ГЕ (Мікалай Мікалаевіч) (27.2.1831, г. Варонеж, Расія — 13.6.1894),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—57), пенсіянер АМ у Італіі (1857—63). Працаваў у Рыме (1857—59) і Фларэнцыі (1860—69). З 1870 у Пецярбургу. Зазнаў уплыў К.Брулова і А.Іванава. Адзін з заснавальнікаў Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. У ранніх творах традыц. для акад. мастацтва евангельскія тэмы трактаваў з глыбокім псіхалагізмам і драматызмам («Тайная вячэра», 1863; «Вестуны ўваскрэсення», 1867). У карцінах на евангельскія тэмы («Што ёсць ісціна?», 1890; «Распяцце», 1892—94, «Галгофа», 1893) сцвярджаў блізкія да поглядаў Талстога ідэі духоўнага пратэсту супраць зла, веліч ахвярнага подзвігу ў імя ідэі. Звяртаўся да гіст. жывапісу («Пётр I дапытвае царэвіча Аляксея Пятровіча ў Пецяргофе», 1871, і інш.), пейзажаў, партрэтаў. Яго партрэты перадаюць складанасць духоўнага жыцця чалавека («А.І.Герцэн», 1867, «Л.М.Талстой», 1884, «Аўтапартрэт», 1893). У Нац.маст. музеі Беларусі тры карціны Ге: «Ахілес аплаквае цела Патрокла», 1855, «Рымлянка», 1857, «Мужчынская галава», 1868.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СКІЯ,
бел. мастакі (бацька і сын).
Ксаверы Дамінік (? — 4.12.1764), жывапісец і гравёр. У 1733 — 64 працаваў у Нясвіжскім замку ў кн. Радзівілаў. У 1753 напісаў для гал. алтара Нясвіжскага касцёла езуітаў карціну «Тайная вячэра», пісаў таксама ў ім фрэскі. Стварыў (з Г.Ляйбовічам) шэраг партрэтаў Радзівілаў для альбома (1757). Адзін з аўтараў дэкарацый для «камедыенгаўза» ў Нясвіжы, узораў (кардонаў) для габеленаў, якія ткаліся на мануфактурах у Карэлічах, Нясвіжы, Міры. Часта працаваў з сынам Юзафам Ксаверыем.
Юзаф Ксаверы, прыдворны жывапісец Радзівілаў у Нясвіжы ў 2-й пал. 18 ст. Сярод работ партрэты Міхала, Урсулы, Ганны (усе 1759), Гераніма (1785) Радзівілаў, польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1783). Афармляў інтэр’еры нясвіжскіх замка і дамініканскага касцёла (1763). Мяркуюць (У.Сыракомля і інш.), што ён з’яўляецца аўтарам шэрагу карцін для Стаўбцоўскага дамініканскага касцёла («Раздача міласціны св. Антоніем і епіскапам Юльянам» і інш.). Выязджаў для работ у Брэст і Жоўкву (цяпер г. Несцераў, Украіна). Навучаў прыгонных мастакоў Мікалая, Андрэя, Канстанціна і інш.
Да арт.Гескія. Ю.К.Гескі. Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага. 1783.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТА́НЬЁ [Castagno; дакладней Андрэа дэль Кастаньё (Andrea del Castagno; 1417 або 1419, Кастаньё, каля г. Фларэнцыя, Італія — 19.8.1457],
італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мазачыо, Данатэла, П.Учэла. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, таксама ў Венецыі (1442), магчыма, Рыме (1454). Творчасці ўласцівы майстэрскае валоданне малюнкам, энергічная пластычная мадэліроўка форм, напружаная выразнасць поз і ракурсаў, якая часта надае яго творам драм. вастрыню, грубавата-выразная прастата і мужнасць вобразаў: фрэскі ў капэле Сан-Таразіо царквы Сан-Дзакарыя ў Венецыі (1442, з Франчэска да Фаэнцам), «Укрыжаванне з перадстаячымі» ў царкве Санта-Марыя дэльі Анджэлі (каля 1443), «Аплакванне Хрыста», «Тайная вячэра», «Укрыжаванне», «Палажэнне ў труну», «Уваскрэсенне», «Партрэты 9 знакамітых людзей» (Дантэ, Дж.Бакачыо, Петраркі і інш.; усе паміж 1445—57, цяпер у манастыры Сант-Апалонія, пераўтвораным у музей К.) у Фларэнцыі, «Вядомыя людзі» (каля 1450—51, з вілы Кардучы ў Леньяйі), партрэт мужчыны (каля 1455) і інш.
