ЧАХЕ́ЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва сярэдзіны 19 ст. ў б. маёнтку Чахец (цяпер в. Каштанаўка Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). У 1853—1939 належаў памешчыку А.​Ф.​Кернажыцкаму і яго нашчадкам па жаночай лініі Дзяконскім (з 1873). Мураваны сядзібны дом складаецца з 2 аб’ёмаў, мае рысы позняга класіцызму. Гал. аб’ём 1-павярховы, у плане выцягнуты прамавугольнік, пад 2-схільным дахам. Уваход аформлены 4-калонным порцікам. З боку паркавага фасада тэраса. Справа да гал. аб’ёму прымыкае 2-павярховы корпус. Дом моцна пашкоджаны. Парк (пл. 12 га) пейзажнага тыпу на раўнінным рэльефе. Перад домам партэрная ч. парку, за ім — ландшафтная, заканчваецца вадаёмам. Пераважаюць мясц. пароды дрэў, з экзотаў растуць хвоя веймутава, вяз амерыканскі, лістоўніца сібірская, бук лясны. Ансамбль знаходзіцца на тэр. Пружанскага агр.-тэхн. каледжа.

Літ.:

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989;

Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. 2 wyd. Wrocław etc., 1992. T. 2. S. 31—32.

Ю.​В.​Бажэнаў.

Чахецкі сядзібна-паркавы ансамбль Сядзібны дом. Фота 1939.

т. 17, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

дрэвы, кусты і травяністыя расліны, якія выкарыстоўваюцца на азеляненне, упрыгожванне жылых памяшканняў і грамадскіх будынкаў. Д.р. ёсць сярод прадстаўнікоў пакрытанасенных і голанасенных раслін, папарацей. На Беларусі высаджваюць каля 30 відаў і форм мясц. дрэў і кустоў, з інтрадукаваных раслін — больш за 540 відаў і сартоў кветкавых раслін, каля 40 хвойных і лісцевых дрэў, 100 кустоў і больш дзесятка павойных раслін.

Пры падборы Д.р. зыходзяць з мясц. умоў і практыкі выкарыстання відаў раслін. Лінейныя пасадкі фарміруюць найчасцей з дрэў з правільнай кронай (елка, туя, клён, ліпа, бяроза і інш.), адзіночныя пасадкі або групы — з дрэў з вузкімі і шырокімі кронамі (арэх, клён, вяз, рабіна, дуб і інш.), па берагах вадаёмаў, на схілах высаджваюць з ніцай кронай — вербы і інш.; альтанкі, тэрасы, сцены будынкаў, балконы ўпрыгожваюць павойнымі раслінамі (вінаград амурскі, хмель, кірказон, капрыфоль, дзявочы вінаград пяцілісточкавы і інш.), на кветніках садзяць ружы, цюльпаны, гладыёлусы, крокусы, касачы, флёксы, нарцысы, лілеі, астры і інш. У ахаваным грунце вырошчваюць пальмы, фікусы, гартэнзіі, цыкламены, герберы і інш. Сярод пакаёвых Д.р. найб. пашыраны пеларгонія, бягонія, плюшч, глаксінія, клівія, кактусы і інш.

Да арт. Дэкаратыўныя расліны. Азеляненне будынка дзявочым вінаградам.

т. 6, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛА́ЧЫ (Appalachian Mountains),

