АЛЯ́ПКА,

вадзяны верабей (Cinclus cinclus), птушка сямейства аляпкавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і паўд.-зах. Афрыцы. На Беларусі вельмі рэдкі аселы від, занесены ў Чырвоную кнігу.

Даўж. да 20 см, маса да 70 г. Моцнага складу, з кароткімі закругленымі крыламі і хвастом, доўгімі нагамі. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу белае. На ноздрах скурыстая перапонка. Гнёзды паблізу рэк з хуткім цячэннем, трымаецца паасобку і парамі. Зімой трапляецца каля палонак. Корміцца воднымі беспазваночнымі і маляўкамі рыб. Можа прабегчы пад вадой да 20 м. Выводзіць 2 патомствы за год.

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)