АНЕ́ЦІ (Onetti) Хуан Карлас (н. 1.7.1909, г. Мантэвідэо, Уругвай),
уругвайскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў новай лац.-амер. прозы. На пачатку творчасці зазнаў уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Аўтар зб-каў апавяданняў «Самае жахлівае пекла» (1962), «Сумная, як яна» (1963), аповесцяў «Калодзеж» (1939), «Для адной безыменнай магілы» (1959), раманаў «Нічыйная зямля» (1941), «Кароткае жыццё» (1950), «Верф» (1961), «Хунтакадаверэс» (1964), «Дадзім слова ветру» (1978), «У тыя часы» (1987) і інш. Паўфантастычныя сюжэтныя сітуацыі ў творах Анеці часам набываюць сімвалічнае гучанне; з глыбокім псіхалагізмам даследуе пачуццё бяссілля, прыгнечанасці, працэс разрыву герояў з рэчаіснасцю варожага свету. Прэмія М.Сервантэса (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАВЕ́РШ (ад мана... + верш), аднарадковік,
верш, які складаецца з аднаго радка, завершанага па сэнсу, сінтаксічнай і метрычнай структуры. Зрэдку ўжываўся ў ант. паэзіі (Архілох, Аўсоній). Звычайна пісаўся гекзаметрам і меў афарыстычнае гучанне. Эксперым. ўзор у рус. паэзіі належыць М.Карамзіну:
Покойся, милый прах, до радостного утра.
Да М. можна аднесці асобныя вершаваныя крылатыя выслоўі і афарызмы, што выкарыстоўваюцца для лозунгаў, у загалоўках твораў, эпіграфах і г.д. М. з’яўляюцца і некаторыя рытмічна арганізаваныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі, якія часам змяшчаюць на посудзе, мэблі, малюнках; «У родным краі, як у раі», «Чым хата багата, тым рада», «Які дагляд, такі і лад». У апошні час М. ствараюць некаторыя маладыя бел. літаратары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕНТАХО́ЎСКІ Пётр Уладзіміравіч (н. 19.3.1939, в. Зубачы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). З 1966 выкладаў у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве, у 1971—77 і з 1986 — у Бел.АМ. Працуе ў жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Творам уласцівы лаканізм выяўл. сродкаў, эпічнае гучанне, унутраны драматызм: «Трывога» (1966), «Вартавы» і «Пагранічнікі» (1970), «Вартавыя спакою» (1973), «Навальніца» (1980), «Вяселле ў Міры» (1984), «Подых стагоддзяў», «Развітанне з маці», «Ліпеньскі ранак» (усе 1990), «Танкавы бой» (1994), «Стары гасцінец» (1999), «Грамадскае прызнанне» (2000). Аўтар партрэтаў Ц.Гартнага (1983), Л.Шчамялёва (1986), Л.Геніюш і Ефрасінні Полацкай (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАЛО́Ў Валерый Васілевіч (21.3.1941, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 18.8.1991),
бел. габаіст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1967, кл. Ю.Цёмкіна). З 1964 артыст канцэртна-эстр. аркестра Бел. тэлебачання і радыё, адначасова бас-гітарыст эстр. гуртоў «Арбіта-67» і «Лявоны» (пад кіраўніцтвам У.Мулявіна); з 1968 канцэртмайстар групы габояў Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі. Адзін з заснавальнікаў і артыст ансамбля «Кантабіле». У 1970—87 (з перапынкамі) выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы імя Глінкі. Яго выкананню характэрны мяккае, спеўнае гучанне інструмента, тонкае ансамблевае пачуццё, дасканалая тэхніка. Аўтар аранжыровак і транскрыпцый старадаўняй замежнай і бел. музыкі, у т. л.«Полацкага сшытка» (з Г.Гедыльтэрам). Першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў.