горы на У Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Працягнуліся з ПдЗ на ПнУ на 2600 км; асн. хрыбты: Блу-Рыдж, Уайт-Маўнтынс, масіў Адырондак, Грын-Маўнтынс. Сярэдневышынныя. Пераважаюць выш. 1300—1600 м, найб. 2037 м, г. Мітчэл (Блу-Рыдж). Падзяляюцца Апалачы на Паўночныя і Паўднёвыя (мяжа па рэках Мохак і Гудзон). Паўночныя Апалачы — хвалістае пласкагор’е выш. 400—600 м, над якім узвышаюцца асобныя масівы і хрыбты, вяршыні згладжаны, ператвораны ледавіком у трогі. Паўднёвыя Апалачы складаюцца з восевай зоны хр. Блу-Рыдж, з У да якога прымыкае плато Підмант, з З — Апалачскае плато. Утварыліся Апалачы ў перыяд каледонскай складкавасці і герцынскага арагенезу, амалоджаны неатэктанічнымі падняццямі. Паўночная і паўд.-ўсх. ч. Апалачаў складзена з крышт. парод, зах. і паўд.-зах. — пераважна з асадкавых (пясчанікі, даламіты, вапнякі). Карысныя выкапні: каменны вугаль (гл. Апалачскі вугальны басейн), нафта, прыродны газ, жал. руда, тытан, азбест. Клімат на Пн умераны, на Пд субтрапічны, фарміруецца пад уплывам Атлантычнага ак. і асабліва Мексіканскага заліва. Сярэднія т-ры студз. вагаюцца ад -12 на Пн да 8 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 18 да 26 °C. Ападкаў 1000—1300 мм за год. Рэкі цякуць у глыбокіх далінах, найбольшыя — Канектыкут, Гудзон, Саскуэхана і Тэнесі. Расліннасць паўн. ч. — хвойныя і мяшаныя лясы (елка, піхта, туя, гемлока, клён, вяз, гікоры), на Пд ад 41° паўд. ш. ў ніжнім поясе горныя шыракалістыя лясы (каштан, дуб, клён і эндэмікі — цюльпаннае дрэва, платан, магноліі), вышэй за 1000 м — мяшаныя і хвойныя лясы, затым субальпійскія лугі. Жывёльны свет — пераважна эндэмікі: віргінскі алень і віргінскі апосум, дрэвавы дзікабраз, мядзведзь барыбал, рысь, янот, скунс, выдра. Апалачы — раён турызму, лыжнага і воднага спорту, палявання. У Апалачах нац. паркі Грэйт-Смокі-Маўнтынс (Тэнесі), Шэнандоа (Віргінія), Алалачская дарога ўздоўж хрыбта Блу-Рыдж.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Апалачы. Хрыбет Блу-Рыдж.

т. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯРНО́ПАЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на З Украіны. Утворана 4.12.1939. Пл. 13,8 тыс. км². Нас. 1146,2 тыс. чал. (2001), гарадскога 41%. Цэнтр — г. Цярнопаль. Найб. гарады: Чарткоў, Крэменец, Беражаны.

Большая ч. тэр. ў межах Падольскага ўзв. (выш. да 443 м). На Пн яго Варанякі і Крамянецкія горы, з ПнЗ на ПдУ цягнуцца вапняковыя грады Толтры, на крайнім ПдЗ — Аполле. Пашыраны карставыя формы рэльефу. Карысныя выкапні: мінер. буд. матэрыялы (вапнякі, гліны, кварцавыя пяскі, мел, мергель), торф, буры вугаль, фасфарыты; крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 19 °C, ападкаў 520—700 мм за год. Гал. рэкі — Днестр з прытокамі Залатая Ліпа, Стрыпа, Серэт, Збруч; на Пн — Вілія, Іква, Гарынь (бас. р. Прыпяць). Глебы пераважна чарназёмныя, на Пн — дзярновыя і балотныя. Пад лесам каля 14% тэр.; пашыраны шыракалістыя лясы (дуб, граб, ясень, вяз, ліпа), на Пн — хваёвыя і хваёва-дубовыя лясы.

Асн. галіны прам-сці — харч. (цукр., мясная, малочная, масласыраробная, алейная, агароднінакансервавая, спіртавая, тытунёвая), лёгкая (тэкст., абутковая, галантарэйная), машынабудаванне і металаапрацоўка (буракаўборачныя камбайны, свяцільні, пускарэгулявальныя апараты і інш.), дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сць буд. матэрыялаў, фарфору, шкла, пластмас. Развіты маст. промыслы (ткацтва, вышыўка, лозапляценне, вытв-сць дываноў). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, цукр. буракоў, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пл. с.-г. угоддзяў 1060 тыс. га. Асушана каля 120 тыс. га. Пасяўная пл. ў 2000 склала 794 тыс. га. Гал. збожжавыя культуры — пшаніца, ячмень, кукуруза, грэчка; тэхн. — цукр. буракі, тытунь; кармавыя — люцэрна, канюшына, кармавыя караняплоды. Бульбаводства, агародніцтва, садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак. Сажалкавае рыбаводства. Пчалярства. Даўж. чыгунак 574 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 5 тыс. км. Гал. чыгункі Кіеў—Жмерынка—Цярнопаль—Львоў—Чоп, Кіеў—Шапятоўка—Цярнопаль—Чарнаўцы, аўтамагістралі Брэст—Цярнопаль—Чарнаўцы, Львоў—Цярнопаль—Хмяльніцкі. Суднаходства па р. Днестр.