Андрэа дэль Кастаньё Сівіла Кумская. Фрэска цыкла «Вядомыя людзі» з вілы Кардучы ў Леньяйі. Фрагмент. Каля 1450—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛІВАНО́ВІЧ (Нікадзім Юр’евіч) (25.12.1834, в. Цынцавічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1919),
бел. жывапісец. Акад. Пецярбургскай АМ (1876). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1859—66), скончыў клас мазаікі (1870) і выкладаў у акадэміі. У 1863 атрымаў званне вольнага мастака і вярнуўся на Беларусь. У 1864 запрошаны Лідскім павятовым праўленнем для афармлення правасл. храмаў. У гэты перыяд пісаў абразы (у т. л. Аляксандра Неўскага, 1864) і партрэты царк. дзеячаў. У 1866 за новыя работы яму прысвоена званне класнага мастака III ступені. У летнія месяцы наведваў радзіму, напісаў карціны «Галава дзяўчынкі», «Партрэт бацькі», «Партрэт яўрэя», «Пастух са Свянцяншчыны», адметныя вастрынёй псіхал. і сац. характарыстык. У 1874 атрымаў званне класнага мастака I ступені. У 1876 разам з І.Лавярэцкім стварыў мазаічную кампазіцыю «Тайная вячэра» для гал. іканастаса Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. У творчасці С. раскрыўся пераход ад класіцызму да рэалізму. Сярод інш. твораў: «Дзеці ў двары», «У школу», «Мужчынскі партрэт», «Партрэт Русцекайтэ», «Павятовы стараста», «Салдат і хлопчык».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МЕНШНАЙДЭР ((Riemenschneider) Тыльман) (каля 1469, г. Гайлігенштат, Германія — 7.7.1531),
нямецкі скульптар эпохі Адраджэння. З 1483 працаваў у Вюрцбургу. У ранніх творах спалучаў дынаміку форм і ламанасць ліній позняй готыкі з рэнесансавымі формамі; пазней імкнуўся да большай абагульненасці і яснасці вобразаў, гарманічнай ураўнаважанасці кампазіцыі. Адзін з першых адмовіўся ад традыц. расфарбоўкі і пазалоты статуй, раскрываў адухоўленасць вобразаў праз фактуру матэрыялу, міміку і жэсты персанажаў.
Сярод твораў: статуі Адама і Евы ў партале капліцы Дзевы Марыі ў Вюрцбургу (1491—93); алтары св. Магдаліны для прыходскай царквы ў Мюнерштаце (1490—92), Укрыжавання (1494—97) і 12 апосталаў (1509) для царквы ў Віндсгайме, «Святой крыві» ў Якабскірхе ў Ротэнбургу (1501—05), Марыі ў Гергатскірсе ў Крэглінгене (1505—10), сабора ў Майдбране (1515—23); надмагіллі Рудольфа фон Шэрэнберга (1496—99) і Ларэнца фон Бібра (каля 1519) у саборы Санкт-Кіліян, Конрада фон Шаўмбурга ў Марыенкапэле (1499) у Вюрцбургу, імператара Генрыха II і Кунігунды ў саборы ў Бамбергу (1499—1513); рэльеф «Аплакванне Хрыста» ў алтары прыходскай царквы ў Майдбране (1519—23) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
Т.Рыменшнайдэр. Кампазіцыя «Тайная вячэра» алтара «Святой крыві» ў Якабскірхе ў Ротэнбургу. 1501—05.
іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Х. дэль Кастыльё ў Іспаніі. Адзін з заснавальнікаў (1660) і першы прэзідэнт Севільскай АМ У ранні перыяд зазнаў уплыў караваджызму, трактаваў рэліг. сцэны як падзеі з нар. жыцця. З 1650-х г. яго жывапісная манера вызначалася вытанчанасцю каларыту, залацістым святлаценем, лірычным ладам кампазіцыі, часам сентыментальнасцю. Сярод твораў: серыі рэліг. карцін для францысканскага кляштара («Францысканскі цыкл», 1645—46), для кляштара капуцынаў («Святыя», 1665), для царквы Санта Марыя ла Бланка («Сон патрыцыя», «Тлумачэнне сна папам Ліберыем» і інш., 1665—66), для капэлы шпіталя Ла Карыдад («Св. Ізабэла Венгерская», «Майсей здабывае ваду са скалы» і інш., 1671—74), для аўгусцінскага кляштара («Св. Фама Вільянуэва раздае міласціну» і інш., 1678) у Севільі, «Прытча пра блуднага сына» (1660—80); карціны «Тайная вячэра» (1640), «Св. сям’я з птушкай» (1640-я г.), «Рэвека і Елеазар» (1650), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1665—70), «Бязгрэшнае зачацце» (1668) і інш. Ствараў жанравыя сцэны («Хлопчык з садавіной», 1645—54; «Маленькі жабрак», каля 1650; «Хлопчык з сабакам», 1650-я г., і інш.), партрэты («Партрэт рыцара»; аўтапартрэт, каля 1655, і інш.).
