МАНТЭСПА́Н,
вялізная пячора на ПдЗ Францыі, у перадгор’ях Пірэнеяў (дэпартамент Верхняя Гарона) з рэшткамі культуры позняга палеаліту. Адкрыта ў 1923 франц. археолагам Н.Кастэрэ. Ва ўнутр. частках пячоры выяўлены выгравіраваныя на сценах выявы бізонаў і коней, а таксама вылепленая з гліны фігура мядзведзя без галавы (замест яе да фігуры мацаваўся мядзведжы чэрап). На глінянай падлозе пячоры захаваліся сляды ног старых людзей і падлеткаў. М. была месцам культавых і магічных абрадаў (магчыма, і абрадаў ініцыяцыі).
т. 10, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)