ГО́МЕЛЬСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ РСДРП.

Аформілася ў канцы 1903. У студз. 1904 на правах раённай увайшла ў Палескі камітэт РСДРП. Пасля яго расфарміравання ў вер. 1905 пераўтворана ў раённую арг-цыю, падзялялася на Гарадскую, Навабеліцкую і Чыгуначную арг-цыі. У рэвалюцыю 1905—07 разам з Бундам кіравала выступленнямі працоўных, мела баявыя дружыны. У час кастр. паліт. стачкі 1905 яе прадстаўнікі ўваходзілі ў кааліцыйны рэв. к-т, у дні снежаньскай паліт. стачкі 1905 — у Гомельскі камітэт дэлегатаў. Вясной 1906 арг-цыя рэарганізавана ў акруговую. У 1907 разгромлена. У вер. 1909 адноўлены Гомельскі акр. к-т РСДРП. З 1911 дзейнічалі Чыгуначная і Навабеліцкая арг-цыі. Вясной 1912 Гомельская арганізацыя РСДРП удзельнічала ў правядзенні сходаў рабочых у знак пратэсту супраць Ленскага расстрэлу. Мела перадатачны пункт падп. л-ры, распаўсюджвала газ. «Правда» і збірала сродкі ў яе фонд, арганізоўвала стачкі, паліт. сходкі, выдавала і распаўсюджвала лістоўкі. Удзельнічала ў падрыхтоўцы Гомельскага перасыльнага пункта паўстання 1916. Напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917 у горадзе дзейнічалі с.-д. групы на эвакуіраваных заводах. У сак. 1917 яны ўвайшлі ў склад Гомельскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. У крас. 1917 бальшавікі выйшлі з яе і ўтварылі самастойны Палескі к-т РСДРП(б).

М.​В.​Біч.

т. 5, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСАЛІТЭ́Т (франц. vassalité ад позналац. vassallus васал, vassus слуга),

сістэма адносін асабістай залежнасці адных феадалаў (васалаў) ад іншых (сеньёраў або сюзерэнаў) у Зах. Еўропе. Упершыню склаўся ў позняй Франкскай імперыі пры Карле Вялікім (768—814), далейшае развіццё атрымаў у Германіі, Францыі, Англіі. На Беларусі ў класічным выглядзе не аформіўся, спец. тэрміна для яго абазначэння не было, аднак сістэма васальнай залежнасці існавала. У часы Кіеўскай Русі князі ўступалі паміж сабой у васалітэт, калі адзін з іх пагаджаўся лічыцца «сынам» другога (пры раўнапраўных адносінах князі звалі адзін аднаго «братамі»). Баяры былі васаламі таго князя, якому служылі і ад якога за службу мелі маёнткі. У 11—12 ст. у найбуйнейшых баяр з васалаў 3-га ўзроўню з’явіліся асабістыя дружыны. У ВКЛ у 13—14 ст. сістэма кіравання асобнымі землямі (княствамі) будавалася на васальнай залежнасці князёў ад вял. князя ВКЛ. Адначасова кожны князь меў васалаў з баяр, некаторыя з іх былі васаламі непасрэдна вял. князя ВКЛ. У канцы 14—15 ст. юрыд. правы непасрэдных васалаў вял. князя ВКЛ замацаваны ў шэрагу прывілеяў. Шляхта атрымала права распараджацца сваімі ўладаннямі. Васальныя адносіны гэтай групы феадалаў з вял. князем звяліся да абавязку ваен. службы і права падлягаць суду вял. князя ВКЛ ці яго намеснікаў.

