БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ,

біялагічны заказнік у Беларусі, на тэр. Буда-Кашалёўскага і Віктарынскага лясніцтваў у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1986 з мэтай зберажэння унікальных дуброў. Пл. 13,6 тыс. га (4 вял. і 5 дробных участкаў).

Асн. тыпы лясоў у заказніку — імшыстыя, арляковыя, радзей чарнічныя хвойнікі з дамешкамі дубу, бярозы, асіны і падлескам з ляшчыны, а таксама кіслічныя, сніткавыя і арляковыя дубровы з дамешкамі грабу, хвоі, бярозы, асіны, радзей ліпы, клёну, вязу. Забалочаныя паніжэнні рэльефу займаюць лясы з вольхі чорнай, пераважна вятроўнікавага і кіслічнага тыпаў з дамешкамі ясеню. У заказніку больш за 500 відаў сасудзістых раслін, з якіх 8 занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Трапляюцца рэдкія віды мохападобных (напр., некера перыстая) і лішайнікаў (лабарыя лёгачная, занесеная ў Чырв. кнігу). У 1978 у межах тэр. заказніка створаны першы ў рэспубліцы фазанарый. Заказнік з’яўляецца генетычным рэзерватам матачных дрэў «дубоў-волатаў» для гадавальнікаў лясных культур. Аб’ект турызму.

Г.У.Вынаеў.

т. 3, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)