Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РА,
возера ў Любанскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Арэса, за 12 км на ПдУ ад г. Любань, на плоскай забалочанай мясцовасці. Пл. 3,24 км², даўж. 2,75 км, найб.шыр. 1,55 км, найб.глыб. 1,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 7,4 км. Схілы катлавіны плоскія, затарфаваныя, на У пясчаныя дзюны выш. да 7 м. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У пясчаныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага пясчанае. Злучана з Чабускім каналам. У выніку меліярац. работ возера абмялела і штучна папаўняецца праз магістральны канал з р. Арэса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́ЛЬСКІ МАСІ́Ў,
балота ў Любанскім р-не Мінскай вобл. і Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., у вадазборы р. Арэса. Нізіннага тыпу. На масіве 3 возеры, найб.Вячэра. Пл. 32,5 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 20,7 тыс.га. Сярэдняя глыб. торфу 1,8 м. Асушаная ч. выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях пераважае асакова-гіпнавая расліннасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКО́ЎСКІ (Дака) (7.8.1919, с. Тырнак Врачанскай акругі, Балгарыя — 28.1.1962),
балгарскі кінарэжысёр. Засл. арт. Балгарыі (1963, пасмяротна). У 1938—41 акцёр у т-рах Сафіі і Скопле. Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1952). Дэбютаваў фільмам «Пад прыгнётам» (паводле І.Вазава, 1952; Дзімітроўская прэмія 1953). Яго творчасці характэрна распрацоўка гераічных характараў і значных тэм: «Беспакойны шлях» (1955, Дзімітроўская прэмія 1959), «Тайная вячэра седмакоў» (1957; у сав. пракаце «Закон дазваляе»), «Стубленскія ліпы» (1960) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЧАНКА (сапр.Панасенка) Сцяпан Васілевіч
(8.1.1879, г. Ічня Чарнігаўскай вобл., Украіна — 11.8.1932),
украінскі пісьменнік. Скончыў Карастышаўскую настаўніцкую семінарыю (1898). Настаўнічаў. Асн. тэмы твораў — жыццё ўкр.дарэв. вёскі (зб-кі апавяданняў «Эскізы», 1911; «Апавяданні», 1915), праца нар. настаўніка (навелы «Вячэра», «Чароўная Галя», «Грэх»), падзеі 1-й сусв. вайны («Акопны дзённік», 1917, і інш.). Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў, фельетонаў, незакончанай аповесці пра Т.Шаўчэнку «У бур’янах» (апубл. 1938).
Тв.:
Твори. Т. 1—3. Київ, 1974.
Літ.:
Шумило Н.М. Проза Степана Васильченко. Київ, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРНО́Е,
паселішчы неаліту і бронзавага веку каля в. Азярное Любанскага р-на Мінскай вобл., на беразе воз.Вячэра. На паселішчы-1 знойдзены крамянёвыя прылады (нажы, скоблі, скрабкі, наканечнікі стрэл і інш.), кераміка днепра-данецкай культуры (канец 3 — пач. 2-га тыс. да н.э.), сярэднедняпроўскай культуры (2-я чвэрць 2-га тыс. да н.э.) і інш. На паселішчы-2 акрамя вырабаў з крэменю і керамікі са дна возера паднята больш за 70 прылад з косці і рогу (кінжалы, наканечнікі коп’яў, дроцікаў і стрэл, гарпуна, матыкі і інш.). На адной з іх выгравіраваны 2 выявы чалавека і ромбападобная фігура.