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НСКІХ РЫБАКО́Ў ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1935,

барацьба сялян прынарачанскіх вёсак супраць забароны ўрадам Польшчы свабодна лавіць рыбу. Паводле прынятага польскім урадам у 1932 закона аб нацыяналізацыі рэк і азёр воз. Нарач перайшло да Дырэкцыі дзярж. лясоў і здадзена ў арэнду акц. т-ву на чале з памешчыкам Яблонскім, які ў 1935 забараніў сялянам рыбны промысел. Сяляне навакольных вёсак адмовіліся выконваць гэтае распараджэнне. Пачаліся сутычкі з паліцыяй, арышты. ЦК КПЗБ накіраваў на Нарач сваіх прадстаўнікоў А.​К.​Шчасную і А.​І.​Багданчука, звярнуўся з адозвай «Брацкае слова да рыбакоў возера Нарач і ўсіх азёр Заходняй Беларусі», выдаў лістоўку «Возера належыць вам». У чэрв. 1935 выбраны забастовачны к-т, у які ўвайшлі рыбакі І.​П.​Зарэцкі, К.​І.​Субач, М.​І.​Субач, І.​А.​Чарняўскі і інш. У жн. пачалася забастоўка, прагнаны арандатар, сяляне не пускалі на працу штрэйкбрэхераў, вялі арганізаваную лоўлю і продаж рыбы. Паліцыя правяла арышты. Да забастоўкі далучыліся рыбакі Браслаўскіх азёр, баставала каля 40 вёсак. Дружыны самаабароны ахоўвалі лодкі і сеткі. Улады вымушаны былі пайсці на частковыя ўступкі: павысілі цану на рыбу, дазволілі сялянам лавіць рыбу сваімі сеткамі. Барацьба за свабодную лоўлю рыбы і адмену закона аб нацыяналізацыі працягвалася да вер. 1939. Выступленню нарачанскіх рыбакоў прысвечана паэма М.​Танка «Нарач» (1937), карціна В.​Цвіркі «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (1957) і інш.

Да арт. Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935. Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач. З карціны В.​Цвіркі 1957.

т. 11, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯДО́ВАЕ ПАБО́ІШЧА 1242,

бітва паміж наўгародскім войскам і рыцарамі ням. Лівонскага ордэна на лёдзе Чудскога воз. 11 красавіка. Выкарыстаўшы аслабленне Русі з-за мангола-тат. нашэсця хана Батыя, ням. крыжакі, дацкія і шведскія феадалы ўзмацнілі націск на паўн.-зах. землі суседзяў. Шведы былі разгромлены ў вусці р. Нява (гл. Неўская бітва 1240); у гэтым жа годзе крыжакі захапілі Ізборск і Пскоў. На землях племя водзь (Водская пяціна) яны пабудавалі крэпасць Капор’е, адкуль рабілі набегі на Наўгародчыну. У 1241 наўгародскі кн. Аляксандр Неўскі, сабраўшы войска з наўгародцаў, ладажан, іжорцаў і карэлаў, выбіў лівонцаў з Капор’я і зруйнаваў крэпасць; потым штурмам узяў Пскоў, адкуль рушыў на землі ордэна. Крыжакі выступілі насустрач з раёна Дэрпцкага біскупства. Частка іх войска накіравалася да Ізборска, асн. сілы — да Пскоўскага возера. Даведаўшыся пра напрамкі руху рыцараў, Аляксандр Неўскі павярнуў сваё войска да Узмені (самае вузкае месца, дзе злучаюцца Чудское і Пскоўскае азёры) і размясціўся насупраць в. Варонін Камень. Умела выкарыстоўваючы мясцовасць і колькасную перавагу (наўгародскае войска налічвала 15—17 тыс. чал.) і ведаючы тактыку лівонцаў (наступленне «клінам» або т.зв. «свіннёй»), кн. Аляксандр Неўскі б. ч. сваіх сіл паставіў на флангах, княжацкую дружыну схаваў у засадзе. Рыцарскае войска (10—12 тыс. чал.), узмоцненае атрадамі эстаў (чудзі), на досвітку 11 крас. прарвала цэнтр абароны наўгародцаў, дзе стаялі пешае апалчэнне і перадавы полк. Потым крыжакі ўступілі ў схватку з добра ўзброенай пяхотай і конніцай, што размяшчаліся на флангах. Пазбаўленыя магчымасці манеўра, яны не змаглі развіць поспех. Удар засаднай княжацкай дружыны спрыяў канчатковаму акружэнню рыцараў і разгрому іх. Л.п. — адна з выдатных бітваў сярэдневякоўя, якая ў значнай меры прыпыніла экспансію крыжакоў на У (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.).

