у грэчаскай міфалогіі пачварная 9-галовая змяя, якая жыла ў Лернейскім балоце на п-ве Пелапанес, параджэнне пачвар Тыфона і Яхідны. Ядавітае дыханне гідры знішчала ўсё жывое. Лічылася непераможнай, бо на месцы адсечанай галавы ў яе вырасталі 2 новыя. Паводле міфа, Геракл з дапамогай пляменніка Іалая стаў прыпальваць абрубкі шыі і забіў гідру, а яе жоўць і кроў выкарыстоўваў як смяротны яд для стрэл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКСІ́Я (ад гіпа... + лац. oxygenum кісларод),
анаксія, кіслароднае галаданне, кіслародная недастатковасць, паніжаная колькасць кіслароду ў тканках арганізма. Пры гіпаксіі зніжаецца насычанасць кіслародам крыві (гіпаксемія). Бывае ў тых, хто падымаецца на вял. вышыню (лётчыкі, альпіністы), пры хваробах органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай сістэмы, атручэнні ядамі. Прыкметы: боль галавы, моташнасць, частковая страта здольнасці рэальна ацэньваць абставіны і кіраваць рухамі. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, удыханне кіслароду, сардэчныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБРАБІЗО́Н,
міжвідавы гібрыд, помесь зубра з бізонам. Мае прыкметы абодвух жывёл, але звычайна буйнейшы за іх. Ад зубра адрозніваецца больш вял. галавой, будовай задніх ног, абросласцю галавы і пярэдняй ч. цела. Дае пладавітае патомства і з зубрам і з бізонам. Упершыню З. атрыманы ў 1907 у запаведніку Асканія-Нова, у 1940 завезены ў Каўказскі запаведнік, пазней і ў інш. раёны Каўказа, дзе размнажаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМА́ЦТВА,
шлюб, пры якім мужчыну прымалі ў дом і ў сям’ю жонкі і цесця, калі іх двор не меў свайго сына-наследніка. Пашыраная сац.-эканам. з’ява дарэв. побыту бел. сялянства. У прымы звычайна ішлі беззямельныя або тыя сыны, якім не ставала зямельнага надзелу. Прававое становішча зяця-прымака залежала ад галавы сям’і. Прымак мог стаць сапраўдным гаспадаром, калі яго брала да сябе ўдава, у якой не было сына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕБАРЭ́Я (ад лац. sebum сала + грэч. rheō цяку),
хвароба скуры, пры якой парушаецца дзейнасць тлушчавых залоз (зменьваецца хім. састаў і колькасць скурнага тлушчу). Асн. формы С.: тлустая і сухая. Пры тлустай скура порыстая, грубая, жаўтавата-бруднага колеру, валасы зліпаюцца, блішчаць, пры сухой С. скура лушчыцца; бывае таксама змешаная форма. Лакалізуецца на валасістай ч.галавы, твары, у міжлапатачнай вобласці. Ускладненні: вугры, выпадзенне валасоў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАМЕГА́ЛІЯ (ад акра... + мегала...),
хвароба, якая характарызуецца празмерным ростам рук, ступняў і асабліва касцей твару, што прыводзіць да развіцця масіўнай ніжняй сківіцы і цяжкіх надброўяў. Выклікаецца залішняй сакрэцыяй гармону росту (самататрапіну) пры ацыдафільнай пухліне гіпофіза. Лішкі самататрапіну выклікаюць таксама гіпафізарны дыябет, абумоўлены тармажэннем сакрэцыі інсуліну. Акрамегалія назіраецца ў маладым узросце, развіваецца паступова, доўгія гады. Суправаджаецца болем галавы, палавой слабасцю, спыненнем менструацый, парушэннем зроку. Лячэнне: рэнтгенаўскае апрамяненне, хірург. выдаленне пухліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЭ́НЫ, сяжкі, вусікі,
парныя шматчленістыя прыдаткі галавы членістаногіх (акрамя павукападобных). У насякомых антэны розныя па форме (жгуцікападобныя, грабеньчатыя, пласціністыя, булавападобныя) і памерах; у ракападобных антэны — другая за антэнуламі пара галаўных прыдаткаў. Антэны выконваюць функцыі органаў нюху, дотыку, смаку, слыху, успрымання т-ры, вільготнасці і нават святла (у тлі), зрэдку служаць для захопу здабычы, утрымлівання самкі (у самцоў весланогіх), пухіркоў паветра (у жукоў-серабранак), для руху (у галінаставусых) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКАРО́Н (франц. mascaron ад італьян. mascherone вялікая маска),
дэкаратыўны рэльеф у выглядзе чалавечага твару або галавы жывёлы. Размяшчаецца пераважна на замках арак, аконных і дзвярных праёмаў, на фантанах (з адтулінай для выпуску струменя вады), а таксама на мэблі, посудзе і інш. Былі пашыраны ў архітэктуры стыляў готыкі, рэнесансу, барока, неакласіцызму і мадэрн. У арх. дэкоры часам спалучаўся з антабамі.
Маскарон у аздабленні аконнага праёма інтэрната БПА у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРЭ́НЬ (ад франц. migraine),
прыступападобны галаўны боль (звычайна адной паловы галавы) з моташнасцю і рвотай. Назіраецца пры парушэнні мазгавога кровазвароту ад рэзкай спазмы сасудаў і застою крыві. Часцей хварэюць жанчыны. Адрозніваюць М. сапраўдную і сімптаматычную. Прыкметы: галаўны боль звычайна ў лобна-скроневай вобласці, бывае пульсуючы, узмацняецца пры яркім святле, шуме, кашлі, халадзеюць канечнасці і інш. Пры М. развіваецца мігрэнозны статус (прыступы паўтараюцца адзін за адным з кароткімі інтэрваламі). Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЯ ТА́ЛЕСНАЯ МАНУФАКТУ́РА Дзейнічала ў 1816—84 у г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 1816—20 мела 9 станкоў, у 1884—2 станкі. У 1816 працавала 60 вольнанаёмных рабочых, выпушчана 4,7 тыс. аршынаў прадукцыі, у т. л. тонкага сукна 264, байкі 990, фланелі 100, талесаў 2900, арбаканфосаў (шарсцяная тканіна даўж. 2 аршыны з выразам для галавы) 430 і інш. Воўну куплялі ў Магілёўскай і Чарнігаўскай губ., дапаможныя матэрыялы ў Маскве.