НІКАДЗІ́МАВА,
гарадзішча 3-й чвэрці 1-га тыс. н.э. каля в. Нікадзімава Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Купалападобным насыпам і валам падзелена на 2 часткі (памеры 40 × 36 і 48 × 48 м). Умацавана валамі выш. 4,5 м. Пры даследаванні выяўлены рэшткі замкнёнай кругавой пабудовы слупавой канструкцыі, падзеленай на асобныя жылыя і гасп. памяшканні. Унутры жылых памяшканняў захаваліся рэшткі агнішчаў. Знойдзены жал. прылады працы і зброя, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі, гліняныя прасліцы, льячкі, ліцейныя формачкі, фрагменты ляпнога посуду і інш. Знойдзены скарб: скураны пояс з бронзавымі спражкай і накладкамі, пакрытымі серабром, 2 нажы ў ножнах і крэсіва ў футарале, зліткі і шматлікія бляшкі з алавяніста-свінцовага сплаву. Гарадзішча загінула ад пажару. Лічаць, што тут знаходзіўся адм.-тэр. цэнтр значнай акругі, сядзіба правадыра і яго дружыны.
т. 11, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)