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ НА БЕЛАРУ́СІ ў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20.

У ходзе 1-й сусв. вайны герм. войскі да 1915 акупіравалі амаль палову тэр. Беларусі. 18.2.1918 герм. войскі, з парушэннем умоў перамір’я з Расіяй, пачалі наступленне па ўсім фронце і акупіравалі б.ч. Беларусі (да Зах. Дзвіны, Дняпра і Сажа). 23.2.1918 галоўнакаманд. Зах. фронтам А.​Ф.​Мяснікоў выдаў загад аб стварэнні партыз. атрадаў па ўсёй лініі фронту ў раёнах Полацка, Оршы, Магілёва, Быхава, Жлобіна, Гомеля, Мазыра, Калінкавіч. Іх дзеянні каардынаваў Палескі рэўком, які складаўся з камуністаў і левых эсэраў. Да жн. 1918 большасць партыз. атрадаў на тэр. Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губ. знаходзілася пад кантролем камуністаў і левых эсэраў. У жн. 1918 камуністы нейтралізавалі эсэраў і ўстанавілі ўласны кантроль над гэтымі атрадамі. На кіраўніцтва партыз. рухам прэтэндавала і Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Летам 1918 яна кантралявала партыз. атрады ў Мінскай і Гродзенскай губ. Найб. размах партыз. рух набыў увосень 1918. Кіраўніцтва партыі бел. эсэраў перагледзела тактыку барацьбы з ням. акупантамі і заклікала паўстанцкія сял. атрады да ўзбр. супраціўлення. У месцах дзеяння партыз. атрадаў па ініцыятыве ЦК БПС-Р выбіраліся мясц. органы ўлады БНР — вал., пав., губ. рады. У Магілёўскім. Барысаўскім, Бабруйскім, Мінскім, Рэчыцкім, Слуцкім пав. дзейнічала больш за 100 атрадаў, адбылося Палескае паўстанне 1918—19. Пасля Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі сітуацыя на Беларусі змянілася. ЦК БПС-Р абвясціў, што незалежнасці БНР можна дасягнуць толькі пры падтрымцы бел. народа, і сфармуляваў ідэю «трэцяй сілы» ў бел. рэвалюцыі, маючы на ўвазе сваю партыю, якая абапіралася на сял. паўстанцкія дружыны. Але з-за арганізацыйнай няўстойлівасці БПС-Р не магла адыграць вырашальнай ролі ў барацьбе за ўмацаванне ўлады Рады БНР. Вясной 1919 пачалі наступленне польск. войскі і да канца лета 1919 занялі б.ч. Беларусі (да р. Бярэзіна). Вызв. барацьба супраць акупантаў згладзіла рознагалоссі паміж камуністамі і беларускімі эсэрамі і зблізіла іх пазіцыі ў адносінах да партыз. руху. У жн. 1919 ЦК КП(б)Б заснаваў Бюро па нелегальнай рабоце, якое займалася фарміраваннем партыз. атрадаў франтавой зоны. Пад кіраўніцтвам паўстанцкіх цэнтраў ЦК КП(б)ЛіБ у раёне Мінска дзейнічалі козыраўскія партызаны (камандзір С.​С.​Плашчынскі), дукорскія партызаны, партыз. атрады І.​В.​Маслыкі, А.​Раманоўскага, С.​В.​Гладкага, у наваколлі Старых Дарог — атрады А.​К.​Паланейчыка, І.​Тышкевіча, А.​Таміловіча і інш., у Бабруйскім пав. — 90 атрадаў і груп. У Бабруйскім пав. ў выніку паспяховых аперацый партызан была створана Рудабельская рэспубліка. Буйныя партыз. атрады дзейнічалі на Пд Бабруйскага пав. ў раёне Азарыч, у ваколіцах Петрыкава (камандзір В.​І.​Талаш), у Пінскім пав. (М.​В.​Арбузаў), у раёне Мазыра (атрад «Пралетарый», камандзір П.​А.​Варабей). Паўстанцкія і партыз. атрады бел. эсэраў былі аб’яднаны ў адзіную цэнтралізаваную арг-цыю — Нар. ваен. самаабарону, якая па сутнасці была зародкам бел. нац. арміі. На пач. 1920 на акупіраванай тэр. Беларусі фактычна адбылося ўз’яднанне 2 плыняў партыз. руху — камуніст. і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя. У студз. 1920 кіраўнікі ВПС-Р і КП(б)ЛіБ распрацавалі план узбр. паўстання і стварылі Бел. паўстанцкі к-т, які выконваў функцыі каардынац. цэнтра партыз. руху. У канцы ліп. 1920 у выніку наступлення Чырв. Арміі П.р. на Беларусі раскалоўся на 2 паліт. арыентацыі — камуніст. і эсэраўскую. На апошнім этапе барацьбы партыз. атрады, якімі кіравала БПС-Р, выступілі ў абарону незалежнасці БНР. Барацьба за нац. ідэю найб. праявілася ў ходзе Слуцкага паўстання 1920, якое падтрымалі эсэраўскія сял. дружыны. У гэты час узнікла паліт. сял. арг-цыя «Зялёны дуб». Пад яе кіраўніцтвам дзейнічала 40 атрадаў, якія налічвалі больш за 5 тыс. чал. на тэр. БССР і 6 тыс. у Зах. Беларусі. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 П.р. выйшаў за межы БССР і разгарнуўся пераважна на тэр. Зах. Беларусі, якая адышла да Польшчы.

