ДАМ ((Dam) Генрык Карл Петэр) (21.2.1895, Капенгаген — 17.4.1976),

дацкі біяхімік. Чл. Каралеўскай АН Даніі. Д-р філасофіі (1934), праф. біяхіміі (1941). Скончыў Капенгагенскі політэхн. ін-т (1920). З 1923 у Капенгагенскім ун-це. З 1940 выкладаў у ЗША і Канадзе, з 1942 працаваў у Рачэстэрскім ун-це, з 1946 у Капенгагенскім політэхн. ін-це, у 1956—62 у Дацкім савеце па даследаванні тлушчаў. Навук. працы па біяхіміі стэрынаў і вітамінаў. Вынайшаў вітамін K1 (філахінон). Вызначыў, што адсутнасць вітаміну Е у рацыёне жывёл выклікае мышачную дыстрафію. Нобелеўская прэмія 1943 (разам з Э.А.Дойдзі).

Г.Дам.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛіА́З,

марка аўтобусаў. Выпускаюцца Лікінскім аўтобусным з-дам (г. Лікіно-Дулёва, Расія) з 1959, а таксама Лідскім з-дам «Нёман» (ЛіАЗ-5226) з 1995. Вырабляюцца гарадскія, прыгарадныя, міжгароднія і турыстычныя аўтобусы сярэдняга і вял. класаў пасажыраўмяшчальнасцю да 110 чал. Іл. гл. ў арт. Аўтобус.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН.

У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., паміж вёскамі Лукомль, Зара, Ротна, Стражэвічы, Багатыр, пас. Асавец. Пластавы паклад звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі часу адступання паазерскага ледавіка. Гліны шчыльныя, тлустыя, вязкія, пластычныя і высокапластычныя, месцамі з тонкімі праслойкамі пылаватага пяску і супеску. Разведаныя запасы 27,1 млн. м³, перспектыўныя 67 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 14,1—29,9 м, ускрышы (торф, пяскі) 0,2—6,9 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, дрэнажных труб, цэменту і керамзітавага жвіру. Распрацоўваецца Новалукомскім з-дам керамзітавага жвіру і Мінскім з-дам будматэрыялаў.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГА́ЛЬ ((Pigalle) Жан Батыст) (26.1.1714, Парыж — 21.8.1785),

французскі скульптар. Вучыўся (з 1722) у Р.​Ле Ларэна і Ж.​Б.​Лемуана. Працаваў у стылі, пераходным ад ракако да класіцызму. У творчасці спалучаў грамадз. пафас з імкненнем да вострай, часам натуралістычнай праўдзівасці. Аўтар статуй і скульпт. груп на міфалагічныя і алегарычныя тэмы «Меркурый завязвае сандалю» (1774), «Хлопчык з клеткай» (1749) і інш.; бюста калекцыянера Т.​Э.​Дэфрыша і яго слугі негра Поля (каля 1760), надмагілля маршала Марыца Саксонскага (1753—76), грабніцы графа д’Аркур у саборы Нотр-Дам у Парыжы (1771—76), статуі Вальтэра (1776) і інш. Сярод яго вучняў Ж.А.Гудон і Ф.І.Шубін.

Ж.Б.Пігаль. Грабніца графа д’Аркур у саборы Нотр-Дам у Парыжы. 1771—76.

т. 12, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗ,

марка аўтобусаў. Выпускаюцца Львоўскім аўтобусным з-дам (Украіна) з 1957. Вырабляюцца гарадскія, прыгарадныя, міжгароднія і турыстычныя аўтобусы з дызельнымі рухавікамі Мінскага маторнага з-да (з 1995), а таксама тралейбусы (з 1977).

Да арт. ЛАЗ: гарадскі аўтобус ЛАЗ-52523.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСКВІ́Ч»,

легкавыя аўтамабілі малога класа. Выпускаюцца Маскоўскім аўтамаб. з-дам імя Ленінскага камсамола з 1946. Кузаў нясучы тыпу седан або універсал. Рабочы аб’ём рухавіка да 1,7 л, магутнасць да 63 кВт, найб. скорасць да 160 км/гадз.

Да арт. «Масквіч»: мадэль «Алека»-2141.

т. 10, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАРА́ДА (ісп. Colorado літар. чырвоны, афарбаваны),

рака ў ЗША і Мексіцы (нізоўі). Даўж. 2740 км (з прытокам Грын-Рывер 3200 км), пл. бас. 635 тыс. км². Пачынаецца ў Перадавым хр. Скалістых гор, цячэ пераважна па паўпустынных і пустынных раёнах. Пры перасячэнні плато Каларада ўтварае глыбокія каньёны агульнай даўж. каля 800 км (у т. л. Вялікі Каньён). Упадае ў Каліфарнійскі заліў Ціхага ак. (пл. дэльты каля 8 тыс. км²). Гал. прытокі: Грын-Рывер (справа), Сан-Хуан, Літл-Каларада, Хіла (злева). Жыўленне снегавое, разводдзе з крас. па ліпень. Сярэдні гадавы расход вады ў сярэднім цячэнні (каля г. Ліс-Фэры) 508 м³/с, у ніжнім цячэнні памяншаецца да 5 м³/с у выніку адвядзення вады на ірыгацыю і водазабеспячэнне гарадоў Каліфарнійскага ўзбярэжжа ЗША, у т. л. г. Лос-Анджэлес. На К. плаціны Глен-Каньён-Дам і Гувер (Боўлдэр-Дам), буйныя вадасх. — азёры Паўэл і Мід; ГЭС. Суднаходная на 228 км ад вусця.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ЛАРТ, Паларт (Poelaert) Жазеф (21.3.1817, Брусель — 3.11.1879), бельгійскі архітэктар, прадстаўнік эклектычных стыляў у бельг. архітэктуры. Вучыўся ў Парыжы. Быў на пасадзе гар. архітэктара Бруселя. Асн. творы ў Бруселі: Калона кангрэса (1850—59, выш. 47 м), царква Нотр-Дам у Лакене (1854—72, неаготыка), Палац юстыцыі (1866—83, выш. 118), перабудаваў «Т-р дэ ла Манэ» (1855) і інш.

т. 13, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСКІ́ДВАЛЬНІК сельскагаспадарчы,

машына (агрэгат, прыстасаванне) для раскідвання і раўнамернага размеркавання на полі, лугах і ў садах арган. і мінер. угнаенняў, атручаных прынад (для барацьбы са шкоднікамі), вапны, гіпсу і інш. Адрозніваюць гное- і тукараскідвальнікі, Р. сеялкі, Р. вадкіх угнаенняў, універсальныя машыны-Р. і прыстасаванні для мех. ўгнаення глебы. Бываюць прычапныя і навясныя, агрэгатуюцца з гусенічнымі і колавымі трактарамі, аўтамабілямі. На Беларусі выпускаюцца з-дам «Бабруйскаграмаш».

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БАЛЬСКІ КЕРАМІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў г.п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. ў 1929 як цагельны з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1945, у 1968 рэканструяваны. У 1974—77 пабудаваны Обальскі з-д керамічных вырабаў і ў 1980 аб’яднаны з цагельным з-дам пад сучаснай назвай. Асн. прадукцыя (2000): цэгла керамічная вонкавая (фасадная), дэкар. аддзелачная, паўнацелая, пустацелая, гліняная для комінаў, камень керамічны, плітка тратуарная, тэнісіт, каміны, тонкая кераміка (вазы, сувеніры), бітум буд. і дарожны.

т. 11, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)