«УЗВЫ́ШША»,
літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаваўся ў 1927—30 літ.-маст. згуртаваннем «Узвышша», у 1931 Бел. дзярж. выд-вам у Мінску на бел. мове. Заснавальнікі А.Бабарэка (літ. сакратар), З.Бядуля, У.Дубоўка, К.Крапіва, Я.Пушча, К.Чорны (гал. рэдактар), В.Шашалевіч. Меў аддзелы паэзіі, прозы, драматургіі, крытыкі і публіцыстыкі; хроніку культ. жыцця, рубрыку «Культура мовы». Арыентаваў пісьменнікаў на творчы эксперымент, наватарства, культуру творчасці, нац. самабытнасць, абгрунтаваў аквітызм як новы кірунак у бел. л-ры, яго сувязь з айч. сусв. маст. традыцыямі. Публікаваў творы Дубоўкі, К.Крапівы, П.Глебкі, З.Бядулі, М.Лужаніна, Я.Коласа, П.Труса, А.Звонака, даследаванні па гісторыі л-ры і тэатразнаўстве І.Замоціна, А.Вазнясенскага, Я.Барычэўскага, Ю.Бярозкі, Ю.Дрэйзіна, пераклады твораў з арм., груз., літ., ням., чэш. і інш. моў. У выніку рэпрэсій і ссылкі лідэраў згуртавання «Узвышша» часопіс страціў арыгінальны кірунак, набыў эклектычны змест, у 1931 перайшоў на вульгарна-сацыялагічныя пазіцыі. Выйшлі 44 нумары ў 39 кнігах.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Адам Бабарэка. Мн., 1976;
Яго ж. Зруйнаванае «Узвышша» // Роднае слова. 1999. № 10.
У.М.Конан.
т. 16, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)