БЕ́КЕР Раман Рыгоравіч, танцоўшчык канца 18 — пач. 19 ст. Нарадзіўся на Шклоўшчыне. Прыгонны графа С.Г.Зорыча, у 1780—90-я г. танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 у ліку 14 шклоўскіх артыстаў балета вывезены балетмайстрам І.Вальберхам у Пецярбургскі імператарскі т-р. Выступаў у пантамімных партыях. У 1812 уступіў у Пецярбургскае апалчэнне, вызначыўся ў баях, у т. л. пад Полацкам, Чашнікамі, Барысавам, Смалянамі і інш., узнагароджаны Георгіеўскім крыжам, атрымаў чын прапаршчыка. Пасля расфарміравання апалчэння (1814) беспаспяхова хадайнічаў аб вяртанні на пецярбургскую сцэну. Жыў у Харкаве.
Г.І.Барышаў.
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)