французскі мастак; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. Вучыўся ў Э.Будэна ў Гаўры (1858—59), у акадэміі Сюіса (1859—60) і ў майстэрні Ш.Глейра (1862—63) у Парыжы. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Развіваў традыцыі пленэрнага жывапісу майстроў барбізонскай школы і Будэна, імкнуўся да перадачы асабістых уражанняў ад пейзажнага або арх. матыву праз колеравае багацце свету і эфекты зменлівасці святлопаветранага асяроддзя і мяккай вібрацыі паветра. Выпрацаваў тэхніку жывапісу раздзельнымі мазкамі і чыстымі фарбамі, разлічаную на аптычнае іх сумяшчэнне ў зрокавым успрыняцці. У серыях карцін-варыяцый «Стагі сена» (1890—91), «Руанскі сабор» (1893—95), «Німфеі» (1904—18) праз адлюстраванне аднаго і таго ж матыву ў розныя часы дня і пры розным надвор’і выяўляў разнастайнасць станаў прыроды. Сярод твораў: «Шпацыр» (1865), «Жанчыны ў садзе» (1866—67), «Сняданак на траве», «Тэраса над морам у Сент-Адрэс» (абодва 1866), «Жабнікі» (1869), «Атэль на пляжы» (1870), «Уражанне, узыход сонца» (1872), «Макі», «Вячэра» (абодва 1873), «Мост у Аржантэйлі» (1874), «Вакзал Сен-Лазар» (1877), «Берагі Сены ў Ветойль» (1880), «Скалы вострава Бель-Іль» (1886), «Белыя гарлачыкі» (1899), «Туман у Лондане» (1903), серыя пано «Гарлачыкі» (1914—22) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Імпрэсіянізм.
Літ.:
Сапего И. К.Моне: [Альбом]. Л., 1969;
Георгиевская Е.Б. К.Моне: [Альбом]. 2 изд. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДАРАЎ (Юрый Уладзіміравіч) (н. 8.5.1927, с. Рап’ёўка Базарна-Карабулакскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1977). Скончыў Маск. тэатр. вучылішча імя М.С.Шчэпкіна (1949). Працаваў у Гродзенскім абл.драм. т-ры, з 1954 у Нац.акад.драм. т-ры імя М.Горкага. Адначасова з 1968 -выкладае ў Бел.АМ. Творчасці С. ўласцівы лаканічныя выразныя сродкі, знешняя стрыманасць пры ўнутр. напружанасці, дакладнасць дэталей, пластычнасць маст. вобраза. Выканаўца гераічных, лірычных, вострахарактарных, камед. роляў. Ролі ў бел. рэпертуары т-ра імя М.Горкага: лейтэнант Наганаў, палкоўнік Кусонскі, паліцай Зыль («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка», «Дзеля жыцця» К.Губарэвіча), Гарачун («Білет у мяккі вагон» А.Маўзона), Дробыш, Хазяінаў («Трывога», «Соль» А.Петрашкевіча), Чарвякоў («Знак бяды» паводле В.Быкава) і інш. Ролі ў класічным рэпертуары: Мікіта («Улада цемры» Л.Талстога), Пратасаў, Бардзін, Ягор Булычоў, Бубнаў, Жан («Дзеці сонца», «Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага, «Букееў і кампанія» паводле п’есы «Якаў Багамолаў» М.Горкага), Актавій Цэзар, Банка («Антоній і Клеапатра», «Макбет» У.Шэкспіра), барон Бэрлі («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера) і інш. Псіхалагічна паглыблена раскрыў характары Аарне («Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі), Бернарда Шоу («Мілы лгун» Дж.Кілці), Дасбергена Мустафаева («Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.Айтматава і К.Мухамеджанава), Гартмана («Дзікунка» Ж.Ануя), Фушэ («Вячэра» Ж.Брысвіля) і інш. Удзельнічае ў тэлевізійных і радыёспектаклях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́ ((Dali) Сальвадор) (11.5.1904, г. Фігерас, Іспанія — 23.1.1989),
