КАХЕ́ТЫ, Кахетыя,

гістарычная вобласць ва Усх. Грузіі ў вярхоўях рэк Іоры і Алазані (прытокі Куры). Да 8 ст. ўваходзіла ў склад Картлі. З 2-й пал. 8 ст. вылучылася ў незалежнае княства. У 1104 цар Давід Будаўнік пры дапамозе мясц. азнаураў заняў К. і ўключыў яе ў склад аб’яднанага Груз. царства. У 2-й пал. 15 ст. К. вылучылася ў самаст. царства, якое вяло ў 16—18 ст. барацьбу за сваю незалежнасць ад Ірана і Турцыі (гл. таксама Кахецінскае паўстанне 1659). У 1762 К. і Картлі аб’ядналіся ў адно царства, якое ў 1801 далучана да Расіі.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАРК (Clark) Джон, архітэктар і будаўнік 1-й пал. 19 ст., прадстаўнік архітэктуры класіцызму. Англічанін. У 1800—26 жыў і працаваў у Гомелі. Сярод работ сядзібны комплекс на беразе р. Сож (1802, не захаваўся), бакавыя флігелі Гомельскага палаца (перабудаваны пры рэканструкцыі 1837—48), царква (1805), Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Гомельскага духоўнага вучылішча будынак, гандл. рады з вежай (1818, згарэлі ў 1865), Гомельскай ланкастэрскай школы будынак, бальніца (1819, перабудавана ў 20 ст.), касцёл (1822, не захаваўся), карчма (1822, 2-і паверх перабудаваны ў 1950-я г.), царква ў в. Гадзілавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. (1822, не захавалася).

В.​Ф.​Марозаў.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНЬ (сапр. прозвішча, магчыма, Іваноў) Фёдар Савельевіч, рускі дойлід 2-й пал. 16 ст. Адзін са стваральнікаў рус. фартыфікацыйнай школы, якая зрабіла ўплыў на крапасное буд-ва 16—17 ст. у Расіі і на Беларусі. Паходзіў, верагодна, з прыгонных (раён Дарагабужа, цяпер Смаленская вобл.). Будаўнік магутных крапасных збудаванняў: каменныя сцены і вежы Белага горада Масквы (1585—93, знесены ў 18 ст.), гар. сцены Смаленска (1595—1602) і інш. Яму прыпісваюць буд-ва крэпасці Барысаў Гарадок каля Мажайска (1599, разабрана ў пач. 19 ст.).

Літ.:

Белогорцев И. Зодчий Федор Конь. Смоленск, 1949;

Косточкин В.В. Государев мастер Федор Конь. М., 1964.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЕ́ЎСКІ (Юрый Аляксандравіч) (н. 29.9.1923, Мінск),

бел. вучоны ў галіне будаўніцтва. Д-р тэхн. н., праф. (1970). Засл. будаўнік Беларусі (1980). Бацька Дз.Ю.Сабалеўскага. Скончыў БПІ (1950), дзе і працаваў (у 1965—93 заг. кафедры). Навук. працы па механіцы грунтоў і фундаментабудаванні, праблемах устойлівасці фільтруючых адхонаў, апоўзняў і воданасычаных асноў, будаўніцтву падземных збудаванняў. Прапанаваў метады вызначэння канчатковых гарыз. зрушэнняў падмуркаў гідратэхн. збудаванняў, праектавання і канструявання бураін’екцыйных анкераў і паляў. Удзельнічаў у праектаванні Мінскага метрапалітэна. Прэмія СМ СССР 1989.

Тв.:

Криволинейные очертания однородных откосов. Мн., 1969;

Водонасыщенные откосы и основания. Мн., 1975;

Механика грунтов. Мн., 1986.

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛДА́ТКІН (Міхаіл Цімафеевіч) (10.11.1919, в. Сасноўка Ульянаўскай вобл., Расія — 17.12.1987),

бел. вучоны ў галіне цеплазабеспячэння і вентыляцыі. Д-р тэхн. н., праф. (1973). Засл. будаўнік Беларусі (1980). Скончыў Горкаўскі інж.-буд. ін-т (1948). З 1953 у БПІ (з 1960 прарэктар, з 1972 заг. кафедры). Навук. працы па тэрмаапрацоўцы бетону, панэлей, па даследаванні фільтрацыі паветра і цеплафіз. параметраў буд. матэрыялаў.

Тв.:

Разлік фільтрацыі паветра праз керамзітабетонныя матэрыялы (разам з В.​Д.​Акельевым) // Весці АН БССР. Сер. фіз.-энергет. навук. 1968. № 3;

Анализ существующих путей выбора режимов тепловой обработки бетонных изделий // Отопление, вентиляция и строительная теплофизика. 1973. Вып. 2.

