ПАНАМАРЭ́НКА (Леанід Фёдаравіч) (н. 26.1.1937, в. Вятхінь Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст,прамысл. вучылішча імя В.І.Мухінай (1957), Бел. тэатральна-маст.ін-т (1968). З 1957 працаваў на Мінскім фарфоравым з-дзе, з 1964 на Івянецкай ф-цы маст. вырабаў, з 1966 на Мінскім маст. к-це. Працуе ў галіне керамікі. Для работ характэрны творчае засваенне традыц. форм нар. ганчарнага посуду, спалучэнне традыц. і сучасных спосабаў апрацоўкі матэрыялаў, стрыманая колеравая гама з падкрэсленымі прыроднымі ўласцівасцямі матэрыялу. Сярод твораў: сервізы «Авальны» (1957), «Восень» (1962), «Вяночак» (1970), кампазіцыі «Мара» (1972), «Салют» (1975), серыі дэкар. ваз «Па родных матывах» (1970—80-я г.), «Змрок» і «Ноч» (1964—84). З 1990-х г. займаецца белай керамікай (серыі «Зямля пад белымі крыламі», «Белыя сувеніры»). Аўтар дэкар. пластоў, дробнай пластыкі, акварэляў і інш. Аформіў інтэр’ер паліклінікі ў г. Маладзечна (1980), сталовую Мазырскага з-да меліярац. машын (1982), дзіцячую б-ку № 2 г. Мінска (1983) і інш.
Г.А.Фатыхава.
Л.Панамарэнка. З серыі «Белыя сувеніры». 1990-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ШАК (Vicia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 11 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя гарошкі: валасісты — V. hirsuta, вузкалісты — V. angustifolia, кашубскі — V. cassubica, мышыны — V. cracca, зараснікавы — V. dumetorum, гарохападобны — V. pisiformis, плотавы — V. sepium, лясны — V. sylvatica, танкалісты — V. tenuifolia, чатырохнасенны — V. tetrasperma і 4 інтрадукаваныя (гарошак буйнакветны — V. grandiflora, нарбонскі — V. narbonensis, панонскі — V. pannonica, пацеркападобны, або франц. сачавіца, — V. ervilla) віды. Дзікарослыя віды трапляюцца ў лясах, на лугах, у хмызняках, уздоўж дарог, на пустках, у населеных мясцінах і як пустазелле; інтрадукаваныя вырошчваюць ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі і на доследных дзялянках. Да культ. відаў гарошку адносіцца і віка. Да роду гарошку іншы раз адносяць боб.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны са слабым узыходным, ляжачым, зрэдку прамастойным галінастым сцяблом Лісце парнаперыстаскладанае, з прылісткамі, вусікамі ці шчацінкамі. Кветкі адзіночныя або па 2—3 у пазухах лісця ці ў гронкападобных суквеццях. Вяночак рознага колеру (найчасцей сіні, фіялетавы, блакітны, пурпурны, бэзавы). Плод — струк на ножцы, лінейны ці падоўжаны, шматнасенны. Каштоўныя кармавыя, зернефуражныя, лек. меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды – пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ЧКА (Gentiana),
род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі трапляюцца: гарычка веснавая (G. verna) — вельмі рэдкі сярэднееўрапейскі горны рэліктавы від, адзначаны ў Пухавіцкім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., расце на вільготных лугах; гарычка крыжападобная, або сакаліны пералёт (G. cruciata), — рэліктавы лесастэпавы від, трапляецца рэдка, пераважна ў паўн. раёнах, расце на астэпаваных схілах узгоркаў, сухіх лугах, на лясных палянах і ўзлесках; гарычка лёгачная, або звычайная (G. pneumonanthe), трапляецца зрэдку па ўсёй тэр., расце на лугах, у хмызняках. гарычка веснавая і крыжападобная занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Гарычка лёгачная патрабуе прафілактычнай аховы. У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі вырошчваюцца 2 інтрадукаваныя віды — гарычка трохкветная (G. tricolor) і тыбецкая (G. tibetika).
Шматгадовыя травяністыя і паўкусцікавыя расліны з голым пустым прамаслойным ці прыўзнятым сцяблом. Лісце суцэльнае, супраціўнае, звычайна падоўжана-ланцэтнае, ніжняе часта ў разетцы. Кветкі адзіночныя або сабраныя ў верхавінкавыя ці пазушныя суквецці, звычайна буйныя, ярка афарбаваныя (сінія, блакітныя, фіялетавыя, радзей пурпуровыя і жоўтыя), 4—5-членныя. Вяночак трубчасты або трубчаста-лейкападобны. Плод — каробачка. Лек. (выкарыстоўваюцца ў афіцыйнай і нар. медыцыне), харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́НЬ, журавельнік (Geranium),
род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (у тропіках — толькі ў гарах). На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца 17 відаў, з іх 7 мясцовых — герань балотная (G. palustre), крывава-чырвоная (G. sanguineum), лугавая (G. pratense), лясная (G. sylvaticum), маленькая (G. pusillum), Роберта (G. robertianum) і цёмная (G. phaeum), занесеная ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, і 10 занесеных — герань багемская (G. bohemicum), бліскучая (G. lucidum), галубковая (G. columbinum), круглалістая (G. rotundifolium), мяккая (G. molle), пірэнейская (G. pyrenaicum), раскідзістая (G. divaricatum), рассечаная (G. dissectum), сібірская (G. sibiricum) і ўзгоркавая (G. collinum). Растуць у лясах, на лугах і балотах, каля рэк, азёр, дарог і інш. У Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукавана герань прамая (G. rectum).
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным сцяблом выш. да 1,5 м. Лісце супраціўнае або чаргаванае, з прылісткамі, амаль сядзячае або на доўгіх чаранках, лопасцевае, пальчата-раздзельнае ці, зрэдку, перыстае, ніжняе часта ў разетцы. Кветкі правільныя, па 1—2 на пазушных кветаносах, утвараюць парасонікі: вяночак з 5 свабодных пялёсткаў рознага колеру (ад белаватых, ружовых і бэзавых да чырвона-бурых, амаль чорных), звычайна буйны. Плод — стэрыгма, якая распадаецца на 5 плодзікаў (мерыкарпіяў). Лек., меданосныя, дубільныя і пахучыя дэкар. расліны. Геранню называюць таксама віды роду пеларгонія.