ПШЫРКО́Ў (Юльян Сяргеевіч) (31.10.1912, в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 23.12.1980),
бел. літаратуразнавец, крытык. Д-рфілал.н. (1962), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). З 1945 у Ін-це л-ры АН Беларусі (з 1953 заг. сектара), адначасова ў 1945—57 выкладаў у БДУ, у 1966—68 у Мінскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1940. Аўтар крытычных артыкулаў па творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, першай у бел. коласазнаўстве манаграфіі «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951). Даследаваў літ. жыццё 1920-х г., станаўленне і шляхі развіцця бел. прозы, творчасць Я.Брыля, У.Дубоўкі, К.Крапівы, А.Макаёнка, М.Танка, І.Шамякіна і інш. Аўтар прац «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956), «Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.)» (1960), «Эпас рэвалюцыі» (1975) і інш. Сааўтар кніг «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры», «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), падручнікаў па бел. л-ры для сярэдняй школы і інш.Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.
Тв.:
Уплыў творчасці А.С.Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;
Якуб Колас: Критико-биогр. очерк. Мн., 1952;
А.Е.Богданович. Мн., 1966;
З майго жыццёпісу: [Аўтабіяграфія] // Пра час і пра сябе. Мн., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́НСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (17.12.1886, в. Капланцы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 3.3.1953),
бел. кампазітар. Вучыўся на рэгенцкіх курсах у Маскве і Пецярбургу (1913—15), скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1930). Працаваў рэгентам і настаўнікам спеваў у г. Навагрудак (Гродзенская вобл.). З 1919 у Мінску, кіраўнік хору пры Бел. рабочым клубе, хормайстар гар.т-ра. З 1930 выкладаў у муз. тэхнікуме, Бел. кансерваторыі. У Вял.Айч. вайну рэгент царк. хору ў г. Чэрвень Мінскай вобл. З 1944 у Германіі, з 1950 у Бельгіі, у Лювенскім ун-це стварыў студэнцкі ансамбль бел. музыкі. Аўтар апрацовак бел.нар. песень і песень на вершы М.Багдановіча («Слуцкія ткачыхі» і інш.), Я.Купалы, Я.Коласа («Мой родны кут», «Край наш бедны» і інш.), К.Буйло (гіст. сюіта «Курган» паводле аднайм. верша), Ц.Гартнага, З.Бядулі, якія часткова ўвайшлі ў яго «Зборнік песень з нотамі» (1922), бел. оперы «Браніслава» (лібрэта У.Дубоўкі; не завершана), бел. аперэты «Залёты» (паводле В.Дуніна-Марцінкевіча), музыкі на тэксты царкоўных малітваў, у т. л. «Магутны Божа» (на словы Н.Арсенневай). Падрыхтаваў працу «Характэрныя рысы беларускай народнай песні» (засталася ў рукапісе).
Тв.:
Жыцьцяпіс // Спадчына. 2000. №4.
Літ.:
Дубоўка У. Беларускі кампазітар Мікола Равенскі // Узвышша. 1928. №3;
Адамовіч А. Лірнік краіны ветлай: (З успамінаў пра Міколу Равенскага) // Бел. моладзь. 1961. №12;
1962. №13,16;
1963. №17;
Мдзівані Т.Г., Сергіенка Р.І. Кампазітары Беларусі. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ (Усевалад Аляксандравіч) (10.4.1895, г. Пушкін Ленінградскай вобл — 31.8.1977),
рускі паэт і перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). Друкаваўся з 1910. У зб-ках «Вялікая Мядзведзіца» (1926), «Гранітны сад» (1929), «...Зямное сэрца» (1933), «Акно ў сад» (1939) пісаў пра жыццё ў краіне, дзеячаў рус. культуры. Зб-кі «Голас Радзімы» (1943), «Ладага» (1945), «Родныя дарогі» (1947) пра падзеі Вял.Айч. вайны. Лірыка 1950—70-х г. прысвечана паўн. прыродзе і Ленінграду. Аўтар кніг пра А.Пушкіна («Чытаючы Пушкіна», 1962), мемуараў. З канца 1920-х г. перакладаў бел. паэзію. У 1930-я г. наведваў Беларусь, сустракаўся з бел. пісьменнікамі. На рус. мову пераклаў больш за 60 вершаў Я.Купалы, яго паэмы «Яна і я», «Тарасова доля», драму «Раскіданае гняздо» (з П.Кабзарэўскім). Я.Купалу прысвяціў некалькі вершаў і артыкулаў. Пераклаў таксама вершы Ф.Багушэвіча, Цёткі, П.Глебкі, У.Дубоўкі, К.Кірэенкі, М.Лужаніна, П.Панчанкі, М.Танка і інш. На бел. мову яго творы перакладалі Р.Баравікова, А.Вялюгін, Дубоўка, В.Зуёнак, Г.Кляўко, Р.Няхай, У.Паўлаў, Я.Сіпакоў, М.Танк і інш.