т. 17, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАПЕ́СКАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. Сфарміравана ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў маёнтку графаў Пуслоўскіх (належаў ім да 1939) на беразе воз. Чорнае. Першапачаткова арх.-кампазіцыйнае ядро комплексу складалі сядзібны дом, стайня, размешчаны паміж імі «павільён руж», 2 мураваныя брамы пры ўездзе ў вёску і сядзібу. Пасля зруйнавання ў 1843 мураванага сядзібнага дома (пабудаваны ў канцы 18 ст. ў стылі класіцызму) уладальнікі прыстасавалі пад жыллё драўляны будынак стайні. Прамавугольны ў плане 1-павярховы будынак з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе, накрыты вальмавым дахам. Сцены атынкаваныя, вокны прамавугольныя з простымі ліштвамі. «Павільён руж» (не захаваўся) пабудаваны ў пач. 19 ст. з цэглы (па аналогіі з вядомай вілай-ратондай італьян. арх. А.​Паладыо) — цэнтрычнае крыжова-купальнае 2-павярховае збудаванне, на яго гал. фасадзе масіўны 4-калонны порцік тасканскага ордэра з трохвугольным франтонам. Фрыз аформлены лепкай (атынкаваны ў 1863). Прасторавую кампазіцыю ўзбагачалі паўсферычны купал з ліхтаром і схілы сцен пры скрыжаванні аб’ёмаў. Фасады крапаваныя лапаткамі, паўцыркульнымі і прамавугольнымі нішамі, прафіляванымі карнізамі з сухарыкамі. Да будынка прымыкала вял. аранжарэя. Брамы выкананы ў рамант. формах сярэдневяковай готыкі. Паўночная брама — манум. збудаванне са стральчатым арачным праездам, фланкіраванае круглымі ў сячэнні 3-яруснымі вежамі і завершанае 2-ярусным зубчастым парапетам. Аздоблена стральчатымі нішамі, аркатурнымі і філянговымі паясамі, крыжамі, вузкімі шчылінамі-байніцамі, драўлянай імітацыяй зубчастай пад’ёмнай рашоткі. Па баках прыбудаваны нізкія каравулкі. Зах. брама (меншых памераў) вырашана ў стылі несапраўднай готыкі. Прамавугольная ў плане, з цэнтр. арачным праездам (замураваны) і 2 бакавымі каравулкамі. Вуглавыя ч. аб’ёмаў крапаваны лапаткамі са стральчатымі нішамі, завершаны зубчастым парапетам. Пейзажны парк разбіты на схіле да возера, вакол 2 сажалак і каналаў, праз якія былі перакінуты масткі. На востраве адной з сажалак была альтанка. Па-за межамі парку размешчаны цагляны бровар у познакласіцыстычным стылі. У парку раслі клён серабрысты, дубы чырвоны і летні пірамідальны, ясень пенсільванскі, хвоя веймутава, таполі белая і чорная пірамідальныя, лістоўніца еўрап., граб, вяз гладкі і інш. З зах. боку размяшчаецца пладовы сад, адмежаваны ад парку букавай алеяй. На паўд. ускраіне ў канцы алеі пагорак, дзе на могілках стаяла капліца (засталіся рэшткі). Дэкар. элементам парку быў драўляны вятрак — цэнтрычнае, круглае ў сячэнні збудаванне з купальным пакрыццём, узнятае на тэрасу-каланаду і выкананае ў адзіным стылі з асн. будынкамі. У 1990 распрацаваны праект аднаўлення парку (арх. Л.​П.​Луцэвіч). Іл. гл. да арт. Рамантызм.

А.​М.​Кулагін.

т. 15, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РКАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПнУ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 31,4 тыс. км². Нас. 2920, 4 тыс. чал. (2001), гарадскога 79,1%. Цэнтр — г. Харкаў. Найб. гарады: Лазавая, Ізюм, Купянск, Чугуеў, Багадухаў, Балаклея, Ваўчанск.

Паверхня — хвалістая раўніна, слабанахіленая на ПдЗ і ПдУ, парэзаная рачнымі далінамі, ярамі і лагчынамі. Большая частка ў межах Прыдняпроўскай нізіны. На Пн і ПнУ Сярэднярускае ўзв. (выш. да 236 м), на ПдУ адгор’і Данецкага кража. Карысныя выкапні: прыродны газ (Дняпроўска-Данецкая нафтагазаносная вобласць), нафта, буры і каменны вугаль, жал. руда, буд. матэрыялы; крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Гал. рака — Северскі Данец з прытокамі Аскол, Уды, Мжа, Харкаў. На З рэкі Мерла, Каломак, Арэль, Бераставая, Самара (бас. р. Дняпро). Каля 50 вадасховішчаў, у т. л. Краснааскольскае, Печанежскае. Траса канала Дняпро—Данбас. Х.в. размешчана ў лесастэпавай і стэпавай зонах. Глебы пераважна чарназёмныя і шэрыя ападзоленыя. Большая ч. тэр. разараная. Пад лесам і хмызнякамі каля 10% тэр. (дуб, ліпа, вяз, хвоя, клён, ясень, дзікая груша).

