СПІРЫДО́НАВА Марыя Аляксандраўна (28.10.1884, г. Тамбоў, Расія — 11.9.1941),
расійскі паліт. дзеяч. З 1900—01 чл. тамбоўскай арг-цыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), потым — эсэраўскай баявой дружыны. 29.1.1906 смяротна параніла тамбоўскага губ. саветніка Г.М.Лужаноўскага — кіраўніка мясц. чарнасоценцаў і арганізатара жорсткіх карных акцый супраць сялян. Пры арышце зазнала катаванні, суд. працэс над ёй меў шырокі грамадскі рэзананс. Прыгаворана да смяротнага пакарання, замененага бестэрміновай катаргай. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вызвалена і стала адным з лідэраў левага крыла эсэраў. Прызнала Кастр. рэвалюцыю 1917. З ліст. 1917 чл. ЦК партыі левых эсэраў, чл. Прэзідыума ВЦВК, дэлегат 3—5-га з’ездаў Саветаў Расіі. Адзін з арганізатараў леваэсэраўскага мяцяжу 1918, пасля падаўлення якога прыгаворана да 1 года зняволення (амнісціравана ВЦВК). Пазней неаднаразова арыштоўвалася сав. ўладамі, у т. л. ў студз. 1919 у Мінску; з 1923 у ссылцы. У лют. 1937 беспадстаўна абвінавачана ў тэрарыст. дзейнасці, у студз. 1938 асуджана на 25 гадоў зняволення; расстраляна паводле прыгавору Ваен. калегіі Вярх. суда СССР.
Літ.:
Гусев К.В. Эсеровская богородица. М., 1992;
Кравченко Т.Ю. Возлюбленная террора. М.;
Смоленск, 1998.
Э.А.Ліпецкі.
т. 15, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)