МАРТЭ́ЛЬ ((Martel) Антуан) (2.2.1899, г. Бом-ле-Дам, Францыя — 12.10.1931),

французскі славіст, даследчык старабеларускай мовы і літаратуры. Скончыў Сарбону, Нац. ін-т жывых усх. моў (1923). Працаваў на кафедры філалогіі Лільскага ун-та. Зрабіў навук. падарожжы ў Польшчу (1922—23, 1925), СССР (1926—27). Сувязям польскай, бел. і ўкр. моў у сярэднія вякі прысвечана яго манаграфія «Польская мова на Украіне і Беларусі, 1569—1667» (выд. 1938), у якой прааналізаваў мову твораў Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, Ф.​Еўлашоўскага, Ф.​Кміты-Чарнабыльскага і інш. Шырока паказаў грамадска-культ. значэнне старабел. літ. мовы ў ВКЛ, заняпад якой тлумачыў яе ўнутр. крызісам, узмоцненым абыякавасцю і непрыхільнасцю правасл. артадоксіі да жывой нар. мовы. Адзначыў адмоўныя вынікі паланізацыі для нац. і культ. лёсу беларусаў і ўкраінцаў. Свае вывады ілюстраваў прыкладамі з твораў Л.​Зізанія, Г. і М. Сматрыцкіх, Афанасія Філіповіча, З.​Капысценскага, П.​Магілы. Даследаваў творчасць М.​Ламаносава, А.​Міцкевіча, Ю.​Славацкага.

А.​К.​Каўка.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)