накатванне, апрацоўка пластычным дэфармаваннем вонкавых паверхняў метал. вырабаў і дэталяў з дапамогай накатвальнага інструменту (ролікаў, плашак і інш.).
Формаўтваральная Н. выкарыстоўваецца для ўтварэння рысак і сетак (напр., на ручках інструментаў), для надання формы зубам зубчастых колаў, утварэння разьбы на дэталях, нанясення шкал, умацавальная Н. — для ўтварэння наклёпу і павышэння трываласці, зносаўстойлівасці паверхняў валоў, восей, утулак і г.д. Для Н. выкарыстоўваюць спец. прыстасаванні, зубанакатныя станкі, рэзьбанакатныя аўтаматы.
Схема накаткі рыфленай паверхні (а) і віды рыфленняў (б): 1 — загатоўка; 2 — ролікі накатніка; 3 — трымалка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЁМНАЯ ШТАМПО́ЎКА,
від штампоўкі, пры якой загатоўка прымае аб’ёмную форму рабочай поласці штампа. Пры гарачай аб’ёмнай штампоўцы матэрыял награваюць да 200—1300 °C у полымных печах, індукцыйных або інш. тыпу ўстаноўках, затым апрацоўваюць на штамповачных молатах і прэсах (пры вырабе, напр., зубчастых колаў, каленчатых валоў). Пры халоднай аб’ёмнай штампоўцы атрымліваюць вырабы з гладкай паверхняй (заклёпкі, цвікі, загатоўкі балтоў і інш.) пераважна на прэсавых аўтаматах.
Аб’ёмная штампоўка: 1 — верхняя частка штампа; 2 — выраб ва ўнутранай частцы штампа; 3 — завусенец (лішак металу); 4 — ніжняя частка штампа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСТЫЁН (франц. bastion ад позналац. bastillio будую ўмацаванне),
пяцівугольнае ўмацаванне ў вуглах крапасной агароджы для абстрэлу мясцовасці наперадзе і ўздоўж крапасных сцен і равоў перад імі. Бастыёны паявіліся ў Італіі ў канцы 15 ст., напачатку мураваныя, з 16 ст. земляныя. Крапасны бастыён складаўся з 1 ці 2 земляных валоў для размяшчэння гармат: 1-ы быў галоўны, 2-і (узвышаўся над 1-м) наз. кавальер. Два даўжэйшыя бакі бастыёна наз. фасамі, карацейшыя — фланкамі. Фланкі двух суседніх бастыёнаў і частка крапасной сцяны паміж імі (курціна) стваралі бастыённы фронт. На Беларусі бастыёны вядомы з сярэдзіны 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШЧЫН,
гарадзішча канца 11 — сярэдзіны 13 ст. паміж в. Вішчын і Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана 3 лініямі валоў і равоў, знаходзіцца на месцы стаянкі эпохі мезаліту і ранняга неаліту. Выяўлены рэшткі абарончай сцяны, свірна, майстэрні ювеліра, 6 наземных драўляных пабудоў (у 2 жытлах захаваліся рэшткі печаў і падлогі). Знойдзены разнастайны гасп. інвентар, прадметы ваен. справы, бытавыя рэчы і ўпрыгожанні з каляровых і каштоўных металаў, імпартны посуд, Вішчынскі скарб. Верагодна, гарадзішча было феад. сядзібай-замкам. Знаходка віслай свінцовай пячаткі Мсціслава Расціславіча Храбрага сведчыць пра сувязь замка з дынастыяй смаленскіх князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСКАВЫ́ ТОК,
ток, які спажываецца з эл. сеткі электрарухавіком у момант пуску. Можа ў шмат разоў пераўзыходзіць намінальны ток рухавіка, таму патрабуе абмежавання.
У асінхронных рухавікоў з фазным ротарам для абмежавання сілы П.т. ў ланцуг ротара паслядоўна ўключаюць пераменны токаабмежавальны рэзістар (пускавы рэастат). Сілу П.т. магутных сінхронных і асінхронных рухавікоў часам абмяжоўваюць рэактарамі электрычнымі (у выглядзе шпуль індуктыўнасці). Абмежаванне П.т. неабходна і для змяншэння пускавога моманту паводле ўмоў мех. трываласці валоў і інш. частак механізмаў або для дасягнення больш плаўнага пуску рухавіка ва ўмовах вытв. працэсу. Для розных мэт і ўмоў існуе разнастайная пускарэгулявальная апаратура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЖСКІ ЗАЛІ́Ў.