Асн. галіны прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка. Развіты ваен.-прамысл. комплекс (вытв-сць танкаў і бранятэхнікі, ракетна-касм. тэхнікі). авіяц. (грамадз. і ваен. самалёты), трактарнае і с.-г. (трактары, рухавікі, трактарныя самаходныя шасі), энергет. (паравыя, гідраўл., газавыя турбіны і генератары), эл.-тэхн. машынабудаванне, станкабудаванне (шліфавальныя і агрэгатныя металарэзныя станкі), прыладабудаванне (дакладнае і мед.), інстр. прам-сць, вытв-сць абсталявання для вугальнай, паліграф. і харч. прам-сці. Здабыча (7 млрд. м³ штогод, 50% здабычы на Украіне) і перапрацоўка газу; радовішчы Шабялінскае, Яфрэмаўскае, Кегічоўскае, Красцішчанскае. Нафтаздабыча. Вытв-сць электраэнергіі на Зміёўскай ДРЭС, Харкаўскай ЦЭЦ і інш. Хім. (пластмасы, рэактывы, лакі, фарбы, ядахімікаты, мед. прэпараты, гумава-тэхн. вырабы), дрэваапр. (мэбля, кардон, папера), харч. (цукр., мясная, малочная, алейная, кандытарская, мукамольна-крупяная, вінаробная, тытунёвая), камбікормавая, лёгкая (баваўняная, шарсцяная, гарбарна-абутковая, футравая, дывановая, швейная), фарфора-фаянсавая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, цукр. буракоў, сланечніка, мяса-малочнай жывёлагадоўлі, агародніцтве. Пл. с.-г. угоддзяў 2,4 млн. га, у т. л. ворныя землі — 1,9 млн. га (2001). Пасевы збожжавых (азімая і яравая пшаніца, ячмень, жыта, кукуруза), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік, соя) і кармавых культур. Агародніцтва, бульбаводства. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, птушак. Пчалярства. Рыбаводства. Даўж. чыгунак 1442 км, аўтамаб. дарог 15 тыс. км. Буйныя чыг. вузлы: Харкаў, Лазавая, Купянск, Любацін. Гал. аўтамагістралі: Харкаў—Сімферопаль, Харкаў—Масква. Трубаправоды: Шабялінка—Харкаў, Шабялінка—Кіеў, Шабялінка—Данбас. Бальнеалагічныя курорты: Бярозаўскія Мінер. Воды, Рай-Яленаўка.

В.​М.​Корзун.

т. 16, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПдЗ Расійскай Федэрацыі, у Перадкаўказзі. Абмываецца Таганрогскім зал. Азоўскага м. Утворана 13.9.1937. Пл. 100,8 тыс. км². Нас. 4341 тыс. чал. (2000), гарадскога 68%. Цэнтр — г. Растоў-на-Доне. Найб. гарады: Таганрог, Шахты, Валгадонск, Новачаркаск, Навашахцінск, Батайск, Каменск-Шахцінскі, Сальск.

Рэльеф пераважна раўнінны. На З — усх. адгор’і Данецкага кража (выш. 253 м), на Пн — Данская града, на ПдУ — узв. Ергені, на Пд — Кума-Маныцкая ўпадзіна і Сальска-Маныцкая града. Паверхня парэзаная далінамі рэк, ярамі, лагчынамі. Карысныя выкапні: кам. вугаль (ч. Данецкага вугальнага басейна; запасы 6576,8 млн. т), флюсавыя вапнякі, тугаплаўкія гліны, кухонная соль, прыродны газ і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -9 °C на Пн да -5 °C на Пд, ліп. 22—24 °C. Ападкаў 400—600 мм за год. Гал. рака Дон з прытокамі Северскі Данец, Чыр (справа), Сал, Маныч (злева), выкарыстоўваецца для арашэння. Найб. воз. Маныч-Гудзіла. Буйныя вадасховішчы Цымлянскае, Вясёлаўскае, Пралетарскае. Глебы чарназёмныя, на У цёмна-каштанавыя, месцамі саланцы, у поймах рэк алювіяльна-лугавыя. Амаль усе прыдатныя для сельскай гаспадаркі землі разараны, лясы захаваліся ў ярах і лагчынах (дуб, клён, ясень, вяз). Лясістасць 2,4%. Растоўскі запаведнік.