Тв.:
Избранное. Т 1—2. Л., 1974;
В созвездии Пушкина М., 1972;
Страницы жизни. 2 изд. М., 1974;
Город на Неве. 2 изд. Л., 1978;
Бел.пер. — у кн.: Паэты Ленінграда. Мн., 1948;
У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.
Літ.:
Васильева И.А. Всеволод Рождественский: Очерк жизни и творчества. Л., 1983;
Лиокумович Т. Поэзия Янки Купалы в русских переводах // Мастерство перевода. Сб. 12. 1979. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САВЕ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
штодзённая грамадска-паліт. газета. Выдавалася з 1.2.1920 у Смаленску, з 15.8.1920 да 21.3.1933 у Мінску на бел. мове. Першыя 10 нумароў выдаваліся 2 разы на тыдзень Бел.рэд. калегіяй ЦК КП(б) Літвы і Беларусі як 2-тыднёвы часопіс. З 15.8.1920 орган Рэўкома БССР, з 19.12.1920 — ЦВКБССР, з 16.1.1930 — ЦВК і СНКБССР. Адказныя рэдактары ў розныя гады: С.Булат, З.Жылуновіч (Ц.Гартны), У.Ігнатоўскі, М.Кудзелька (М.Чарот) і інш. Адлюстроўвала сац. і грамадска-паліт. працэсы, развіццё эканомікі, літ. руху і маст. культуры БССР у 1920 — пач, 1930-х г. Збірала вакол сябе раскіданыя па краіне літ. сілы, спрыяла творчаму супрацоўніцтву старэйшых і маладых пісьменнікаў. Друкавала творы А.Бабарэкі, Я.Бобрыка, П.Броўкі, З.Бядулі, А.Вечара, А.Вольнага, М.Гарэцкага, У.Дубоўкі, А.Дудара, М.Зарэцкага, Я.Коласа, К.Крапівы, А Куляшова, Я.Купалы, М.Лынькова, Я.Пушчы, Л.Родзевіча, П.Труса, К.Чорнага і інш. пісьменнікаў, літ.-знаўцаў, публіцыстаў і краязнаўцаў. Наладжвала літ.-маст. вечары і дыскусіі (пра БДТ-1, творчасць Ц.Гартнага, М.Чарота, М.Грамыкі), асвятляла тэатр. і муз. жыццё рэспублікі. маст. і этнагр. выстаўкі, садзейнічала ахове помнікаў прыроды, гісторыі і культуры. У 1930—33 ва ўмовах рэпрэсій, пашырэння вульгарна-сацыялагічнай крытыкі са старонак газеты зніклі лірычныя вершы, апавяданні, аб’ектыўныя навук. і крытычныя матэрыялы пра бел.нац. культуру, партрэты пісьменнікаў і мастакоў. Публікаваліся пераважна юбілейныя творы, апавяданні і нарысы на вытв. тэму, вульгарна-сацыялагічныя артыкулы і інш. Выдавала літ. дадаткі-часопісы «Радавая рунь» (1924), «Чырвоная краіна» (1927, 1929), «Літаратурны дадатак да газеты «Савецкая Беларусь» (1928).
