ГАЎРЫЛЕ́НКА (Павел Нічыпаравіч) (28.2.1902, в. Касцюкоўка Гомельскага р-на — 4.2.1961),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Адзін з арганізатараў Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (1928—30). Яго творчай манеры ўласцівы рэаліст. яснасць, якая арганічна спалучалася з лірычным аўтарскім пачуццём, абвостраным адчуваннем праяў жыцця, гісторыі і сучаснасці, жаданнем раскрыць хараство роднай зямлі. Аўтар твораў пра гісторыка-рэв. падзеі, подзвігі бел. партызан, прац.будні горада і вёскі, партрэтаў, пейзажаў: «Будоўля» (1932), «Прарыў нямецкай абароны» (1942), «Партызаны на Палессі» (1947), «Ліпавая алея» (1948), «На партызанскім аэрадроме» (1950), «Ідзе эшалон» (1957), «Вясна» (1958), «На рыштаваннях» (1960) і інш. У 1956—61 старшыня Саюза мастакоў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РШАК (Аляксей Ігнатавіч) (22.2.1920, в. Вуглы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 27.2.1945),
бел.паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1938—41). Удзельнік Вял.Айч. вайны, загінуў на фронце ва Усх. Прусіі. Літ. дзейнасць пачаў у 1937. Быў нам. рэдактара інстытуцкага рукапіснага літ.час. «Наша творчасць», друкаваў рэцэнзіі і артыкулы ў газ. «Літаратура і мастацтва» і «Чырвоная змена». Улюбёнасць у жыццё, працу і прыроду, пачуццё кахання, студэнцкія будні, прадчуванне вял. выпрабаванняў, франтавыя замалёўкі — асн. тэматыка вершаў пасмяротнага зб. К. «Апаленыя пялёсткі» (1963). Захаваліся неапубл. вершы, урывак з паэмы.
Тв.:
У кн : Мы іх не забудзем. Мн., 1949;
Крывёю сэрца. Мн., 1967.
Літ.:
Александровіч С. Слова пра сябра // Александровіч С. Кнігі і людзі. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХ ((Mach) Вільгельм) (1.1.1917, в. Камёнка Падкарпацкага ваяв., Польшча — 2.7.1965),
польскі пісьменнік. Скончыў Ягелонскі. ун-т у Кракаве (1947). Друкаваўся з 1947. Будні правінцыяльнага гарадка ў гады ням.-фаш. акупацыі, яе маральныя і псіхал. наступствы адлюстраваны ў аповесці «Іржа» (1950). Рэчаіснасць польск. вёскі 1940-х г. у цэнтры рамана «Явараў дом» (1954, Дзярж. прэмія Польшчы 1955). Свет дзіцячых перажыванняў узнавіў у рэфлексіўна-лірычным рамане «Жыццё вялікае і малое» (1959). Эксперым. раман «Горы над чорным морам» (1961) адметны аўтабіяграфізмам і дакументальнасцю, філас. заглыбленасцю. Раман «Агнешка, дачка Калумба» (1964, Дзярж. прэмія Польшчы 1964) пра жыццё пасляваен. вёскі, лёс польск. інтэлігенцыі. Аўтар апавяданняў, рэпартажаў, «Літаратурных нарысаў» (т. 1—2, 1971).
Тв.:
Рус пер. — Дом Явора. М., 1956;
Агнешка, дочь «Колумба» // Мах В. Агнешка, дочь «Колумба»;
Конвицкий Т. Современный сонник. М., 1973.