М.​С.​Сташкевіч.

Да арт. Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай акупацыі 1918—20. Атрад беларускіх партызан у тыле польскіх акупантаў.

т. 12, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́РЫЯ (італьян. cavalleria ад лац. caballus конь),

конніца, род сухапутных войск, дзе для вядзення баявых дзеянняў і перамяшчэння выкарыстоўваўся верхавы конь. Вырашала розныя тактычныя і аператыўна-стратэг. задачы, у т. л. праводзіла самаст. дзеянні ў адрыве ад астатніх войск, пераадольвала вял. адлегласці за кароткі час, хутка разгортвалася да бою, пераходзіла ад адных дзеянняў да інш. у конным і пешым страі і інш.

Зарадзілася ў краінах Стараж. Усходу ў раёнах масавага развядзення коней. Як род войск узнікла ў 9 ст. да н.э. ў асірыйскай арміі. Рэгулярная К. ўтворана ў Стараж. Грэцыі, вял. развіцця дасягнула ў арміі Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.). У далейшым была адным з гал. родаў войск у многіх дзяржавах.

У Беларусі прыкметы існавання К. вядомы з 1 ст. да н.э. (шпора з гарадзішча Чаплін). З развіццём дзярж. адносін з’явіліся конныя дружыны князёў і буйных феадалаў. Да 12 ст. склаўся характэрны арсенал коннага ваяра: доўгая піка, меч або шабля, сякерка-чакан, кісцень, невял. шчыт. Паводле комплексу ўзбраення вылучаліся цяжка- і лёгкаўзброеныя коннікі. У 13—14 ст. К. ператварылася ў асн. род войска. У канцы 14 — пач. 15 ст. ў сувязі са з’яўленнем у ВКЛ служылых татар вял. пашырэнне атрымалі коннікі, узброеныя лукам. У канцы 15 — пач. 16 ст. са з’яўленнем суцэльнакаваных даспехаў кавалерысты-капійнікі падзяліліся на «даспешных» і «шчытовых» (гусараў). З 16 ст. кавалерысты-стральцы, узброеныя з 14 ст. арбалетамі, забяспечваліся ручной агнястрэльнай зброяй. У канцы 16 — пач. 17 ст. адбылося рэфармаванне К., яна падзелена на цяжкую (гусары, рэйтары, аркебузеры), сярэднюю (панцырныя або пяцігорцы) і лёгкую. З 18 ст. К. ў асн. ужо не карысталіся ахоўным даспехам. К. адыграла значную ролю ў ваен. дзеяннях на тэр. Беларусі ў 1918—20. У Вял. Айч. вайну ў вызваленні Беларусі ўдзельнічалі Гродзенская (13-я), Кубанска-Баранавіцкая і Кубанска-Слуцкая (9-я і 10-я гвардзейскія казацкія) дывізіі і інш. кав. часці. Гл. таксама Драгуны, Кірасіры, Уланы.