руская паэтэса. Жонка М.Гумілёва. Паэтычны дэбют звязаны з акмеізмам. Першы зб. «Вечар» (1912). У кн. «Ружанец» (1914), «Белая чарада» (1917) замкнёны свет вытанчаных эстэт. і любоўных перажыванняў. У 1921 выйшлі зб-кі «Трыпутнік» і «Anno Domini MCM XXI» (на вокл. 1922). Нягледзячы на ломку ў 1917 звыклых для асяроддзя Ахматавай уяўленняў пра жыццё і прызначэнне паэта, яна не пакінула радзіму. Афіц. крытыка наз. яе «ўнутранай эмігранткай», творы паэтэсы не друкавалі. Аўтабіягр. цыкл «Рэквіем, 1935—1940» (апубл. 1987) пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Зб. «З шасці кніг» (1940) — спроба пераадолець адзіноту. У 1940-я г. з’яўляюцца ліра-эпічныя творы на гіст. тэмы (цыкл «У саракавым годзе», паэма «Шляхам усёй зямлі», «1913 год» — 1-я ч. «Паэмы без героя»). У лірыцы 1941—45 прагучала патрыят. тэма. У 1950—60-я г. ў яе творчасці паглыбляюцца гіст.-філас. і інтымна-лірычная тэмы. У «Паэме без героя» (нап. 1940—62, поўнасцю апубл. 1976), прасякнутай літ.-гіст. і асабістымі асацыяцыямі, адлюстравала эпоху «сярэбранага стагоддзя». Гісторыя, час, лёс — асн. тэмы зб. «Бег часу: Вершы, 1909—1965» (1965). Творам Ахматавай уласцівы напружаны псіхалагізм, выразнасць і дакладнасць слова, класічная прастата і яснасць стылю. Пераклады з усходняй, зах.-еўрап. класічнай паэзіі, з бел. — вершы У.Дубоўкі, М.Лужаніна; літ.-знаўчыя працы («Апошняя казка Пушкіна», «Гібель Пушкіна» і інш.), успаміны. На бел. мову творы Ахматавай перакладалі Э.Агняцвет, В.Аколава, Р.Баравікова, П.Макаль, В.Макарэвіч, Я.Міклашэўскі, В.Рабкевіч і інш.
Тв.:
Сочинения. Т. 1—2. М., 1990;
Дыхание песни: Кн. переводов. М., 1988.
Літ.:
Жирмунский В.М. Творчество Анны Ахматовой. Л., 1973;
Павловский А.И. Анна Ахматова: Жизнь и творчество. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМЕ́ВІЧ (Янка) (Іван Уладзіміравіч; н. 29.10.1938, в. Малая Кракотка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, фалькларыст, бібліёграф, перакладчык. Канд.філал.н. (1971). Скончыў БДУ (1960). Працаваў у выд-вах. З 1968 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя». Адначасова ў 1987—97 выкладаў у БДУ. Даследуе гісторыю бел. л-ры і культуры, фальклор. Увёў у навук. ўжытак невядомыя матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменнікаў Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, М.Арла, З.Верас, Т.Гардзялкоўскай, А.Зязюлі, К.Лейкі, Г.Леўчыка, Ф.Шантыра, У.Дубоўкі, фалькларыстаў і этнографаў Біруты, П.Дземідовіча, Р.Зянькевіча, Ч.Пяткевіча, М.Федароўскага і інш. Аўтар першага на Беларусі «Слоўніка беларускіх псеўданімаў (XVI—XX стст.)» (1983), манаграфіі «Міхал Федароўскі» (1972). Склаў бібліягр. даведнік «Беларускі фальклор (1926—1963)» (1964), кн. «М.Гарэцкі; Успаміны, артыкулы, дакументы» (1984, з А.Лісам), зб-кі Г.Леўчыка «Доля і хлеб» (1980, з Н.Ляшковіч), М.Арла «Лірнік» (1991), Я.Купалы «Вершы і паэмы» (1991, на рус. мове), «П’есы XIX — пачатку XX ст.» (1998), выбр. творы Я.Чачота «Свіцязь» (1999), зб-кі «Беларускія загадкі» (1982, 1989), «Мама Мышка сушыла шышкі: Беларускія народныя скорагаворкі» (1983), літ.-маст. каляндар «Кола дзён» (1987, 1988, у сааўт.), «Каляндар памятных дат 2001» (2001). На бел. мову пераклаў манаграфію «Беларуская казка» і паказальнік «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» Л.Барага, падручнік «Гісторыя беларускай савецкай музыкі», кн. Федароўскага «Люд беларускі: Вяселле», аповесць «Адысей з Беларусі» В.Гузанава, «Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану» Л.Патоцкага, раманы «Зверабой» Дж.Ф.Купера, «Блукаючыя зоркі» Шолам-Алейхема (з Г.Шупенькам) і інш. У 1979—88 адзін з вядучых тэлечасопіса «Роднае слова». Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. № 1;
Праз гады // Там жа. 1992. № 11—12.
Літ.:
Трыгубовіч В. Легла песня на душу // Так мы жывём. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІМАЦЫ́ЙНАЕ КІ́НО (ад лац. animatus адушаўлёны, жывы),
мультыплікацыя, від кінамастацтва, творы якога ствараюцца спосабам пакадравага малявання або інш. тэхнічнымі спосабамі.