Літ.:
Poradecki J. Pisarstwo Wilhelma Macha. Łódź, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬСКІ (сапр.Вольскі-Зэйдэль) Артур Віталевіч
(н. 23.9.1924, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),
бел.паэт. Сын В.Вольскага. Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы (1938—41), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1962). З 1942 служыў на флоце, у 1945 удзельнічаў у баях супраць Японіі. Працаваў у прэсе, з 1963 заг.літ.-пед. часткі, у 1966—78 дырэктар Бел.рэсп. тэатра юнага гледача. Друкуецца з 1937. Асн. матывы яго паэзіі — услаўленне ваен. подзвігу маракоў, будні марской службы, духоўныя імкненні сучасніка (зб-кі «Водбліскі далёкіх маякоў», 1958; «Дабрата», 1966; «Выратавальны круг», 1974; «Строма», 1982). Аўтар кніг для дзяцей «Маленькім сябрам» (1955), «Чарнічка» (1964), «Жывыя літары» (1973), «Еду ў госці да слана» (1978) і інш., п’ес «За лясамі дрымучымі» (з П.Макалём, паст. 1958), «Сцяпан — вялікі пан» (паст. 1979) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЦІ́ЕЎ (Мікалай Цімафеевіч) (н. 31.12.1912, г. Растоў-на-Доне, Расія),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскі паліграф.ін-т (1961). Працаваў у выд-ве «Беларусь» (1944—72), выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це (1962—77). У Вял.Айч. вайну ў партыз. атрадзе, выканаў больш за 40 антыфаш. плакатаў і больш за 70 малюнкаў і акварэлей. Творы ў кніжнай графіцы вылучаюцца пераканаўчай характарыстыкай вобразаў, дакладнай перадачай аўтарскай задумы: «Хаджы Мурат» Л.Талстога (1948), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М.Гогаля (1950), «Люба Лук’янская» К.Чорнага (1961), бел.нар. казкі «Ільюша, Іванаў сын» (1965), «Цудоўная дудка» (1967) і інш. Станковай графіцы ўласцівы выразнасць кампазіцыйнай пабудовы, разнастайнасць графічных сродкаў (серыя «Полацкая нафтабудоўля», 1962—63). Выканаў лінагравюры «Беларусь — край партызанскі» (1969), «Партызанскія будні» (1975) і інш. Сярод жывапісных работ: «Мая Беларусь», «Лётчык Мамкін ратуе прытулкавых дзяцей», серыі пейзажаў «Нарачанскія», «Нясвіжскія», «Аксакаўшчына» (усе 1980-я г.).
Г.А.Фатыхава.
М.Гуціеў. Лётчык Мамкін ратуе прытулкавых дзяцей. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАЎ (Аляксандр Яўгенавіч) (23.11. 1910, г. Орша Віцебскай вобл. —15.12. 1992),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў агульнаадук. курсы ў Мінску (1929). Удзельнік экспедыцыі «Чэлюскін» (1933—34). З 1946 у Мінску. Друкаваўся з 1930. Пісаў на рус. мове. Выйшлі зб-кі апавяданняў «Марскія будні» (1932), «Вялікае сэрца» (1939), «Канец легенды» (1948), нарысаў «Залічаны навечна» (1966), аповесці «Мужнасць» (1942), «Крэпасць у ільдах» (1944), «Праз тысячу смерцяў» (1972), дакумент. аповесць «Лядовая Адысея» (1966), аповесць-успаміны «Дзед Маўр» (1979). Аўтар раманаў «Караблі выходзяць у акіян» (1957), «Толькі мора наўкол» (1960). У творах асэнсоўваў тэму подзвігу. Пісаў для дзяцей: «Далёка на поўначы» (1947), «У краіне блакітных прастораў» (1948), «На акіянскіх дарогах» (1952). На рус. мову пераклаў аповесць «Палескія рабінзоны» і раман «Амок» Я.Маўра, асобныя творы І.Гурскага, А.Стаховіча, П.Кавалёва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЙГ ((Siig) Арві) (н. 8.11.1938, Талін),