Р.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. У структуры валавога прадукту на долю прам-сці прыпадае 24,3%, сельскай гаспадаркі — 14,8%, буд-ва — 8,5%, транспарту — 8,6%. Вядучыя галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі, 1998): электраэнергетыка (Новачаркаская ДРЭС, Цымлянская ГЭС, Растоўская АЗС) — 25,4%; машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. с.-г. (збожжаўборачныя камбайны, культыватары і інш.), энергет., вытв-сць электравозаў, экскаватараў, верталётаў, кавальска-прэсавага, металург., нафтавага і гандл. абсталявання, металаапр. станкоў, інструментаў, оптыка-мех., бытавых электрапрылад і інш. — 20,2%; харч. (мясная, алейна-тлушчавая, кансервавая, вінаробная) — 17,5%; паліўная (здабыча кам. вугалю, прыроднага газу) — 12,6%. Развіта чорная і каляровая металургія (ліставы пракат, сталь, трубы для нафтавай і газавай прам-сці), хім. і нафтахім. (тэрмапластмасы, лакі, фарбы, гумава-тэхн. вырабы, мыйныя сродкі), лёгкая (швейная, гарбарна-абугковая, трыкат.), дрэваапр., вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка збожжа-жывёлагадоўчага кірунку. С.-г. ўгоддзі займаюць 8,3 млн. га, у т. л. ворныя землі 6 млн. га (1998). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, рыс, кукуруза, проса), тэхн. (сланечнік, клешчавіна, каляндра, гарчыца), бульбу, агародніна-бахчавыя і кармавыя культуры. Садоўніцтва, вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, коней, птушку. Пчалярства. Даўж. чыгунак, 1935 км. Асн. чыгункі: Масква—Харкаў—Баку, Масква—Растоў-на-Доне—Новарасійск, Валгаград—Сальск—Ціхарэцк. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10,5 тыс. км. Суднаходства па рэках Дон, Северскі Данец, Зах. Маныч, Азоўскім моры. Марскі порт — Таганрог, рачныя парты — Растоў-на-Доне, Усць-Данецкі, Курорты — Маныч, Вёшанскі.

В.​М.​Сасноўскі.

т. 13, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРА́ТАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУ еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі, у Ніжнім Паволжы. Утворана 10.1.1934. Пл. 100,2 тыс. км². Нас. 2907 тыс. чал. (2000), гарадскога 73%. Цэнтр — г. Саратаў. Найб. гарады: Балакова, Энгельс, Балашоў, Вольск.

Вобласць падзяляецца р. Волга на 2 часткі: зах. (правабярэжную) і ўсх. (левабярэжную, Заволжа). Б.ч. правабярэжжа займае Прыволжскае ўзв. (выш. да 370 м), на З — Окска-Данская раўніна. Левабярэжная частка раўнінная, з У і ПнУ абмежавана адгор’ямі Агульнага і Каменнага Сырта. На ПдУ — ч. Прыкаспійскай нізіны. Паверхня моцна парэзана ярамі. Карысныя выкапні: прыродны газ, нафта, гаручыя сланцы, калійна-магнезіяльныя солі, фасфарыты, сыравіна для буд. матэрыялаў. Клімат кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. -12 °C, ліп. 21,7 °C. Ападкаў за год ад 250 мм на ПдУ да 450 мм на Пн. Гал. р. Волга (у межах вобласці 420 км) з прытокамі Церашка (справа), Вял. і Малы Іргіз (злева); найб. прытокі р. Дон — Хапёр і Мядзведзіца, рэкі Вял. і Малы Узень у Заволжы. Валгаградскае і Саратаўскае вадасховішчы. Саратаўскі і Ерусланскі абвадняльныя каналы. Каля 80% тэр. вобласці ў стэпавай зоне з чарназёмнымі глебамі, у Заволжы пашыраны каштанавыя і светла-каштанавыя глебы. Лясістасць 5,5% (вяз, дуб, бяроза). Хвалынскі нац. парк.

