ДЗМІТРЭ́ЎСКІ (Іван Апанасавіч) (11.3.1734, г. Яраслаўль, Расія — 8.11.1821),
рускі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Найб. значны прадстаўнік рус.сцэн. класіцызму. Правадзейны чл. Расійскай акадэміі (1802). Паплечнік Ф.Волкава па стварэнні т-ра ў Яраслаўлі. З 1756 у Пецярбургу ў трупе першага рус. пастаяннага публічнага т-ра. Сярод лепшых роляў: Сінаў, Дзмітрый («Сінаў і Трувор», «Дзмітрый Самазванец» А.Сумарокава), Альцэст («Мізантроп» Мальера), Валер («Гулец» Ж.Ф.Рэньяра), Усердаў («Усеагульнае апалчэнне» С.Віскаватава). Першы пастаноўшчык «Недаростка» Дз.Фанвізіна (1782) і выканаўца ролі Старадума.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІ́ЕЎСКАЯ КАЗА́ЧЧЫНА»,
масавы антыпрыгонніцкі рух сялян на Украіне ў 1855. Апублікаванне царскага маніфеста аб прызыве апалчэнцаў для ўдзелу ў Крымскай вайне 1853—56 садзейнічала распаўсюджванню сярод сялян чутак аб запісе ў апалчэнне (у казакі), каб вызваліць іх ад прыгону. Сяляне, патрабуючы пагалоўнага запісу ў казакі, спынілі працу. Хваляванні ахапілі 9 з 12 паветаў Кіеўскай губ. Супраць сялян былі накіраваны войскі. Сяляне вёсак Быкава Грэбля, Бярэзна, Бяседка, Сітнікі, мяст. Корсунь, Таганча аказалі ўпартае супраціўленне (забіта каля 60 чал., больш за 100 чал. паранена).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́КЕР Раман Рыгоравіч, танцоўшчык канца 18 — пач. 19 ст. Нарадзіўся на Шклоўшчыне. Прыгонны графа С.Г.Зорыча, у 1780—90-я г. танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 у ліку 14 шклоўскіх артыстаў балета вывезены балетмайстрам І.Вальберхам у Пецярбургскі імператарскі т-р. Выступаў у пантамімных партыях. У 1812 уступіў у Пецярбургскае апалчэнне, вызначыўся ў баях, у т. л. пад Полацкам, Чашнікамі, Барысавам, Смалянамі і інш., узнагароджаны Георгіеўскім крыжам, атрымаў чын прапаршчыка. Пасля расфарміравання апалчэння (1814) беспаспяхова хадайнічаў аб вяртанні на пецярбургскую сцэну. Жыў у Харкаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСО́ШНАЯ РАЦЬ,
частка войска (апалчэнне з сялян), якое збіралася ў рас. дзяржаве ў 15—17 ст. Назва ад адзінкі пазямельнага абкладання падаткам — сахі. П.р. была пешай і «коневай» (з падводамі). Пешая выконвала ролю пяхоты, але гал. чынам прызначалася для ваен.-інж. работ, «коневая» — для вайск. перавозак і ў якасці артыл. абозу. П.р. збіралася паводле ўказа цара. У час Полацкага паходу Івана Грознага (1563) пры баявым складзе войска ў 43 тыс.чал. П.р. налічвала больш за 80 тыс.чал. У 17 ст.пасошныя людзі сталі называцца датачнымі людзьмі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМНІ́НЫ (Komnēnoi),
дынастыя імператараў Візантыі ў 11—12 ст. Паходзілі фактычна ад военачальніка Ісаака I Камніна, імператара ў 1057—59, але заснавальнікам дынастыі лічыцца Аляксей I Камнін [1081—1118). Інш. прадстаўнікі: Іаан II Камнін [1118—43], Мануіл I [1143—80], Аляксей П [1180—83], Андронік I [1183—85]. Апіраліся на ваенна-феад. знаць і правінцыяльныя гарады. Умацавалі землеўладанне, ліквідавалі рухі багамілаў і інш., уладу ў правінцыях перадалі военачальнікам (дукам), апалчэнне замянілі наёмным войскам, падпарадкавалі правасл. царкву; атрымалі шэраг перамог над сельджукамі, аднак пасля захопу г. Фесалонікі нарманамі вымушана саступілі ўладу дынастыі Ангелаў. Нашчадкі Андроніка I у 1204—1461 правілі ў Трапезундскай імперыі пад імем «Вялікіх Камнінаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛІ́ЦЫЯ (ад лац. militia войска),
1) апалчэнне ў магнацкіх гарадах ВКЛ у 16—18 ст. Прызначалася для абароны горада пры аблозе.
