парнакапытная няжвачная жывёла сям. свіных. Паходзіць ад розных падвідаў дзіка (еўрап., азіяцкага). Прыручана ў 5—3-м тыс. да н.э. ва Усх. Азіі і некат. раёнах Еўропы (Міжземнамор’е, Прыбалтыка). У культ. парод захаваліся некат. біял. асаблівасці дзікіх продкаў — востры слых, тонкі нюх, слабы зрок, здольнасць добра плаваць; павялічыліся пладавітасць і здольнасці да хуткага росту і тлушчаадкладання. Пароды С. паводле кірункаў прадукцыйнасці падзяляюцца на групы: мясную, мяса-сальную і беконную.
Жывёла цяжкага, грубага целаскладу. Морда падоўжаная, з кароткім, рухомым хабатком, які заканчваецца «пятачком». Зубоў 44, у т. л. 4 добра развітыя клыкі. Канечнасці чатырохпальцыя. Вымя мае 14 саскоў, размешчаных у 2 рады. Валасяное покрыва рэдкае, грубае, у асн. шчаціна. Страўнік просты. Усёедная. Жыве 15—20 гадоў, тэрмін прамысл. выкарыстання 2—3 (да-4) гады. Адрозніваецца пладавітасцю (за 2 гады 4—5 апаросаў па 8—12 парасят), скараспеласцю (жывая маса маладняку ў 6—7 мес да 100 кг), высокім забойным выхадам мясной прадукцыі (70—85%), эфектыўным выкарыстаннем кармоў. Гл. таксама Свінагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́ТА ГЕАЛАГІ́ЧНАЯ,
стратыграфічная адзінка, асн. падраздзяленне мясц. стратыграфічных схем. Уключаюць амаль аднародныя асадкавыя, вулканагенныя метамарфічныя горныя пароды або чаргаваныя пароды розных тыпаў. Маюць уласную геагр. назву і аб’ядноўваюцца ў серыі геалагічныя. Падзяляюцца на падсвіты, пачкі, пласты, слаі. Паводле аб’ёму могуць адпавядаць ч. яруса або некалькім ярусам. З’яўляецца асн. аб’ектам карціравання пры геал. здымках. Пры яе вылучэнні ўлічваецца рэчыўны склад; палеанталаг. рэшткі дапаўняюць літалаг. і фацыяльную характарыстыку і з’яўляюцца паказчыкамі адноснага ўзросту. На Беларусі світы, вылучаныя ў розных ч. разрэзу крышт. фундамента і платформавага чахла, складзены з парод: метамарфічных (напр., людзяневіцкая світа ў крышт. фундаменце); тэрыгенных (аршанская і пінская ў рыфеі, рэдкінская і котлінская ў вендзе, рыцкая і страдзецкая ў кембрыі, прудкоўская і дудзіцкая ў пермі, каранёўская і мазырская ў трыясе і інш.); карбанатных (прыбугская і навасёлкаўская ў ардовіку, мухавецкая і кусцінская ў сілуры); саляносных (капаткевіцкая і салігорская ў дэвоне); вулканагенных і вулканагенна-асадкавых (ратайчыцкая ў вендзе, васілеўская і шарпілаўская ў дэвоне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБСКА-ЧАРНАГО́РСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 1876—78,
вызваленчыя войны Сербіі і Чарнагорыі супраць Асманскай імперыі. Праходзілі ва ўмовах нарастання нац.-вызв. руху на Балканах (гл.Красавіцкае паўстанне 1876 у Балгарыі). 18.6.1876 Чарнагорыя і Сербія (патрабавала ад Асманскай імперыі перадачы Босніі і Герцагавіны пад сваё кіраванне) абвясцілі вайну Турцыі. У ходзе ваен. дзеянняў тур. войскі занялі шэраг населеных пунктаў Сербіі. Дзякуючы ультыматуму Расіі (прад’явіла тур. ўраду 31.10.1876) было заключана перамір’е. У лют. 1877 Сербія падпісала мір з Турцыяй на ўмовах даваен. становішча (Чарнагорыя мірны дагавор не падпісала). З пачаткам рус.-тур. вайны 1877—78 Чарнагорыя ў крас. 1877 аднавіла ваен. дзеянні. У снеж. 1877 Сербія зноў уступіла ў вайну, якая была фактычна часткай рус.-тур. вайны 1877—78. Сербскія і чарнагорскія войскі сумесна з рас. атрадам ген. І.У.Гуркі дасягнулі значных поспехаў на паўд. і ўсх. напрамках. Паводле рашэнняў Берлінскага кангрэса 1878 Сербія і Чарнагорыя атрымалі незалежнасць і значна пашырылі свае тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ГЕР БРАБА́НЦКІ (Siger de Brabant; каля 1235—82),