т. 14, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЗІ́Ф, Сісіф,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын Эола — родапачынальніка племя эалійцаў, будаўнік і цар стараж. Карынфа. Праславіўся сваёй хітрасцю. С. падмануў нават багіню смерці Танатас і закаваў яе ў кайданы (вызвалена Арэсам праз некалькі гадоў, на працягу якіх людзі не паміралі), потым быў адзіным з памерлых, каму ўдалося ўцячы з царства мёртвых — аіда. Калі С. зноў, ужо назаўсёды, трапіў у аід, то быў жорстка пакараны багамі за свае хітрыкі і злачынствы: яго прымусілі бясконца каціць на высокую гару вялізны камень, які, дасягнуўшы вяршыні, кожны раз скочваўся ўніз. Адсюль выразы «сізіфава праца», «сізіфаў камень» — цяжкая, марная, бясконцая праца.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКОТ ((Scott) Джордж Гілберт) (1811, Гокат, каля г. Бакінгем, Вялікабрытанія, — 27.3.1878),

англійскі архітэктар. З 1868 праф. Лонданскай АМ. У 1873—76 прэзідэнт Каралеўскага ін-та брыт. архітэктараў. Пад уплывам арх. Ш.​А.​П’юджына-бацькі стаў прыхільнікам кірунку несапраўднай готыкі. Будаўнік і рэстаўратар шматлікіх сабораў, цэркваў, манастыроў і інш. Найб. значныя работы: капэла (1864—69) і б-ка 1642 (рэстаўрацыя) Сент-Джонс-каледжа ў Кембрыджы, ун-т (1864—70, эклектыка) у Глазга, вакзал Сент-Панкрас (1868—74, У.​Барла) у Лондане, ратуша (1873) ва Уінчэстэры, сабор Сент-Мэры (1874—79) у Эдынбургу; Мікалайкірхе (1846—63) у Гамбургу (Германія).

т. 14, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Міхаіл Васілевіч) (н. 16.8.1925, в. Дубравіца Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Засл. будаўнік Беларусі (1964). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1954). З 1948 на Мінскім маторарамонтным з-дзе, з 1954 майстар, прараб, нач. буд. ўпраўлення, кіраўнік будтрэста ў Мінску і Салігорску. З 1966 нам. міністра буд-ва БССР. У 1967—77 старшыня Мінскага гарвыканкома, у 1977—78 1-ы нам. старшыні Дзяржплана БССР, з 1978 нам., з 1983 1-ы нам., у 1986—90 Старшыня Савета Міністраў БССР. Чл. ЦК КПБ у 1971—90, ЦК КПСС у 1986—90. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1970—90, СССР у 1984—91.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТА́ЕЎ (Сяргей Сяргеевіч) (н. 18.5.1916, г. Камянец-Падольскі Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне будаўніцтва. Д-р тэхн. н., праф. (1963). Засл. будаўнік Беларусі (1962), засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Скончыў Маскоўскі інж.-буд. ін-т (1941). З 1957 дырэктар Ін-та буд-ва і архітэктуры, з 1971 у БПІ, з 1979 дырэктар Бел. НДІ арганізацыі і кіравання буд-вам. З 1991 рэктар Камерцыйнага ін-та прадпрымальніцкай дзейнасці (Мінск). Навук. працы па пытаннях механізацыі буд-ва.

Тв.:

Механизация транспортно-монтажных работ в крупноэлементном жилищном строительстве. М., 1963;

Технология и экономика объемноблочного домостроения. Мн., 1967 (разам з М.​П.​Блешчыкам);

Технология индустриального строительства из монолитного бетона. М., 1989.

т. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ЛЬ (Уладзімір Адамавіч) (14.12.1912, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 26.5.1980),

бел. архітэктар. Засл. будаўнік Беларусі (1962). Нар. архітэктар СССР (1970). Правадз. чл. АМ СССР (1979). Скончыў Усерас. АМ у Ленінградзе (1941). У 1955—79 старшыня Дзярж. к-та БССР па справах буд-ва, адначасова з 1959 выкладаў у БПІ. Сярод работ у Мінску: праекты планіроўкі і забудовы праспекта Скарыны (б. Ленінскі праспект) і Кастрычніцкай пл. (б. Цэнтральная; у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), будынак Гал. тэлеграфа, Мінскі галоўны паштамт (абодва ў сааўт.), манумент Перамогі і інш. Адзін з аўтараў мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой.

Тв.:

Архитектурный облик будущего Минска. Мн., 1953;

Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).

т. 8, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)