драпежная птушка сямейства ястрабіных. Трапляецца ў гарах Азіі, Афрыкі, Паўд. Еўропы.
Даўж. да 1,1 м, маса да 6,5 км. Галава, шыя і брушны бок цела белаватыя або жаўтаватыя, спіна чарнаватая. Пад дзюбай пучок чорных воласападобных пёраў, якія ўтвараюць бараду (адсюль назва). Крылы доўгія (размах да 2,7 м) і вострыя, хвост клінападобны. Лапы і кіпцюры моцныя. Гнёзды ў шчылінах скал або ў пячорах. Нясе 1 яйцо. Корміцца пераважна мярцвячынай, а таксама дробнымі звярамі, птушкамі. Колькасць скарачаецца, быў занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯ́ПКА, вадзяны верабей (Cinclus cinclus),
птушка сямейства аляпкавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і паўд.-зах. Афрыцы. На Беларусі вельмі рэдкі аселы від, занесены ў Чырвоную кнігу.
Даўж. да 20 см, маса да 70 г. Моцнага складу, з кароткімі закругленымі крыламі і хвастом, доўгімі нагамі. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу белае. На ноздрах скурыстая перапонка. Гнёзды паблізу рэк з хуткім цячэннем, трымаецца паасобку і парамі. Зімой трапляецца каля палонак. Корміцца воднымі беспазваночнымі і маляўкамі рыб. Можа прабегчы пад вадой да 20 м. Выводзіць 2 патомствы за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМ ((Grimm) Ганс Іахім) (н. 16.10.1932, г. Магдэбург, Германія),
нямецкі пісьменнік-перакладчык. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1955). У 1955—59 перакладчык Гандлёвага прадстаўніцтва ГДР у Маскве. З 1961 кіраўнік групы паўд.-слав. моў у Бюро перакладаў у Берліне. Перакладае з бел., рус., укр., польскай, сербахарвацкай і інш.слав. моў. На ням. мову пераклаў «Беларускія народныя казкі» (1—10 выд., 1966—80), раманы Я.Брыля «Птушкі і гнёзды» (1968), І.Шамякіна «Снежныя зімы» (1972), апавяданні В.Быкава, У.Галубка, Ц.Гартнага, У.Караткевіча, І.Мележа, А.Пальчэўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РСА,
пад’ёмная металічная ці акаваная жалезам дубовая рашотка, якая дадаткова зачыняла праём вежы-брамы. У еўрап. замках з’явілася ў сярэдзіне 15 ст., на Беларусі — ў канцы 15 — пач. 16 ст. Была важным элементам абароны замка, дзядзінца і інш. — прыкрывала дашчаныя вароты. Герса падымалася і апускалася на ланцугах пад’ёмным механізмам у спец. праёмы брамы. Ніжнія канцы рашоткі былі завостраныя і заходзілі ў спец.гнёзды. Звонку герса часта засланялася пад’ёмным мостам. Былі ў Мірскім замкава-паркавым комплексе, Полацкім Сафійскім саборы, Супрасльскай царкве-крэпасці, Сынковіцкай царкве-крэпасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЧАТ (Falko rusticolus, або F. gyrfalco),
птушка сям. сакаліных атр. драпежных. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Селіцца на скалістых узбярэжжах мораў і ў лесатундры. Жыве парамі, устойлівымі многія гады. Усюды рэдкі, сусв. папуляцыя ацэньваецца ў некалькі тысяч пар. Падлягае ахове.
Самы буйны з сапр. сокалаў: даўж. да 60 см, маса самца да 1,5 кг, самкі да 2 кг. Апярэнне шэрае або белае з шэрымі меткамі, верх цямнейшы. Корміцца пераважна птушкамі, грызунамі. Гнёзды на скалах, абрывістых берагах ці высокіх дрэвах. Нясе 3—5 яец. Лоўчая птушка для сакалінага палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ПЕЛЬ (Gallinago media),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе і Паўн. Азіі на балотах і заліўных лугах. Пералётны. На Беларусі звычайны, нар. назва дубельт.
Даўж. цела да 35 см, маса да 230 г. Апярэнне стракатае, рыжавата-бурае. Падобны на бакаса, але на баках грудзей і брушка папярочныя стракаціны, больш кароткая дзюба (да 7,4 см). Самцы такуюць вял. групамі ўначы. Гнёзды на купінах. Нясе 4 яйцы. Птушаняты вывадкавыя. Корміцца глебавымі беспазваночнымі, насякомымі і іх лічынкамі, карэньчыкамі балотных раслін. Зімуе ў Паўд.-Зах. і Паўд. Афрыцы. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СКА (Mustela nivalis),
млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі падвід Л. сярэдняруская (M.n. nivalis), трапляецца на Палессі. Жыве на ўзлесках, у зарасніках па берагах вадаёмаў, каля жылля.
Даўж. цела да 28 см, хваста да 9 см, маса да 250 г. Цела тонкае, гнуткае, галава невял., вушы кароткія, шырокія. Поўсць кароткая, густая, пушыстая, зімой белая, летам на спіне светла-бурая, знізу жаўтавата-белая. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, радзей земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі і іх яйцамі. Гнёзды ў норах. У прыплодзе 3—10 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎКА, кедраўка (Nucifraga caryocatactes),
птушка сямейства крумкачовых атрада вераб’інападобных. Пашырана ў цемнахвойных лясах Еўразіі. На Беларусі рэдкая; гняздуецца пераважна ў паўночным і цэнтральным раёнах, у паўднёвых раёнах трапляецца спарадычна; жыве падвід арэхаўка еўрапейская, часам залятае арэхаўка сібірская.
Даўжыня цела да 36 см, маса да 200 г. Дзюба тоўстая, прамая, чорная. Ногі чорныя. Апярэнне буравата-карычневае з белымі плямкамі. На канцы хваста белая паласа. Гнёзды на хвойных дрэвах на вышыні 4—12 м. Яйцы 3—4, радзей 2—6, нясе ў красавіку. Корміцца насеннем кедра, елкі, хвоі, дуба, насякомымі і іх лічынкамі. Разносіць і хавае ў глебе насенне дрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ІЧКІ,
група птушак сям. сініцавых (Paridae) атр. вераб’інападобных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі (на Пн ад лесатундры да Міжземнамор’я, Ірана і Кітая) і ў Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах рознага тыпу, поймавых зарасніках і садах. На Беларусі 2 віды: гаічка бурагаловая, або пухляк (Parus montanus), і гаічка чорнагаловая (Parus palustris). Трапляюцца ўсюды, аселыя і вандроўныя.
Даўж. 11,5—14 см, маса 10—13 г. Апярэнне пушыстае, буравата-шэрага колеру. На галаве чорная, бурая або цёмна-шэрая «шапачка», гарляк з чорнай або шэра-бурай плямай. Кормяцца пераважна насякомымі, іх кукалкамі. Гнёзды ў дуплах.