ЛУ́НІН (Міхаіл Сяргеевіч) (18 ці 29.12. 1787, С.-Пецярбург — 15.12.1845),
расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст. 3 дваран. У 1803—15 на ваен. службе. Удзельнічаў у Аўстэрліцкай бітве 1805, Прускім паходзе 1807, вайне 1812 і замежным паходзе рус. арміі 1813—14; за бітву пры Барадзіно ўзнагароджаны залатой шпагай з надпісам «За храбрасць». У 1816—17 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Сен-Сімонам, перайшоў у каталіцтва. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», адзін з заснавальнікаў «Саюза працвітання» (1818), чл. Паўночнага т-ва (1820). Прыхільнік рэспублікі, у праграму прапанаваў царазабойства. З 1822 зноў на ваен. службе (у Ружанах, Слуцку), з 1824 падпалкоўнік лейб-гвардыі Гродзенскага гусарскага палка, ад’ютант вял. князя Канстанціна Паўлавіча ў Варшаве. 9.4.1826 арыштаваны і асуджаны па 2-му разраду (паліт. смерць і вечная катарга, пазней скарочана да 10 гадоў). Адбываў пакаранне ў турмах (1826—28), у Сібіры на катарзе (1828—35) і ў ссылцы (1836—41). У сак. 1841 зноў арыштаваны паводле даносу і зняволены ў Акатуйскую турму (Чыцінская вобл.), дзе і памёр пры нявысветленых абставінах. У 1836—41 напісаў і часткова распаўсюдзіў у рукапісах творы нелегальнай л-ры: «Пісьмы з Сібіры» (абгрунтоўваў гіст. слушнасць дзекабрысцкага руху), «Погляд на рускае тайнае таварыства з 1816 да 1826 года» (першая гісторыя дзекабрызму), «Дослед гістарычны» (крытыка нарманскай тэорыі, падкрэслена роля літоўскіх князёў у вызваленні ад татарскага ярма), «Погляд на польскія справы...» (прысвечаны паўстанню 1830—31), «Грамадскі рух у Расіі...» (бесцэнзурная гісторыя краіны ў 1825—40) і інш.
рускі пісьменнік. Скончыў мед.ф-т Кіеўскага ун-та (1916). Працаваў земскім доктарам у Смаленскай губ. У 1919 пачаў прафесійна займацца л-рай. Супрацоўнічаў у газ. «Гудок» (1922—26). У 1925—26 апубл. «Запіскі маладога ўрача». Першы зб.сатыр. апавяданняў «Д’ябаліяда» (1925) выклікаў спрэчкі ў друку. У рамане «Белая гвардыя» (1925—27), п’есах «Дні Турбіных» (напісана па матывах гэтага рамана, паст. 1926), «Бег» (1926—28, паст. 1957) настроі старой рус. інтэлігенцыі, еднасць яе з народам, роздум пра шляхі і выбар, думкі пра «белы рух» і лёс Расіі. У камедыях «Зойчына кватэра» (паст. 1926) і «Барвовы востраў» (паст. 1928) высмейвае быт і норавы нэпманскага асяроддзя, парадзіруе звычкі абмежаванага тэатр. свету. Літ. крытыка канца 1920-х г. адмоўна ацэньвала творчасць Булгакава, яго творы не друкаваліся, п’есы былі зняты са сцэны. З пач. 1930-х г. працаваў рэжысёрам-асістэнтам МХАТа, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» Гогаля (1932). У сатыр.-фантастычных аповесцях «Фатальныя яйкі» (1925) і «Сабачае сэрца» (1925, апубл. 1987) сцвярджэнне этычнай адказнасці інтэлігенцыі за вынікі сацыяльнага эксперыменту. «Майстар і Маргарыта» (1929—40, апубл. 1966—67) своеасаблівая форма філас. рамана, дзе сумешчаны гісторыка-легендарны, сучасна-бытавы і містыка-фантастычны планы дзеяння. У ім складанасць жыцця, вечная барацьба сіл стварэння і разбурэння. У гіст. драмах «Кабала святош» («Мальер», 1930—36, паст. 1943) і «Апошнія дні» («Пушкін», 1934—35, паст. 1943), у біяграфічнай аповесці «Жыццё спадара Мальера» (1932—33, апубл. 1962) паказвае несумяшчальнасць сапраўднага мастацтва з дэспатызмам манархіі. Незакончаны «Тэатральны раман» («Запіскі нябожчыка», 1936—37, апубл. 1965) — іранічная перыфраза гісторыі МХАТа 1920-х г., ён спалучае ў сабе споведзь і сатыру. Булгакаў — майстар дасканалай тэхнікі, імклівага сюжэта, валодаў жывой, гнуткаю мовай. Раман «Майстар і Маргарыта» на бел. мову пераклаў (1994) А.Жук.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. Мн., 1989—90;
Записки на манжетах. М., 1988.