У Балтыйскім м., каля берагоў Латвіі і Эстоніі. Аддзелены ад адкрытай ч. мора Курземскім п-вам і а-вамі Маанзундскага архіпелага, злучаецца з ёй Ірбенскім пралівам і мелкаводным бас. Вяйнамеры. Пл. 18,1 тыс.км², даўж. 174 км, глыб. да 67 м. У цэнтр.ч. заліва пясчаная водмель Грэтагрунд з в-вам Рухну; у паўн. — дробныя а-вы Абрука, Кіхну і інш. Берагі нізінныя, пясчаныя з градамі дзюн і берагавых валоў (выш. да 20—30 м). Ледастаў ад снеж. да красавіка. Буйны порт — Рыга, гарады-курорты Юрмала (Латвія) і Пярну, на в-ве Саарэмаа г. Курэссаарэ (Эстонія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТЫПЛІКА́ТАР (ад лац. multiplico памнажаю, павялічваю, узмацняю),
у тэхніцы, прыстасаванне для ўзмацнення дзеяння якога-н. механізма, павышэння ціску, павелічэння перадатачных адносін і інш. У гідраўл. прэсах павышае ціск вадкасці, што падаецца помпай у рабочыя цыліндры; у мех. перадачах павышае скорасць вярчэння валоў (напр., павышальная зубчастая перадача); М. да фотаапарата дае магчымасць атрымаць некалькі негатываў на адной пласцінцы (плёнцы); у паліграфіі — прылада для адначасовага атрымання проб каляровага друку.
Схема гідраўлічнага мультыплікатара: 1 — плунжэр малога дыяметра d; 2 — поршань вялікага дыяметра D; 3 — рабочая вадкасць; pн — ціск, што ствараецца помпай; pв — атрыманы высокі ціск
.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛІШЧА,
1) тэрмін, які шырока ўжываецца ў стараж. летапісах у сэнсе сяло, вёска.
2) Археал. тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння рэшткаў стараж. неўмацаванага паселішча. Як правіла, С. не маюць знешніх прыкмет (равоў, валоў). Найчасцей узнікалі на роўных мясцінах каля рэк і азёр. Жытлы звычайна драўляныя, чатырохвугальныя; дамы размяшчаліся радамі; сустракаецца і кучная забудова без бачнага парадку. Некат. С. былі абгароджаны плятнямі. На Беларусі С. вядомы з эпохі бронзавага веку. У раннім жал. веку насельніцтва пераважна жыло на гарадзішчах (акрамя Пд). Новая хваля пашырэння С. пачалася з першых стагоддзяў н.э., асабліва ў 4—5 ст. Шмат С. захавалася ад раннефеад. часу (9—13 ст.). На тэр. Беларусі зафіксавана некалькі соцень С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—16 ст. Размяшчаўся каля правага берага р. Лукомка (зараз в. Лукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.). Паводле «Спіса рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», у 14 ст. Лукомль лічыўся горадам з магутным і добра ўмацаваным замкам. У 1386 аб’яднаныя войскі прускіх і лівонскіх рыцараў аблажылі замак. Гарнізон мужна і доўга абараняўся, шмат крыжакоў загінула пад сценамі Лукомля, аднак у ходзе працяглай аблогі і штурму замак быў узяты. У час Лівонскай вайны 1558—83 у 1563 горад і замак захапіла і знішчыла войска Івана IV Грознага. Замак больш не аднаўляўся. Рэшткі вял.валоў аглядваў у 1573 гісторык М.Стрыйкоўскі, які адзначыў, што на гэтым месцы быў некалі вял. замак. З 17 ст. дакументы згадваюць толькі вёску Лукомль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІФЛЮ́КЦЫЯ (ад лац. solum глеба + fluctio выцяканне),
павольнае спаўзанне глеб і рыхлых грунтоў па схілах у працэсе іх прамярзання і адтавання і пад уплывам сілы цяжару. Адзначаецца на схілах 2—5° і больш, пераважна ў абласцях развіцця шматгадовай мерзлаты і сезоннага прамярзання грунтоў. С. садзейнічаюць актыўнае раставанне снегу і моцныя ліўні. Скорасці спаўзання звычайна складаюць некалькі сантыметраў за год, пры хуткіх зрушэннях на больш стромкіх схілах дасягаюць соцень метраў за гадзіну. С. прыводзіць да ўтварэння спецыфічных форм мярзлотнага рэльефу — саліфлюкцыйных тэрас, валоў, град і інш. На тэр. Беларусі С. была пашырана ў перыяд адступання ледавікоў у антрапагенавы перыяд. У сучасных умовах развіта слаба, дробныя формы С. трапляюцца на схілах Мінскага, Навагрудскага ўзвышшаў, Мазырскай грады, у далінах рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Нёман, Прыпяць і некат. малых рэк.