Асн. галіна эканомікі — прамысловасць, дзе вылучаюцца машынабудаванне і металаапрацоўка (20,1% кошту прадукцыі, 1999). Вытв-сць самалётаў, тралейбусаў, станкоў, электрарухавікоў, акумулятараў, прылад, падшыпнікаў, дызеляў, аўтатрансп. прычэпаў, запчастак для аўтамабіляў, халадзільнікаў і маразільнікаў; аўтарамонт. Паліўна-энергет. комплекс (29%) прадстаўлены здабычай прыроднага газу (367 млн. м³), нафты і кандэнсату (1,5 млн. т), вытв-сцю электраэнергіі (31,1 млрд. кВт∙гадз, 1999). Саратаўская ГЭС, Балакоўская АЭС. Развіта хім. і нафтахім. (штучнае і сінт. валакно, мінер. ўгнаенні, серная к-та, гумава-тэхн. вырабы), буд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вапна, мел, тэхн. шкло, цэгла і інш.), дрэваапр., лёгкая (трыкат., абутковая, швейная, вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін), харч. прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжа. У структуры сельскай гаспадаркі 81 % прыпадае на прадукцыю жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 4,4 млн. га, у т. л. пад збожжавымі культурамі 72% (пшаніца азімая і яравая, ячмень, проса, жыта), тэхн. 9,4% (сланечнік, цукр. буракі), кармавымі 17,3%. Вырошчваюць бульбу і агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак. Даўж. чыгунак 2312 км; асн. чыгункі Масква—Саратаў—Арэнбург, Валгаград—Казань. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9828 км (Саратаў—Варонеж, Саратаў—Пенза і інш.). Суднаходства па Волзе і Вял. Іргізе. Парты: Саратаў, Энгельс, Вольск, Балакова. Буйн. газаправоды: Саратаў—Масква, Саратаў—Пенза—Ніжні Ноўгарад—Чарапавец, Сярэдняя Азія—Цэнтр. Курорт імя В.​І.​Чапаева.

П.​І.​Рогач.

т. 14, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́НЬКАЎСКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. ў в. Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. Размешчаны на раўнінным рэльефе (прамавугольны ўчастак каля 15 га) са схілам у бок штучнага вадаёма, на р. Рапуса. З захаду мяжа праходзіць па гал. вуліцы вёскі. Уключаў палац, 2 жылыя дамы, гасп. пабудовы, царкву, касцёл, парк. Захаваліся флігель, павільён (т.зв. скарбчык), жылы дом, усх. брама (часткова), альтанка, некат. гасп. пабудовы. Палац пабудаваны ў 1880 у стылі рамантызму з выкарыстаннем форм сярэдневяковай архітэктуры. Аднапавярховы П-падобны ў плане будынак з 2-яруснай вежай. Другі ярус вежы меў 4 балконы, адкуль адкрывалася кругавая паркавая панарама. Перад палацам быў невял. круглы фантан (захавалася чаша). Падземнымі пераходамі-калідорамі палац быў злучаны з флігелем (кухня), з паўн. боку — са спец. павільёнам (скарбчыкам), прызначаным для б-кі (больш за 20 тыс. тамоў, збор рукапісаў) і калекцый уладальніка сядзібы (нумізматычныя зборы, гіст. малюнкі, збор жывапісу і графікі, гравюры, стараж. абразы, зброя, рэчы дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш.). Флігель — 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2-схільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны замковым каменем; вуглы і цокаль руставаныя. Скарбчык — 2-павярховы квадратны ў плане павільён з 4 вуглавымі вежамі, нагадвае сярэдневяковы замак у мініяцюры. Вежы завершаны шатровымі галоўкамі, упрыгожаны аркатурнымі паясамі. Каля 1900 пабудаваны мураваны жылы дом у стылі неаготыкі. Двухпавярховы Г-падобны ў плане, з кароткім 2-павярховым і падоўжаным 1-павярховым крыламі. Вылучаецца паўд. фасад 1-павярховага аб’ёму, у дэкоры якога выкарыстаны пілястры, прафіляваныя ліштвы, сандрыкі. Касцёл (19 ст.) знішчаны ў пач. 20 ст. Парк (закладзены ў 1870-я г. ў сядзібе графа Э.​Гутэн-Чапскага) пейзажнага тыпу з элементамі рамантызму. Пл. каля 15 га. З трох бакоў абнесены мураванай сцяной (захавалася часткова), на Пд — вял. штучны вадаём. Кампазіцыя парку пабудавана на 3 шырокіх перспектывах, якія з узвышанай часткі раскрываюцца ў бок вадаёма. У зах. частцы стаяў палац. На ПдУ ад яго пачынаўся шырокі луг, перарэзаны пратокай з 2 астравамі. На зах. в-ве стаіць альтанка — 8-калонная ратонда. Замыкала перспектыву Мікалаеўская царква (1858, засталіся руіны) на процілеглым беразе вадаёма. У 1880—90-я г. пры ўездзе ў парк з У пабудавана мураваная брама з вартоўняй. Брама — 3-пралётная стральчатая арка з высокай цэнтр. часткай, завершанай ступеньчатым шчытом. Сцены апрацаваны плоскімі арачнымі нішамі. У парку растуць экзоты: хвоя веймутава, піхта сібірская, вяз голы, ліпа сэрцападобная, клёны вастралісты і серабрысты, туя заходняя, каштан конскі васьмітычынкавы і інш., на в-ве перад альтанкай — адзіны ў Беларусі экзэмпляр дуба чарэшчатага ніцага. Палац разбураны ў Вял. Айч. вайну, на яго месцы пабудавана школа-інтэрнат.