Заснавана на пакадравай здымцы паслядоўных фазаў руху маляваных ці аб’ёмных персанажаў, пластычных кампазіцый. Праекцыя гэтых выяў на экран «ажыўляе» іх. Заснавальнік мультыплікацыі — франц. мастак і інжынер Э.Рэйно, які вынайшаў праксінаскол (1877), з дапамогай якога з 1892 даваў сеансы маляванага кіно («Аптычны тэатр»). У залежнасці ад тэхнікі стварэння сучаснае анімацыйнае кіно падзяляецца на маляванае (найб. вядомыя майстры У.Дысней, І.Іваноў-Вано, В.Кацёначкін, Р.Качанаў, Ю.Нарштэйн, Б.Сцяпанаў, Ф.Хітрук, А.Хржаноўскі); аб’ёмнае («лялечнае»; заснавальнік У.Старэвіч, І.Трнка, А.Птушко); зробленае з дапамогай ігольчастага экрана (відовішча стварае рух тысяч металічных стрыжанькоў; вынаходнік — франц. гравёр А.Аляксееў); ценявое (заснавана на прынцыпе тэатра ценяў; вынаходніца ням.рэж. Л.Райнігер); бяскамернае (малюнак наносяць адразу на плёнку; першы ў гэтай тэхніцы зрабіў фільм канадскі рэж Н.Мак-Ларэн); камп’ютэрнае.
Бел. анімацыйнае кіно першыя спробы зрабіла ў 1920-я г., выкарыстаўшы выяўл. традыцыі плакатаў і паліт. карыкатур. Мультыплікацыйныя навук.-папулярныя фільмы «Жывыя дамы́», «Бунт зубоў» (1928), «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930) былі першай экраннай рэкламай. У 1970—80-я г. ў ценявой тэхніцы зняты фільмы «Прытча пра зямлю», «Прытча пра паветра» і «Прытча пра ваду» (рэж. усіх І.Пікман), у стылі рухомага жывапісу або пластычнай музыкі — «Капрычыо», «Канчэрта Гроса» (І.Воўчак) і «Лафертаўская макоўніца» (А.Марчанка), традыцыі Дыснея прадоўжаны ў фільме «Марафон» (М.Тумеля), для дзяцей і дарослых зроблены маляваныя і лялечныя фільмы «Песня пра зубра» (А.Белавусаў), «Дудка-весялушка», «Несцерка» (Я.Ларчанка), «Ліса, Мужык і Мядзведзь», «Асцярожна, карасі!», «Гліняная Адоска», «Як Васіль гаспадарыў» (усе В.Доўнар), у якіх адлюстраваны бел. фальклор, «Светлячок і Расінка», «Мілавіца» (рэж. Ю.Батурын) на тэмы лірыкі М.Танка і У.Дубоўкі, «Цімка і Дзімка» (М.Лубянікава), «Хлопчык і птушка» (У.Піменаў), «Пра ката Васю і паляўнічую катавасію», «Пустэльнік і ружа», «Лістападнічак», «Пінчэр Боб і сем званочкаў» (усе К.Красніцкі), «Не шамацець!», «Фантазіі Сідарава» (Т.Жыткоўская) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́Ф’ЕЎ (Аляксандр Андрэевіч) (2.12.1900, с. Кабона Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 18.9.1971),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1970). Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Пецярбургскай настаўніцкай семінарыі (1913—17). Друкаваўся з 1919. Першыя зб-кі вершаў — «Поўдзень», «Вуліца Чырвоных Зор» (абодва 1931), «Перамога» (1932). У паэт. зб-ках «Атака», «Гармонік» (абодва 1943) і паэме «Расія» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946) услаўленне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар кніг паэзіі «Дарога праз мост» (1933), «Летапіс» (1934), «На абарону закаханых» (1939), «У краі маім» (1948), «У дарозе» (1953), «Прызнанні» (1957), «Яблыня над морам» (1958), «Запрашэнне да падарожжа» (1960, Ленінская прэмія 1961), «Пад сонцам і пад ліўнямі» (1964), «Развітанне з Прымор’ем» (1969), паэм «Сад» (1948), «Юнацтва» (1955), вершаў для дзяцей і інш. Паэзіі П. ўласцівыя грамадз. пафас, глыбокі лірызм, эмацыянальнасць і шчырасць, творчае выкарыстанне фальклору, нар. гумару і жарту, быліннасці і казачнасці. Некат. яго вершы пакладзены на музыку. Шэраг вершаў П. прысвяціў Беларусі, яе прыродзе («Беларусі», «Сябрам», «То ляцелі гусі...», «Лявоніха», «Ой, ляціце», думы...»), а таксама Я.Купалу, Я.Коласу, П.Броўку, С.Прытыцкаму. На рус. мову пераклаў многія творы Я.Купалы, Я.Коласа, паасобныя М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Чарота, П.Броўкі, П.Глебкі, М.Танка, П.Панчанкі, У.Дубоўкі, М.Лужаніна, А.Вялюгіна, Е.Лось і інш. Беларусі і яе л-ры прысвяціў арт. «У нагу з часам», «Веліч слова», «Слова пра веліч талента», «Сэрца народнае», «Рысы вялікага натхнення» і інш. Неаднаразова прыязджаў на Беларусь. На бел. мову яго вершы перакладалі М.Аўрамчык, Броўка, В.Вітка, А.Вольскі, Н.Гілевіч, Глебка, С.Грахоўскі, Дубоўка, М.Калачынскі, А.Куляшоў, Лось, Лужанін, П.Пестрак, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Танк, У.Шахавец і інш.
