французскі архітэктар, гісторык і тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў тэорыі і практыкі рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Рэстаўрыраваў шэраг франц. гатычных сабораў і замкаў (сабор Нотр-Дам у Парыжы, з 1845, разам з Ж.Б.Ласю; умацаванні Каркасона, замак П’ерфон і інш.). У гістарычна-тэарэт. працах імкнуўся выявіць агульныя заканамернасці архітэктуры, своеасаблівасць нац. школ, прыроду сярэдневяковага мастацтва («Тлумачальны слоўнік французскай архітэктуры», т. 1—10, 1854—68; «Гутаркі аб архітэктуры», т. 1—2, 1858—72, рус.пер. 1937—38; «Рускае мастацтва», 1877, рус.пер. 1879).
Літ.:
Pevsner N. Ruskin and Violett-le-Duk... London, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА БУДАЎНІ́ЧАГА КА́МЕНЮ,
за 0,7 км на Пд—ПдЗ ад в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. — адзіны пункт на Беларусі, дзе крышт. фундамент выходзіць на паверхню. Паклад належыць да верхняга архею — ніжняга пратэразою і прымеркаваны да паўн.ч. Украінскага крышталічнага шчыта. Карысныя выкапні: дробна-, сярэдне-, і буйназярністыя граніты і гранадыярыты, біятытавыя і біятытава-плагіяклазавыя гнейсы. Разведаныя запасы 10.3 млн.м³, перспектыўныя 5,6 млн.м³. Ускрышныя пароды — пяскі, супескі, кара выветрывання і выветраныя крышт. пароды магутнасцю 1,4—9 м. Карысная тоўшча і ўскрышныя пароды абводненыя. Граніты, гранадыярыты і гнейсы прыдатныя на выраб друзу і як напаўняльнікі бетону. Радовішча распрацоўваецца друзавым з-дам (в. Глушкавічы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ СІ́КА ((De Sica) Віторыо) (7.7.1902, г. Copa, Італія — 13.11.1974),
італьянскі кінаакцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму. З 1931 як акцёр здымаўся ў кінакамедыях: «Што за падлюгі гэтыя мужчыны», «Дам мільён», «Пан Макс». Драм. талент выявіўся ў фільме «Генерал Дэла Раверэ». З 1940 выступаў як рэжысёр. Фільмы вылучаюцца высокім майстэрствам, тонкім маст. густам, бездакорнымі акцёрскімі ансамблямі: «Шуша» (1946), «Выкрадальнікі веласіпедаў» (1948, прэмія «Оскар» 1949), «Умберта Д.» і «Цуд у Мілане» (абодва 1951), «Дах» (1956), «Учора, сёння, заўтра» (1963, прэмія «Оскар» 1964), «Шлюб па-італьянску» (1964), «Сланечнікі» (1969, сав.-італьян.), «Сад Фінці-Канціні» (1970, прэмія «Оскар» 1971) і інш. Яго творчасці аднолькава блізкія псіхалагічная глыбіня і высокі драматызм, вострая сатыра і лёгкая, вытанчаная камедыйнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КЕГЕМ (Ockeghem, Okeghem) Іаханес (Жан) дэ (каля 1425, г. Дэндэрмондэ, Бельгія — 1495), франка-фламандскі кампазітар, дырыжор; віднейшы прадстаўнік нідэрландскай шкалы. Вучыўся ў метрызе (муз. школе, дзе рыхтавалі пеўчых) сабора Нотр-Дам у Антверпене. З 1452 1-ы капелан і капельмайстар франц. каралеўскага двара, з 1456 адначасова каралеўскі саветнік і казначэй абацтва Сен-Мартэн у Туры. Прадстаўнік поліфаніі строгага стылю, узбагаціў тэхніку скразной імітацыі, зацвердзіў паўнагучнае 4-галоссе хар. стылю a cappella. Аўтар мес (захавалася 10), матэтаў (у т. л. 36-галосы матэт «Хвала госпаду» — спалучэнне чатырох 9-галосых канонаў, якія прыпісваюць О.), шансон. Для яго твораў характэрны формы на cantus firmus (трывалы напеў), у якасці якога выкарыстоўваў і свецкія песні. Кампазіцыі будаваў на матэм. разліках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕ́ ((Marquet) Альбер) (27.3.1875, г. Бардо, Францыя — 14.6.1947),
французскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1895—98) у Г.Маро. У ранні перыяд зазнаў уплыў мадэрну (афармленне Сусв. выстаўкі ў Парыжы, 1900). У 1905—07 прымыкаў да фавізму («Кірмаш у Гаўры», «Пляж у Сент-Адрэс», «14 ліпеня ў Гаўры», «Сяржант каланіяльных войск»). Пазней пісаў пейзажы, адметныя лаканізмам малюнка, спакойнай яснасцю кампазіцыі, зладжанай гамай лёгкіх валёрных тонаў з выразнымі колеравымі акцэнтамі: «Гамбургскі порт», «Везувій», «Марына (Неапаль)» (усе 1909), «Нотр-Дам зімой», «Дажджлівы дзень у Парыжы» (абодва 1910), «Мост Сен-Мішэль» (1912), «Бужы» (1925), «Порт Гаўр» (1934), «Парыж уначы» (1938), «Набярэжная Канці ў снезе» (1947) і інш. Ствараў таксама партрэты, літаграфіі, малюнкі, кніжныя ілюстрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІБО́ЦКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ КАМБІНА́Т.
Засн. ў 1830 як рудня каля мяст. Налібакі Ашмянскага пав. (цяпер вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.). У 1846 працавалі 93 гутнікі і 100 руднікоў. У 1852 пабудаваны і далі прадукцыю Руднянскі чыгунаплавільны і Клецішчанскі жалезаапрацоўчы з-ды, якія склалі Н.м.к. У 1852 на камбінаце былі 3 домны, 7 паравых машын, 8 пудлінгавых печаў, 4 ліцейні, стопудовы молат і 2 пракатныя станы. Выпускаў чыгуначныя рэйкі, паласавое, шыннае, чатырохграннае і круглае жалеза. У 1858 працаваў 561 рабочы, здабыта 2 млн. пудоў руды, выпушчана 80 тыс. пудоў жалеза. У 1871—77 Клецішчанскі з-д пераўтвораны ў машынабудаўнічы, у гэты перыяд з-ды былі здадзены ў арэнду і наз. машынабудаўнічым вагонарэйкавым з-дам. У 1895 атрымана 50 тыс. пудоў паласавога і сартавога жалеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЗО́НА (Arizona),
штат на ПдЗ ЗША. Мяжуе з Мексікай. Плошча 295,3 тысяч км², насельніцтва 3936 тысяч чалавек (1993). Адм. ц. — горад Фінікс. Буйныя гарады Тусон, Меса. Заняты гарамі ў цэнтральнай частцы, пустыннымі плато Каларада (з каньёнамі) на ПнУ (гара Хамфрыс-Пік 3851 метраў) і Хіла на ПдЗ.
Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі (самыя гарачыя ў ЗША пустыні). Сярэдняя тэмпература студзеня каля 0—4 °C, ліпеня 21—30 °C, ападкаў 75—380 мм за год. Рэкі Каларада, Літл-Каларада, Хіла і іншыя. У аснове эканомікі апрацоўчая і здабыўная прамысловасць, земляробства, турызм. Прамысловасць: электронная, авіякасмічная, каляровая металургія (выплаўка медзі і вытворчасць алюмінію), паліграфічная, харчовая, швейная і іншыя. Найбольшая ў ЗША здабыча медных Рудаў, значная — малібдэнавых, поліметалічных, золата. На рацэ Каларада ГЭС Боўлдэр-Дам. Земляробства на арашальных землях. Вырошчваюць бавоўнік, цукровыя буракі, ячмень, кукурузу, пшаніцу, гародніну, цытрусавыя. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, свойскую птушку. Турызм. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, авіяцыйны, трубаправодны. Міжнародныя авіяпарты Фінікс, Тусон, Юма. У Арызоне нацыянальны парк Вялікі Каньён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДЭ́Н, Вердэн-сюр-Мёз (Verdun-sur-Meuse),
горад на ПнУ Францыі, у дэпартаменце Мёз, на р. Мёз (Маас). 23,4 тыс.ж. (1990). Чыг. вузел. Харч. (цукеркі, лікёры), тэкст., паліграф.прам-сць. Музеі, у т. л. 1-й сусв. вайны (у ратушы 17 ст.). Сабор Нотр-Дам (11—18 ст.), сярэдневяковыя муры з брамамі, палац епіскапа (18 ст.).