Літ.:
Творчество Михаила Булгакова: Исслед. и материалы... Кн. 1—2. СПб., 1991—94;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
1) сукупнасць працягла існуючых прыродных ільдоў на зямной паверхні і ў прыпаверхневым слоі. Асноўныя тыпы З.: наземнае (ледавікі горныя і покрыўныя), марское (скопішча льдоў на паверхні акіянаў і мораў у выглядзе аднагадовых і шматгадовых мас) і падземнае (вечная мерзлата).
Агульная пл.ледавікоў Зямлі каля 16,1 млн.км² (11% пл. сушы), агульны аб’ём — каля 30 млн.км³. Працяг ледавіковых покрываў — плывучыя шэльфавыя льды ў Антарктыдзе. Ад іх адколваюцца плывучыя глыбы (айсбергі). Агульная пл. сучасных ледавіковых покрываў 14,4 млн.км², з іх 85,3% складаюць наземныя покрывы Антарктыды, 12,1% — Грэнландыі, 2,1% — астатнія. Падземнае З. (шматгадовая мерзлата) — тоўшча горных парод з адмоўнай т-рай, якая захоўваецца працяглы (да тысячагоддзяў) час. У выніку дзейнасці ледавікоў і водных патокаў, што ўзнікаюць пры раставанні льдоў, на сушы ўтвараецца характэрны комплекс ледавіковых адкладаў. Утварэнні, перанесеныя айсбергамі і адкладзеныя ў моры, з’яўляюцца ледавікова-марскімі (марынагляцыяльнымі). Па паходжанні ў ледавіковым рэльефе адрозніваюць формы: экзарацыйныя («барановыя лбы», лагчыны ледавіковага выворвання і інш. — на раўнінах; трогі, кары, рыгелі — у гарах), ледавікова-акумулятыўныя (марэнныя раўніны, узгоркі і грады) і водна-ледавіковыя (зандравыя раўніны, тэрасы і інш.).
2) Значнае пашырэнне масы і плошчы ледавікоў, якое звязана са зменай клімату і паўтаралася ў гісторыі Зямлі неаднаразова. Вылучаюцца ледавіковыя перыяды, эпохі, стадыялы.
З. выяўлены ў раннім пратэразоі (Паўн. Амерыка), познім рыфеі (Афрыка і Аўстралія), вендзе (Еўропа, Азія і Паўн. Амерыка), ардовіку (Афрыка), у канцы карбону — пачатку пярмі на гіпатэтычным мацерыку Гандвана ў Паўд. паўшар’і (сляды знойдзены ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі, Індастане). У плейстацэне (ранні антрапаген) вялізныя ледавіковыя покрывы пашыраліся на значнай частцы Еўропы, Паўн. Азіі, Паўн. Амерыкі. Ад іх захаваліся адклады і ледавіковыя формы рэльефу, якія сведчаць пра шматлікасць зледзяненняў чацвярцічнага ледавіковага перыяду. У кожнай краіне вылучаецца неаднолькавая колькасць З. пад рознымі назвамі.