Тв.:
Собр соч. Т. 1—4. М., 1978—80;
Бел.пер. — Выбр. вершы. Мн., 1948;
Прызнанне ў любві. Мн., 1961;
Святло над светам. Мн., 1976.
Літ.:
Молдавский Д.М. Александр Прокофьев. Л., 1975;
Александр Прокофьев: Вспоминают друзья. М., 1977;
Панчанка П. На паэтычным небасхіле. Мн., 1977;
Ліякумовіч Ц. У сугучнасці з купалаўскім словам // Бел.літ. 1982. Вып. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ДНІЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
мастацкая проза пра рэальныя ці выдуманыя падзеі, насычаныя займальнымі калізіямі, нечаканымі паваротамі, матывамі выкраданняў і праследаванняў, раскрыццём таямніц і загадак. Дзеянне адбываецца ў асаблівых умовах; персанажы рэзка падзяляюцца на ліхадзеяў і герояў. П.л. звязана з дэтэктыўнай літаратурай, падарожжам і фантастычнай літаратурай.
Вытокі Пл. ў авантурных творах антычнасці («Метамарфозы» Л.Апулея) і сярэднявечча («Аповесць пра Трышчана»), Пл. фарміравалася і развівалася ў выніку пераасэнсавання ў эпоху барока рыцарскіх раманаў, з якімі непасрэдна звязана, і пад уплывам рамантызму. У ліку першых узораў П.л. былі «марскія раманы» Дж.Ф.Купера (ЗША) і Ф.Марыета (Вялікабрытанія), гіст.-прыгодніцкія раманы А.Дзюма-бацькі і сац.-прыгодніцкія Э.Сю (Францыя). Класічныя ўзоры П.л. — творы Т.М.Рыда. Р.Л.Стывенсана, Р.Хагарда (Вялікабрытанія), Ж.Верна, Л.А.Бусенара (Францыя), Дж.Лондана (ЗША) і інш. У рус. л-ры вядомы прыгодніцкія творы А.Грына, А.М.Талстога, А.Бяляева, братоў Вайнераў, В.Каверына, А.Рыбакова, Ю.Сямёнава, І.Яфрэмава, К.Вільмонт і інш.
На Беларусі элементы П.л. прысутнічаюць у мемуарах С.Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў, падарожжа і жыцця майго авантураў...» (1760; у бел.пер. «Авантуры майго жыцця», апубл. ў 1993), змест якіх нагадвае прыгодніцкі раман. Уласна П.л. склалася ў творчасці Я.Маўра. Яго аповесці «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) развіваюць традыцыі сусв. П.л. Вядомы прыгодніцкія аповесці «Каштанавы «Масквіч» Х.Жычкі (1959), «Злачынства ля Зялёнай тоні» У.Краўчанкі (1961), «Пажарніца» («Тайна бункера № 7») У.Паўлава (1968), «Эрпіды на планеце Зямля» П.Місько (1987), «Блуканні па іншасвеце» Я.Сіпакова (1994), «Пастка для пярэваратня» А.Якімовіча (1997) і інш.
Майстар прыгодніцкай прозы — У.Караткевіч (аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», 1964; раман «Чорны замак Альшанскі», 1979—80, і інш.). Прыгодніцкі элемент характэрны для асобных твораў Я.Коласа, З.Бядулі, М.Лынькова, Э.Самуйлёнка, К.Чорнага, У.Дубоўкі, С.Баранавых, Б.Мікуліча, Р.Мурашкі, Я.Нёманскага, І.Шамякіна, І.Сяркова. У прыгодніцкім жанры выступаюць А.Асіпенка, В.Гігевіч, Л.Дайнека, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, У.Ягоўдзік і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),
адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.
С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш. зах,еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.К.Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.Жукоўскі, А.Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.
У бел. паэзію С. увёў Я.Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.Труса («Над кубкам возера»), М.Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.Барадуліна, Э.Валасевіча, С.Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.Кірэенкі, Я.Сіпакова, М.Федзюковіча і інш.