А.​В.​Алісейчык, В.​Р.​Анціпаў.

Станькаўскі сядзібна-паркавы ансамбль. Будынак былой бібліятэкі.
Станькаўскі сядзібна-паркавы ансамбль. Брама.

т. 15, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСЫ.

Агульная плошча ляснога фонду Беларусі ў 2001 складала 9247,5 млн. га. Лясы на тэр. краіны размешчаны нераўнамерна: у Брэсцкай вобл. 1118 тыс. га (14% ад агульнай плошчы лясоў), у Віцебскай — 1495 тыс. га (19%), Гомельскай — 1822 тыс. га (24%), Гродзенскай — 861 тыс. га (11%), Мінскай — 1502 тыс. га (19%), Магілёўскай — 1047 тыс. га (13%).

Агульная лясістасць (працэнт лясоў ад агульнай тэр. Беларусі) складае 37,8%, у т. л. ў Брэсцкай вобл. — 34,1%, Віцебскай — 37,4%, Гомельскай — 45,1%, Гродзенскай — 34,3%, Мінскай — 37,4%, Магілёўскай — 36%. Найбольшая лясістасць у Расонскім (65,5%) і Лельчыцкім (65,9%) раёнах, найменшая — у Нясвіжскім (10,1%) і Бераставіцкім (14,8%) раёнах. Найбольшыя лясныя масівы на раўнінах (напр., Цэнтральнабярэзінскай) і нізінах (Полацкай, Верхнебярэзінскай, Верхнянёманскай), у Прыпяцкім і Мазырскім Палессі. У мінулым лясістасць Беларусі складала: у 1600—60%, у 1900—37%, 1913—33%, 1922—22%, 1940—30%, 1944—18%, 1955—31%, 1992—34%.

Паводле прызначэння вылучаюць лясы, якія выконваюць выключна экалагічныя функцыі, напр., водаахоўныя лясы (1433 тыс. га), глебаахоўныя (1202 тыс. га), зялёныя зоны вакол гарадоў (1326 тыс. га), запаведнікі і нацыянальныя паркі (586 тыс. га); таксама лясы, асноўнае прызначэнне якіх — забеспячэнне нар. гаспадаркі драўнінай.

Землекарыстальнікамі дзярж. ляснога фонду з’яўляюцца лясгасы Камітэта па лясной гаспадарцы пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (больш за 85,9%), Упраўленне справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (каля 7%), міністэрствы абароны (3,7%) і па надзвычайных сітуацыях (больш за 2,3%) і інш.

У лясах Беларусі сустракаюцца 28 дрэвавых парод і каля 70 відаў кустоў. Асноўныя лесаўтваральныя пароды: хвоя (займае 50,2% ад агульнай плошчы лясоў), бяроза (20,8%), елка (10%), вольха чорная (8,2%), дуб (3,3%), вольха шэрая (2,3%), асіна (2,1%). На долю інш. дрэвавых відаў прыпадае 3,1%, сярод якіх ясень (0,4%), граб (0,2%), клён вастралісты, ліпа драбналістая. У дамешку да гал. лесаўтваральнікаў растуць вяз, бераст, груша, яблыня, рабіна; ёсць насаджэнні інтрадукаваных дрэў і кустоў — лістоўніц сібірскай і еўрапейскай, буку паўночнага і інш.

Паводле лесарасліннага раянавання лясы Беларусі падзяляюцца ў шыротным напрамку (з поўначы на поўдзень) на падзоны: дубова-цемнахвойных лясоў, грабава-дубова-цемнахвойных лясоў, шыракаліста-хваёвых лясоў. Тыповыя лясы: хвойныя (хваёвыя і яловыя), цвердалістыя (дубовыя), мяккалістыя (бярозавыя, асінавыя, чорнаальховыя).

Хваёвыя лясы размешчаны адносна раўнамерна, пераважаюць на водна-ледавіковых раўнінах і нізінах. Умовы іх росту разнастайныя — ад сухіх пясчаных дзюн да вярховых балот. Для бедных падзолістых і дзярнова-падзолістых пясчаных глеб характэрны бары (хваёвыя лясы, часта з дамешкам бярозы); на больш багатых глебах фарміруюцца субары (хвойнікі з дамешкамі елкі або дубу). Асноўныя тыпы хваёвых лясоў: імшыстыя, чарнічныя, верасовыя, арляковыя, даўгамошныя, сфагнавыя, якія разам складаюць амаль 85% ад агульнай плошчы хваёвых лясоў. Спелымі лічацца ў 81 год.