нідэрландскі філосаф, заснавальнік зах.-еўрап.авераізму. З 1266 праф. Парыжскага ун-та. Двойчы асуджаны інквізіцыяй (у 1270 і 1277). У час чарговага следства забіты сваім сакратаром. У трактатах «Аб разумнай душы», «Аб вечнасці свету», «Немагчымае», «Аб неабходнасці і ўзаемасувязі прычын» і ў каментарыях да «Фізікі», «Метафізікі» і інш. твораў Арыстоцеля сфармуляваў тэорыю дваістасці ісціны, паводле якой ісціны філасофіі і тэалогіі могуць супярэчыць адна адной. Адмаўляў ідэю стварэння Богам свету з нічога і божае наканаванне. Развіваў вучэнне аб усеагульным дэтэрмінізме і абвяргаў існаванне свабоды волі ў чалавека і Бога. Лічыў, што ўсе працэсы і падзеі на Зямлі залежаць ад руху нябесных цел і маюць цыклічны характар. Сцвярджаў, што чалавечы дух (інтэлект) уяўляе сабой вечную, нематэрыяльную субстанцыю, а душа смяротная. Погляды С.Б. абвяргалі Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Р.Лулій. Вучэнне С.Б. паўплывала на светапогляд Дантэ, П.Пампанацы, Дж.Піка дэла Мірандалы, авераістаў падуанскай школы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКАТЫ́ВЫ (ад позналац. siccativus які высушвае),
рэчывы, што паскараюць высыханне лакафарбавых матэрыялаў, якія маюць алеі (пакосты, алейныя лакі, алейныя фарбы, алкідныя і інш. смолы) Паводле механізму дзеяння з’яўляюцца каталізатарамі акісляльнай полімерызацыі астаткаў ненасычаных тлустых кіслот алею. Уплываюць таксама на якасць лакафарбавых пакрыццяў: паляпшаюць іх мех. і ахоўныя ўласцівасці, павялічваюць гідрафобнасць і каразійную ўстойлівасць.
Найб. пашыраныя С. — солі монакарбонавых кіслот (мылы) пераходных (кобальт, марганец, цынк і інш.) і непераходных (свінец, кальцый) металаў, растваральныя ў алеях і арган. растваральніках, нерастваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць мылы пераважна 2-этылгексанавай, 2-этылгептанавай, нафтэнавых і сінт. тлустых кіслот, а таксама насычаных кіслот алеяў, талавага масла (солі талаты), каніфолі (рызінаты). У прам-сці С. вырабляюць у выглядзе раствораў у уайт-спірыце, ізапрапаноле і інш. лятучых арган. растваральніках, часам у выглядзе пастаў і парашкоў. У лакафарбавыя матэрыялы звычайна дадаюць сумесі С., якія маюць іоны розных металаў; пашыраны сістэмы кобальт — свінец, кобальт — цынк, свінец — марганец — кобальт і інш.; падбор камбінацый металаў вызначаецца іх сінергетычным дзеяннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛА,
адна з трох першапачатковых карэйскіх дзяржаў (Кагуро, Пэкчэ і С.) у 1 ст. да н.э. — 7 ст.н.э., у 7—9 ст. першая агульнакар. дзяржава. Спачатку займала ПдЗ Карэйскага п-ва. Паводле летапісных паказанняў, засн. ў 57 да н.э., хаця першыя звесткі пра С. адносяцца да 3 ст., калі яна ўяўляла саюз паўн.-зах.кар. плямён. Як дзяржава аформілася да пач. 6 ст. У 503 правіцель (марыпкан) Чыджын [500—514] прыняў тытул цара (вана), а дзяржава — назву С. Фарміравалася пад моцным уплывам кіт. культуры і канфуцыянства. У 6 ст.дзярж. рэлігіяй стаў будызм. Сумесна з войскамі кіт. дынастыі Тан С. ў 660 разбіла Пэкчэ, у 668 — Кагуро, потым выгнала з Карэі былых саюзнікаў — кітайцаў. У 8 — пач. 9 ст. у час росквіту С. як агульнакар. дзяржавы сфарміравалася кар. народнасць. З сярэдзіны 9 ст. С. пачала занепадаць і ў канцы 9 ст. распалася на асобныя дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛІЦЫ́ДЫ,
злучэнні крэмнію з металамі. Паводле тыпу хім. сувязі адрозніваюць іонна-кавалентныя (С. шчолачных і шчолачназямельных металаў, а таксама С. магнію Mg2Si) і металападобныя (С. пераходных металаў). Пашыраны С. саставаў (М — метал): MSi (напр., FeSi, TiSi); MSi2 (FeSi2, NiSi2, CrSi2); M2Si (Ni2Si, Co2Si) і некат. інш.