2) Апалчэнне ў Рас. імперыі ў 1806—07, скліканае ў сувязі з пачаткам вайны -з Францыяй і пагрозай уварвання напалеонаўскіх войск у межы краіны.
3) М. ў Рэспубліцы Беларусь — дзярж. ўзброены праваахоўны орган, прызначаны абараняць жыццё, здароўе, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, грамадства і дзяржавы ад злачынных і інш. проціпраўных замахаў. Як афіц. орган створана ў студз. 1919 [першы атрад М. створаны ў Мінску 4(17)3.1917; узначальваў М.В.Фрунзе]. Арг-цыя, парадак дзейнасці, правы і абавязкі М. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі» ад 26.2.1991. Задачы М.: ахова грамадскага парадку; забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян і грамадскай бяспекі; прадухіленне і спыненне злачынстваў і інш. правапарушэнняў; выяўленне і раскрыццё злачынстваў, вышук асоб, якія іх учынілі; абарона ўсіх форм уласнасці ад проціпраўных замахаў; аказанне дапамогі грамадзянам, дзярж. органам і юрыд. асобам у абароне іх правоў і рэалізацыі ўскладзеных на іх абавязкаў; выкананне крымін. пакаранняў і адм. спагнанняў у межах сваёй кампетэнцыі. Дзейнасць М. заснавана на прынцыпах законнасці, гуманізму, павагі да правоў чалавека, галоснасці, цеснай сувязі з насельніцтвам. Складаецца з крымінальнай ’М., М. грамадскай бяспекі і спец. М. Арганізац. структура, штатная колькасць і пералік пасад М. вызначаюцца ў парадку, што ўстанаўліваецца ўрадам. М. ўваходзіць у сістэму органаў МУС. Кантроль за дзейнасцю М. ажыццяўляюць органы, якія ўтварылі яе, і вышэйстаячыя органы МУС. Нагляд за законнасцю ў дзейнасці М. ажыццяўляе Пракурор Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваныя яму пракуроры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫКАВЫ АРТЫ́КУЛЫ (лац. Articuli Henriciani),
акт аб абмежаванні вярхоўнай улады манарха ў Рэчы Паспалітай сеймам, прыняты ў 1574 пры абранні каралём і вял. князем Генрыка Валезы (гл. ў арт.Генрых, франц. каралі). Складаўся з 18 пунктаў, паводле якіх кароль абавязваўся правіць разам з радай (18 чал. з сенатараў) без спадчыннага замацавання трона, склікаць сеймы праз 2 гады, без аднагалоснай згоды сейма не заключаць мір і не аб’яўляць вайну, не склікаць шляхецкае апалчэнне — паспалітае рушэнне, не ўводзіць новых падаткаў. Шляхце давалася права адмаўляцца ад паслушэнства каралю пры парушэнні ім Генрыкавых артыкулаў. Без змен Генрыкавы артыкулы пацвярджаліся наступнымі каралямі пры іх абранні на трон Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ТА РО́БЕРТА ПАЎСТА́ННЕ 1549,
буйное сялянскае паўстанне ва Усх. Англіі. Выклікана захопам землеўладальнікамі ворных зямель і пашавых угоддзяў сялян (гл.Агароджванні). Пачалося ў чэрв. 1549 у графстве Норфалк, у хуткім часе ахапіла Суфалк і суседнія графствы. У сваёй праграме (29 артыкулаў) сяляне патрабавалі выканання раней прынятых законаў супраць агароджванняў, памяншэння арэнднай платы, скасавання дзесяціны, адмены прыгону. Узначаліў паўстанне мясц. сквайр Роберт Кет. Паўстанцы асадзілі гал. горад Норфалка Норыдж і з дапамогаю бедных гараджан захапілі яго. Перагаворы ўрада з сялянамі не мелі поспеху, войскі італьян. і ням. наёмнікаў штурмам узялі Норыдж і ў жн. 1549 разбілі сял.апалчэнне. Паўстанне пацярпела паражэнне, сотні яго ўдзельнікаў (у т. л. Р.Кет) пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДСКАЯ ЛІ́ГА,