У старажытнасці Вердэн — гальскае паселішча Verodunum. З 4 ст. епіскапская рэзідэнцыя. Тут быў заключаны Вердэнскі дагавор 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі. Вердэн увайшоў у дзяржаву Лотара. З 880 у складзе Усх.-Франкскага каралеўства (Германія). З 13 ст. імперскі горад. У 1552 разам з епіскапствамі Мец і Туль далучаны да Францыі, канчаткова замацаваны за ёй у 1648. З 17 ст.ваен. крэпасць. У 1-ю сусв. вайну Вердэн — раён Вердэнскай аперацыі 1916. У 2-ю сусв. вайну ў 1940—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Вызвалены войскамі 3-й амер. арміі, якая дзейнічала разам з франц. арміяй і атрадамі партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́КСЕМБУ́РГ (люксембургскае Lëtzebuerg, франц. Luxembourg, ням. Luxemburg),
горад, сталіца Вялікага герцагства Люксембург. 76,4 тыс.ж. (1995).
Трансеўрапейскі трансп. вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Міжнар.фін.цэнтр.Прам-сць: чорная металургія, машынабудаванне, хім., тытунёвая, харч., швейная. Ун-т. Тэатр.Нац. музей (археалогія, жывапіс і інш.). Школа мастацтваў і рамёстваў. Арх. помнікі: капэла Сен-Кірэн (6 і 15 ст.), гатычная царква Сен-Мішэль (16 ст.), рэнесансавы Палац юстыцыі (16 ст.), барочны сабор Нотр-Дам (17 ст.).
Вядомы з 963. У 1224 атрымаў гар. права. У 1506—1684 і 1697—1717 належаў Іспаніі, у 1684—97 і 1794—1815 — Францыі, у 1714—94 — Аўстрыі. У 1815—67 у складзе Герм. саюза, пруская крэпасць. У 1-ю і 2-ю сусв. войны акупіраваны ням. войскамі, у лют. 1945 вызвалены англа-амер. войскамі. У горадзе размешчаны рэзідэнцыя вял. герцага, урад, мін-вы і ўстановы дзяржавы Люксембург, замежныя дыпламат. прадстаўніцтвы, сакратарыят Еўрапейскага парламента, некаторыя органы Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей, Еўрап. трыбунал, Еўрап. лічыльная палата, Еўрапейскі інвестыцыйны банк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́ЛЬ ((Martel) Антуан) (2.2.1899, г. Бом-ле-Дам, Францыя — 12.10.1931),
французскі славіст, даследчык старабеларускай мовы і літаратуры. Скончыў Сарбону, Нац.ін-т жывых усх. моў (1923). Працаваў на кафедры філалогіі Лільскага ун-та. Зрабіў навук. падарожжы ў Польшчу (1922—23, 1925), СССР (1926—27). Сувязям польскай, бел. і ўкр. моў у сярэднія вякі прысвечана яго манаграфія «Польская мова на Украіне і Беларусі, 1569—1667» (выд. 1938), у якой прааналізаваў мову твораў Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, Ф.Еўлашоўскага, Ф.Кміты-Чарнабыльскага і інш. Шырока паказаў грамадска-культ. значэнне старабел. літ. мовы ў ВКЛ, заняпад якой тлумачыў яе ўнутр. крызісам, узмоцненым абыякавасцю і непрыхільнасцю правасл. артадоксіі да жывой нар. мовы. Адзначыў адмоўныя вынікі паланізацыі для нац. і культ. лёсу беларусаў і ўкраінцаў. Свае вывады ілюстраваў прыкладамі з твораў Л.Зізанія, Г. і М. Сматрыцкіх, Афанасія Філіповіча, З.Капысценскага, П.Магілы. Даследаваў творчасць М.Ламаносава, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага.