ДЗЕРУЖЫ́НСКІ (Авяр’ян Сафонавіч) (н. 10.6.1919, в. Хляўно Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Камуніст.ін-т журналістыкі ў Мінску (1941). Працаваў у прэсе, з 1949 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура», у 1981—84 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1939. Першы зб. вершаў «Песні маладосці» (1959). Піша пераважна для дзяцей: зб-кі «Цуды ёсць на свеце» (1960), «Дзе жыве зіма» (1962), «Кую-кую ножку» (1967), «Смешкі і пацешкі» (1968), «Чабарок» (1970), «Конікі-будаўнікі» (1977), «Касмічны агарод» (1981), «Працалюбы» (1987) і інш. Аўтар тэкстаў песень «Мінскі вальс», «Дзявочая лірычная», «Беларусь» і інш., песні «Мяцеліца» і «Сабірайся ў госці, мой дзядок» сталі народнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЧКІН (Уладзімір Акімавіч) (н. 7.5.1922, г. Астрахань, Расія),
расійскі акцёр, рэжысёр аперэты, педагог. Нар.арт.СССР (1978). Скончыў Уральскі ун-т (1951), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1962). З 1946 акцёр, з 1963 гал.рэж. Свярдлоўскага т-рамуз. камедыі, у 1986—88 — Маскоўскага т-ра аперэты, у 1990—97 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Пермскага опернага т-ра. У 1964—74 выкладаў ва Уральскай кансерваторыі, з 1988 праф. Маскоўскага ун-та культуры. Сярод пастановак: у Свярдлоўскім т-ры — опера «Арабела» Р.Штрауса, аперэты «Севастопальскі вальс» К.Лістова, «Белая ноч» Ц.Хрэннікава, «Дзяўчына з блакітнымі вачамі» В.Мурадэлі, «Гары, гары, мая зорка» С.Пажлакова, «Цудоўная Алена» Ж.Афенбаха, «Хэло, Долі!» Дж.Германа, «Учора скончылася вайна» В.Ільіна (залаты медаль імя А.Папова, 1986); у Пермскім т-ры — опера «Скупы рыцар» С.Рахманінава (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ХМУТАВА (Аляксандра Мікалаеўна) (н. 9.11.1929, пас. Бякетаўка, цяпер у межах г. Валгаград, Расія),
расійскі кампазітар. Нар.арт. Расіі (1977). Нар.арт.СССР (1984). Герой Сац. Працы (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Вядомасць набыла як кампазітар-песеннік. Творы вызначаюцца разнастайнасцю тэматыкі. Песні адзначаны шчырасцю, лірычнай пранікнёнасцю і рэльефнасцю меладычнага малюнка: «Песня пра трывожную маладосць», «Геолагі», «Арляняты вучацца лётаць», «Абдымаючы неба», «Пяшчота», «Мелодыя», «Белавежская пушча», «Якія маладыя мы былі», «Паклонімся», «Рускі вальс» і інш. Аўтар балета «Азоранасць» (паст. 1974), кантаты «Васіль Цёркін» (1953), уверцюр «Юнацтва» (1957), «Цюрынгія» (1958), «Рускае свята» (1967), канцэртаў для арк. (1971), трубы з арк. (1955), музыкі для дзяцей, да драм. спектакляў, кінафільмаў, радыёпастановак. Дзярж. прэмія СССР 1975, 1982.
Літ.:
Добрынина Е. А.Пахмутова. М., 1973;
А.Пахмугова. М., 1979;
Квасникова Л.А. Дорогами песен А.Пахмутовой. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХЛЕ́ЎНЫ (Леанід Канстанцінавіч) (н. 16.1.1947, г. Гродна),
бел. кампазітар. Нар.арт. Беларусі (1998), засл. дз. маст. Беларусі (1985). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас А.Багатырова). З 1976 выкладчык Мінскага муз. вучылішча, у 1978—89 муз. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм», з 1990 маст. кіраўнік ансамбля нар. музыкі «Бяседа» Белтэлерадыёкампаніі. Яго творчасці ўласцівы дэмакратычнасць муз. мовы, яркі меладызм, спалучэнне нац. характэрнасці і сучасных сродкаў муз. выразнасці. Сярод твораў: кантаты «Вянок» (1972), «Муха-цакатуха» паводле К.Чукоўскага (1976); 2 сімфоніі (1971, 1975), сімф. варыяцыі «З беларускага эпасу» (1970); камерна-інстр. творы; рамансы і вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, У.Карызны, К.Буйло (1972—77); песенны цыкл «Памяць» (1980), зб. песень для дзяцей «Вераснёвы вальс» (1994); хар. цыклы «Дзесяць апрацовак беларускіх народных песень» (1977), «Песні дзявочага кахання» (1979, сл. Карызны), «Песні беларускага Паазер’я» (1988, сл. народныя); песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Сярэбраны медаль імя А.Аляксандрава 1986. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТРЫ́НКА, шарманка,
механічны духавы муз. інструмент у выглядзе невял. аргана без клавіятуры. Назва ад 1-га радка папулярнай з пач. 19 ст.ням. песенькі «Scharmante Katharine» — «Прыгожая Катарына». Унутры скрынкі з ручкай размяшчаліся некалькі радоў гучальных трубак, мяхі, механізм для размеркавання паветра і драўляныя або метал. валікі са шпількамі. Пры вярчэнні валікаў шпількі чаплялі спец. механізм і адкрывалі доступ паветра да гучальных трубак; адначасова ў мяхі нагняталася паветра. На кожным валіку запісвалася па 1 п’есе.