эстонскі паэт, перакладчык. Засл. пісьменнік Эстоніі (1986). Вучыўся ў Талінскім пед. ін-це і Тартускім ун-це (1957—63). Друкуецца з 1958. Аўтар зб-каў вершаў «Сола на трубе» (1962), «Рэпарцёр з кінакамерай верша» (1966), «Блакітнае атэлье» (1969), «Сузор’е цішыні» (1973), «Пераломная пара» (1976), «Радыус чутнасці» (1978), «Эпіграмафон» (1980), «Святыя будні» (1983) і інш. Яго лірыка публіцыстычная, шматгранная, скіраваная да самааналізу, у ёй тэмы сучаснасці і вечнасці. Перакладае вершы Г.Бураўкіна, А.Вярцінскага, У.Паўлава. На бел. мову вершы С. перакладалі Р.Барадулін, Ю.Голуб, А.Грачанікаў, В.Дашкевіч, К.Камейша, Паўлаў, Ю.Свірка, Я.Сіпакоў, В.Шымук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАРАЎ (Юрый Васілевіч) (н. 15.3.1924, г. Орск Арэнбургскай вобл.),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1951). Першы зб. апавяданняў «На вялікай рацэ» (1953). У аповесцях «Батальёны просяць агню» (1957), «Апошнія залпы» (1959), раманах «Двое» (1964), «Гарачы снег» (1969) — будні, гераізм салдатаў, афіцэраў, генералаў у гады Вял.Айч. вайны, вытокі нар. подзвігу ў барацьбе з фашызмам. Напружаны драматызм, паглыблены псіхалагізм, вернасць жыццёвай праўдзе — асн. якасці стылю пісьменніка. Мастацка-філас. асэнсаванне еднасці чалавека са сваёй эпохай, непарыўная сувязь яго з часам і гісторыяй, з лёсам сваёй Радзімы і планеты, тэма адказнасці за гэты лёс у раманах «Цішыня» (1962), «Бераг» (1975; Дзярж. прэмія СССР 1977); «Выбар» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1983), «Гульня» (1985). Аўтар аповесці «Сваякі» (1969), цыкла мініяцюр «Імгненні» (1977—82), кнігі літ. нататкаў «Пошук ісціны» (1976) і інш. Працуе для тэатра і кіно (фільмы «Апошнія залпы», «Цішыня», «Гарачы снег», «Бераг», кінаэпапея «Вызваленне»). Ленінская прэмія 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЛО́ (Алесь) (Аляксандр Кандратавіч; 31.1.1892, г.п. Капыль Мінскай вобл. — 4.2.1938),
бел.паэт.Чл. Капыльскай арг-цыі РСДРП, удзельнічаў у выданні рукапісных час. «Заря», «Голос низа», «Вольная думка» (1910—11, Капыль). Працаваў на ліцейным з-дзе «Вулкан» (Пецярбург). З 1913 служыў на Балт. флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый, грамадз. вайны. У 1920-я г. працаваў у тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта. 25.7.1930 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Сібір, пасля вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1907 у газ. «Наша ніва». У ранніх творах паэтызацыя працы, марыністычныя матывы. У творах 1920—30-х г. апяваў працоўныя будні, родную прыроду (зб. «Барвенак», 1924, «Спатканні», 1925, «Сузор’і», 1926, «Зорнасць», 1927, «Межы», 1929). Аўтар сямейна-быт. драмы «Любоў усё змагае» (нап. 1912). На бел. мову перакладаў творы А.Аўдзеенкі, Ф.Гладкова, Ш.Руставелі і інш.
Тв.:
Вершы. Мн., 1972;
Нашы птушкі. Мн., 1974.
Літ.:
Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. 2 выд.Мн., 1963. С. 86—113;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШЭ́ТНІКАЎ (Фёдар Міхайлавіч) (17.9.1841, г. Екацярынбург, Расія — 21.3.1871),
рускі пісьменнік. Скончыў Пермскае павятовае вучылішча (1859). З 1863 у Пецярбургу. Друкаваўся з 1861. Бядотнае становішча парэформеннай вёскі адлюстраваў у аповесці «Падліпаўцы» (1864), умовы жыцця і працы уральскіх рабочых — у раманах «Горнарабочыя» (1866), «Глумавы» (1866—67), «Дзе лепш?» (1868). Тэме жаночай эмансіпацыі прысвяціў раман «Свой хлеб» (1870). У 1867—70 жыў у Брэсце. Тут напісаў камедыю «Прагрэс у павятовым горадзе» (1868, выд. 1871), у якой выкарыстаў мясц. назіранні, нарысы «Ад Брэст-Літоўска да Пецярбурга (дарожныя ўражанні)», «На захадзе (апавяданне доктара)», «Кірмаш у яўрэйскім горадзе», «Будні і святы Янкеля Дворкіна і яго сям’і» і інш. пра жыццё і побыт насельніцтва Беларусі. У рукапісным накідзе «Вяшчальнік» намаляваў адмоўны вобраз царскага чыноўніка на Беларусі. Пра знаходжанне ў Брэсце, пра норавы гараджан і знаёмых пісаў у дзённіку.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—6. Свердловск, 1936—48;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1956.
Літ.:
Филиппова К. Между людьми: Повесть о писателе Ф М.Решетникове. Свердловск, 1952;
Кліманскі С.У. Рашэтнікаў на Беларусі // Даследаванні па літаратуры і мове. Гродна, 1967.