Крышт. рэчывы з метал. бляскам, звычайна серабрыста-белага ці шэрага колеру. С. шчолачных і шчолачназямельных металаў раскладаюцца вадой, узаемадзейнічаюць з к-тамі і растворамі шчолачаў, пры награванні ў паветры загараюцца. С. пераходных металаў тугаплаўкія (напр., С. ванадыю V5Si3 мае tпл 2450 °C), не раствараюцца ў к-тах, раскладаюцца растворамі шчолачаў, стойкія да акіслення, што абумоўлена ўтварэннем на іх паверхні плёнак сілікатаў. Асн. метад атрымання С. — спяканне ці сплаўленне крэмнію з металамі. Выкарыстоўваюць як кампанент керметаў і гарачаўстойлівых сплаваў, у хім. машынабудаванні для абліцоўкі рэактараў, мяшалак і інш. апаратуры, дысіліцыды хрому, марганцу, кобальту і некат. інш. як паўправадніковыя матэрыялы, што працуюць пры высокіх т-рах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРАПА́ДСКІ (Іван Ільіч) (1645, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 14.7.1722),
украінскі дзярж. дзеяч. З 1674 на Левабярэжнай Украіне, у часы гетманства І.С.Мазепы (1687—1708) быў генеральным бунчужным з 1698, генеральным есаулам з 1701, старадубскім палкоўнікам (1706—08). У Паўночную вайну 1700—21, калі Мазепа з часткай укр.старшыны казацкай перайшоў на бок шведаў (1708), С. захаваў вернасць Расіі і на старшынскай нарадзе ў г. Глухаў (17.11.1708) паводле рэкамендацыі цара Пятра I выбраны гетманам Левабярэжнай Украіны (1708—22). Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. Найбуйнейшы землеўладальнік (валодаў больш як 20 тыс. двароў); праводзіў у інтарэсах старшыны далейшае запрыгоньванне ўкр. сялян (у т. л. забараніў сялянам скардзіцца на паноў), раздаваў укр. землі рус. памешчыкам. Фактычна С. дзейнічаў пад поўным кантролем царскіх улад. Яго спробы ўзмацніць самастойнасць укр. казацкай старшыны ў кіраванні Левабярэжнай Украінай былі беспаспяховымі. Адхіліўшы пратэсты С., які бараніў Сакавіцкія артыкулы 1654, Пётр I 27.5.1722 стварыў Маларасійскую калегію, якая абмежавала ўладу гетмана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРО́НЕВЫЯ КО́ЛЬЦЫ,
жаночыя ўпрыгожанні з. каляровых металаў (радзей з серабра), якія насілі каля скроняў. С.к. падтрымлівалі прычоску, іх упляталі ў валасы па некалькі штук з кожнага боку, мацавалі з дапамогай стужкі ці раменьчыка; магчыма, у некат. выпадках мацавалі ў мочцы вуха.