На Беларусі пашыраны адклады вендскага З. (тыліты вільчанскай серыі) і 5 антрапагенавых З. Гл.Антрапагенавая сістэма (перыяд). Гіпотэзы З.: ваганні сонечнай актыўнасці, змена нахілу зямной восі да плоскасці экліптыкі, змена размяшчэння сушы і мора, гораўтваральныя працэсы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭАЛІ́ЗМ,
агульная назва філас. сістэм (поглядаў), у якіх сутнасці прадметаў надаецца асабліва ідэальны і субстанцыянальны сэнс. Зыходзіць з першаснасці духоўнага, мысліцельнага, псіхічнага і другаснасці матэрыяльнага, прыроднага, фізічнага. Узнік каля 2,5 тыс.г. назад. У філас. сэнсе І. азначае пэўную пазіцыю ў рашэнні асн. пытання філасофіі аб адносінах мыслення да быцця. Калі ідэальнае набывае характар аб’ектыўнага духоўнага першапачатку свету, размова ідзе пра аб’ектыўны І., калі сутнасць пазбаўляецца аб’ектыўнай асновы — пра суб’ектыўны І. У 1-м выпадку сутнасць (ідэя) паўстае ў 2 іпастасях: з аднаго боку, яна павінна быць вечнай, абсалютнай і нязменнай, для чаго неабходна пастуліраваць асобны свет яе знаходжання, якімі выступаюць платонаўскі свет ідэй, арыстоцелеўская форма форм, лейбніцкія манады, гегелеўская абсалютная ідэя або розум Бога ў схаластычнай філасофіі; з другога боку, сутнасць як адбітак (цень) сваёй асн. ідэі-матрыцы прадстаўлена ў канкрэтных прадметах рэальнага свету. Таму рэчы маюць канец, існуюць у часе і прасторы, а іх сутнасць (ідэя) абсалютная і вечная, г.зн. існуе па-за часам і прасторай. У рамках аб’ектыўнага І. сцвярджаецца ідэя гіпераб’ектыўнага крытэрыю ісціны; апошняя набывае неабходны аб’ектыўны сэнс, які раскрываецца не кожнаму розуму, а толькі таму, што філасофствуе. У сістэме суб’ектыўнага І. формы пачуццёвага пазнання (прастора і час у філасофіі Дж.Берклі, Д.Юма і І.Канта) і сутнасці абстрактных паняццяў (напр., прычына, неабходнасць, усеагульнасць, заканамернасць і г.д.) выводзяцца з прыроды самой свядомасці чалавека. Такім чынам сутнасць аддзяляецца ад прадмета, набывае асаблівы намінальны сэнс або характар прыроджаных ідэй (Р.Дэкарт). Крытэрый ісціны з аб’ектыўна-анталагічных асноў пераходзіць у бок логіка-псіхал. форм пазнання. Суб’ектыўны І. рэалізуецца ў такіх сваіх разнавіднасцях, як суб’ектывізм, скептыцызм, сафістыка, агнастыцызм, ірацыяналізм, інтуітывізм, прагматызм, валюнтарызм, пазітывізм і інш. І. супрацьстаіць матэрыялізму ў вырашэнні асн. пытання філасофіі (аб адносінах матэрыі і свядомасці матэрыяльнага і духоўнага). І. ўяўляе сабой моцны пласт духоўнай культуры чалавецтва і ў спалучэнні з матэрыялізмам дазваляе скласці цэласнае ўяўленне пра свет, у рамках якога чалавек выступае моцным фактарам сацыяпрыроднага прагрэсу. У быт. сэнсе паняцце «І.» абазначае схільнасць людзей да абстрактнага тэарэтызавання, бескарыслівага захаплення нерэальнымі ідэямі, нездзяйсняльнымі планамі і праектамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІ́Р,