Літ.:

Гатовский В.Н. Конница. Кн. 1—2, 4. М., 1925—28;

Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994.

С.​Л.​Вілейка.

т. 7, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ УСЕРАСІ́ЙСКАЯ ПАЛІТЫ́ЧНАЯ СТА́ЧКА 1905,

адзін з этапаў рэвалюцыі 1905—07. Пачалася 20 кастр. забастоўкай рабочых Маскоўска-Казанскай чыгункі. Па закліку Усерас. чыг. саюза на працягу 10 дзён быў спынены рух на чыгунках Расіі, што садзейнічала зліццю шматлікіх агульнагар. забастовак ва ўсерас. стачку. Удзельнічала каля 2 млн. чал. Праходзіла пад заклікамі звяржэння самадзяржаўя і ўстанаўлення дэмакр. рэспублікі. Арганізатары і кіраўнікі выступленняў — агульнагар. выбраныя стачачныя к-ты (у Пецярбургу, Маскве, інш. прамысл. цэнтрах яны наз. Саветамі рабочых дэпутатаў). Яны выступалі як органы ўлады і абапіраліся на баявыя дружыны. Стачка паралізавала дзейнасць урада. Цар Мікалай II вымушаны быў выдаць Маніфест (гл. Маніфест 17 кастрычніка 1905). На чыгунках Беларусі 23—25 кастр. спыніўся рух цягнікоў. Чыгуначнікаў падтрымалі рабочыя фабрык і заводаў, рамесных майстэрняў, работнікі гандлю і сферы абслугоўвання, служачыя, вучнёўская моладзь. Да 31 кастр. стачка ахапіла многія гарады, мястэчкі, чыг. станцыі, у т. л. Мінск, Віцебск, Магілёў, Гродна, Гомель, Брэст, Бабруйск, Оршу, Пінск, Полацк, Слуцк, Смаргонь, Горкі, Копысь, Баранавічы і інш. Суправаджалася дэманстрацыямі і мітынгамі з заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Месцамі адбыліся сутычкі з паліцыяй і войскамі. У Гомелі 27 кастр. пры разгоне дэманстрацыі ахвярамі сталі 7 чал., у Віцебску 31 кастр. забіта 7 чал. Пахаванне ахвяр вылілася ў 40-тысячны мітынг. У Мінску 31 кастр. расстраляны 20-тысячны мітынг (гл. Курлоўскі расстрэл 1905). Выступленнямі на буйных прадпрыемствах і чыг. вузлах кіравалі выбарныя стачачныя к-ты, агульнагар. забастоўкамі, мітынгамі, дэманстрацыямі — кааліцыйныя саветы і к-ты, якія складаліся з прадстаўнікоў найб. уплывовых мясц. арг-цый (РСДРП, Бунд, Чыгуначны саюз). У Брэсце і Гродне, дзе да канца 1905 не было арг-цый РСДРП, рухам кіравалі мясц. к-ты Бунда і Польск. сацыяліст. партыі ў Літве. На Беларусі стачка ахапіла 32 нас. пункты. Агульная колькасць стачачнікаў толькі ў прам-сці дасягала 66 тыс. чал. Паліт. рух працоўных у кастр. 1905 ахапіў 53 гарады і мястэчкі Беларусі (удзельнічала 223 тыс. чал.). На Беларусі стачка спынілася да 7 ліст.

У.​Г.​Філякоў.