Паявілася ў канцы 17 ст. ў Францыі як інструмент для навучання пеўчых птушак. Удасканалена каля 1700 італьян. майстрам Дж.Барберы. З канца 19 ст. валікі заменены перфарыраванымі кардоннымі ці метал. кругамі, на якіх запісвалі па некалькі песень, танцаў, пераважна вальсаў, арый з опер. На Беларусі вядома з 19 ст. Рэпертуар бел. катрыншчыкаў звычайна ўключаў 3—4 п’есы («жорсткі раманс» «Разлука», вальс «Разбітае сэрца» і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. К. — неад’емная частка гар. і местачковага побыту. Знікла на мяжы 1920—30-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВЫ́ ТА́НЕЦ,
танец, які служыць для масавага развесялення і выконваецца на балях, дыскатэках, вечарынках, сямейных урачыстасцях; блізкі да бальнага танца (часта гэтыя паняцці атаясамліваюцца). Адмежаваўся ад фальклорнага сялянскага ў працэсе сац. расслаення грамадства і росту гарадоў. Развіваўся на аснове бальнага танца, найб. інтэнсіўна ў 15 ст. ў Італіі, у 16—17 ст. у Францыі. На Беларусі вядомы з 17 ст. пры дварах магнатаў і ў калегіумах, куды пранік з Зах. Еўропы. З канца 18 ст. ў гар. побыце Беларусі былі пашыраны тыя ж танцы, што і ў Расіі. У 1-й пал. 19 ст. ў гарадах, а потым і вёсках надзвычайную папулярнасць набылі кадрыля, полька, вальс. На пач. 20 ст. ў выніку інтэнсіўнага перамешвання гар. і сельскага насельніцтва на Беларусь трапілі аранжыраваныя і трансфармаваныя бальныя танцы, узоры гар. харэагр. фальклору, танцы-імправізацыі на аснове вядомых песень («Венгерка», мазурка, кракавяк, падэспань, «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні», «Каробачка» і інш.). Сучасная быт. харэаграфія вызначаецца частай зменай танц. моды, пранікненнем на Беларусь быт. танцаў з замежных краін («летка-енка», «качаняты» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУСО́ЎСКІ (Міхаіл Львовіч) (23.7.1915, г. Луганск, Украіна — 16.7.1990),
расійскі паэт.Канд.філал.н. (1941). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1939). Друкаваўся з 1934. Першая кн. «Луганчане» (1939, разам з К.Сіманавым). У зб-ках вершаў «Фронт» (1942), «Калі шуміць Ільмень-возера» (1944) тэма Вял.Айч. вайны. Паэт.зб-кі «Мой радавод» (1940), «Калі слухаеш Маскву» (1948), «Усё, што мне дорага» (1957), «Цень чалавека. Кніга вершаў пра Хірасіму...» (1968), «Сутнасць» (1979) і інш. адметныя тонкім лірызмам, спавядальнасцю, меладычнасцю. Выдаў кн. мемуарнай прозы «Сямейны альбом» (1978—79). Аўтар апавяданняў, сцэнарыяў хранікальна-дакумент. фільмаў. Напісаў тэксты папулярных песень «Падмаскоўныя вечары», «На безыменнай вышыні», «Школьны вальс», «З чаго пачынаецца Радзіма», «Добрыя дзяўчаты», «Стары клён», «Волагда», песень да кінафільмаў «Верныя сябры», «Выпрабаванне вернасці», «Ідыёт», тэлефільма «Дні Турбіных» і інш. Пісаў вершы і песні на бел. тэматыку: «Сцены гавораць...», «Дзяўчына з Брэста», «Кожны чацвёрты». На бел. мову асобныя вершы М. пераклалі Я.Семяжон, К.Цвірка. Дзярж. прэмія СССР 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІБЕ́ЛІУС ((Sibelius) Ян) (Юхан; 8.12.1865, г. Хямеэнліна, Фінляндыя —20.9.1957),
