З яго пейзажаў найб. вядомыя: «На берагах ракі Бярэзіны», «Від у ваколіцах Бабруйска» і інш. Карціна «Каля крыжа. Смерць паўстанца» зберагаецца ў Нац. маст. музеі Беларусі.

Гілярый Гілярыевіч, акварэліст 2-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Пецярбургу ў школе малявання Т-ва заахвочвання мастацтваў (да 1868), потым у АМ (да 1873). Сярод пейзажаў: «Від шпіля Петрапаўлаўскага сабора», «Кветкі» і інш.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. «Колькі праўды ў фарбах...» // Мастацтва Беларусі. 1983. № 10.

Л.​Н.​Дробаў.

А.Г.Гараўскі.
А.Гараўскі. Цвіце канюшына. 1895.

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, рас. імперыі і БССР у 15—20 ст. Утвораны на тэр. Мінскага княства пасля яго ўключэння ў ВКЛ і пераходу пад кантроль вял. князя. Да 1565 уваходзіў у Віленскае ваяв. як гіст. адзінка. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 уключаны ў Мінскае ваяводства, яго тэрыторыя пашырана за кошт б. Заслаўскага і Лагожскага княстваў (паветаў), часткі Барысаўскай, Любашанскай, Свіслацкай валасцей на правым беразе р. Бярэзіна. Устаноўлена сістэма службовых асоб: кашталян, падкаморы, харунжы і інш., а таксама гродскі і земскі суды. У павет уваходзілі гарады Мінск і Барысаў, каля 45 мястэчак, з іх буйнейшыя — Беразіно-Любашанскае, Гайна, Заслаўе, Ракаў, Смалявічы. Пасля далучэння да Расіі ў 1793 павет скасаваны, у 1795 адноўлены ў меншых памерах і ўключаны ў Мінскае намесніцтва. З 12.12.1796 у Мінскай губерні, да М.п. далучаны часткі скасаваных Вілейскага і Нясвіжскага пав. Яго тэрыторыя складала каля 4,5 тыс. кв. вёрст (каля 5 тыс. км²), статус мястэчак захавалі Астрашыцкі Гарадок (Гарадок Тышкевіцкі), Бяларуч, Дубровы, Заслаўе, Івянец, Камень, Койданава, Мікалаеўшчына, Пяршай, Ракаў, Рубяжэвічы, Саламярэцкі Гарадок (Гарадок-Хмарынскі), Самахвалавічы, Свержань, Слабодка, Стоўбцы. У сярэдзіне 19 ст. ў павеце 808 сёл і вёсак, 246 засценкаў і інш. дробных паселішчаў. Насельніцтва ў 1816 было каля 92 тыс. чал., у 1857 каля 121 тыс. чал. У 1861 тэр. М.п. падзелена на воласці, пасля пераразмеркавання ў 1864—66 іх было 19, у 1898 у М.п. стала 16 валасцей. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. ч. павета (Засульская, Івянецкая, Пяршайская, Ракаўская, частка Рубяжэвіцкай і Стаўбцоўскай вол.) адышла да Польшчы. Павет скасаваны 17.7.1924, асн. яго частка ўключана ў Мінскую акругу, частка Магільнянскай вол. — у Слуцкую акругу.

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯЕ АДГАЛІНАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКАЙ ГРАДЫ́,

сістэма ўзвышшаў у паласе краявых ледавіковых утварэнняў на З Беларусі; фізіка-геагр. раён Заходне-Беларускай правінцыі. Займае цэнтр. ч. Гродзенскай, паўн.-ўсх. ч. Брэсцкай абл., заходзіць на тэр. Польшчы. Мяжуе з Нёманскай нізінай, Капыльскай градой, Баранавіцкай і Прыбугскай раўнінамі. Працягваецца з 3 на У на 200 км, з Пн на Пд на 15—100 км, пл. 10,2 тыс. км². Пераважаюць выш. 200—300 м над узр. м., найб. 323 м (Замкавая гара).

Складаецца з сярэдняўзгорыстых і буйнаўзгорыстых узвышшаў (Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, гл. адпаведныя арт.), падзеленых папярочнымі, часам скразнымі далінамі, лагчынамі, ярамі. Рэльеф утвораны пераважна з адкладаў дняпроўскага і сожскага ледавікоў, магутнасцю 150—235 м. Інтэнсіўна праяўлены гляцыядыслакацыі, трапляюцца адорвені мелавых і неагенавых парод. Марэнныя грады чаргуюцца з платопадобнымі ўчасткамі, месцамі перакрытымі лёсападобнымі пародамі, магутнасцю 2—5 м. На ўскраінах узвышшаў дробна- і сярэдняўзгорысты рэльеф са спадзістымі схіламі, які пераходзіць у плоскія зандравыя раўніны. У цэнтр. ч. ўзвышшаў пераважае градава-ўзгорысты і буйнаўзгорысты рэльеф з купалападобнымі вяршынямі, завалуненымі схіламі і забалочанымі міжузгорыстымі катлавінамі. Глыб. расчлянення 30—50 м/км². Развіта плоскасная і лінейная эрозія, трапляюцца суфазійныя формы рэльефу. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, мел, мел і мергель цэментныя, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Гідраграфічная сетка прадстаўлена на крайнім ПнЗ р.Нёман, на астатняй тэрыторыі яго прытокамі; Моўчадзь, Шчара з Мышанкай, Сэрвач, Зальвянка, Рось, Свіслач і інш. Найб. воз. Свіцязь. Глебы дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя, дзярнова-палева-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярновыя перагнойна-карбанатныя, алювіяльныя і інш. Пад лесам 27,5% тэр. Мяшаныя дубровы і ельнікі, хваёва-дубовыя лясы, баравыя хвойнікі, на забалочаных мясцінах алешнікі. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі. Заказнікі: Навагрудскі, Свіцязянскі, Слонімскі.

Г.​П.​Рудава.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)