т. 8, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯНЕ́РСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,

грамадскія арг-цыі дзяцей і дарослых, члены якіх называюць сябе піянерамі (франц. pionnier даследчык). Існуюць у Расіі, Украіне, Беларусі, Казахстане, Кітаі, Францыі, Партугаліі, Фінляндыі і інш. краінах, адрозніваюцца структурай, мэтамі і формамі дзейнасці. Упершыню ўзніклі ў Расіі ў маі 1922 як дзіцячыя камуніст. арг-цыі, якія ў кастр. 1922 аб’яднаны ва ўсерас. дзіцячую камуніст. арг-цыю «Юныя піянеры імя Спартака» (з 1926 Усесаюзная П.а. імя У.​І.​Леніна). П.а. СССР (у 1988 больш за 20 млн. 10—15-гадовых піянераў-школьнікаў) дзейнічала пад кіраўніцтвам камсамола як яго рэзерв і памочнік, мела сетку пазашкольных устаноў — палацы і дамы піянераў і школьнікаў, піянерскія лагеры і інш., выдавала (1988) 34 газеты і 53 часопісы. Ў яе ўваходзіла Бел. П.а. імя У.​І.​Леніна (створана ў 1922, каля 900 тыс. чл. у 1977). З 1920-х г. П.а. існавалі пры камуніст. і левых сацыяліст. і рабочых партыях многіх краін (у т. л. ў Зах. Беларусі). Распад сусв. сацыяліст. сістэмы і СССР выклікаў крызіс піянерскага руху. Усесаюзная П.а. імя У.​І.​Леніна 1.10.1990 пераўтворана ў Саюз П.а. — Федэрацыю дзіцячых арг-цый, якая ў 2001 аб’ядноўвала на ўмовах свабоднай асацыяцыі 65 піянерскіх і інш. дзіцячых арг-цый у большасці б. рэспублік СССР. Яе членам з’яўляецца грамадскае аб’яднанне Бел. рэсп. піянерская арг-цыя (БРПА, утворана 13.9.1990) — добраахвотная непаліт. грамадская арг-цыя дзяцей (ад 7 гадоў) і дарослых (узрост неабмежаваны) са свабодным членствам, правапераемніца Бел. П.а. імя У.​І.​Леніна. Налічвае (2001) 280 тыс. членаў. Гал. мэта — дапамагчы падлеткам у іх грамадз. станаўленні, арыентаваць іх на актыўную стваральную дзейнасць, накіраваную на пазнанне свету і паляпшэнне навакольнага жыцця. Кіруючыя органы — Цэнтр. савет (Мінск), абласныя, гар. і раённыя саветы піянераў. Вышэйшы орган — рэсп. злёт, які раз у 3 гады выбірае старшыню Цэнтр. савета. Асн. праца БРПА вядзецца ў школах, дзе ствараюцца піянерскія дружыны (5 і больш піянераў), якія могуць аб’ядноўвацца ў атрады. Членства ў арг-цыі падзяляецца на 4 ступені: «наследнікі» (папярэдняя ступень, школьнікі 7—10 гадоў), «даследчыкі» (уласна піянеры, дзеці з 10 гадоў), «выпрабавальнікі» (старэйшыя піянеры), «лідэры» (кіраўнікі аб’яднанняў). «Даследчыкі», «выпрабавальнікі» і «лідэры» носяць чырв. гальштукі з адпаведнай колькасцю каляровых стужак-нашывак. БРПА працуе па 5 асн. праграмах: «Сем Я» — самапазнанне і развіццё асобы; «Наследнікі» — праца з малодшымі школьнікамі; «Спадчына» — засваенне сац.-культ. традыцый, фарміраванне экалагічнага мыслення, «Гульня — справа сур’ёзная» — выкарыстанне патэнцыялу гульні ў гуманізацыі адносін паміж падлеткамі; «Дзіцячы ордэн міласэрнасці». Вынікі выканання праграм падводзяцца ў штогадовых летніх палатачных лагерах.

А.​Л.​Бабіцкі.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ ПЕРАСЯЛЕ́ННЕ НАРО́ДАЎ,

масавыя міграцыі герм., слав., цюрк., іранскіх і інш. плямён на тэр. Рым. імперыі і ў суседнія землі ў 4—7 ст. Сярод яго прычын былі колькасны рост плямён (у т. л. ў сувязі з іх пераходам да аселасці), спусташэнне с.-г. угоддзяў, уціск з боку суседзяў, разлажэнне першабытнаабшчынных адносін і станаўленне феад. парадкаў (узрастанне ролі плем. правадыроў, якія стваралі моцныя ваен. дружыны для захопу і рабавання чужых зямель).