фінскі кампазітар, педагог; заснавальнік нац. кампазітарскай школы; адзін з буйн. прадстаўнікоў сусв. сімфанізму. Вучань М.Вегеліуса. З 1891 выкладаў у Хельсінкскай кансерваторыі. Для яго творчасці характэрны віртуознае валоданне тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі, сінтэз класічных і рамантычных традыцый, імкненне да праграмнасці. Арганічна перапрацоўваў муз. фальклор, выкарыстоўваючы яго ладава-гарманічныя і гарманічныя асаблівасці. Творы вылучаюцца своеасаблівай строгасцю і адначасова непасрэднасцю выказвання, для іх характэрны патрыят. матывы, заснаваныя на фін.нар. паэзіі, гісторыі, міфалогіі і эпасе. Сярод твораў: сімфонія «Кулерва» для салістаў, хору і арк. (1892), 7 сімфоній для арк. (1899—1924), праграмныя арк. творы, у т. л. сюіта «Лемінкяйнен» (1893—96), 4 легенды (у т. л. «Туанельскі лебедзь» на сюжэт «Калевалы»), сімф. паэмы, у т. л. «Сага» (апошняя рэд. 1901), «Вясновая песня» (1894), «Фінляндыя» (1899), «Дачка Поўначы» (1906), «Начная скачка і ўсход сонца» (1907), «Тапіёла» (1926), канцэрт для скр. з арк. (1903), «Сумны вальс»; інстр. ансамблі і п’есы; кантаты і хары, каля 100 рамансаў і песень, музыка да драм. спектакляў і інш. З 1951 штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Тыдзень Сібеліуса» (Хельсінкі).
Літ.:
Александрова В.Н., Бронфин Е.Ф. Ян Сибелиус. М., 1963.
руская артыстка балета. Сястра Л.П.Карсавіна. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1902, педагогі П.Герт, А.Горскі). У 1902—18 у Марыінскім т-ры; у 1909—29 выступала ў Рускіх сезонах і ў Рускім балеце Дзягілева. З 1918 у Лондане. У 1929—31 у трупе «Бале Рамбер». У 1930—55 віцэ-прэзідэнт Каралеўскай акадэміі танца (Вялікабрытанія). Яе творчасці ўласцівы эмацыянальнасць, вытанчанасць, прыгажосць поз і рухаў. Пастаянная партнёрка і паплечніца наватарскіх пошукаў М.Фокіна. Выступала ў дуэце з В.Ніжынскім. Сярод партый: Дзяўчына («Прывід ружы» на муз. К.Вебера), Балерына, Жар-птушка («Пятрушка», «Жар-птушка» І.Стравінскага), Шамаханская царыца («Залаты пеўнік» на муз. М.Рымскага-Корсакава), 11-ы вальс («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Фея лялек («Фея лялек» І.Баера), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Каламбіна («Арлекірада» Р.Дрыга). Распрацоўвала новыя спосабы запісу танца. Аўтар артыкулаў, мемуараў, метадычнага дапаможніка па класічным танцы.
Тв.:
Рус.пер. — Театральная улица. Л., 1971.
Літ.:
Светлов В. Т.П.Карсавина // Русский балет. СПб., 1913;
Красовская В. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 2. Танцовщики. Л., 1972.
Т.Карсавіна ў балеце «Шапэніяна». Мастак С.Сорын.
расійская артыстка балета, педагог, балетмайстар. Нар.арт. Расіі (1975). Нар.арт.СССР (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1957; у 1971—78 выкладала ў ім), балетмайстарскае аддз. Ленінградскай кансерваторыі (1984). У 1957—88 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Педагог Марыінскага т-ра (з 1979) і Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (з 1987, праф. з 1994). У яе творчасці віртуозная дасканаласць танца спалучалася з яркім акцёрскім талентам. Сярод створаных ёю вобразаў: Аўрора, Адэта-Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Пахіта («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), 7-ы вальс («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Жар-птушка («Жар-птушка» І.Стравінскага), Асіят («Гаранка» М.Кажлаева; Дзярж. прэмія Расіі імя М.Глінкі 1976), Мехменэ Бану («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.Пракоф’ева), Сары («Сцежкаю грому» К.Караева), Дзяўчына («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.Шастаковіча). Здымалася ў тэлефільмах-канцэртах, тэлеэкранізацыях балетаў. Ставіць балеты ў Расіі і за мяжой. Прэміі Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1966, Балгарыя), Усесаюзнага конкурсу новых харэагр. нумароў (1967).