саюз гарадоў Ламбардыі ў 12—13 ст. для абароны ад экспансіі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сфарміравана ў снежні 1167 (тэрмінам на 20 гадоў) з 16 гарадоў: Падуя, Мілан, Венецыя, Мантуя, П’ячэнца, Верона, Вічэнца, Бергама, Крэмона, Трэвіза, Ферара, Брэшыя, Лодзі, Парма, Мадэна, Балоння (пазней склад гарадоў мяняўся). Мела падтрымку рым. папы і сіцылійскага караля. У 1176 апалчэнне лігі разбіла каля г. Леньяна войска імператара Фрыдрыха I Барбаросы. Паводле Канстанцкага міру 1183 ламбардскія гарады захавалі самастойнасць. У 1198 ліга намінальна адноўлена (на 30 гадоў). Спроба Фрыдрыха П усталяваць у Паўн. Італіі сваю неабмежаваную ўладу падштурхнула шэраг гарадоў на чале з Міланам аднавіць (на 25 гадоў) лігу, супраціўленне якой вымусіла Фрыдрыха адмовіцца ад заваёўніцкіх планаў. З 2-й пал. 13 ст. ліга не аднаўлялася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ З РАСІ́ЯЙ 1609—18,
вайна за вяртанне Смаленскай зямлі і за ўтварэнне федэрацыі Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. У сувязі з няўстойлівым становішчам у Маскоўскай дзяржаве баярская апазіцыя, жадаючы пазбавіцца ад цара Васіля Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону каралевічу Уладзіславу, сыну караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта III Вазы. Узнік план далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі. Зачэпкай для пачатку вайны было ўвядзенне швед. корпуса на чале з Я.Дэлагардзі на тэр. Расіі для барацьбы з атрадамі Лжэдзмітрыя II. Паколькі Жыгімонт III быў у стане вайны са Швецыяй, то ўвядзенне швед. войск у Расію і яе саюз са Швецыяй разглядаўся як варожы акт. У вер. 1609 пачалася аблога Смаленска, але толькі 13.6.1611 горад быў узяты. 4.7.1610 войска С.Жулкеўскага (6,5 тыс.чал.) разбіла рус. войска каля Клушына і падышло да Масквы, дзе ў выніку перавароту цар Шуйскі быў скінуты, а царом абвешчаны Уладзіслаў. Баяры, жыхары Масквы і інш. гарадоў прынеслі яму прысягу. У вер. 1610 войска Рэчы Паспалітай заняло Маскву. 1-е рус.апалчэнне ўзяць Маскву не змагло. У 1612 2-е апалчэнне на чале з К.Мініным і Дз.Пажарскім вызваліла Маскву, у лют. 1613 Земскі сабор абраў царом 16-гадовага М.Ф.Раманава. У наступныя гады Жыгімонт III спрабаваў заваёўваць землі на У, але фінансавыя цяжкасці не дазволілі сабраць вял. войска. У 1617—18 Уладзіслаў сам узначаліў паход на Маскву, але штурм горада вынікаў не даў. Паводле заключанага Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адыходзілі смаленскія (за выключэннем Вязьмы), да Польск. каралеўства — ноўгарад-северскія і чарнігаўскія землі. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага і ўсяе Расіі».
А.П.Грыцкевіч.
Да арт. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Аблога Смаленска беларуска-польскім войскам у 1610. Гравюра Г.Келера.