іспанскі жывапісец, графік і тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў і вядучы прадстаўнік сюррэалізму. Вучыўся ў АМ у Мадрыдзе (1921—26), захапляўся футурызмам, кубізмам, метафіз. жывапісам. З 1929 у Парыжы, дзе пад уплывам П.Пікасо і А.Брэтона склаўся як сюррэаліст. Абапіраючыся на тэорыю псіхааналізму псіхааналізу З.Фрэйда, стварыў уласны творчы метад, які назваў «паранаістычна-крытычным». Свае ідэі сцвердзіў у першых сюррэаліст. фільмах, зробленых у супрацоўніцтве з Л.Буньюэлем («Андалускі пёс», 1929, і «Залаты век», 1931), што прынесла Д. славу самага эксцэнтрычнага і экстравагантнага мастака 20 ст. Жывапісныя творы Д., адметныя нястрыманай фантазіяй і віртуознай тэхнікай, як правіла, уяўляюць сабой фантасмагорыі, дзе самым ненатуральным сітуацыям і спалучэнням прадметаў надаецца знешняя дакладнасць і пераканаўчасць: «Пастаянства памяці», «Старасць Вільгельма Тэля» (абодва 1931), «Архітэктанічны «Анжэлюс» Міле» (1933), «Прадчуванне грамадзянскай вайны» (1936), «Сон Хрыстафора Калумба» (1959), «Лоўля тунца» (1967) і інш. З 1940 у ЗША, дзе яго ілюзійны прыём жывапісу дасягнуў найб. вастрыні («Сон, выкліканы палётам пчалы вакол граната за хвіліну да абуджэння», 1944, «Атамная Леда», 1949). З 1955 у Іспаніі, пад уплывам ісп. барочнага жывапісу ствараў творы хрысц. тэматыкі «Тайная вячэра», 1955, і інш.). Займаўся сцэнаграфіяй, плакатам, дэкар. мастацтвам, ілюстраваў творы М.Сервантэса, У.Шэкспіра і інш. Аўтар аўтабіягр. кніг «Тайнае жыццё Сальвадора Далі» (1942—1944) і «Дзённік генія» (1964). У 1972 у Фігерасе адкрыты музей мастака, у якім ён і пахаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРБЭ́ ((Courbet) Жан Дэзірэ Гюстаў) (10.6.1819, г. Арнан, Францыя — 31.12.1877),
французскі жывапісец; заснавальнік рэалізму. З 1837 вучыўся ў рысавальнай школе Ш.А.Флажуло ў Безансоне, з 1839 у прыватных атэлье ў Парыжы. Зазнаў уплывы ісп. і галандскага жывапісу 17 ст. У ранні перыяд творчасці блізкі да рамантызму: «Лот з дочкамі», «Вальпургіева ноч» (абодва 1841), «Аўтапартрэт з чорным сабакам» (1842), «Закаханыя ў вёсцы» (1844) і інш. Пасля паездкі ў Галандыю ў 1846 супрацьпаставіў рамантызму і акад. класіцызму мастацтва новага тыпу, якое сцвярджала матэрыяльную каштоўнасць свету і адвяргала маст. каштоўнасць таго, што нельга ўвасобіць адчувальна-прадметна. Імкнуўся да перадачы натуральнай прыгажосці колераў, святлоценявых эфектаў, градацый тонаў, жывапіснай пластыкі, да раскрыцця значнасці і паэтычнасці паўсядзённага жыцця, фіз. працы. У шматфігурных манум. палотнах «Пахаванне ў Арнане» (1849—50), «У майстэрні мастака» (1855) стварыў партрэт франц. грамадства. Сярод інш. твораў: «Каменячосы», «Вячэра ў Арнане» (абодва 1849), «Купальшчыцы» (1853), «Сустрэча (Добры дзень, пан Курбэ!)» (1854), «Веяльшчыцы» (1855), «Жанчыны на беразе Сены» (1857), «Каменяломня ў Аптэво» (каля 1865), «Хваля» (1870). У 1855 у сваім каталогу да Сусв. выстаўкі ў Парыжы апублікаваў «Маніфест рэалізму». Удзельнік Парыжскай камуны 1871, пасля яе падзення абвінавачаны ў разбурэнні Вандомскай калоны і прыгавораны да выгнання. У 1873 эмігрыраваў у Швейцарыю, дзе яго творчасць прыйшла ў заняпад.
Літ.:
Гюстав Курбе: Письма, док., воспоминания современников: Пер. с фр.М., 1970;
Шури М. Здравствуйте, господин Курбе!: Пер. с фр.М., 1977;
Калитина Н. Г.Курбе: Очерк жизни и творчества. М., 1981.