Пачатак Вялікаму перасяленню народаў паклала нашэсце ў Еўропу цюрк. плямён гунаў, якія напалі на іранамоўных аланаў (сярэдзіна 4 ст.), разграмілі германамоўных остготаў (375), пацяснілі вестготаў. Апошнія са згоды рым. імператара перасяліліся на Балканскі п-аў (у 378 паўсталі і ў саюзе з гунамі і аланамі разграмілі рымлян у бітве каля Адрыянопаля — сучаснага г. Эдырне), праніклі на тэр. Італіі (пач. 5 ст.) і захапілі Рым (410). Пераможаны імператар Зах.-Рым. імперыі аддаў вестготам Аквітанію, дзе ў 419 утварылася першая герм. дзяржава — Тулузскае каралеўства. Пазней пад уладу вестготаў перайшла Паўн.-ўсх. ч. Пірэнейскага п-ва; яго крайні ПнЗ заняло герм. племя свеваў. У 439 на тэр. рым. правінцыі Афрыка (паўн. вобласці Марока, Алжыра і Туніса) вандалы стварылі другую герм. дзяржаву. У сярэдзіне 5 ст. ў Галіі ўтвораны Бургундскае (на ПдУ) і Франкскае (на ПнУ) герм. каралеўствы; герм. плямёны англаў, саксаў і ютаў распачалі Англасаксонскае заваяванне Брытаніі (пакінута рымлянамі ў 407). Да сярэдзіны 5 ст. гуны перакачавалі з чарнаморскіх стэпаў на Дунайскую раўніну, аднак іх уварванне (разам з остготамі) у Галію спынілі рымляне (бітва на Каталаунскіх палях у 451). У 476 герм. военачальнік Адаакр скінуў апошняга імператара Зах.-Рым. імперыі Ромула Аўгустула. У 488 у Італію з Балканскага п-ва ўварваліся остготы, якія ў 493 заснавалі дзяржаву на тэр. ад Дуная да Цэнтр. Італіі. У 568 Пн Італіі заваявалі германамоўныя лангабарды. У 6 ст. на Дунайскую нізіну ўварваліся цюркамоўныя авары і панавалі тут да 8 ст. Ва Усх. Еўропе пачынаючы з 6 ст. вядучая роля ў міграцыйных працэсах належала славянам, асн. аб’ектам націску якіх была Візантыя. У 578 вял. група слав. плямён (каля 100 тыс. чал.) пераправілася цераз Дунай і пранікла ў Фракію, Македонію, Ілірыю, Фесалію, Эладу. У выніку ўварвання 589 славяне дайшлі да Пелапанеса. У 6—7 ст. яны рассяліліся на тэр. ад берагоў Чорнага і Эгейскага мораў да Адрыятыкі, у т. л. ў Далмацыі і Ілірыі; некат. плямёны праніклі ў М. Азію. У 626 славяне аблажылі сталіцу Візант. імперыі — Канстанцінопаль.

Вялікае перасяленне народаў садзейнічала заняпаду і распаду Зах.-Рым. імперыі і адначасова фарсіравала сац. развіццё саміх мігрантаў, вяло да стварэння ў іх буйных этн. утварэнняў і раннефеад. дзяржаў. Пад тэрмінам «Вялікае перасяленне народаў» часам разумеюць больш раннія (напр., перасяленні германцаў канца 2 — пач. 4 ст.) і больш познія міграцыі (заваяванні арабаў, нарманаў, цюркамоўных протабалгараў, мадзьяраў і г.д. канца 7—9 ст.).

Літ.:

Корсунский А.Р., Гюнтер Р. Упадок и гибель Западной Римской империи и возникновение германских королевств (до середины VI в.). М., 1984;

Буданова В.П. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЕ́ЛЛЕ,

комплекс абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць заключэнне шлюбу і з’яўляюцца своеасаблівым актам зацвярджэння новай сям’і. Вяселле як абрадавае афармленне шлюбу ўзнікла ў перыяд патрыярхату з усталяваннем аднашлюбнасці (гл. Манагамія). Для кожнага народа на пэўнай ступені яго развіцця характэрны традыц. ўстойлівы комплекс вясельных абрадаў, які спалучаецца з усімі відамі нар. мастацтва (тэатралізаваныя дзеянні, музыка, спевы, танцы і да т.п.). Асн. момант вясельнай абраднасці ўсіх народаў свету — пераезд нявесты з дому бацькоў у дом жаніха.

