апалчэ́нне

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, ніякі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. апалчэ́нне апалчэ́нні
Р. апалчэ́ння апалчэ́нняў
Д. апалчэ́нню апалчэ́нням
В. апалчэ́нне апалчэ́нні
Т. апалчэ́ннем апалчэ́ннямі
М. апалчэ́нні апалчэ́ннях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

апалчэ́нне, -я, н.

Ваеннае фарміраванне, якое ствараецца ў час надзвычайных абставін для дапамогі рэгулярнай арміі на добраахвотных пачатках з асоб, якія вызвалены ад вайсковай службы.

|| прым. апалчэ́нскі, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

апалчэ́нне ср., в разн. знач. ополче́ние

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

апалчэ́нне, ‑я, н.

1. У старажытнасці — войска, якое ў час вайны набіралася з шырокіх народных мас.

2. Дапаможнае войска, якое фарміруецца ў час надзвычайных абставін на добраахвотных асновах з асоб, якія вызвалены ад вайсковай службы. Такімі ж доўгімі здаваліся і ўсе наступныя дні, аж пакуль .. [Сяргей] не трапіў у народнае апалчэнне. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апалчэнне (ваен.) 1/380, 440

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛЧЭ́ННЕ,

1) часовае ваеннае фарміраванне (пераважна добраахвотнае) з цывільнага насельніцтва для адпору ворагу ў надзвычайных умовах. Вядома са старажытнасці. Пры феадалізме універсальная сістэма агульнай мабілізацыі доўгі час масавае народнае апалчэнне было асн. спосабам разгортвання войска, ядро якога складала княжацкая (каралеўская, ханская) дружына. Апалчэннем наз. таксама сярэдневяковыя ваен. фарміраванні міліцыйнага тыпу (рыцарскае, дваранскае, гарадское апалчэнне). У Расіі вядомы масавыя апалчэнні ў 1611—12, 1812, 1855—56. Вял. ролю адыграла Народнае апалчэнне ў Вял. Айч. вайне 1941—45.

На тэр. Беларусі апалчэнне наз. пагоняй. У 13—14 ст. адыгрывала важнейшую ролю ў абароне краіны. У сталым сярэднявеччы масавую мабілізацыю сялян замяніла феад. апалчэнне (ахоплівала ўсіх землеўладальнікаў). Велічыня зямельнага надзелу вызначала памер вайсковай павіннасці (земскай службы). Ухвалу (пастанову) аб скліканні ўсеагульнага апалчэння мог прыняць толькі вальны сойм. Войскі апалчэння мелі ўласную вял. харугву. Кіраваў апалчэннем найвышэйшы, з 17 ст. вял. гетман літоўскі. Нярэдка камандаванне прымаў кароль і вял. князь ВКЛ. Апалчэнне з тэр. ўсёй дзяржавы склікалася ў 1528, 1567, 1654 і інш. гады. З 17 ст. эфектыўнасць такой формы арганізацыі войска знізілася, але інстытут апалчэння існаваў да канца 18 ст.

2) Дзярж. апалчэнне — частка ўзбр. сіл Расійскай імперыі ў 1874—1917 (прызначалася для папаўнення дзеючай арміі і дапаможнай службы ў ваен. час). Аналагічная катэгорыя ваеннаабавязаных у Венгрыі наз. гонвед, у Аўстра-Венгрыі і Германіі — ландвер і ландштурм.

т. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

апалчэ́нне н. гіст. Lndsturm m -(e)s, Lndwehr f -;

наро́днае апалчэ́нне Vlksaufgebot n -(e)s

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

Апалчэнне дзяржаўнае (у Расіі) 1/380

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ гл. Апалчэнне, а таксама Першае апалчэнне 1611, Народнае апалчэнне 1612 пад кіраўніцтвам Мініна і Пажарскага, Народнае апалчэнне ў вайну 1812, Народнае апалчэнне ў Вялікую Айчынную вайну.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ ў вайну 1812,

дапаможныя вайсковыя фарміраванні з прыгонных сялян, добраахвотнікаў, рамеснікаў, мяшчан і інш. Паводле маніфеста імператара Аляксандра I ад 18.7.1812 стваралася ў 16 губернях Цэнтр. Расіі і Паволжа, а таксама на Украіне. Афіцэрскі састаў камплектаваўся з добраахвотнікаў-дваран, каманд. акругамі выбіралі на дваранскіх сходах. Налічвала больш за 300 тыс. апалчэнцаў, акрамя таго, каля 100 тыс. чал. уваходзіла ў т. зв. ўнутр. апалчэнне, якое несла службу ў сваіх раёнах. На Беларусі Н.а. значнага пашырэння не атрымала. Частка апалчэнцаў удзельнічала ў Смаленскай і Барадзінскай бітвах, у шэрагу інш. баёў, у т. л. пад Полацкам, Чашнікамі, на р. Бярэзіна, у зарубежных паходах рас. арміі. У сак. 1813 — кастр. 1814 апалчэнне расфарміравана.

І.​А.​Літвіноўскі.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)