высакагорная сістэма на Пд Сярэдняй Азіі, гал. частка ў Горна-Бадахшанскай аўт.вобл. Таджыкістана, усх. і паўд. частка ў Кітаі і Афганістане. На Пн абмежаваны Заалайскім хр., на У — Сарыкольскім і Кашгарскім хр., на Пд — р. Памір і вярхоўямі р. Пяндж, на З — мерыдыянальным адрэзкам даліны р. Пяндж. Найвышэйшыя пункты размешчаны ў Кашгарскіх гарах (г. Кангур, 7719 м; г. Музтагата, 7546). Паводле асаблівасцей рэльефу П. падзяляюць на Зах. і Усходні. Для Зах. П. характэрна сістэма высокіх хрыбтоў амаль шыротнага распасцірання. Буйнейшыя антыклінорыі маюць крыштал. ядры палеазойскага ўзросту, якія прарваны гранітоіднымі інтрузіямі. Схілы хрыбтоў расчлянёны глыбокімі цяснінамі рэк. Усх. П. складзены з парод палеазою і мезазою, трапляюцца вулканагенна-асадкавыя адклады палеагену. Для рэльефу характэрны плоскія днішчы вялізных далін і катлавін, якія падняты на выш. 3500—4500 м і запоўнены прадуктамі разбурэння гор, у грунтах трапляецца вечная мерзлата. Над імі ўзвышаюцца хрыбты выш. больш за 6000 м.
Найвыш. грабяні маюць горна-ледавіковыя формы, якія вылучаюцца на агульным фоне стараж. рэльефу. П. — моцна сейсмічная вобласць, землетрасенні дасягаюць. 8—9 балаў. Радовішчы золата, малібдэну, вальфраму, горнага хрусталю, азбесту, слюды, лазурыту. Клімат суровы, рэзка кантынентальны. У далінах Зах. П. на выш. каля 2100 м сярэднія т-ры студз. -7,4 °C, ліп. 22,5 °C, гадавая колькасць ападкаў да 800 мм (на ледавіку Федчанкі). На Усх. П. клімат больш суровы. На выш. каля 4000 м сярэдняя т-растудз. -20 °C, ліп. +8 °C, ападкаў 100 мм за год. Снегавая мяжа ў Зах. П. размешчана на выш. 3600—3800 м, на ледавіку Федчанкі — на выш. 4400 м, ва Усх. П. — на выш. 5200—5240 м. Пл. зледзянення ў межах Таджыкістана больш за 7500 км² (больш за 10% паверхні П.), агульная колькасць ледавікоў каля 7110. Тыпы ледавікоў: каравыя, вісячыя, схілавыя, складаныя далінныя альпійскага і туркестанскага тыпаў. Найб. ледавікі: Федчанкі (даўж. 77 км) і Грум-Гржымайлы (37 км). Рэкі адносяцца пераважна да бас. Амудар’і, якая ў верхнім цячэнні наз. Пяндж. Найб. рэкі: Кызыл-Суу, Кызылсу, Сурхоб, Вахш. Рэкі Усх. П. адносяцца да бас. Яркенда і Кашгара. Яны маюць бурнае цячэнне, ледавікова-снегавое жыўленне, летнія паводкі. Найб. азёры: Каракуль, Рангкуль, Шаркуль, Заркуль, Яшылькуль, Сарэзскае. Глебы халодных высакагорных пустынь П.: саланцаватыя, шэразёмы, такырна-саланчаковыя, шкілетныя на камяністым і пясчаным субстраце; у месцах лепшага ўвільгатнення — бурыя пустынна-стэпавыя. На Усх. П. — участкі камяністай горнай тундры з вечнай мерзлатой, выкапнёвым лёдам, камяністымі многавугольнікамі. На Зах. П. ў далінах расліннасць пустынная палыновая, на выш. 2600—3200 м — дзярнова-злакавыя стэпы з калючымі падушкамі астрагалаў і аканталімонаў. На выш. 3200—3800 м кавыльныя стэпы, якія змяняюцца кабрэзіевымі лугамі. З выш. 4500 м пачынаецца субальпійскі пояс з марозаўстойлівай нізкатраўнай і паўхмызняковай расліннасцю. Па берагах рэк растуць таполі, бярозы, вербы, якія ўтвараюць невял. гаі. На Усх. П. днішчы далін і катлавіны