Багацце і разнастайнасць абраднасці бел. вяселля вынікаюць з прававой сілы яго працэдур, якія павінны былі абавязкова выконвацца пры сведках (родзе, суседзях), што ў сваю чаргу ўзаконьвала маёмасныя, этычныя правы, адносіны і абавязкі будучай сям’і. Толькі з моманту вяселля маладыя прызнаваліся самаст. членамі абшчыны. Згодна з паслядоўнасцю абрадавых дзеянняў традыц. бел. вяселле падзяляецца на 3 асн. часткі: давясельную, або падрыхтоўчую (выглядзіны, даведкі, сватанне, запоіны, агледзіны, заручыны); уласна вясельную (суборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны маладога да маладой, шлюб, пераезд да маладога, камора, пасаг, завіванне, выпрабаванне здольнасцей і характару маладой, дзяльба каравая, абдорванне маладых); паслявясельную (пярэзвы). У агульным цыкле абраднасці значэнне гэтых частак неаднолькавае. Давясельная з’яўляецца пераважна фармальна-бытавой — у час яе адбываецца пагадненне паміж бацькамі маладых пра заключэнне шлюбу. Уласна вяселле займае гал. месца ў традыц. вясельнай абраднасці і характарызуецца багаццем цырымоній, гал. сярод якіх абрад звядзення маладых, які замацоўвае іх шлюб і злучае на ўсё жыццё. Заключная частка вясельнага цыкла мае пераважна гульнёвы характар. У кожнай мясцовасці была свая ўсталяваная вясельная пара: у адных жаніліся пасля Вялікадня, у другіх — пасля Пятра і Паўла, ў трэціх — зімой, але найчасцей жаніліся ўвосень ад Пакроваў да каляднага посту, пасля заканчэння асн. палявых работ. Вяселле было важнай падзеяй у жыцці маладых і ўсёй грамады. Гэтым у першую чаргу тлумачыцца дакладная распрацаванасць усіх эпізодаў вясельнага абраду, кожнаму з якіх адпавядаў свой рытуал. Багатымі і разнастайнымі былі вясельныя песні, прыгаворкі, прыказкі, абрадавыя танцы, якія суправаджалі і тлумачылі кожны з гэтых эпізодаў. Удзельнікі вяселля (маладая, або княгіня, малады, або князь, сват і свацця, дружкі нявесты і дружына жаніха) выконвалі адведзеную ім ролю паводле нар. светапогляду, традыцый і этыкету.

Характэрная рыса бел. вяселля — наяўнасць стараж. рэлігійна-абрадавых і сац.-быт. элементаў, якія ўзыходзяць да эпохі матрыярхату і захоўваюць перажыткі і водгукі татэмістычных вераванняў і культаў (культ расліннасці, жывёл, нябесных свяціл). Ад эпохі родаплемяннога побыту ў выглядзе гульні дайшлі абрады выкрадання і куплі-продажу нявесты. У правасл. перыяд абрад вяселля складаўся з адносна невял. колькасці магічных дзеянняў, сэнс якіх раскрывалі кароткія песні заклікальнага і эратычнага зместу. Пазней вяселле ператварылася ў шматсастаўны абрад з элементамі стараж. магіі, складанае драматычнае дзеянне з мноствам дзейных асоб. У 19 ст. з развіццём капіталіст. спосабу вытв-сці і распадам патрыярхальнай сям’і ў бел. вяселлі паявіліся новыя матывы: павышаная ўвага да пасагу, нязгода маладых з існуючым сямейным укладам і г.д. Абавязковым стаў абрад вянчання ў царкве (касцёле). У наш час многія элементы традыц. вяселля зніклі або змяніліся, а само яно ператварылася ва ўрачыстую цырымонію пасля афіц. рэгістрацыі шлюбу.

Літ.:

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.

Л.​А.​Малаш.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)