АКЦЯ́БРСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Акцябрскім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 2003 для захавання ў натуральным стане каштоўных лясных фармацый. Пл. 4070 га. Ландшафты нізінныя алювіяльна-тэрасаваныя. Глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя. Расліннасць пераважна лясная: чорнаальховыя лясы (50,8%), хваёвыя (29%), ёсць дубровы, ясеннікі, грабнякі. Шмат спелых і перастойных лясоў (32%), узрост асобных дрэў да 200 гадоў. У флоры 507 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. рэдкія віды: купальнік горны, пылкагалоўнік чырвоны, зубніца клубняносная, дзераза-баранец, фіялка багнавая і інш. У фауне млекакормячых 43 віды, птушак — 130, рыб — 32, рэптылій — 5, амфібій — 8; у Чырв. кнігу занесены 13 відаў: малая паганка, чорны бусел, вялікі бугай, вялікі і малы падворлікі, каршачок, журавель шэры, зімародак звычайны, соня арэшнікавая і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 18, кн. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)