заняты высакагорнай пустыняй з рэдкімі раслінамі падушкападобнай формы. На выш. 3500—4200 мнайб. характэрны паўхмызнячок тэраскен (адзіны від расліннага паліва). Ва ўмовах большай вільготнасці развіваюцца рэдкатраўныя высакагорныя стэпы з ціпчаку ўсходняга, кавылю, палыну. Вышэй за 4200 м пераважаюць падушачнікі з вастралодкі, аканталімону, сібальдыі. Каля рэк і ручаёў Усх. П. сустракаюцца кабрэзіевыя і асаковыя лугі, нярэдка саланчакаватыя і купінаватыя. Жывёльны свет П. прадстаўлены горным баранам архарам, даўгахвостым сурком, чырвонай пішчухай; з птушак — тыбецкім уларам, серпадзюбам, тыбецкім крумкачом і жаваранкам, снегавым гімалайскім грыфам, горнай, або інд. гуссю. Вырошчваюць якаў. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля і горнае земляробства. Вырошчваюць ячмень, гарох, на паліўных землях — вінаград, шаўкоўніцу, грэцкі арэх, абрыкосы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́Н (Platon) Афінскі
(май 428, Афіны — 347 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік платанізму. Належаў да афінскай арыстакратыі: бацька Арыстон паходзіў з роду афінскага цара Кодра, маці Перыктыёна — з роду заканадаўца Салона, аднаго з «сямі мудрацоў». Каля 408 да н.э. стаў вучнем і паслядоўнікам Сакрата. Пасля яго смерці выехаў у Мегары. Каля 387 заснаваў у Афінах уласную філас. школу — Акадэмію платонаўскую. Аўтар 34 філас. дыялогаў (большасць з іх — гутаркі Сакрата з вучнямі), прамовы «Апалогія» (абарона Сакрата), 13 лістоў, а таксама «Вызначэнняў», якія ў антычнасці прыпісваліся Спеўсіпу. Найб. вядомыя творы П.: «Крытон» (аб павазе да законаў), «Лахет» (аб мужнасці), «Эўтыфрон» (аб набожнасці), «Гіпій меншы» (аб хлусні і несправядлівасці), «Краціл» (аб мове), «Федон» (аб справядлівасці), «Тээтэт» (аб ведах), «Тымей» (касмалогія) і інш. У філас. сістэме П. вылучаны ўсе асн. састаўныя ч. ведаў: анталогія, касмалогія, гнасеалогія, этыка, эстэтыка. Першасным ён называў свет вечных, нязменных, самастойна існуючых сутнасцей — ідэй. Другаснай. вытворнай ад іх, лічыў усю разнастайнасць пачуццёва ўспрымальнага свету; кожная рэч — вынік спалучэння ідэі (узору) з бясформеннай матэрыяй; пачуццёвы свет як нараджэнне ідэй і матэрыі займае сярэдзіннае становішча паміж імі. На яго думку, упарадкаванасць быцця па-свойму выражае Космас, у якім на кожным кроку сустракаецца боскі розум (дэміург). З сумесі ідэй і матэрыі дэміург стварае сусв. душу, якая распаўсюджана па ўсёй прасторы. Успаміны бессмяротнай душы аб ідэях, якія яна сузірала да смерці, складаюць сутнасць працэсу пазнання, а яго найб. правільным метадам мыслення з’яўляецца дыялектыка. У аснове працэсу пазнання ляжыць любоў да ідэі — узыходжанне ад любові да асобных рэчаў і цел да любові ў сферы душ, а ад іх — у сферы чыстых ідэй («Федр», «Парменід», «Сафіст»). Паводле П., душа складаецца з 3 частак: вышэйшай — розум; сярэдняй — воля і высакародныя ўчынкі; ніжэйшай — захапленні і пачуццёвасць. У этыцы гэтаму адпавядаюць 3 асн. дабрачыннасці — мудрасць, мужнасць, разважнасць і пакорлівасць; іх носьбітамі з’яўляюцца адпаведна 3 саслоўі грамадства: філосафы і правіцелі, воіны і чыноўнікі, земляробы і рамеснікі. Лагічнае спалучэнне і раўнавага 3 дабрачыннасцей дае пачатак 4-й, агульнадзярж. дабрачыннасці — справядлівасці («Горгій», «Палітыка»). П. вылучаў 3 асн. формы праўлення: манархію, арыстакратыю і дэмакратыю. На яго думку, манархія (уладаранне аднаго) бывае законная (цар) або насільная (тыран); арыстакратыя (уладаранне нямногіх) — панаванне лепшых або алігархія (панаванне горшых); дэмакратыя (уладаранне ўсіх) — арганізаваная паводле законаў або беззаконная (насільная). Выступаў супраць паліт. дактрыны, якая абапіраецца на «права мацнейшага» і лічыць перамогу над сваімі праціўнікамі адзіным крытэрыем легітымнасці і адзінай крыніцай шчасця. На яго думку, умацаванню ідэальнай дзяржавы павінна служыць строгая сістэма адукацыі і выхавання грамадзян, якія не стануць злоўжываць паліт. дзейнасцю на ўласную карысць, будуць кіравацца ідэямі і вызнаваць сапраўднае дабро («Палітыка», «Дзяржава», «Законы»). Лічыў, што сапраўднай крыніцай жыцця для ўсяго жывога павінна стаць вечная прыгажосць, якая ўяўляе сабой зліццё ідэі і матэрыі, або разумнасці і задавальнення. Пры гэтым прыгажосць жыцця і прыгажосць рэальнага быцця вышэй за прыгажосць мастацтва, таму што быццё і жыццё ёсць перайманне вечных ідэй, а мастацтва ёсць перайманне быцця і жыцця, г. зн. перайманне пераймання («Іон», «Геній Большы» і інш.).
На Беларусі з вучэннем П. знаёміліся па шматлікіх перакладных зборніках выслоўяў ант. філосафаў, пісьменнікаў, айцоў царквы («Пчала», «Ізмарагд» і інш.). Паводле сведчанняў сучаснікаў, Клімент Смаляціч напісаў некалькі твораў «ад Аміра і ад Арыстоцеля і ад Платона», якія да нас не дайшлі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва бел. мысліцелі звярталіся да ідэй П. і неаплатанізму ў пошуках пазітыўнай праграмы абнаўлення дзярж.-прававых ін-таў, маральнага ўдасканалення грамадства (Ф.Скарына, М.Сматрыцкі, А.Волан, Б.Дабшэвіч, К.Лышчынскі, К.Нарбут і інш.). Напр., С.Будны ў духу сац.-паліт. і этычных поглядаў П. (дыялогі «Дзяржава», «Законы»), крытыкаваў тыранію, развіваў ідэі аб дыялектыцы закону і беззаконня, палітыкі і маралі. Ф.Карпінскі ў «Гутарках Платона» распрацаваў маральна-гуманіст. канцэпцыю, асновай якой з’яўляецца сардэчнасць, праяўленне чалавечай любові і чалавечага шчасця. Сімяон Полацкі спасылаўся на платонаўскі твор «Тээтэт» у сваіх разважаннях аб ролі пазнання і ведаў, маральных каштоўнасцей асобы. І.Капіевіч, А.Скарульскі на аснове філас.-ідэаліст. канцэпцый П. вялі палеміку з атамістычным вучэннем Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура. Эстэт. вучэнне П. паўплывала на погляды асветнікаў Беларусі і Літвы (Ф.Галянскі, Л.Бароўскі, Е.Славацкі, А.Фіялкоўскі). Яго творы ўключаліся ў школьныя праграмы, вывучаліся ў брацкіх, кальвінісцкіх, арыянскіх школах, езуіцкіх калегіумах і акадэміях Беларусі.