Яловыя лясы сканцэнтраваны ў паўн. і паўн.-ўсх. частках краіны (Бел. Паазер’е, Мінскае і Аршанскае ўзвышшы, Аршанска-Магілёўскае плато). Яны займаюць пераважна ўрадлівыя сугліністыя і супясчаныя глебы. Елка часта расце ў сумесі з бярозай і асінай, у цэнтр. частцы — з дубам. Асноўныя тыпы яловых лясоў (86% агульнай плошчы): кіслічны, чарнічны, імшысты. Спелымі лічацца ў 81 год.

Бярозавыя лясы пашыраны адносна раўнамерна на ўсёй тэр. Беларусі. Часта маюць дамешкі інш. парод: асіны, вольхі, хвоі і інш. Найчасцей трапляюцца бярэзнікі чарнічныя, кіслічныя, сніткавыя, імшыстыя і інш. Спелымі лічацца ў 61 год.

Дубовыя і інш. цвердалістыя лясы пашыраны пераважна на поўдні краіны. Яны займаюць урадлівыя глебы і ў сваім складзе звычайна маюць дамешак з мяккалістых і хвойных парод. Спелымі лічацца ў 101 год.

Асінавыя лясы займаюць найб. плошчы на поўначы і ўсходзе краіны пераважна на багатых глебах у сумесі з інш. пародамі. Асноўныя тыпы асіннікаў (92%): кіслічныя, сніткавыя, арляковыя, чарнічныя, імшыстыя. Спеласці дасягаюць у 41 год.

Чорнаальховыя лясы, ці алешнікі, пашыраны на нізінах, асабліва на Палессі і Верхнебярэзінскай нізіне. На ўзвышаных месцах сустракаюцца дамешкі бярозы, ясеню і інш. Асноўныя іх тыпы (70%): вятроўнікавыя, сніткавыя, крапіўныя, кіслічныя, асаковыя, папарацевыя. Спеласці дасягаюць у 51 год.

Запас драўніны ў лясах Беларусі складае каля 1340 млн. м³, з іх хвоі — 738 млн. м³, дубу — 43 млн. м³, бярозы — 233 млн. м³, чорнай вольхі — 98 млн. м³. Драўніны, прыдатнай на высечкі галоўнага карыстання (у спелых і перастойных дрэвастоях) — 137 млн. м³, у т. л. хвойных — 63 млн. м³, цвердалістых — 9 млн. м³, бярозы — 24 млн. м³, чорнай вольхі — 24 млн. м³, асіны — 14 млн. м³. Маецца вялікі запас прыспяваючых дрэвастояў — 104 млн. м³, цвердалістых — 9 млн. м³.

Агульны сярэдні прырост лясоў складае больш за 28 млн. м³, у т. л. хвойных — 17 млн. м³, мяккалістых — 10 млн. м³, цвердалістых — 1 млн. м³. Сярэдні ўзрост лясоў складае 48 гадоў (хвойных — 54, цвердалістых — 64, мяккалістых — 37).

Лясы Беларусі — не толькі рэсурс драўніны, але і крыніца каштоўнай лекавай, прамысловай і харчовай сыравіны: ягад, грыбоў, арэхаў, пладоў і інш. Сярэднегадавы запас ягад у лясах Беларусі — 50 тыс. т (экалагічна бяспечных — 21 тыс. т). Лясы таксама з’яўляюцца адным з вызначальных фактараў у стабілізацыі экалагічнай сітуацыі. Штогод лясы Беларусі звязваюць больш за 100 млн. т вуглякіслага газу і выдзяляюць больш за 80 млн. т атамарнага кіслароду. Лясы рэгулююць паверхневы сцёк, тым самым ачышчаюць ваду, ахоўваюць глебы ад воднай і ветравой эрозіі.

Літ.:

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979;

Багинский В.Ф., Есимчик Л.Д. Лесопользование в Беларуси. Мн., 1996;

Багинский В.Ф. Рациональное использование лесных ресурсов и повышение их экологического потенциала // Стратегия устойчивого развития Беларуси: преемственность и обоснование. Мн., 2003.

У.​Ф.​Багінскі.

Бярозавыя насаджэнні.
Грабавы лес.
Яловы лес.
Спелы хваёвы лес.
Спелы дубовы лес.
Лесапасадкі на забруджаных тэрыторыях у Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці.

т. 18, кн. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)