якуцкі паэт. Скончыў Вышэйшыя ліг. курсы ў Маскве (1957). Друкаваўся з 1937. Першая кніга «Апавяданні» (1945). У паэт. зб-ках «Мая радзіма» (1949), «Мірны горад» (1958), «Белы конь Манчары» (1969, Дзярж. прэмія Расіі імя М.Горкага 1971), «Гучанне тайгі» (1972), «Галасы зямлі» (1977), «Мая Палярная зорка» (выд. 1980) і інш. — жыццё, праца, суровая і непаўторная прырода Поўначы, лёс чалавека самабытнага якуцкага краю. Яго паэзіі ўласцівы маштабнасць і глыбіня думкі, лірызм і публіцыстычнасць, паглыблены псіхалагізм. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў, кнігі перакладаў «Сябры-паэты» (1963). На бел. мову творы Д. пераклаў У.Правасуд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАС (італьян. basso літар. нізкі),
1) самы нізкі мужчынскі голас. Вылучаюць высокі, або пявучы, і нізкі, або глыбокі, у оперы таксама характарны, камічны буфонны бас. Высокі бас бывае лірычны, больш мяккі, з дыяпазонам G—f1, і драматычны, больш моцны, з дыяпазонам F—e1. Для высокага баса характэрныя сіла і моц на верхніх гуках і больш слабае гучанне нізкіх гукаў. Нізкі (цэнтральны) бас вылучаецца глыбокім, поўным гучаннем у нізкім рэгістры і напружаным — у верхнім, дыяпазон (C, D) E — d1 (e1). Самы нізкі від баса — т.зв. бас-актавіст, дыяпазон (A1) B1 — a (c1).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБАРО́КА (ад неа... + барока),
умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., які пераймаў формы, элементы кампазіцыі будынкаў стылю барока. Паяўленне Н. як праграмнага звароту да мастацтва мінулага звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. У імкненні да адраджэння пластычнасці ў архітэктуры дойліды актыўна займаліся стылізацыяй гіст. форм, надаючы ім новае сучаснае гучанне. На Беларусі Н. не мела значнага пашырэння. У кампазіцыі жылых і грамадскіх будынкаў выкарыстоўваліся пластычныя мансардавыя дахі, франтоны складанага абрысу, вежачкі з фігурнымі завяршэннямі, багатая арнаментыка і ляпны дэкор. Барочным дэкорам вылучаліся інтэр’еры шматлікіх жылых і сядзібных дамоў. Адраджэнне традыцый барока выявілася і ў культавай архітэктуры (касцёл Маці Божай у в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ Канстанцін Апалонавіч (6.6.1844, г. Таганрог, Расія — 13.2.1905),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1862—73). Правадз.чл.Пецярб.АМ (з 1895). Чл.Т-ва перасоўных маст. выставак (1878, гл.Перасоўнікі). З 1891 выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, з 1897 у Пензенскім маст. вучылішчы (дырэктар). Для творчасці характэрны выкрывальная скіраванасць, імкненне перадаць складаную псіхалогію і выразнасць нар. тыпажу, майстэрства кампаноўкі шматфігурных сцэн. Пісаў пераважна жанравыя карціны: «Рамонтныя работы на чыгунцы» (1874), «Сустрэча абраза» (1878). У шэрагу твораў сцэны нар. жыцця набываюць трагедыйнае гучанне («На вайну», 1880—88), перадаюць вастрыню сац. канфлікту («Спрэчка на мяжы», 1897). Аўтар ілюстрацый, афортаў, літаграфій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́СТЫКА АРХІТЭКТУ́РНАЯ,
раздзел акустыкі, які вывучае гукавыя працэсы гал. чынам у закрытых памяшканнях. Выкарыстоўвае заканамернасць хвалевай, геам., статыстычнай акустыкі і электраакустыкі, даныя псіхафізіял. і слыхавога ўспрымання, стварае аптымальныя ўмовы чутнасці гаворкі, спеваў, музыкі ў аўдыторыях, кіна- і тэатр. залах, радыё-, тэле- і кінастудыях.
Адзін з асн. крытэрыяў акустычных якасцяў памяшканняў — час рэверберацыі (працягласць затухання гуку пасля спынення дзеяння яго крыніцы). Рэшткавае гучанне ўзнікае з-за шматразовага адбіцця гуку ад паверхняў памяшкання і размешчаных у ім прадметаў. Працягласць гучання расце з павелічэннем аб’ёму памяшкання, памяншаецца — з ростам гукапаглынання агараджальнымі канструкцыямі і мэбляй.
Задача акустычнага праектавання забяспечыць аптымальнасць часу рэверберацыі і аднолькава добрую чутнасць ва ўсіх пунктах памяшкання. Дасягаецца выбарам аптымальных памераў і формы памяшкання, агараджальных канструкцый і ўнутранай аддзелкі. У вял. залах выкарыстоўваюць электраакустычныя сістэмы гукаўзмацнення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РФА (ням. Harfe),
струнна-шчыпковы музычны інструмент.
Мае выгляд высокага трохвугольніка, бакамі якога з’яўляюцца рэзанансная расшыраная ўнізе скрынка, калонка з рычагамі механізма перастройкі і дугападобная рама ўверсе з калкамі і дыскамі педальнага механізма. Унутры трохвугольніка вертыкальна нацягнуты 44—47 струнаў рознай даўжыні і настройкі (дыяпазон C1—g4). Асн. строй арфы дыятанічны (Ces-dur). З дапамогай 7 педаляў (вынайдзены ў 1801 С.Эрарам) яна механічна перастройваецца ва ўсе танальнасці. Гучанне мяккае, пяшчотнае, камернае. Арфа — стараж. струнны інструмент, вядомы многім народам свету (найб. раннія выявы датуюцца 5-м тыс. да н.э.). З 17 ст. выкарыстоўваецца як аркестравы, з 18 ст. — як ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі арфа і яе выявы сустракаюцца ў літ. помніках і размалёўках каталіцкіх храмаў 16—19 ст. У Бел. акадэміі музыкі існуе клас арфы.