Паявіліся ў бронзавым веку. Лічыліся спецыфічным упрыгожаннем зах. славян 8—9 ст. У сярэдневякоўі былі пашыраны ў Візантыі і Зах. Еўропе. Ва ўсх. славян С.к. набылі асаблівую папулярнасць у 11—12 ст.; былі ўпрыгожаннем сялянак і гараджанак. На Беларусі самыя стараж. С.к. належалі сярэднедняпроўскай культуры, у жал. веку — мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры, штрыхаванай керамікі культуры. С.к. класіфікуюць паводле знешняга выгляду і тэхналагічных адзнак. Вылучаюць драцяныя, пацеркавыя, шчытковыя, прамянёвыя і блізкія да іх лопасцевыя. Прынята лічыць, што С.к. нясуць этнавызначальныя функцыі, што дае магчымасць удакладніць карту рассялення плямён (гл. ў арт.Вяцічы, Дрыгавічы, Крывічы, Радзімічы).
Літ.:
Левашова В.П. Височные кольца // Очерки по истории русской деревни X—XIII вв. М., 1967.
Скроневыя кольцы з курганнага могільніка Каласы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл. 11—12 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РТАСЦЬ,
увасобленая ў тавары і арэчаўленая ў ім праца таваравытворцаў; грамадская ўласцівасць тавару, якая выяўляецца ва ўмовах таварнай вытв-сці пры абмене аднаго тавару на іншы; аснова цаны тавару. Адрозніваюць спажывецкую і менавую вартасць. Спажывецкая вартасць — каштоўнасць рэчы, яе здольнасць задавальняць чалавечыя патрэбы непасрэдна (хлеб, адзенне, жыллё) і ўскосна (машыны, станкі, сыравіна). Усе тавары — розныя як спажывецкія вартасці (па якасці), але аднолькавыя як вартасць, бо ствараюцца ў вытв-сці і з’яўляюцца прадуктам працы. Велічыня вартасці тавару залежыць ад колькасці рабочага часу, неабходнага для вырабу гэтага тавару. Розныя таваравытворцы затрачваюць на вытв-сць аднаго і таго ж тавару неаднолькавую колькасць працы (часу), таму тавары маюць розную індывід. вартасць. Але яна не можа вызначаць грамадскую (рыначную) вартасць. Таваравытворцы звязаны паміж сабой сістэмай грамадскага падзелу працы і таму вырабляюць тавары на продаж (адзін для аднаго), у выніку чаго іх праца набывае грамадскі характар. Таму грамадская (рыначная) вартасць вызначаецца грамадска неабходным рабочым часам, ці часам, які затрачваецца на вытв-сцьасн. масы тавараў гэтага віду. Формай выяўлення вартасці на рынку з’яўляецца менавая вартасць — прапорцыя, у якой адны тавары абменьваюцца на іншыя. Яна вызначаецца законам, які патрабуе абмену таварамі паводле іх грамадскай (рыначнай), а не індывідуальнай вартасці. Гэты закон выступае гал. рэгулятарам таварнай вытв-сці, эканам. адносін паміж таваравытворцамі. Ён вымушае прадпрымальнікаў змяншаць індывідуальны рабочы час да ўзроўню грамадска неабходнага, а яшчэ лепш — ніжэй за яго, што гарантуе перамогу ў канкурэнтнай барацьбе і прыбытковасць вытв.-гасп. дзейнасці. Тым самым ён стымулюе навук.-тэхн. прагрэс, удасканаленне вытв-сці, павышэнне прадукцыйнасці працы. Пачатак тэорыі працоўнай вартасці паклалі У.Пеці, А.Сміт, Д.Рыкарда, навук. абгрунтаваў яе К.Маркс. Некаторыя вучоныя-эканамісты лічаць, што менавыя прапорцыі вартасці тавараў вызначаюцца не затрачанай на іх выраб грамадскай працай, а іх спажывецкай вартасцю (каштоўнасцю); на гэтай канцэпцыі заснавана гранічнай карыснасці тэорыя. Існуе таксама прадукцыйнасці тэорыя, паводле якой вартасць — вынік дзеяння 3 фактараў вытв-сці — працы, зямлі і капіталу.
У гіст. развіцці вартасць прайшла наступныя формы ў працэсе абмену: простую, адзінкавую, ці выпадковую (тавары — на тавар), поўную, ці разгорнутую (адзін тавар — на многія тавары), усеагульную (усе тавары — на тавар-эквівалент) і грашовую (усе тавары — на грошы). Грашовая форма вартасці дала прастор развіццю таварнай вытв-сці, ініцыятывы прадпрымальнікаў, гандл. сувязяў. У гэтых умовах грошы сталі асновай узнікнення капіталу.